губля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Страчвацца, прападаць. Дробныя рэчы часта губляюцца.

2. Рабіцца непрыметным, нябачным, выпадаць з поля зроку. Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж састава. Канец яго губляўся недзе ў цемры. Васілёнак. Цяжка разгледзець унізе кварталы горада — усё губляецца ў дыме, які валіць з заводскіх комінаў. Новікаў. // Рабіцца нячутным (пра гукі). Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся... Колас. // Перастаць прасочвацца, губляючыся ў далёкім мінулым. Пачатак вырошчвання збожжавых раслін губляецца ў глыбокай старажытнасці.

3. Станавіцца слабейшым, паступова страчвацца. А далей усё пачало рабіцца, як у сне, калі многія дэталі паўстаюць перад табою выразнымі да болю, а некаторыя губляюцца, і пасля цяжка прыпомніць іх. Паслядовіч.

4. Траціць самавалоданне, бянтэжыцца ад хвалявання. Абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.

5. Зал. да губляць.

•••

Губляцца ў здагадках — не ведаць, на якім з меркаванняў спыніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

культу́ра, ‑ы, ж.

1. толькі адз. Сукупнасць дасягненняў грамадства ў вытворчым, грамадскім і культурным жыцці. Матэрыяльная культура. Духоўная культура. Агульначалавечая культура. Гісторыя культуры.

2. Узровень такіх дасягненняў у пэўную эпоху ў якога‑н. народа або класа. Сацыялістычная культура. Культура Старажытнага Рыма. // Спец. Агульнасць археалагічных помнікаў пэўнай эпохі ў развіцці першабытнага грамадства. Культура штрыхаванай керамікі.

3. толькі адз. Ступень, ўзровень развіцця якой‑н. асобнай галіны гаспадарчай, духоўнай або разумовай дзейнасці. Культура мовы. Культура земляробства. Культура вытворчасці. // Сукупнасць умоў, неабходных для жыцця адукаванага чалавека. Культура быту.

4. толькі адз. Адукаванасць, культурнасць, выхаванасць. Чалавек высокай культуры.

5. толькі адз. Развядзенне, вырошчванне якой‑н. расліны; культываванне. Культура бульбы. Культура пшаніцы. // Апрацоўка. Культура глебы.

6. Расліна, якая разводзіцца, вырошчваецца. Кармавыя культуры. Тэхнічныя культуры.

7. Мікраарганізмы (бактэрыі, дрожджы, некаторыя грыбы), вырашчаныя ў пажыўным асяроддзі. Культура стрэптакокаў.

•••

Фізічная культура — усебаковае ўдасканаленне і ўмацаванне чалавечага цела шляхам фізічных практыкаванняў, захоўвання правільнага рэжыму.

[Лац. cultura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дабы́ць ’здабыць’, дабыва́ць ’здабываць’. Агульнаславянскі дзеяслоў праславянскага характару. Параўн. укр. добу́ти ’здабыць, набыць, дастаць’, рус. добы́ть дастаць, набыць і г. д.’, ст.-рус. добыти ’набыць, здабыць; дажыць’, чэш. dobyti ’здабыць, набыць, зарабіць; завалодаць, авалодаць; дастаць, выцягнуць’, славац. dobyť ’захапіць, авалодаць; дабыць, дабіцца’, в.-луж. dobyć ’астацца; здабыць, зарабіць; авалодаць, захапіць, перамагчы’, н.-луж. dobyś ’астацца, выцерпець да канца’, польск. dobyć ’астацца, прабыць; выцягнуць, дастаць; захапіць, авалодаць’, балг. доби́я ’здабыць; раджаць’, серб.-харв. до̀бити ’здабыць, атрымаць’, славен. dobíti ’атрымаць і да т. п.’ Прасл. *dobyti (прэфікс *do + дзеяслоў *byti). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 47–48. Не вельмі ясным застаецца пытанне аб першапачатковым значэнні слова. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зыходзіць трэба з ’раджаць’ (агляд гл. Махэк₂, 122). Паводле Трубачова (там жа, 48), лепш думаць, што гэта апошняе з’яўляецца мясцовым сінонімам. Махэк услед за Матлам (гл. Махэк₂, 122) лічыць, што развіццё семантыкі ішло так, як у лац. слова pecu ’жывёла’ > ’маёмасць, грошы’. Зыходным, паводле Махэка, для *dobyti з’яўляецца ’нарадзіць’. Гэта значэнне было агульным, але сёння захавалася ў балг. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казяло́к1 ’расліна Tragopogon pratensis’ (Дэмб., Касп.). Дакладная паралель ва ўкр. козелокнекаторыя віды Tragopogon’. Рус. маск. козёлик і дыял. козелька ’розныя віды казлабародніку’. Здаецца, ёсць падставы лічыць гэту назву ўсх.-слав. Да бел. і ўкр. можна дадаць яшчэ рус. ніжнегар. козелок ’расліна Sonchus oleraceus’. Гэтыя расліны не вельмі падобныя, аднак падабенства можна ўбачыць у істотных дэталях іншай расліны (Sonchus arvensis), апрача таго, можна меркаваць і аб функцыянальным пераносе (ядомыя расліны). Ва ўсякім разе фармальна ўсх.-слав. характар слова рус. прыкладам не столькі даводзіцца, колькі падмацоўваецца, бо няма падстаў лічыць бел. фіксацыі залежнымі ад укр. матэрыялу. Мяркуем, што ў даным выпадку для назвы расліны быў ужыты заонім казялок ’казляня’.

Казяло́к2 ’жалезная падстаўка ў выглядзе трыножніка’ (карэліц., нясвіж., Нар. словатв.). Укр. козелець ’штатыў у вітушцы’, усх.-палес. козлік, козюлок ’вітушка’, рус. халмаг., арханг. козелок ’некалькі калоў, жэрдак, пастаўленых разам у шацёр’, арханг. козёл (козлы) ’бярвенні, пастаўленыя ў піраміду для прасушкі’, козла ’трыножнік з жэрдак, палак для вогнішча’ (перм.); бел. канкрэтная (мясцовая) рэалізацыя, магчыма, усх.-слав. тэрміна для розных невялікіх перакрыжаваных (козлы) канструкцый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сей м. р. ‘гэты’ (Ян., Сцяшк. Сл.; брэсц., ЛА, 2; Хрэст. дыял., ТС), се́е н. р. ‘гэтае’ (Ян.), сёй у спалучэннях сёй-той, той‑сёйнекаторыя людзі’, сёе‑то́е, то́е‑сёе, то́е ды сёе ‘некаторым рэчы’ (ТСБМ), сё і то ‘тс’ (ТС). Ст.-бел. сеи, сее (Альтбаўэр). Укр. сей м. р., ся, ся́я ж. р., се, се́е н. р.; рус. сей, сия́, сие́, стараж.-рус. сь (сии), си (сиꙗ), се (сиѥ), ст.-польск. si, sie, ст.-чэш. sen, sie, se, серб.-харв. са̂ј, си м. р., са, сај ж. р., се, ся н. р., славен. sej, бант. сей, сия́, сие́, ст.-слав. сь, си, се. Прасл. *sь(je), *si(ja), *se узыходзяць да і.-е. *ḱis; параўн. літ. šis ‘гэты’, лат. šis, ст.-прус. schis, літ. šì‑tas ‘гэты’, лац. cis ‘па гэты бок’, citrā ‘па гэты бок, унутры, пад, без’, citrō ‘сюды’, гоц. himma ‘гэтаму’, hina ‘гэтага’, ст.-в.-ням. hiutu ‘сёння’ і г. д.; гл. Траўтман, 304; Вальдэ-Гофман, 1, 192 і наст.; Торп, 87; Фасмер, 3, 591 і наст.; ESSJ SG, 2, 618–623.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ (Invertebrata),

шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.​Б.​Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэраг інш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.

Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;

Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;

Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ. М., 1992.

А.​Р.​Александровіч.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НА,

руская нар. эпічная песня пра подзвігі герояў (волатаў-асілкаў), манум. вобразы якіх увасабляюць лепшыя рысы народа, яго сілу, працавітасць, вернасць роднай зямлі. Акрамя «багатырскіх» былін значную ч. быліннага эпасу складаюць творы сац.-бытавога зместу, казачныя, навелістычныя, быліны-скамарошыны. Частка іх на мяжы паміж уласна былінай і баладай.

Як жанр аформілася ў 10—13 ст., што супадае з часам росквіту Кіеўскай дзяржавы і пачаткам феад. раздробленасці Стараж. Русі. Назва «быліна» выкарыстоўвалася побач з нар. назвамі «старына», «старынка» і ў навук. ўжытак уведзена І.​П.​Сахаравым у 1840-я г. Па месцах дзеяння герояў падзяляюцца на кіеўскія і наўгародскія (быліна пра Ілью Мурамца звязаны з Кіевам, пра Садко — з Ноўгарадам). Кіеўскі цыкл найб. багаты. Ён звязаны з падзеямі пры двары кн. Уладзіміра Краснага Сонейка: быліна пра Дабрыню Мікітавіча, Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча, Вальгу і Мікулу і інш. Гістарызм гэтых былін, як і фалькл. твораў наогул, пазбаўлены канкрэтызацыі, дакладнага датавання. Быліны ўзаемадзейнічалі з інш. фалькл. жанрамі — казкамі, баладамі, легендамі. Тэксты былін запісаны ад нар. выканаўцаў у 18—20 ст. Цяпер былінная традыцыя нават у асн. раёнах яе бытавання (на еўрап. Поўначы Расіі) амаль знікла.

Былінныя вобразы і матывы сустракаюцца таксама ў бел. чарадзейных казках (Ілья Мурамец, Салавей-разбойнік), у баладах (сястра Алёшы Паповіча) і інш. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што быліны былі пашыраны і на Беларусі. Аднак адсутнасць іх у нар. рэпертуары беларусаў і ўкраінцаў можа абазначаць, што быліны бытавалі ў вузкім коле княжацкіх дружыннікаў, а ў нар. асяроддзі з’явіліся пазней.

Публ.:

Былины. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Астахова А.М. Былины: Итоги и проблемы изучения. М.; Л., 1966.

Л.​М.​Салавей.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)