ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,

1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́Н (франц. cordon),

1) расцягнутае размяшчэнне войск невял. атрадамі ўздоўж пэўнай лініі або дзярж. граніцы.

2) Пагранічны або загараджальны атрад і месца яго размяшчэння. З 1835 ніжэйшае звяно (падраздзяленне) рас. пагранічнай аховы. Назва К. захавалася ў франц. і некат. інш. арміях. Часам К. называюцца пасты аховы лесу і запаведнікаў.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСКМЕТРАПРАЕ́КТ»,

праектны ін-т. Засн. ў 1997 у Мінску. Да 1991 мінскі філіял дзярж. праектна-вышукальнага ін-та «Метрадзіпратранс». Асн. кірункі дзейнасці: вышуканне і распрацоўка праектаў і каштарысаў буд-ва і рэканструкцыі ліній і збудаванняў метрапалітэна; распрацоўка праектаў і каштарысаў буд-ва чыг. і аўтадарожных тунэляў, падземнага буд-ва.

т. 10, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон) (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),

германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛАЎ (Герасім Васілевіч) (17.3.1905, в. Слізнёва Сыноўскага р-на Смаленскай вобласці — 8.4.1981),

бел. геолаг. Акад. АН Беларусі (1960; чл.-кар. з 1947). Д-р геолага-мінералагічных н. (1940), праф. (1937). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929), працаваў у Маскве. З 1960 дырэктар Ін-та геал. навук АН Беларусі, з 1964 у Ін-це геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па гідрагеалогіі (хім. метад замацавання плывуноў), прыкладной геалогіі (разведка і адкрыццё радовішчаў калійных соляў і нафты на Беларусі), геатэрміі і інш. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972 (разам з Л.​А.​Цыбулем і П.​П.​Атрошчанкам);

Гидродинамика и геотермия нефтяных структур. Мн., 1975 (у сааўт.);

Гидрогеология с основами инженерной геологии. М., 1975.

Літ.:

Научные чтения: Тез. докл. Мн., 1995.

Г.В.Багамолаў.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Дзмітрый Аляксеевіч) (26.9.1903, Масква — 18.6.1969),

акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1925). У 1936—51 акцёр і рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі. У 1948—69 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, дасканалага прафес. майстэрства: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Чайка («Што пасееш, тое і пажнеш» В.​Палескага). Пастаноўкі Арлова вызначаліся тэатр. культурай, раскрыццём аўтарскай задумы твора: «Дзядзя Ваня» А.​Чэхава (1949), «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага (1961) і інш. Здымаўся ў кіно («Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Веснавыя навальніцы» і інш.).

Літ.:

Вішкароў Б. Акцёр, рэжысёр, педагог (Дз.​А.​Арлоў) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Бурьян Б., Лисневский И. На театральных перекрёстках. Мн., 1967.

Дз.А.Арлоў.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКУЛА́БАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Баркулабаўская хроніка, Баркалабаўскі летапіс,

помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.​Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.

В.​А.​Чамярыцкі.

Старонка Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.​Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.​Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.​Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБАЧО́Ў (Мікалай Мацвеевіч) (19.12.1910, в. Лопуш Бранскай вобл., Расія — 10.3.1992),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Гал. рэдактар час. «Советский Союз» (1950—54 і 1956—91). Аўтар паэтычных зб. «Паўночны Захад» (1935), «Па дарогах вайны» (1945), «Пасля навальніцы» (1952), «Дарагія землякі» (1954), «Роздум» (1955), «Белае — чорнае» (1965), «І вецер з чатырох бакоў...» (1968), «Споведзі на шляху» (1970), «... І песня зорак» (1979), «Секунды, дні, гады» (1982); паэм «Відліца» (1940), «Калгас «Бальшавік» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Вясна ў «Перамозе» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «У нашых знаёмых» (1955), «Амерыка, Амерыка!» (1961), «Сталь і моль» (1962); аповесці «Белы анёл у полі» (1967); раманаў «Ударная сіла» (1971), «Бітва» (1976). Пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Выбар стагоддзя», 1983), артыкулы пра л-ру (кн. «Палеміка», 1963). Ленінская прэмія 1960.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1971—73.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛІ́НСКІС ((Žilinskis) Арвідс) (31.3.1905, в. Саука Екабпілскага р-на, Латвія — 31.10.1993),

латышскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Латвіі (1965), нар. арт. СССР (1983). Праф. (1967). Скончыў Латвійскую кансерваторыю па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1933, клас Я.Вітала). З 1927 педагог Рыжскай нар. кансерваторыі, з 1937 — Латв. дзярж. кансерваторыі (з 1992 Латв. муз. акадэмія). Заснавальнік лат. аперэты: «У краі блакітных азёр» (1954), «Шэсць маленькіх барабаншчыкаў» (.1955), «Хлопцы з бурштынавага берага» (1964), «Тайна чырвонага мармуру» (1969), «Толькі ружы» (1977). Сярод інш. твораў: оперы «Залаты конь» (1965), «Ветрык, вей!» (1970), «Мая і Пая» (1980); дзіцячыя балеты «Спрыдытыс» (1968), «Чыпаліна» і «Чароўная птушка Лаліты» (1979), «Кошчын млын» (1986); кантаты; канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1948, 1983), для валторны (1985); больш за 800 хар. і сольных песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1967.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)