НАВІГА́ЦЫЯ КАСМІ́ЧНАЯ,
кіраванне рухам касмічнага апарата. Уключае вызначэнне траекторыі, прагназаванне руху, правядзенне разлікаў, неабходных для карэкцыі ці змены траекторыі касм. апарата, а таксама кіраванне яго рухам (аўтаматычнае або непасрэдна касманаўтамі) пры стыкоўцы, пасадцы, узлёце і інш.
У залежнасці ад тыпу навігацыйных прылад Н.к. падзяляецца на астранамічную навігацыю, радыёнавігацыю і інерцыяльную навігацыю (вызначэнне руху касм. апарата на актыўным участку палёту пры дапамозе ўстаноўленых на ім акселерометраў). Бывае неаўтаномная (праводзіцца пры дапамозе наземных сродкаў) і аўтаномная (праводзіцца на борце касм. апарата; яе роля павялічваецца з ростам працягласці і далёкасці палётаў). Асаблівасць Н.к. у тым, што месца старту (Зямля, Месяц і інш.) і месца прызначэння (планеты і іх спадарожнікі, каметы, астэроіды і інш.) з’яўляюцца рухомымі целамі, якія абарачаюцца па сваіх арбітах.
Літ.:
Шебшаевич В.С. Введение в теорию космической навигации. М., 1971.
У.С.Ларыёнаў.
т. 11, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДВО́Р’Е,
стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.
т. 11, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА ЛІКВІДА́ЦЫІ НЕПІСЬМЕ́ННАСЦІ ў Беларусі,
спецыяльная камісія пры Нар. Камісарыяце асветы БССР у 1920 г.
Створана паводле падпісанага У.І.Леніным дэкрэта ад 26.12.1919 аб ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва ва ўзросце ад 8 да 50 гадоў. Аналагічныя камісіі створаны таксама пры губ. і пав. аддзелах нар. асветы. У Беларусі ў 1921/22 навуч. г. ў школах для непісьменных займалася 12,2 тыс. чал., у школах павышанага тыпу — 2,7 тыс. дарослых. У 1923 у Мінску арганізавана грамадска-паліт. т-ва «Далоў непісьменнасць». У 1929 у БССР працавала каля 4 тыс. пунктаў і гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці, у якіх навучалася каля 75 тыс. чал. У 1932 уведзена абавязковае навучанне малапісьменных ва ўзросце ад 15 да 45 гадоў без адрыву ад вытв-сці Непісьменнасць сярод дарослага насельніцтва ў асн. ліквідавана да 1932.
т. 11, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ЗАСЯДА́ЦЕЛЬ,
грамадзянін, выбраны для ўдзелу ў разглядзе крымін. і цывільных спраў у судах па 1-й інстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і ў некаторых краінах СНД. Мае роўныя правы з суддзёй. Як правіла, у склад суда, які разглядае справу, уваходзяць 2 Н.з. (за выключэннем спраў, што паводле заканадаўства могуць разглядацца суддзёй аднаасобна), зацверджаныя ў спісах Н.з. дадзенага суда ва ўстаноўленым парадку. У спісы Н.з. уносяцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 25-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць на тэр. раёна або горада не менш як 3 гады. Працуючым Н.з. за час выканання абавязкаў у судзе робяцца выплаты ў памеры заработку або даходу, якія яны атрымліваюць па месцы работы, непрацуючым Н.з., а таксама пенсіянерам час выканання абавязкаў аплачваецца ў памеры акладу суддзі гэтага ж суда.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й у Варшаве,
адзін з буйнейшых маст. збораў у Польшчы. Засн. ў 1862, да 1916 наз. Музей прыгожых мастацтваў. Захоўвае калекцыі твораў стараж.-егіп., этрускага, ант. і візант. мастацтва, еўрап. жывапісу і скульптуры 15—20 ст., польскага мастацтва 16—20 ст., зборы польскага, еўрап. і ўсх. дэкар.-прыкладнога мастацтва 13—20 ст., медальернага мастацтва 7 ст. да н.э. — 20 ст., мініяцюры, графікі. Сярод экспанатаў таксама урэцка-налібоцкае шкло, слуцкія паясы, творы В.Ваньковіча і інш. Будынак музея ўзведзены ў 1926—38 у формах неакласіцызму (арх. Т.Талвінскі). Філіялы: палацава-паркавыя комплексы ў Лазенках, Вілянаве, Нябораве і Аркадыі, музеі плакату ў Вілянаве, К.Дунікоўскага ў Варшаве, у Ловічы, імя Е.Дунін-Баркоўскага ў Краснявіцах, І.Я.Падарэўскага і Польскай эміграцыі ў Амерыцы ў Лазенках.
т. 11, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́З у раслін,
амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл. Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр. ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.
С.І.Бельская.
т. 11, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат
[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],
старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.
Тв.:
Рус. пер. — О знаменитых иноземных полководцах;
Из книги о римских историках. М., 1992.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎЗНАЎЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, не здольныя самааднаўляцца за час, сувымерны з тэмпамі іх расходавання чалавекам; частка вычарпальных прыродных рэсурсаў. Напр., карысныя выкапні, глебы, некат. віды жывога і экасістэмы (у колькасным сэнсе), відавы склад жывых істот. Некат. Н.п.р. лічацца эканамічна аднаўляльнымі, калі іх запасы могуць кампенсавацца для гаспадаркі (пэўны час) шляхам удасканалення тэхналогій іх здабычы і выкарыстання, прыцягнення рэзерваў, якія раней не выкарыстоўваліся з-за эканам. немэтазгоднасці, пошуку новых крыніц (напр., некат. карысныя выкапні, біял. рэсурсы акіяна) ці ўзнаўляцца штучна (напр., некат. мінералы, глебы). Рацыянальнае расходаванне Н.п.р. заключаецца ў іх ахове і комплексным і эканамічным выкарыстанні. Асобна вылучаюць групу прыродных рэсурсаў, што не могуць быць адноўлены ў выпадку іх змены ці знікнення, напр., віды, эталоны рэгіянальнай прыроды. Гл. таксама Ахова прыроды, Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы.
т. 11, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАТЫ́ДЫ, нуклеазідфасфаты,
фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),
рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г. пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.Белавусавым, В.Брусавым, А.Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.Коласа.
Тв.:
Избранное. М., 1955;
Вольные песни. М., 1963.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)