ВАЛО́ШЫН (Павел Пятровіч) (10.7.1891, в. Гаркавічы Беластоцкага ваяв., Польшча — 3.11.1937),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах.Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі, з 1919 у дзянікінскай арміі, потым у Чырв. Арміі. Уваходзіў у Бел.с.-д. партыю, потым — у Бел. партыю незалежных сацыялістаў. З 1923 пасол сейма, чл.Беларускага пасольскага клуба, адзін з заснавальнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, чл. яе ЦК (1926—27). З 1926 чл.КПЗБ. У 1927 арыштаваны польск, ўладамі і па працэсе 56-і прыгавораны да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1932 у СССР. Працаваў у ЦКМіжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі БССР, Бел.дзярж. б-цы, Бібліягр. ін-це, займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1933 арыштаваны органамі НКУС, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі лагераў на Салаўках. У 1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.
Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАПА́ЕВА,
гар. пасёлак у Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. За 27 км ад Паставаў, 223 км ад Віцебска. Чыг. вузел (лініі на Лынтупы, Друю, Крулеўшчыну), аўтадарогай злучаны з Глыбокім і Паставамі. 4 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска ў Пастаўскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; існавалі заезны дом, млын, валюшня. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Дунілавіцкім р-не. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравала ням. фашыстамі, разбурана. З 1950 гар. пасёлак, у 1950—60 цэнтр Дунілавіцкага р-на, у 1960—62 у Глыбоцкім р-не. У 1969 — 4,2 тыс.ж. Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, камбікормавай і харч. прам-сці.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, 3 клубы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік садова-паркавага мастацтва — Варапаеўскі парк.
бел. графік і жывапісец. Пасля 1-й сусв. вайны жыў на радзіме бацькоў у в. Сіняўская Слабада (Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.). Скончыў Віленскую бел. гімназію, займаўся ў маст. студыі пры гімназіі ў Я.Драздовіча. У 1926—28 супрацоўнічаў
у час. «Маланка». У сатыр. малюнках, карыкатурах выкрываў праявы сац. і нац. ўціску, палітыку санацыйнага рэжыму ў Зах.Беларусі. Як кніжны графік аформіў «Беларускі каляндар на 1929», кн. С.Паўловіча «Пішы самадзейна» (1929), «Першыя зярняткі» (1936), «Засеўкі» (1937), час. для дзяцей «Заранка», раманс К.Галкоўскага «Лугам, лугам зеляненькім». Творчасць Васілеўскага адметная ўвагай да нац. традыцый, імкненнем перадаць мовай мастацтва ідэі нац.-вызв. руху. У пейзажных творах адлюстроўваў асаблівасці краявідаў і нар. архітэктуры Навагрудчыны. З 1930 жыў у БССР, працаваў мастаком-карыкатурыстам у газ. «Звязда», «Советстая Белоруссия» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСНЯЦО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (15.5.1848, в. Лоп’ял Кіраўскай вобл., Расія — 23.7.1926),
рускі жывапісец. Правадзейны чл. Пецярбургскай АМ (з 1893). Брат А.М.Васняцова. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1867—68) у І.М.Крамскога і ў АМ (1868—74). Чл.Т-ваперасоўнікаў з 1878. У 1870-я г. выступіў з жанравымі карцінамі: «З кватэры на кватэру» (1876), «Ваенная тэлеграма» (1878). З 1880-х г.гал. тэма творчасці — рус. гісторыя, нар. быліны, казкі. Карціны «Пасля пабоішча Ігара Святаславіча з полаўцамі» (1880), «Алёнушка» (1881), «Цар Іван Васілевіч Грозны» (1897), «Асілкі» (1898), «Плашчаніца» (1901) і інш. пачынаюць нац.рамант. кірунак у рус.рэаліст. жывапісе. Тэатр. мастак, партрэтыст і аўтар ілюстрацый да кніг. У Нац.маст. музеі Беларусі карціны: «Партрэт сына», «Узлесак» (эцюд да «Алёнушкі», 1880—81), «Тры царэўны падземнага царства» (1884) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВА́,
1) старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўж. каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Стараж. Усходу ў сярэднія вякі, на Русі ў 13—17 ст. На Беларусі паводле археал. раскопак вядомая з канца неаліту, у бронзавым веку булавы выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або 4-раговай формы, з 10—11 ст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.
2) У краінах Усходу, Зах. Еўропы з 13 ст., у Рус. дзяржаве, Вял.кн. Літоўскім, Рэчы Паспалітай з 15 ст., у запарожскіх казакоў у 16—18 ст. — сімвал улады. Б. аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у 17 ст. захоўвалася Б. «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».
3) Прылада для практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.
Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).
Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЛІ́НА (Янка) (сапр.Семашкевіч Іван; 1883, в. Лакцяны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 1955),
бел.паэт. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907). Служыў ксяндзом на Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне, Беласточчыне. У гады культу асобы зведаў рэпрэсіі. Друкаваўся з 1917 у газ. «Гоман», у перыяд. выданнях Зах.Беларусі, у т. л. ў час. «Маланка». Выдаў у Вільні зб-кі вершаў і баек «На прызбе» (1918, 2-е выд. 1924) і «На покуці» (1934), камедыю «Выбар старшыні» (1926), у якой асуджаў жорсткасць і несумленнасць чыноўнікаў. Вершы «Бацькаўшчына», «Дарогі нашай айчыны» і інш. выявілі патрыят. настроі паэта. У вершах «Ой, пусцее поле», «Воўк заўсёды ваўком», байках «Блыха і пан», «Кабан і мурашкі» і інш. Паказаў сац. і нац. ўціск польск. улад. Бытавы гумар пераважае ў вершаваных апавяданнях («Здарэнне», «Пахаванне старшыні»). У аснове твораў Быліны жывая нар. гутарковая мова. Шкодзіць ім залішні дыдактызм, шматслоўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́СТРЫЦА,
вёска ў Беларусі, у Трокеніцкім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Вілія. За 29 км на Пн ад Астраўца, 34 км ад чыг. ст. Гудагай, 284 км ад Гродна. 234 ж., 82 двары (1995).
Вядома з 1390, калі вял.кн.ВКЛ Ягайла заснаваў тут Крыжаўзвіжанскі касцёл. У 14—16 ст. дзейнічаў кляштар аўгусцінцаў. У 1-й пал. 16 ст. цэнтр воласці і рэзідэнцыя віленскага ваяводы. З 1537 мястэчка, з 1566 у Віленскім пав. З 1795 цэнтр воласці Віленскага пав.Рас. імперыі. На пач. 20 ст. 405 ж. З кастр. 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы. З 1939 у БССР, у 1940—62 і з 1965 у Астравецкім, у 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 295 ж., 91 двор. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанскі касцёл (18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́НДЭ (Лукаш Апанасавіч) (1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст.ун-тБССР імя У.І.Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв.бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.Купалы і Я.Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.