бяссцёкавае салёнае возера на Пд Аўстраліі; 2-е па велічыні на мацерыку пасля воз. Эйр. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання, на З ад хр. Фліндэрс, на выш. 34 м. Пл. зімой да 5,7 тыс.км² (глыб. да 8 м), летам амаль перасыхае, дно ўкрываецца скарынкай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАКТАРЫСТЫ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯў тэрмадынаміцы,
функцыя незалежных параметраў (гл.Параметры стану), якія вызначаюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да Х.ф. адносяць патэнцыялы тэрмадынамічныя і энтрапію. Х.ф. сістэмы роўная суме Х.ф. яе складальных частак. З дапамогай Х.ф. і яе вытворных па незалежных пераменных (т-ры, аб’ёме і інш.) вызначаюць тэрмадынамічныя ўласцівасці сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўзгаральнасці дызельнага паліва ў рухавіках унутр. згарання. У якасці эталона выкарыстоўваецца сумесь цэтану і альфа-метылнафталіну, Ц.л. якіх прыняты за 100 і 0 адпаведна. Ц.л. дадзенага паліва роўны працэнтнай (па аб’ёме) колькасці цэтану ў такой сумесі, якая мае аднолькавую ўзгаральнасць з даследаваным палівам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮЛІЯ́НСКІ КАЛЯНДА́Р,
каляндар, уведзены ў 46 да н.э. ў Стараж. Рыме. Адлік па ім пачаўся з 1 студз. 45 да н.э. Атрымаў назву старога стылю пасля яго замены ў 1582 у шэрагу краін Еўропы (пазней — у большасці краін свету) грыгарыянскім календаром (новым стылем). Гл. таксама Час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн.ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс.км². Нас. 1438,8 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас.Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс.га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Паадм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.
Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны патэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс.гас.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс.км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства паЗах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Патэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Віцебскай вобласці
Плошча, тыс.га
1990
1995
Уся пасяўная плошча
1180,9
1200,2
Збожжавыя і зернебабовыя
490
502,5
Лён-даўгунец
59
39,2
Бульба
87
94,2
Агародніна і бахчавыя культуры
7
12,5
Кармавыя культуры
537,9
551,8
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках Віцебскай вобласці
Пагалоўе, тыс. галоў
1990
1995
Буйная рагатая жывёла
1156
900
у т. л. каровы
397
379
Свінні
861
572
Авечкі і козы
128
79
Птушка
6382
6000
Да арт.Віцебская вобласць: 1 — краявід на Браслаўшчыне; 2 — на палях Віцебшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў Мікалай Мітрафанавіч (29.11.1879, Пецярбург — 11.5.1955),
савецкі матэматык і механік, адзін з заснавальнікаў нелінейнай механікі. Акад.АН Украіны (1922), АНСССР (1929; чл.-кар.з 1928). Чл. многіх замежных навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1902), дзе і працаваў з 1910. З 1917 праф. Крымскага ун-та, з 1922 у АН Украіны, адначасова з 1928 у АНСССР. Навук. працы па інтэрпаляцыі і набліжаным інтэграванні ўраўненняў матэм. фізікі, нелінейнай механіцы, гісторыі навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ЦУКРО́ВА-РАФІНА́ДНЫ КАМБІНА́Т Дзейнічае з 1965 у г. Слуцк Мінскай вобл. як цукрова-рафінадны з-д
(поўнасцю пушчаны ў 1970),
з 1976 — камбінат. З 1993 расшыраецца і перааснашчаецца да магутнасці 6 тыс.т перапрацоўкі цукр. буракоў (раней магутнасць была 3 тыс.т). З 1996 адкрытае акц.т-ва. Асн. прадукцыя (2002): цукар-пясок зцукр. буракоў і імпартаванага цукру-сырцу ў мяшках і фасаваны. Адходы (патака-мелес і жамерына) ідуць на прадпрыемствы па вырабе дражджэй, спірту, лімоннай кіслаты, на корм жывёле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІЎНІ́ЦКІ Марка Лукіч (22.5.1840, с. Крапіўніцкае Новаўкраінскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.4.1910),
украінскі драматург, акцёр, рэжысёр; адзін з заснавальнікаў укр.прафес.т-ра. Скончыў Бобрынецкае пав. вучылішча (1856). Выступаў як акцёр-аматар, з 1871 акцёр-прафесіянал, валодаў вялікім акцёрскім тэмпераментам, вобразнай выразнасцю. Арганізатар першай прафес.укр.тэатр. трупы (1882, разам з М.Старыцкім), якая выступала ў гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску (1890, 1892, 1893, 1899), Гомелі, Бабруйску (1894). Аўтар больш як 40 драм. твораў. Сярод іх: драмы «Дай сэрцу волю, завядзе ў няволю» (1863), «Памірыліся» (1869), «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць» (1882), «Алеся» (1891), вадэвілі «Пашыліся ў дурні» (1875) і «Па рэвізіі» (1882), у якіх адлюстраваў побыт, норавы парэформеннай укр. вёскі, беспрасветнасць правінцыяльнай рэчаіснасці. Пашырыў жанравыя межы ўкр. драматургіі, узбагаціў яе моўна-стылістычныя сродкі. Перапрацоўваў і інсцэніраваў творы Т.Шаўчэнкі, М.Гогаля, Я.Грабінкі і інш. Пісаў песні, рамансы, вак. дуэты, музыку для спектакляў. Аўтар мемуараў. Творы К. мелі вял. папулярнасць на бел. сцэне ў пач. 20 ст. Яго п’есы «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі» ставілі Першая бел. трупа І.Буйніцкага, у 1920-я г.бел. аматарскія гурткі і прафес. т-ры: Бел.муз.-драм. гурток у Вільні, Бел.драм. гурток у Пецярбургу, трупа У.Галубка, БДТ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,
комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.
У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц.харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛО́РА (ад імя багіні Флоры),
гістарычна складзеная сукупнасць відаў раслін, якія растуць або раслі ў мінулыя геал. эпохі на дадзенай тэрыторыі. Характарызуецца разнастайнасцю відаў (багацце Ф.), узростам, ступенню аўтахтоннасці, эндэмізмам і інш. Паводле тэрытарыяльных рангаў адрозніваюць Ф. Зямлі (каля 375 тыс. відаў, у т. л. каля 250 тыс. відаў кветкавых раслін), Ф. асобных мацерыкоў, іх частак, астравоў, горных сістэм, дзяржаў, пэўных рэгіёнаў. Усе віды Ф. па адзнаках падзяляюць на элементы. Напр., віды раслін, падобныя пагеагр. распаўсюджванні, складаюць геагр. элемент Ф. — сярэднеазіяцкі, усх.-сібірскі і інш. Таксама вылучаюць Ф. сістэм. падраздзяленняў, напр., водарасцей, імхоў, выкапнёвых і інш. Адрозненні паміж Ф. вызначаюцца геал. гісторыяй, глебавымі і асабліва кліматычнымі ўмовамі. Па наяўнасці комплексаў эндэмічных сям. і родаў выяўляюць рэгіянальныя супадпарадкаваныя падраздзяленні Ф., найб. буйныя з якіх складаюць фларыстычныя царствы Галарктычнае, Палеатрапічнае, Неатрапічнае, Аўстралійскае, Капскае, Галантарктычнае (гл.Фларыстычны кадастр). У Ф. Беларусі апісана каля 1,7 тыс. сасудзістых раслін, 430 відаў мохападобных, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, больш за 1,5 тыс. відаў грыбоў. У Ф. ўключаюць таксама культурныя расліны, пашыраныя на дадзенай тэрыторыі. Выяўленыя віды раслін пэўнага рэгіёна афармляюцца ў спец. спісы (з апісаннем іх пашырэння, месцазнаходжання, біял. асаблівасцей) і выдаюцца ў выглядзе кніг пад назвай «Ф.». Неабходна адрозніваць Ф. ад расліннасці. Напр., у Ф. ўмеранай зоны Паўн. паўшар’я многа відаў зсям. асаковых, злакаў, казяльцовых, складанакветных, а ў расліннасці — расл. згуртаванні тундры, тайгі, стэпу і інш. Вывучае Ф. фларыстыка. Тэрміналагічны аналаг для жывёл — фауна.
Літ.:
Флора БССР. Т. 1—5. М.; Мн., 1949—59;
Толмачев А.И. Методы сравнительной флористики и проблемы флорогенеза. Новосибирск, 1986.