ДАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. dogma (dogmatos) думка, вучэнне],
некрытычны, аднабаковы тып мыслення, пры якім у ацэнцы і разуменні рэалій не ўлічваюцца спецыфічныя ўмовы месца, часу, дзеяння або ён абапіраецца на адвольныя, бяздоказныя, прадузятыя пабудовы і канструкцыі. Усе ісціны трактуе як абсалюты. Тэрмін «дагматызм» уведзены стараж.-грэч. філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. І.Кант лічыў дагматызмам усякае пазнанне, якое не заснавана на папярэднім даследаванні яго магчымасцей і перадумоў. У філасофіі Г.Гегеля дагматызм — метафізічнае абстрактнае мысленне, якое не выкарыстоўвае дыялектычны розум як творчы патэнцыял інтэлекту чалавека. Дагматычнае мысленне ўласціва моцна псіхалагізаваным сістэмам уздзеяння на чалавека (рэлігія, паліт. ідэалогія, мараль, і інш.). У навук. і філас. мысленні дагматызм выяўляецца ў прыхільнасці да выкарыстання адназначна інтэрпрэтаваных фактаў і эмпірычных законаў: у захапленні абстракцыямі, схематызмам і фармалізмам, у ігнараванні ўзаемасувязей паміж формамі ведаў і культуры. Дагматычнае выкарыстанне сістэм ведаў праяўляецца ў іх абсалютызацыі, абрастанні культамі ў духу дактрынёрства і аўтарытарызму, у адмаўленні іншадумства, непрымірымасці да інш. поглядаў. Дагматызм у пачуццях, пазнанні і дзеяннях абумоўлены таксама псіхічнай патрэбай у адэкватнай апоры, у ачалавечванні свету, што суправаджаецца стварэннем культаў, куміраў і ідалаў, падпарадкаваннем моцнай уладзе, надзейнаму, прывычнаму і блізкаму для чалавека парадку. У процілегласць дагматызму творчы падыход патрабуе свядомых, мэтанакіраваных адносін чалавека да аб’ектыўнай рэальнасці, свабоднага крытычнага аналізу зыходных мэт і праграм дзейнасці людзей, дзяржавы і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЛЕ́СУНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1930 у Гомелі на базе ляснога аддзела Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і Цэнтр. лясной доследнай станцыі (у 1933—92 наз.Бел.НДІ лясной гаспадаркі). Лабараторыі (1998): аднаўлення харч. рэсурсаў лесу, лесааднаўлення, генетыкі лесу, лясной селекцыі і насенняводства, аховы і абароны лесу, праблем лесазнаўства і кіравання ляснымі рэсурсамі, лясной экалогіі і глебазнаўства, радыяцыйнага лесаводства; сектары экалогіі насякомых і біял. абароны лесу, лясной мікалогіі, біярэгуляцыі вырошчвання пасадачнага матэрыялу, лясной радыялогіі, радыелагічнага мадэліравання лясных экасістэм, хім. даследаванняў глеб і раслін. Аспірантура (з 1944), дактарантура (з 1996).
Асн. кірункі даследаванняў: навук. абгрунтаванне рацыянальнага і шматмэтавага лесакарыстання, павышэння прадукцыйнасці лясоў з улікам іх экалагічнай ролі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя біяцэнозы, стварэнне сістэм і метадаў лесаўзнаўлення і лесаразвядзення на аснове генетычна-селекцыйных прынцыпаў і структурна-функцыян. асаблівасцей біяцэнозаў; распрацоўка спосабаў мінімізацыі вынікаў радыяцыйнага забруджвання на лясныя экасістэмы. Вынікі даследаванняў: распрацавана нарматыўная база для вядзення лясной гаспадаркі Беларусі на навук. аснове (высечкі гал. і прамысл. карыстання, лесааднаўленне, лесаўпарадкаванне, абарона і ахова лесу, механізацыя лесааднаўленчых работ, пабочнае лесакарыстанне). Створаны навук. кірунак па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых раслін. У ін-це працавалі акад.АНСССР А.Б.Жукаў, акад.АН Беларусі П.П.Рагавой, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў У.В.Шкатэлаў, І.Д.Юркевіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук В.А.Іпацьеў (дырэктар з 1989), чл.-кар. Р.Р.Ганчарэнка, 6 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),
затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗЕ́ЛЬНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
форма аплаты працы, пры якой заработная плата работніка вызначаецца за кожную адзінку выкананай работы (мЗ, м, шт.і г.д.) па здзельнай расцэнцы. Пры прамой здзельнай сістэм е аплата працы ставіцца ў залежнасць ад яе вынікаў — колькасці вырабленай прадукцыі па нязменнай (прамой) здзельнай расцэнцы. Ускосная здзельная сістэма практыкуецца пры аплаце працы дапаможных рабочых, якія займаюцца тэхн. абслугоўваннем і бягучым рамонтам абсталявання. Іх заработак ставіцца ў залежнасць ад вынікаў працы абслугоўваемых ім рабочых-здзельшчыкаў. Пры здзельна-прэміяльнай сістэме працаўніку акрамя аплаты працы налічваецца прэмія за выкананне і перавыкананне колькасных і якасных паказчыкаў. Здзельна-прагрэсіўная сістэма адрозніваецца ад прамой здзельнай тым, што ўся прадукцыя, вырабленая звыш нормы, аплачваецца не па звычайнай (прамой) здзельнай расцэнцы, а па павялічанай (прагрэсіўнай). У спалучэнні з прэміяльнай аплатай яна ўтварае здзельна-прагрэсіўна-прэміяльную сістэму. Пры акорднай а п лаце працы заработак устанаўліваецца не на асобную аперацыю, а на ўвесь аб’ём работ. Пры гэтым работнікі прэміруюцца за скарачэнне тэрмінаў выканання акорднага задання, што стымулюе ролю гэтай сістэмы ў росце прадукцыйнасці працы. З.а.п. можа быць індывідуальнай, калі вынікі працы кожнага работніка ўлічваюцца і аплачваюцца паасобна, і калектыўнай, калі аплата працы робіцца па выніках працы калектыву (брыгады). Існуе брыгадная (калектыўная) аплата працы па канчатковых выніках на падставе комплексных норм выпрацоўкі і расцэнак калект. (брыгаднага) падраду. Гл. таксама Заработная плата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),
раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв.сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.
Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.М.Пусепам у 1912.
На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.І.Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Паўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).
Літ.:
Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;
Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць).
Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл.Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.
Літ.:
Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;
Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),
рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.Бруна, Б.Спіноза, І.Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл.Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэмт.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.Шэлінг і Г.Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.
рускі пісьменнік, літаратуразнавец, рэлігійны філосаф. Муж З.Гіпіус. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1920 эмігрыраваў, жыў у Парыжы. У Вял.Айч. вайну калабарацыяніст. Друкаваўся з 1881. Ранняя лірыка (зб. «Вершы, 1883—1887», 1888) блізкая да паэзіі С.Надсана. У эстэт. маніфесце рус. сімвалізму «Пра прычыны ўпадку і пра новыя плыні сучаснай рускай літаратуры» (1893) развіваў канцэпцыю «новага мастацтва», асн. элементамі якой лічыў «містычны змест» і «сімвалы». Паэт. дэкларацыя — зб. «Сімвалы» (1892). У трылогіі «Хрыстос і Антыхрыст» (1895—1905), рамане «Аляксандр I» (кн. 1—2, 1911—12), п’есе «Павел I» (1908) і інш. асэнсаванне сусв. гісторыі як вечнай барацьбы двух пачаткаў — Хрыста і Антыхрыста, двух сістэм маральных каштоўнасцей. На аналагічнай апазіцыі будуюцца і яго літ.-крытычныя даследаванні: «Л.Талстой і Дастаеўскі» (т. 1—2, 1901—02), «Дзве тайны рускай паэзіі» (1915, пра М.Някрасава і Ф.Цютчава) і інш. Аўтар прац «Наступны Хам» (1906), «Не мір, але меч. Да будучай крытыкі хрысціянства» (1908), гіст.-рэліг. эсэ і інш. П’еса «Хрыстос і Антыхрыст (Царэвіч Аляксей)» Б.Луцэнкі і У.Рудава паводле рамана М. «Пётр і Аляксей» паст.Дзярж.рус.драм.т-р (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАТАКСІКО́ЗЫ (ад грэч. mykēs грыб + таксікоз),
хваробы жывёл і чалавека, што выклікаюцца таксічнымі прадуктамі метабалізму мікраскапічных грыбоў — паразітаў раслін і сапрафітаў (мікатаксінамі); група атручэнняў. Вылучаюць М. кармавыя (харчовыя), або аліментарныя, калі мікатаксіны трапляюць у арганізм з ежай расліннага, радзей жывёльнага (малако, мяса, яйцы, заражаныя грыбкамі або ад жывёл з мікатаксінамі ў арганізме) паходжання, рэспіраторныя, або пнеўмамікатаксікозы, і дэрматамікатаксікозы (адпаведна праз слізістую абалонку дыхальных шляхоў і пашкоджанні скуры, напр., у людзей, якія працуюць з пашкоджанай грыбамі сыравінай). Характэрны кароткі інкубацыйны перыяд, раптоўнасць узнікнення, масавасць, адсутнасць заразнасці і імунітэту, затуханне пры змене кармоў. Праяўляюцца інтаксікацыяй з пашкоджаннем розных органаў і сістэм (у адрозненне ад мікозаў, грыбы ў іх не паразітуюць). Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца пераважна ў коней, свіней, авечак, птушак.
Найб. пашыраны аліментарныя М. — фузарыятаксікозы. Дэндрадохіятаксікоз (часцей у коней) характарызуецца маланкавым цячэннем з пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы, унутр. органаў, некрозамі на скуры, слізістых абалонках і летальным вынікам. Пры мукаратаксікозе (у свіней, птушак) часам павышаецца т-ра цела, пашкоджваюцца страўнікава-кішачны тракт і печань. Акрамя гэтых органаў пры міратэцыятаксікозе (у авечак) і пеніцылатаксікозах (часцей у свіней) найб. пашкоджваюцца ныркі і сэрца, пры рызопусатаксікозе (часцей у свіней) — лёгкія, пры аспергіла — (часцей у свіней, птушак), клавіцэпспасполітаксікозе (часцей у коней, авечак. буйн. раг. жывёлы) і эргатызме (таксама ў чалавека) — ц. н. с. Эргатызм, або агонь святога Антонія, працякае ў вострай (канвульсіўнай) ці хранічнай (гангрэнознай) форме. Гл. таксама Афлатаксіны, Стахібатрыятаксікоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦЫ НДІМіністэрства працы Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. філіяла (з 1971) НДІ працы Дзяржкампрацы СССР. Асн. кірункі навук. даследаванняў: народанасельніцтва (дэмаграфічныя працэсы, міграцыя); рынак працы (рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне прац. рэсурсаў, занятасць і беспрацоўе, прафарыентацыя і адукацыя, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў, рэгіянальныя асаблівасці рынку працы); аплата працы (удасканаленне дзярж. механізма рэгулявання заработнай платы, распрацоўка рэкамендацый матэрыяльнага стымулявання для павышэння эфектыўнасці гаспадарання прадпрыемстваў, выканання норм і нарматываў прац. і матэрыяльных выдаткаў); даходы і ўзровень жыцця насельніцтва (фарміраванне даходаў і расходаў насельніцтва, іх структура і дынаміка; распрацоўка мінім.дзярж.сац. стандартаў і іх выкарыстанне пры рэгуляванні даходаў; развіццё сістэмсац. страхавання; беднасць, маштабы і шляхі яе пераадолення); рэгламентацыя і нарміраванне працы (удасканаленне метадалогіі ацэнкі складанасці працы служачых; распрацоўка і вядзенне адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых; распрацоўка метадычнай і нарматыўна-інфарм. базы для нарміравання працы і інш); ахова і ўмовы працы (рэфармаванне сістэмы пенсіённага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы; эканам. стымуляванне стварэння бяспечных умоў працы); сац. праблемы працы (развіццё сістэмы сац. партнёрства, накіраванай на ўзгадненне інтарэсаў работніка, наймальніка і дзяржавы; падрыхтоўка нарматыўных і метадычных матэрыялаў работы з персаналам); маніторынг сац.-працоўнай сферы Беларусі і інш. З 1993 выдае навук., нарматыўную і даведачную л-ру па праблемах даследавання; з 1995 — штомесячнік «Бюллетень Министерства труда Республики Беларусь».