ВАЛЫНЕ́Ц (Мікалай Іванавіч) (н. 3.4.1921, в. Цалевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940). Працуе ў жанры партрэта і пейзажа. Аўтар партрэтаў невядомага салдата (1946), франтавой медсястры (1949), мастакоў С.​Андруховіча (1964) і Л.​Лейтмана (1974), сына Мікалая (1985), лётчыка В.​І.​Коўзана (1990) і інш.; пейзажаў «Залатая восень», «Рэчка ў Чамярах» (1950), «Млын на Банцараўшчыне» (1955), «Універсітэцкі гарадок» (1995), «Раніца ў Белавежскай пушчы» (1996) і інш. У шматпланавым творы «Касмічная паэма» (1986—94) увасобіў свой погляд на мінулае, сучаснасць і будучыню чалавецтва, на суіснаванне чалавека і прыроды.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬКО́ЦКІ (Марат Антонавіч) (н. 2.1.1947, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1970). З 1973 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ, з 1995 у ін-це Дзіпрасувязь. Навук. працы па тэорыі і тэхніцы антэн, радыёпразрыстых акон і радыёфіз. вымярэнняў. Распрацаваў метады памяншэння радыёлакацыйнай прыкметнасці антэн, стат. аналізу дыфракцыйных абцякальнікаў і вымяральных сістэм. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Применение статистических методов для анализа характеристик радиоголографических измерительных систем (у сааўт.) // Вопр. радиоэлектроники. Сер. ОВР. М., 1986. Вып. 13.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСКО́ВІЧ (Уладзімір Ігнатавіч) (н. в. Гасцілавічы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Мінскім трамвайна-тралейбусным упраўленні, на радыё, у прэсе, выдавецтвах. Пераклаў з балг. мовы раманы І.​Давыдкава «Белы конь за акном» (1981), А.​Гуляшкі «Вандроўнік блукае па свеце» (1988), аповесці С.​Страціева «Кароткае сонца» (1979), Г.​Мішава «Зроблена ў правінцыі» (1981), П.​Вежынава «Вышэй за ўсё» і «Бар’ер» (1983), творы для дзяцей Б.​Апрылава, І.​Мілева, І.​Радзічкава, А.​Стаянава, Н.​Хайтава і інш. Выступае з артыкуламі па пытаннях бел. л-ры, праблемах прозы.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ (Антон Канстанцінавіч) (6.6.1910, в. Казлы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1980),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Віленскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1950—71). Даследаваў помнікі татара-мусульманскага пісьменства на бел. мове («Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма», 1968), фанетыку, графіку і арфаграфію судовай (актавай) кнігі Ковенскага земскага суда 1566—67. Выявіў 24 рукапісныя кнігі 17 — пач. 20 ст. на бел. мове араб. пісьмом. Працы Антановича паказваюць суадносіны бел. літ. і жывой гутарковай мовы розных часоў, фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці нар. бел. гаворак.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1767—83 у в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Мураваная 3-нефавая базіліка з прамавугольным прэсбітэрыем і трансептам каля ўвахода. Тарцы нефа і трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Гал. фасад з 2 шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкар. пластыкай. У інтэр’еры гал. драўляны алтар (1784—90), арган з драўлянай пазалочанай разьбой. У бакавой капліцы (першапачаткова была храмам, 1643) захаваўся унікальны 2-ярусны алтар (завершаны да 1651) з 20 скульптурамі і карцінамі «Распяцце», «Засмучоная Маці Божая» (18 ст.; раней у алтары знаходзіўся абраз Марыі, 1598).

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКО́ВАЯ НЕМАТО́ДА (Heterodera schachtii),

паразітычны круглы чарвяк сям. Heteroderidae, які пашкоджвае карані буракоў і інш. раслін з сям. капуставых і лебядовых (капуста, турнэпс, радыска, рыжак, шпінат). Пашырана ва ўсіх раёнах буракасеяння; на Беларусі найб. шкодная ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Вясной лічынкі пранікаюць у карані раслін, праходзяць стадыі развіцця, ператвараюцца ў самак і самцоў. За вегетац. перыяд бураковая нематода дае 1 пакаленне. У пашкоджаных раслін утвараецца густая сетка дробных каранёў (барадатасць), лісце жаўцее і робіцца кучаравае, караняплоды буракоў дробныя, з паніжанай цукрыстасцю.

Бураковая нематода: 1 — самец; 2 — самка; 3 — самкі на каранях цукровага бурака.

т. 3, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСТЫ́Н (Цэлясцін Лявонавіч) (28.1.1888, г. Цярнопаль, Украіна — 21.10.1938),

бел. матэматык. Д-р філас. н. (1912). Акад. АН Беларусі (1931). Скончыў Венскі ун-т (1911). Працаваў у Аўстрыі. З 1929 праф. БДУ, з 1931 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі. Асн. навук. працы па дыферэнцыяльнай і рыманавай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненнях (агрэгаты Пфафа) і некат. пытаннях алгебры (тэорыя дыстрыбутыўных груп і інш.). Напісаў на бел. мове вучэбны дапаможнік па дыферэнцыяльнай геаметрыі. Арыштаваны 10.12.1937. Памёр у мінскай турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Матэматычныя працы. Мн., 1932;

Курс дыферэнцыяльнай геаметрыі. Мн., 1933;

Фізічныя метады матэматыкі. Мн., 1933.

Ц.Л.Бурстын.

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРНО́Е,

паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз. Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛАВА (Валянціна Валянцінаўна) (н. 25.7.1954, в. Мазуршчына Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Полацкае муз.-пед. вучылішча імя Ф.​Скарыны (1973), БДУ (1980). Настаўнічала, працавала журналісткай. Друкуецца з 1968. Аўтар зб. паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь...» (1990), «Случарыны» (1994), фантаст. паэмы-п’есы «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Лірызм, выкарыстанне фалькл. матываў, вобразаў, стылістыкі — рысы лірыкі Аколавай. Апявае славутых жанчын Беларусі. Перакладае з рус. (зб. «Дзве песні» М.​Цвятаевай, 1994), укр., славацкай моў. Паасобныя вершы Аколавай пакладзены на музыку.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛІЦА,

1) тое, што ваколіца.

2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл. Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)