«БАШМА́К»

(ням. «Bundschun»),

тайныя сялянскія саюзы ў Паўд.-Зах. Германіі ў канцы 15 — пач. 16 ст. Назва ад выявы сял. чаравіка на сцягу змоўшчыкаў. Праграма «Башмака» была накіравана супраць князёў і кляштараў, прадугледжвала барацьбу за «божае права» (рашучая перабудова грамадства «па справядлівасці»), скасаванне ўсіх улад, акрамя імператарскай (пры ўмове, што імператар далучыцца да паўстання «Башмака») і інш. Гал. арганізатар — селянін Фрыц Іос. Няўдалыя спробы «Башмака» падняць паўстанні ў 1493, 1502, 1513 і 1517 з удзелам гарадскіх нізоў сталі пярэдаднем Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАНО́СКА ТАЎСТАХВО́СТАЯ (Leucorrhinia caudalis),

насякомае атрада стракоз. Усходнееўрап. від з ізаляванымі ўчасткамі арэала. На Беларусі трапляецца лакальна, занесена ў Чырв. кнігу. Жыве на забалочаных участках праточных вадаёмаў, старыцах рэк, парослых белымі або жоўтымі гарлачыкамі.

Даўж. брушка 24—27 мм, крыла 29—32 мм. Цела чорнае. Пры аснове задніх крылаў па чорнай пляме. Брушка на канцы расшырана, у самцоў у пярэдняй частцы з блакітным налётам. Цыкл развіцця 2 гады. Лічынкі жывуць у стаячых або слабапраточных вадаёмах. Драпежнік, корміцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі.

Беланоска таўстахвостая.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́Р ((Bonnard) П’ер) (3.10.1867, Фантэнэ-о-Роз, дэп. О-дэ-Сен, Францыя — 23.1.1947),

французскі мастак. У канцы 1880-х г. вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Чл. групы «Набі», зазнаў уплыў П.Гагена і яп. гравюры. Яго пейзажы, быт. сцэны, інтэр’еры, ню і нацюрморты, звязаныя з дэкаратыўнасцю позняга імпрэсіянізму, адметныя лірычнай сузіральнасцю, надзвычайнай вытанчанасцю каларыту: «Пачатак вясны (Маленькія фаўны)» (1903—04), пано «Восень. Збор садавіны» (1912), «Аголеная ў ванне» (1937) і інш.

Літ.:

Яворская Н.В. Пьер Боннар. М., 1972.

Я.​Ф.​Шунейка.

П.Банар. Аголеная ў ванне. 1937.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́МБА (Мар’ян) (парт. псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),

рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл. РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1706—1832 у Друі. Засн. браслаўскім падчашым П.​К.​Качаноўскім. Мураваныя касцёл і жылы корпус пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. па праекце італьян. архітэктара Парака. Касцёл св. Антонія асвячоны ў 1767 бел. біскупам-суфраганам Ф.​Тавянскім. У 1839 будынкі кляштара перададзены праваслаўным; мясц. памешчык Мілаш царскім загадам быў абавязаны пераабсталяваць касцёл у царкву, але потым выдаткі былі перакладзены на прыхаджан. З-за адсутнасці сродкаў работы не выконваліся. У канцы 19 ст. кляштар разабраны на цэглу, касцёл узарваны ў 1909.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗІ́НЦАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 29.7.1918, г. Купянск, Украіна),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1940). Друкуецца з 1933. Аўтар зб-каў апавяданняў «У сям’і асілкаў» (1952), аповесцей «На сваім месцы» (1953), «Навагодняя казка» (1960). Раман «Не хлебам адзіным» (1956) пра вынаходніка ў сутыкненні з бюракратамі і прыстасаванцамі незаслужана крытыкаваўся за т. зв. ачарненне рэчаіснасці. Вострасюжэтны раман «Белае адзенне» (1987) пра самаадданую барацьбу вучоных за выратаванне генетыкі як навукі ў канцы 1940-х г.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1959;

Не хлебом единым. М., 1990.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СТАЎ I Ваза

(Gustaf I Vasa; 12.5.1496, г. Рудбухальм, Швецыя — 29.9.1560),

кароль Швецыі [1523—60], заснавальнік дынастыі Ваза. Прымаў удзел у вайне супраць дацкага караля Крысціяна II, які імкнуўся аднавіць Кальмарскую унію. Пасля перамогі нар. паўстання, якое вызваліла краіну ад дацкага панавання, у 1523 абраны каралём Швецыі. Скасаваў Кальмарскую унію, аслабіў эканам. магутнасць каталіцкай царквы, правёў у Швецыі каралеўскую Рэфармацыю. У 1544 дамогся ад рыксдага прызнання спадчыннага права сваёй дынастыі на шведскі прастол. Жорстка задушыў шэраг нар. паўстанняў (1524—25, 1542—43). У канцы жыцця вёў беспаспяховую вайну з Маскоўскай дзяржавай (1555—57).

т. 5, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д,

пятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КТЫЛЬ (грэч. daktylos літар. палец),

1) у антычным вершаскладанні 4-дольная стапа з 3 складоў — першага доўгага і двух наступных кароткіх (-◡◡). Выкарыстоўвалася ў пентаметры і гекзаметры.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на 1-м складзе (--). У бел. паэзіі Д. паявіўся ў канцы 19 ст. з развіццём сілаба-танічных вершаваных формаў (верш Я.​Лучыны «Роднай старонцы»). 3-стопным Д. напісаны вершы М.​Танка «Шчасце», 4-стопным — М.​Багдановіча «Вечар на захадзе ў попеле тушыць...», 5-стопным — Танка «Надпіс на кнізе».

А.​А.​Майсейчык.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. на левым беразе р. Прыпяць. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 8 га. Кампазіцыйным цэнтрам быў сядзібны дом (разбураны ў Вял. Айч. вайну).

Паркавы фасад дома быў арыентаваны ў бок ракі, перад ім — партэр у выглядзе эліпса. У парку раслі унікальныя для Беларусі экзэмпляры платана клёналістага, піхтаў сіб. і бальзамічнай (загінулі ў вайну). Захаваліся хвоя веймутава, елка чырвоная, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)