СВЕТЛАВЫ́ ПАТО́К,

магутнасць выпрамянення святла, якая ацэньваецца па зрокавым адчуванні або ўздзеянні на селектыўны прыёмнік святла, што мае стандартызаваную спектральную адчувальнасць. Роўны здабытку сілы святла I на прасторавы вугал ω, у якім распаўсюджваецца дадзены С.п.: Φ = Iω.

Поўны С.п., што выпраменены кропкавай крыніцай святла з сілай святла I, роўны Φ = 4πI. У адрозненне ад С.п. прамяністы паток P ацэньваецца з дапамогай вымяральных прылад (аб’ектыўна) і звязаны з С.п. суадносінамі Φ = kP, дзе k — светлавы эквівалент магутнасці, залежны ад даўжыні хвалі святла. Адзінка С.п. ў СІ — люмен, прамяністага патоку — ват.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎРТ,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня-апякунка жанчын і дзяцей. Яе найчасцей уяўлялі цяжарнай самкай бегемота (свяшчэнная жывёла Т.), якая стаіць вертыкальна на львіных нагах, мае жаночыя рукі і грудзі. Лічылася, што Т. дапамагае жанчынам пры родах, лечыць іх ад бясплоднасці; што яна звязана з замагільным светам, разам з багіняй Хатор сустракае памерлых на парозе падземнага царства і з дапамогай агню адганяе ад іх злых духаў. Цэнтр культу Т. — г. Фівы. Яе выявы часта змяшчалі на амулетах, ложках і інш. прадметах.

Таўрт. Камень. Каля 650 да н.э.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ, ядзерны фотаэфект,

пераўтварэнні атамных ядраў у выніку іх узаемадзеяння з гама-выпрамяненнем. Адбываюцца, калі энергія гама-квантаў перавышае энергію сувязі прадуктаў рэакцыі ў ядры (парогавыя рэакцыі).

Пры ўзаемадзеянні з ядром гама-квант рассейваецца (гл. Рассеянне мікрачасціц) або паглынаецца. Пры паглынанні гама-кванта дастаткова вялікай энергіі атамнае ядро вылучае 1 ці некалькі нуклонаў (найб. імаверна — нейтронаў) ці дзеліцца на асколкі (гл. Дзяленне ядраў). Даследуюць Ф.р. з дапамогай анігіляцыйнага (гл. Анігіляцыя) і тармазнога выпрамянення. Выкарыстоўваюць для даследаванняў структуры ядра, вывучэння элементнага саставу горных парод, сплаваў, сумесей і інш.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 16, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧО́ВАЯ ДЫКТАТУ́РА ў Савецкай Расіі ў 1918—21,

сістэма надзвычайных захадаў сав. улады па арганізацыі харч. забеспячэння прамысл. цэнтраў і Чырв. Арміі. Выклікана харч. крызісам, які развіваўся ў Расіі з 1915. Уведзена дэкрэтамі ВЦВК і СНК РСФСР ад 13 і 27 мая 1918. Уключала цэнтралізацыю нарыхтоўкі і размеркавання харчавання, манаполію хлебнага гандлю, харчразвёрстку, была ч. палітыкі «ваеннага камунізму». Ажыццяўлялася Наркаматам харчавання і яго мясц. органамі — харч. к-тамі з дапамогай харчарміі і харчатрадаў, выклікала масавую незадаволенасць і выступленні сялянства. Адменена з увядзеннем новай эканамічнай палітыкі (1921).

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУРПА́ТАСЦЬ ПАВЕ́РХНІ ў машынабудаванні,

сукупнасць мікраняроўнасцей апрацаванай паверхні; характарыстыка якасці апрацоўкі гэтай паверхні. Вызначаецца з дапамогай кантактных (прафілометраў, прафілографаў) ці бескантактных (аптычных) прылад, а таксама візуальным параўнаннем кантралюемай паверхні з паверхняй узору з вядомай шурпатасцю.

Апісваецца наборам параметраў, якія характарызуюць сярэднія і найбольшыя вышыні няроўнасцей і іх шырыні, адлегласці паміж імі і інш. Уплывае на эксплуатацыйныя характарыстыкі дэталей: зноса- і каразійную ўстойлівасць, каэфіцыент трэння і інш. Значэнні параметраў Ш.п. для розных тыпаў вырабаў і ўмоў іх эксплуатацыі ўстанаўліваюцца стандартамі. Тэрмін уведзены ў 1980 дзярж. стандартам замест тэрміна класы чысціні.

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургічнай навукі і тэхнікі, якая звязана з прамысл. спосабамі атрымання металаў і сплаваў з дапамогай эл. току. У Э. выкарыстоўваюцца электратэрмічныя працэсы для здабывання металаў з руд і канцэнтратаў, вытв-сці і рафінавання чорных і каляровых металаў (сплаваў) на іх аснове (гл. Электратэрмія) і электрахімічныя працэсы для атрымання чорных і каляровых металаў на аснове электролізу водных раствораў і расплаўленых асяроддзяў (гл. Электрахімія). Набыла пашырэнне спецэлектраметалургія, у т. л. рафінуючы пераплаў (металургічны працэс для павышэння якасці сталей і інш. сплаваў, якія атрымліваюць у звычайных плавільных агрэгатах).

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЛЕРАДЗЯЛЕ́ННЕ ў тэхніцы,

раздзяленне выпрамянення складанага спектральнага складу, вылучанага (ці адбітага) аб’ектам фота- або кіназдымкі, на некалькі (звычайна 3) спектральных дыяпазонаў у адпаведнасці з зонамі адчувальнасці элементарных слаёў колерафатаграфічнага матэрыялу. К. таксама наз. першую стадыю каляровага фатагр. працэсу (гл. Каляровая фатаграфія), якая забяспечвае атрыманне аднаколерных відарысаў на мнагаслойным матэрыяле. У шматкаляровым друку такія відарысы атрымліваюць на асобных святлоадчувальных слаях, якія наз. колерападзеленымі негатывамі. У каляровым тэлебачанні для атрымання сігналаў асн. колераў выкарыстоўваюцца 1-, 2- ці 3-трубачныя перадавальныя камеры (у т. л. на ПЗС-матрыцах), дзе агульны светлавы паток падзяляецца на 3 колерападзеленыя патокі з дапамогай святлопадзяляльнай оптыкі, якая мае набор дыхраічных фільтраў (ці прызмаў), карэкціровачных фільтраў і невыбіральных люстэркаў. Пры ідэальным К. спектральная вобласць выпрамянення падзяляецца на ўчасткі, якія мяжуюць, але не перакрываюцца адзін адным. Рэальнае К. ажыццяўляецца з дапамогай селектыўна паглынальных асяроддзяў (фарбавальнікаў у элементарных слаях фотаматэрыялу, святлафільтраў і інш.) і адрозніваецца ад ідэальнага, напр., з-за перакрывання зон прапускання гэтых асяроддзяў.

Літ.:

Артюшин Л.Ф. Основы воспроизведения цвета в фотографии, кино и полиграфии. М., 1970;

Джадд Д., Вышецки Г. Цвет в науке и технике: Пер. с англ. М., 1978.

А.​П.​Ткачэнка.

Да арт. Колерадзяленне: 1, 2, 3 — колерныя трохвугольнікі для вымярэння колеру, свячэння люмінафораў кінескопаў у тэлевізарах сістэмы НТСЦ і еўрапейскага стандарту; 4,5 — контуры колернасці ў каляровай фатаграфіі друку.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНА-ТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,

будаўніча-мантажныя, рамонтныя, эксплуатацыйныя і інш. работы, якія выконваюцца пад вадой вадалазамі. Праводзяцца з берага, прычальных сценак, плывучых сродкаў (вадалазных рэйдавых ботаў, плытоў, спецыяльна абсталяваных Плашкоўтаў). Жыццядзейнасць вадалазаў пад вадой забяспечвае разнастайны вадалазны рыштунак: гідракамбінезоны, скафандры, аквалангі, шлангавыя і інш. апараты.

П.-т.р. выкарыстоўваюцца: пры абследаванні дна акваторый і фарватэраў, падводнай часткі гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ); буд-ве шпунтавых сценак, палевых збудаванняў, апускных калодзежаў, набярэжных, агараджальных і суднападымальных збудаванняў і інш.; пракладцы трубаправодаў, кабеляў і інш. камунікацый; цэментацыі муравання, ачыстцы і афарбоўцы паверхняў, аднаўленні дэфармацыйных швоў і інш. рамонтных і абслуговых работах падводных частак ГТЗ; днопаглыбляльных работах, ачыстцы водных шляхоў, падняцці затанулай тэхнікі і г.д. Асн. віды П.-т.р.: падводныя земляныя работы, якія выконваюцца землечарпальнымі снарадамі, землясоснымі снарадамі, гідраэлеватарамі, гідраманіторамі, эрліфтамі, скрэпернымі ўстаноўкамі і інш.; падводнае бетанаванне спосабамі вертыкальна перасоўнай трубы і ўзыходзячага раствору; падводныя выбуховыя работы, якія праводзяць пры разбурэнні рэшткаў метал., каменных і бетонных канструкцый з дапамогай накладных, шпуравых і свідравінных (калонкавых) зарадаў выбуховых рэчываў; падводная зварка і рэзка; пракладка трубаправодаў працягваннем па дне, свабодным апусканнем з дапамогай плывучых кранаў, нарошчваннем з плывучых сродкаў.

На Беларусі асобныя віды П.-т.р. выконваюць вадалазныя станцыі, напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме, прадпрыемствах рачнога флоту.

Літ.:

Годес Э.Г., Нарбут Р.М. Строительство в водной среде: [Справ.] 2 изд. Л., 1989;

Забела К.А., Кушнирюк Ю.Г. Пособие по подводно-техническим работам в строительстве. Киев, 1975.

В.​Б.​Корбут.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рагу́ля 1, ра́гуліна ’прадмет, які мае разгалінаванне ў выглядзе рагоў’ (ТСБМ, Гарэц.), ’галіна’ (Ян.), ’сукаватая палка’ (Юрч. СНЛ), ’карова з вялікімі рагамі’ (Нар. Гом., Інстр. 2). Сюды ж рагу́лькі ’наморднік з цвікамі (для маладых цялят)’. Ад рог 1 (гл.) з дапамогай памяншальна-ласкальных суф. ‑ул‑я, ‑ул‑ін‑а як крыву́ля, рыжу́ля (Сцяцко, Афікс. наз., 122–123).

Рагу́ля 2 (rohula) ’палявая кветка, Delphinium consolida’, rogulka ’тс’ (Ажэшка). Да рог 1 (гл.) з-за “рагатасці” кветак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРЭЙ (Gray) Джон (1798—1850),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст. У палітэканоміі паслядоўнік Д.Рыкарда. Аналізаваў пытанні размеркавання багацця. У праекце рэфармавання капіталізму прадугледжваў ліквідацыю яго адмоўных і захаванне станоўчых (тэхн. здабыткі і інш.) рыс; стварэнне сістэмы дробнай вытв-сці, пры якой абмен адбываецца з дапамогай т.зв. рабочых грошай (пасведчанне аб колькасці ўкладзенай у тавар працы). Эканам. погляды Грэя і яго план грамадскай перабудовы выкладзены ў працы «Сацыяльная сістэма. Трактат аб прынцыпах абмену» (1831). Аўтар «Лекцый аб чалавечым шчасці» (1825).

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)