ЛІ́ВЕНЬ,

моцны, звычайна кароткачасовы дождж канвектыўнага паходжання, або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага фронту ў цыклонах умераных шырот. Інтэнсіўнасць Л. — колькасць ападкаў за 1 мін. Пры працягласці 5 мін Л. лічаць дождж з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/мін і г.д. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 Л. Найбольшы адзначаны 6.8.1970 (г. Бабруйск), дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС (Mars),

старажытнаіталійскае бажаство, першапачаткова бог палёў і ўраджаю, потым бог вайны. У Стараж. Рыме святы ў яго гонар наладжваліся ў сак. і кастрычніку. Лічыўся бацькам Рэма і Ромула, заснавальнікаў Рыма. Атаясамліваўся з грэч. богам Арэсам. У гонар М. рымляне назвалі першы месяц вясны (сакавік), з якога па іх календары пачынаўся год. Ад лац. Mars пайшлі назвы гэтага месяца ў большасці еўрап. моў (ням. März, рус. март і г.д.).

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАРГАРЫ́НАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1946—51 у Мінску. У 1953 уведзены ў эксплуатацыю маянэзны цэх. З 1994 адкрытае акц. т-ва. У апошнія гады праводзіцца рэканструкцыя прадпрыемства: уведзены новы 4-павярховы вытв. корпус, склад-халадзільнік, падстанцыя, халадзільна-кампрэсарная, водаачышчальныя збудаванні. Вытв. магутнасці да 9,5 тыс. т маянэзу і 33 тыс. т маргарынавай прадукцыі за год. Асн. прадукцыя (1999): маргарын, маянэз, кулінарныя тлушчы, сланечнікавы і рапсавы алей рафінаваны і дэзадараваны.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

група з 19 астравоў у Індыйскім ак., паміж Бенгальскім залівам і Андаманскім м. Уваходзяць у склад саюзнай тэр. Індыі Андаманскія і Нікабарскія а-вы. Пл. 1,6 тыс. км². Буйныя астравы — вяршыні падводнага хрыбта (выш. да 642 м), дробныя — каралавыя. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкаў 2200—3200 мм за год. На паўд. астравах вечназялёныя трапічныя лясы, на паўн. — высакатраўныя лугі. Вырошчванне какосавай пальмы. Рыбалоўства, лоў трэпангаў, збор ракавін.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.

М.​Ц.​Гарачка.

Раменская парода гусей.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РШЫ ПРА́ПАРШЧЫК,

воінскае званне прапаршчыкаў. Ва Узбр. Сілах СССР існавала з 1981, ва Узбр. Сілах Беларусі з 1992. Надаецца лепшым прапаршчыкам, якія праслужылі 5 гадоў, у т. л. не менш як 1 год на пасадзе С.п. або афіцэра, а таксама за бездакорную службу прапаршчыкам на працягу 15 гадоў незалежна ад займаемай займанай* пасады. Званне С.п. існуе і ў шэрагу інш. сілавых структур. Гл. Званні воінскія.

В.​А.​Сергіенка.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат субтрапічных шырот, які характарызуецца перавагай трапічных паветраных мас летам і ўмераных зімой. Вылучаецца цёплай зімой, гарачым летам, звычайна сезонным размеркаваннем ападкаў. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца вышэй за 0 °C, колькасць ападкаў памяншаецца ад прыакіянскіх да ўнутрымацерыковых раёнаў ад 1500—2000 мм да 100 мм за год. Да С.к. належыць міжземнаморскі клімат, мусонны клімат, кліматы субтрапічных, у т. л. халодных, пустынь. Гл. таксама Субтрапічныя паясы.

т. 15, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ-СЕНТ-МАРЫ́ (Sault Sainte Marie),

каналізаваны водны шлях на мяжы ЗША і Канады, які злучае азёры Верхняе і Гурон. Праходзіць у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс. Адкрыты ў 1855. Складзены з 3 паралельных каналаў: 2 у ЗША (даўж. паўн. 2,6 км, глыб. 7,5 м; даўж. паўд. 2,5 км, глыб. 5,5 м) і 1 у Канадзе (даўж. 2,2 км, глыб. 6,7 м). Грузаабарот каля 100 млн. т за год.

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЬМАХЕ́РА (Halmahera), Джайлола,

востраў у Інданезіі, самы вялікі ў складзе Малукскіх астравоў. Пл. каля 18 тыс. км². Мае складаную канфігурацыю (4 паўастравы веерападобна разыходзяцца ад цэнтра). Паверхня гарыстая, выш. да 1635 м (дзеючы вулкан Гамкунора). Клімат экватарыяльны. Т-ра на ўзбярэжжы 25—28 °C. Ападкаў 2—3 тыс. мм за год. Вечназялёныя трапічныя лясы. Трапічнае земляробства, плантацыі какосавай пальмы. Вываз каштоўнай драўніны, вострых прыпраў (гваздзіка, карыца і інш.). Порт — Джайлола.

т. 16, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА.

У сярэднім цячэнні р. Чу, ад Баамскай цясніны да ўсх. ўскраіны пустыні Муюнкум, у Кыргызстане і Казахстане. Даўж. каля 200 км, шыр. ад 15 км на ПдУ да 100 км па ПнЗ, выш. 500—1200 м. Клімат рэзка кантынентальны. Ападкаў 250—400 мм за год. Амаль уся разарана, арашаецца водамі р. Чу і яе прытокаў. Пасевы цукр. буракоў, збожжавых культур. Садаводства, вінаградарства. На Пд — г. Бішкек.

т. 17, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)