МА́ЭС ХО́У,

калідорная грабніца на Аркнейскіх а-вах (Вялікабрытанія). Датуецца 3 — сярэдзінай 2-га тыс. да н.э. Адкрыта ў 1861. Пахаванне разрабавана. Знаходзілася пад круглым каменным курганом, абкружаным кальцавым ровам. Падквадратная пахавальная камера мела 3 дадатковыя прамавугольныя памяшканні, уваходы ў якія былі падняты на 0,9 м над узроўнем падлогі. На сценах захаваліся рунічныя надпісы і графіці 12 ст., якія сведчаць аб разрабаванні М.Х. вікінгамі.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НДЗЕЕ,

энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.

І.​М.​Язэпенка.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСВАБО́ДНАЯ (былая Царская),

курганны могільнік (35 курганоў) каля станіцы Новасвабодная Краснадарскага краю (Расія). Найстараж. пахаванні адносяцца да ранняга бронзавага веку (канец 3-га тыс. да н.э.). Пры даследаванні ў 2 вял. курганах выш. каля 10 м выяўлены дальмены позняга этапу майкопскай культуры са скурчанымі пахаваннямі. Знойдзены бронз. сякеры, нажы, вілападобныя прылады, катлы, залатыя ўпрыгожанні, гліняныя шарападобныя пасудзіны і міскі з жамчужным і наразным арнаментам.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́ДНАЕ БАЛО́ТА,

мезатрофнае балота, тып балота, паводле характару жыўлення і расліннасці прамежкавы паміж нізінным балотам і вярховым балотам; балота сярэдняга мінер. жыўлення. Расліны на купінах і павышэннях каля пнёў, дзе прырост торфу большы, жывяцца пераважна за кошт увільгатнення атм. ападкамі. У паніжэннях, дзе сувязь з грунтавымі водамі захавалася, пашыраны расліны нізінных балот. На Беларусі П.б. займаюць каля 105 тыс. га (4,2% ад усіх балот).

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА СЛУ́ЧЧЫНЫ, Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада,

выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім пав. ў ліст. 1920 — студз. 21. Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання бел. ўстаноўчага сейма і ўтварэння выбарнага органа, стала паліт. органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Выбрана 14.11.1920 на Першым бел. з’ездзе Случчыны ў складзе 17 членаў. У прэзідыум рады ўваходзілі У.​Пракулевіч, П.​Жаўрыд, В.​Русак, Ю.​Сасноўскі, Радзюк. Заявіла пратэст сав. і польск. ўрадам супраць перадачы Слуцкага пав. ўладам БССР, выдала дэкларацыю, якая заклікала сялян на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах». Сфарміравала 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР у складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Пасля паражэння паўстання рада 28.12.1920 разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла на тэр. Зах. Беларусі, дзе брыгада была раззброена польск. войскамі і інтэрніравана. Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы; 20.1.1921 на апошнім пасяджэнні частка членаў рады прызнала сваім кіраўніком С.​Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛ (акадскае Губл, стараж.-яўр. Гебал),

старажытны горад і порт у Фінікіі (цяпер г. Джубейль, Ліван). З 6-га тыс. да н.э. невял. гандлёва-рамесны цэнтр, праз які Егіпет вывозіў з Фінікіі лес. У 4—2-м тыс. да н.э. гандл. (ліванскі кедр, медзь) і рэліг. (месца культу Адоніса) цэнтр; апрацоўка папірусу — адсюль назва (грэч. byblos кніга). У 16—13 ст. да н.э. быў залежны ад Егіпта, але меў сваіх цароў. У канцы 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне, пазней яго неаднаразова падпарадкоўвалі Асірыя і Вавілонія. У 11—9 ст. да н.э. вёў барацьбу з Цірам і Сідонам за панаванне ў Фінікіі. Пры Ахеменідах і ў эліністычна-рымскі перыяд перажываў уздым, чаканіў манету, меў самакіраванне. З 7 ст. н.э. араб. горад.

Раскопкамі выяўлены надпісы на каменных і бронзавых прадметах (гл. Біблскае пісьмо), рэшткі храма багіні Баалат Гебал (2-е тыс. да н.э.), саркафаг цара Ахірама з раннеалфавітным надпісам 13 ст. да н.э., каля 1800 пахаванняў, дамы багатых гараджан, шмат вырабаў з медзі, серабра, золата.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.

Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац. буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн. га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс. га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс. км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.

Літ.:

Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі для с.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн. км² (без уліку 14 млн. км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн. км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн. га. Гл. таксама Зямельны фонд.

т. 7, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНОПЛЕЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для ўборкі і абмалоту канапель. Да іх адносяцца жняяркі-каноплеснопавязалкі, каноплемалатарні і каноплеўборачныя камбайны.

Жняярка-каноплеснопавязалка — прычапная да трактара «Беларусь»; скошвае (зразае) сцёблы канапель, ачышчае іх ад пустазелля і блытаніны, звязвае пяньковым шпагатам у снапы, а насенне збірае ў насеннеўлоўнікі. Шырыня захопу 2,1 м, прадукцыйнасць да 1,7 га/гадз. Каноплемалатарня (выкарыстоўваецца на таку) заціскным транспарцёрам падае снапы ў малацільны апарат, дзе насенныя галоўкі аддзяляюцца ад сцёблаў. Атрыманая куча падаецца ў цёрачны апарат, які разбурае насенныя галоўкі, потым у грохат, дзе выдаляюцца блытаніна і буйныя дамешкі. З дапамогай рашот, шнэкаў і вентылятара насенне ачышчаецца і ссыпаецца ў мяшкі. Прадукцыйнасць да 4,5 т/гадз. снаповай масы. Каноплеўборачны камбайн паўнавясны, агрэгатуецца з трактарам «Беларусь» і інш. класа 1,4; скошвае і абмалочвае каноплі, ачышчае і ссыпае насенне ў бункер, звязвае сцёблы ў снапы і скідвае іх на поле. Мае рэжучы, малацільны і вязальны апараты, цёрку, паветрана-рашотную ачыстку, транспарцёры, элеватар зерня. Шырыня захопу 1.75 м. прадукцыйнасць да 1,2 га/гадз.

Каноплеўборачныя машыны: 1 — жняярка-каноплеснопавязалка; 2 — каноплемалатарня; 3 — каноплеўборачны камбайн.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)