БІЛЬБА́САЎ (Васіль Аляксеевіч) (19.6.1837, Палтава, Украіна — 6.8.1904),

рускі гісторык і публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). У 1869—71 праф. Кіеўскага ун-та, у 1871—83 рэд. газ. «Голос» у Пецярбургу. Памяркоўны ліберал, прыхільнік бурж. рэформаў. Займаўся гісторыяй сярэдневяковай Германіі і Францыі і рус. гісторыяй 18 ст. Вызначыўся ў жанры гіст. біяграфіі. Няскончанае даследаванне «Гісторыя Кацярыны II» (т. 1—2, 1890—96) і інш. працы насычаны багатым фактычным матэрыялам.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЖА́Н (Хведар Сілавіч) (1896—?),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1932, Гомель). У 1907—15 рабочы тартака. Працаваў таксама аб’ездчыкам, лесніком, ляснічым у Буда-Кашалёўскім і Парыцкім р-нах, нам. дырэктара Уздзенскага леспрамгаса. У Вял. Айч. вайну ў Новасібірскай вобл. Пасля вайны жыў у Чарнаўцах на Украіне. Першыя допісы апубл. ў 1921 у газ. «Беларуская вёска». Друкаваў вершы, апавяданні. Аповесць «Леснікі» (1932) пра жыццё леснікоў і лесарубаў.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́ТНЫЯ СТА́НЫ РЭ́ЧЫВА,

якасна розныя станы аднаго і таго ж рэчыва, якія адрозніваюцца характарам цеплавога руху часціц (атамаў, малекул). Адрозніваюць 3 агрэгатныя станы рэчыва: газ, вадкасць, цвёрдае цела (чацвёртым агрэгатным станам рэчыва часта наз. плазму). Рэчыва ў любым агрэгатным стане існуе пры пэўных умовах (т-ра, ціск), змены якіх вядуць да скачкападобнага пераходу з аднаго стану ў другі. Такая змена агрэгатнага стану рэчыва наз. фазавым пераходам першага роду.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЫ́ЛА (Фёдар Апанасавіч) (21.1.1924, в. Бардзілаўка Мінскага р-на — 25.11.1992),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Камандзір дыверсійнай групы (партыз. атрад імя С.​Лазо 3-й Мінскай партыз. брыгады імя С.​Будзённага), якая падарвала 28 чыг. эшалонаў ворага. З 1949 у рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». Аўтар успамінаў «Застаюся жыць» (1981).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ГІДРО́ЛІЗНЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1936 у г. Бабруйск для перапрацоўкі адходаў Бабруйскага дрэваапр. камбіната. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944—47. У 1960 пушчаны цэх па вытв-сці вуглекіслаты, у 1967 — па вытв-сці кармавых дражджэй, у 1994 — цэх рэктыфікацыі этылавага спірту. З 1985 выпускае штучны заменнік жэньшэню. Асн. прадукцыя (1995): дрожджы кармавыя, фурфурол, тэхн. этылавы рэктыфікаваны спірт, вуглякіслы газ.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІ́ (сапр. Дзянісаў) Віктар Мікалаевіч

(8.3.1893, Масква — 3.8.1946),

рускі графік, карыкатурыст. Засл. дз. маст. Расіі (1932). У 1910-я г. працаваў у гумарыстычных часопісах, з 1921 супрацоўнік газ. «Правда». Паліт. плакатам і карыкатурам Д. ўласціва сатыр.-жанравае вырашэнне тэмы, спалучэнне контурнага малюнка з заліўкай лакальнымі колеравымі плямамі (плакат «Антанта», 1919; малюнкі «На барацьбу з беспрытульнасцю», 1926, карыкатуры часоў Вял. Айч. вайны і інш.).

В.Дэні. Карыкатура часоў Вялікай Айчыннай вайны.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГЕЛЬ (Мікалай Сяргеевіч) (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХТЫ М. ДРУКА́РНЯ,

прыватная бел. друкарня ў Вільні ў 1906—17, заснаваная друкаром і выдаўцом М.​М.​Кухтам. Мела права выдаваць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. 23.11.1906 у ёй надрукаваны 1-ы нумар бел. газ. «Наша ніва». Друкавала творы Ф.​Багушэвіча, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Буйло, Цёткі, у т. л. верш «Скрыпка беларуская», забаронены царскай цэнзурай. Выдавала бел. календары, зборнікі, спеўнікі з нотамі і інш.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛІЮ ГІДРАКСІ́Д, едкае калі,

KOH. Бясколерныя крышталі, tпл 405 °C, шчыльн. 2044 кг/м³. На паветры расплываецца, паглынае ваду і вуглякіслы газ. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле. Моцная аснова, належыць да шчолачаў. Водныя растворы разбураюць шкло, расплавы — фарфор, плаціну. Атрымліваюць электролізам канцэнтраваных раствораў хларыду калію. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага мыла, злучэнняў калію, у шчолачных акумулятарах і інш. К.г. і яго растворы выклікаюць цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак.

т. 7, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КСАВАЯ ПЕЧ,

агрэгат для ператварэння каксаваннем каменнага вугалю ў кокс. Складаецца з камеры каксавання і ацяпляльных прасценкаў, у якіх спальваецца газ. Звычайна К.п. аб’ядноўваюць у батарэі (па 61—77 печаў) з агульнай сістэмай падводу газу і адводу лятучых рэчываў, падачы вугалю і інш. Для падагрэву паветра і газу К.п. абсталёўваюцца рэгенератарамі.

Батарэя коксавых печаў: 1 — камера каксавання; 2 — коксавыштурхвальнік; 3 — рэгенератар; 4 — кокс; 5 — газаправод; 6 — гасільны вагон.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)