дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.
Разм.
1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.
2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.
3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бі́ла, ‑а, н.
1. Унутраная ўдарная частка звана; язык.
2. Падвешаны кавалак жалезнай палосы, рэйкі, удараючы па якой падаюць сігнал. Балаканне [хлопцаў] перапыніў звон, што разлягаўся па полі з панскага двара. — Дзядзька Мікола ў біла б’е. Час на абед, — ажывіўся Сяргей. Машара.
3. Верхняя скразная жардзіна ў возе, у поручнях лесвіцы, у мосце, верхняя планка ў поручнях ложка. Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка. Чорны. Самая меншая, Лідачка, падымаецца на дыбачкі, каб цераз біла калыскі ўбачыць Васілька. Пальчэўскі.
4. Назва ўдарных частак прылад і машын. Біла маслабойкі. Біла трапальнай машыны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарну́цца, гарнуся, горнешся, горнецца; незак.
1. Набліжацца, падсоўвацца да чаго‑н. Гарнуцца да агню.
2. Пяшчотна туліцца, лашчыцца да каго‑н. Аксана, смеючыся, горнецца да Кастуся. Галавач. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Да Васіля Ганна ласкавейшая, не тоіць, нават нібы знарок паказвае, што горнецца да яго. Мележ. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н. (з пэўнай мэтай, па пэўных прычынах). Бедны да беднага горнецца, а багаты ад каго хочаш адвернецца. Прыказка.
3. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. — Не пойдзем! — піскнуў Раман Канапелька, які не вельмі гарнуўся да працы. Гурскі.
4. Зал. да гарнуць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.
1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.
2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.
•••
Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.
Гладзіць супраць шэрсці каго — гаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгало́сак, ‑ску, м.
1. Рэха, водгулле. Ад песень ад гулкіх плывуць адгалоскі Па шумных дубровах і нівах. Купала. // чаго. Аслаблены адлегласцю гук чаго‑н. Неба на ўсходзе палыхала частымі знічкамі, і адтуль даляталі зрэдку далёкія адгалоскі грому. Лынькоў.
2. перан.; чаго. Тое, у чым выяўляюцца сляды ўплыву, уздзеяння чаго‑н.; рэшткі, вынік чаго‑н. З’явіўшыся яркім адгалоскам нарастаючага вызваленчага руху сялянства, адлюстраваўшы яго класавы пратэст супраць памешчыкаў і царызму, увабраўшы ў сябе нацыянальна-вызваленчыя імкненні шырокіх народных маc, .. [творчасць Багушэвіча] стала значнай літаратурна-грамадскай з’явай Беларусі напярэдадні рэвалюцыі 1905 г. Івашын. Як адгалосак, як цень свайго мужа, .. [Аўдоцця] жыла яго жыццём. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Аказацца мацнейшым у барацьбе, сутычцы, бітве; перамагчы, адолець. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць. Танк. — Не змаглі вы самі асіліць Золата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі. // перан. Перасіліць, пераадолець, перамагчы пачуццё хвалявання, страху і пад. Не зможа нас лютае гора асіліць. Танк.
2. Выканаць работу, што патрабуе фізічных намаганняў, вялікай затраты часу. Мо таму, што не ўсе пакасілі За ракою лугі-мурагі, Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, злажыць у стагі? Непачаловіч. // Засвоіць, зразумець што‑н.; справіцца з чым‑н., пераадолеўшы цяжкасці, перашкоды. Асіліць англійскую мову.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вучо́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў спецыяльную падрыхтоўку ў галіне якіх‑н. ведаў. Вучоны садавод. // Разм. Пісьменны, адукаваны. Вучоны чалавек. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. // Разм. Дрэсіраваны (пра жывёл). Вучоны мядзведзь. □ Вучоны сабака, які быў у следчых людзей, увесь час нюхаў дарогу ад аграбленага банка. Чорны. // Які атрымаў урок, прыдбаў вопыт у чым‑н.
2. у знач. наз. вучо́ны, ‑ага, м. Кваліфікаваны спецыяліст у якой‑н. галіне навукі; даследчык. Малады вучоны. Выдатны вучоны. □ Міхась Рамановіч скончыў і пажадаў вучоным далейшых поспехаў. Паслядовіч.
3. Які мае адносіны да навукі, звязаны з навукай. Вучонае званне. Вучоная ступень. Вучоны савет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.
1. Пазнаць органамі пачуццяў; пачуць. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Колас. Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Маўр.
2. Зведаць, перажыць што‑н. Васіль зразумеў, што пытанне непрыемна кальнула дзеда, і адчуў сябе ніякавата, пачырванеў. Кулакоўскі. // Усвядоміць, зразумець. Аляксей паглядзеў у сінія Юльчыны вочы і раптам адчуў, што, вядома, Юлька вернецца. Даніленка. У першыя дні.. [Раман] адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Чарнышэвіч.
•••
Адчуць глебу пад нагамі — знайсці, адчуць чыю‑н. падтрымку.
Даць сябе адчуць гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
алавя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з волава. На камодзе.. стаялі.. алавяныя з замыславатымі ўзорамі талеркі. Бядуля. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас.
2. Які складаецца з волава, мае ў сабе волава. Алавяныя зліткі. Алавяныя руды. Алавяная соль. // Звязаны са здабычай, апрацоўкай волава. Алавяны руднік. Алавяная прамысловасць.
3. Чым‑н. падобны да волава, такі, як у волава. Ночы свае недаспаныя Трэба скасіць і звязаць, Звезці снапы алавяныя, Працы палову аддаць. Танк. І зноў над вёскай плылі дні У чорных хмарах алавяных, Галечу ўсім няслі яны, Згрызоты новыя і раны. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́класці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.
1. Выняўшы што‑н. адкуль‑н., пакласці на віду. Карп паставіў гарэлку, выклаў з кошыка закуску. Шамякін.
2. Пакрыць паверхню чаго‑н. чым‑н.; вымасціць, абліцаваць. Выкласці сцены керамічнымі пліткамі. // Скласці які‑н. надпіс, фігуру, узор з чаго‑н.
3. Збудаваць, вывесці. Душу ўкладваў.. [Мітраховіч] у сваю работу, шчыра, душэўна вучыў і Марыю: як роўна вывесці сцяну, як навечна ўмураваць цагліну, як вугал выкласці, каб ён радаваў вока... Васілевіч.
4. перан. Выказаць, расказаць, паведаміць. Выкласці прэтэнзіі. Выкласці свае меркаванні. Выкласці просьбу. □ Валодзя адным духам выклаў мне ўвесь свой праект пабудовы .. трасы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)