Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аско́ла вісус; чалавек, што ўсюды паспявае’ (Бяльк.); параўн. рус. смал. асколок ’дзёрзкі, нахабны чалавек’, укр. дивитись оскілками ’глядзець са злобай’, польск. oskoła ’бярозавы сок’ (Брукнер). Гэта слова можна тлумачыць як семантычнае развіццё першаснага аскола таго ж паходжання, што і рус. оскол, бел. асколак, якія маглі мець значэнне тыпу ’стрэмка’. Яны развіваліся тым жа шляхам, што і рус. заноза. Іншае тлумачэнне: скажэнне слова раскол ’забойца, разбойнік; буян, нахабнік’ (Бяльк., Шат.), што адлюстроўвала ўяўленне аб раскольніках як адшчапенцах, кепскіх людзях, якое пашыралася царквой; у гэтым выпадку ўкр. прыклад, дарэчы, патрабуючы ўдакладнення, наўрад ці звязаны з бел. асколак рус. асколок. Сувязь тлумачэння з польск. oskola, відаць, ад уяўлення пра «ліпучасць» соку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ачыві́сты ’відавочны, яўны, навочны’ (Нас.), ачывіста ’відавочна; асабіста’ (Нас.), ст.-бел. очевистый яўны, ясны, відавочны, сапраўдны’ (Хрэст. гіст., 1), очевисто ’асабіста, відавочна’ з канца XV ст., очивисто з сярэдзіны XV ст., очевисте ’відавочна, адкрыта, яўна’ з канца XVII ст. (Нас. гіст.), ѡчоувисте з XV ст. (Карскі, Труды, 313). Запазычана з польск. oczywisty, oczywiście, утвораных ад складанага слова *oczywiść (як рус. зависть, ненависть, ‑wiść ад widzieć, гл. Брукнер, 377); слова было вядомае, на думку Брукнера, 614, усходнім і паўднёвым славянам з другой часткай ‑věst, параўн. балг. очивесен ’відавочны’, чаму пярэчыць бел. дыял. форма невістны ’невідомы’. Формы прыслоўяў на ‑о (‑а) у выніку асіміляцыі ў беларускай мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рва1 ’колер’ (БРС), ст.-бел. барва (Гіст. лекс., 116; Булыка, Запазыч., з XV ст.). Укр. ба́рва ’колер’ (з XVI ст.). З польск. barwa ’тс’ < с.-в.-ням. varwe (магчыма, праз чэш. barva; Брукнер, 17). Бернекер, 44; Слаўскі, 1, 28; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43. Іншая версія: непасрэднае запазычанне з ням. мовы (Рудніцкі, 79; там і літ-pa), што, аднак, не вельмі пераконвае.

Ба́рва2 ’верхняе адзенне яркага колеру’ (Нас.). Ст.-бел. XVII ст.: ’верхняе адзенне, кафтан, святочная вопратка’ (Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ба́рва ’форменнае адзенне; ліўрэя’ (з XVII ст.). Запазычанне з польск. barwa ’тс’ (па паходжанню тое ж самае, што і barwa ’колер’, гл. Брукнер, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мурла́т, мурла́та, мурла́ціна ’апрацаванае бервяно памерам 10×5 см’ (Сцяшк.), ’апошняе бервяно (верхні вянец зруба), на якое абапіраюцца кроквы’ (Тарн., Шушк., ТС; глус., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; нараўл., КЭС; міёр., Нар. словатв.; Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’бэлька’ (Ян.), кам. ’кладзь, апора страхі на сохах’, нараўл. ’падруба ў доме’ (Нар. сл.); кобр. мурлатэ ’бярвёны над вокнамі’ (Сл. Брэс.); ст.-бел. мурлатъ, мулатъ, мулартъ, мурлятъ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. murłat, murłata, якое з с.-в.-ням. mūrlatte, суч. ням. Mauerlatte, якое з mūr ’сцяна’ і latte ’жардзіна’, ’паласа’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 150; Булыка, Лекс. запазыч., 97; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 85).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы́са ’морда, пашча свойскай жывёлы’ (ТСБМ, Сцяшк.; Янк. 1, слуц., пін., тураў., КЭС), мы́сы ’морда’ (Клім.), мы́ся, мы́ська (дзіцячае) ’карова, кароўка’ (Нас.), пін. мыса́тый ’чалавек з тоўстым адутлаватым тварам’ (Вярэніч, Бел.-рус. ізал., 27), укр. ми́дза, ми́зя, муса ’морда, рыла’; рус. арханг., паморск. мыс ’галава рабіны’, кур. мыса́лы ’скулы, сківіцы’, заўральск. мыса́ло ’твар чалавека, морда’. Бел.-рус. ізалекса (Вярэніч, там жа, 27–30). Прасл. mysa. І.‑е. адпаведнікі: літ. mūza ’морда’, ’рот’, ’твар’, італ. muso ’морда, лыч жывёлы’, ’твар, морда чалавека’, лац. mūcro, ‑ōnis ’вастрыё’, ’меч, шабля, кінжал’, ст.-грэч. μυχός ’заліў, бухта’, ст.-інд. múkham ’пашча, морда’. Да і.-е. *mu‑. Параўн. мыс (ЕСУМ, 3, 458).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навод1 ’навучэнне, падвучванне’ (Бяльк.), ст.-бел. наводъ ’настаўленне’ (Скарына), укр. навід ’указанне, падвучванне’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад навесці (гл. весці), якое яшчэ ў прасл. мела значэнне ’накіраваць, навесці (на што-н.)’, параўн. бел. навесці на дарогу, навесці на думку, ст.-слав. навести на пжть, польск. nawieść na dobrą drogę і інш. (Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1, 49); у сувязі з гэтым беспадстаўна Булыка (Лекс. запазыч., 205, 208) лічыць яго «лексічным чэхізмам» у Скарыны або запазычаннем з польск. мовы.

Навод2 ’самастрэл на мядзведзя’ (Маш.). Ад навесці (гл. весці) ’нацэліць’, параўн. навесці стрэльбу на каго‑н. ’прыцэліцца’ або ’настроіць наладзіць’, параўн. навесці пілу, касу і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крумка́ч1 ’воран, груган’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Шн., Сержп. Ск., Сержп. Грам., Федар. VII, Сл. паўн.-зах.). Параўн. крумкач, крункач і літ. krunkōčius ’тс’ (там жа, 2, 530). Балтызм, які ўзыходзіць да літ. kruñkti ’каркаць (пра варон)’. Наўрад ці неабходна разглядаць бел. крумкач, крункач як гібрыднае ўтварэнне (літоўскі корань, беларускі суфікс). Дакладным адпаведнікам бел. крункач з’яўляецца літ. krunkōčius ’воран’. Зразумела, што ўсе прыклады балтыйскай лексічнай інфільтрацыі ўзніклі ва ўмовах білінгвізму. Гл. Грынавецкене і інш. LKK, 16, 180; Лаўчутэ, Балтизмы, 69.

Крумка́ч2 ’жаба’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Крумкач (назва жабы), відаць, узнікла як кантамінаваная форма ад кумкаць (толькі пра жаб) (гл.) і крумкаць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́ґаць ’моцна біцца (пра сэрца)’ (Сцяц.). Выбухное ґ сведчыць пра запазычанне. Параўн. польск. dygać ’трасціся’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 185; дзіўна, што Слаўскі, там жа, бел. ды́ґаць ставіць у адзін рад з польск. словам і не ставіць нават пытання аб магчымасці запазычання). Калі праўда, як мяркуе Слаўскі (там жа), што ў аснове дзеяслова ляжыць выклічнік тыпу dygu!, dyk!, можна думаць і пра самастойнасць бел. лексемы (ды́ґаць < *дыкаць з азванчэннем інтэрвакальнага ‑к‑ > ‑ґ‑). У Насовіча ды́гаць ’прысядаць, рабіць рэверанс; павольна, нібы прысядаючы, ісці’. Трубачоў (Эт. сл., 5, 198) дапускае магчымасць запазычання з польск., але і роднаснасць з іншымі слав. формамі (прасл. *dygati). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 557.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)