німб, ‑а, м.
1. Ззянне ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці (на іконах, карцінах рэлігійнага зместу). // Пра які‑н. ззяючы круг. Ліхтары ў німбах, як месяц пад поўню, калі варожыць на змены, — угары туман. Пташнікаў.
2. перан. Атмасфера славы, поспеху вакол каго‑, чаго‑н. Німб славы. □ Я ганарыўся німбам сваім, я шанаваў сваё званне. Вярцінскі.
[Ад лац. nimbus — воблака, туман.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о́птам, прысл.
1. Вялікай колькасцю (пра куплю і продаж тавараў). [Лялькевіч] вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам. Шамякін.
2. перан. Разм. Поўнасцю, адразу. Нельга таксама ацэньваць творы оптам, абоймамі, калі да адных прад’яўляюцца сапраўдныя крытэрыі, а другім свядома робіцца скідка на важнасць тэмы. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак.
1. Адгадаць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. — Ну, паваражыце мне! — панна Людміла працягнула Лабановічу руку. Колас.
2. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, папрацаваць над чым‑н. Бацька моўчкі павёў .. [хлопчыка] ў каюту, паваражыў над электроннай машынай, і з яе выпаўзла белая стужка з мноствам чорненькіх рысачак. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падво́іць, ‑двою, ‑двоіш, ‑двоіць; зак., што.
1. Павялічыць удвая. Падвоіць вытворчасць мяса. □ За апошнія гады калгаснікі падвоілі, а месцамі нават патроілі ўраджайнасць, а ў лясной гаспадарцы засталося ўсё, як было пры дзядах. Мяжэвіч.
2. перан. Павялічыць, зрабіць значна мацнейшым, большым. Падвоіць увагу. □ Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім. Крапіва.
3. Зрабіць двайным; скласці ўдвая, здвоіць. Падвоіць дратву.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрашы́ць, ‑трашу, ‑трошыш, ‑трошыць; незак., каго-што.
1. Вымаць вантробы. Патрашыць курыцу. □ [Дзядзька:] — Будзеш патрашыць рыбу і класці ў крапіву... Місько. [Матросы-рыбакі] рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Караткевіч.
2. перан. Разм. Даставаць, выцягваць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Тры немцы патрашылі ранцы і рэчавыя мяшкі палонных. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыя́рх, ‑а, м.
1. Кіраўнік роду ў родавым грамадстве.
2. перан. Стары і вельмі паважаны чалавек у якім‑н. калектыве. // каго-чаго. Старшы і найбольш выдатны ў якой‑н. галіне дзейнасці чалавек. У Бруселі яго [Карловіча] благаслаўляе сам патрыярх польскіх гісторыкаў Іяхім Лелевель. Г. Кісялёў.
3. Вышэйшы духоўны тытул служыцеля праваслаўнай царквы. // Асоба, якая мае гэты тытул.
[Грэч. patriarchēs — роданачальнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.
1. Зварыць нанава, яшчэ раз. Пераварыць варэнне.
2. Сапсаваць, пазбавіць патрэбных якасцей у выніку празмернага варэння гатавання. Пераварыць мяса.
3. Перапрацаваць, засвоіць у працэсе стрававання. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч. // перан. Разм. Успрыняць, засвоіць, перапрацаваць. Унтэру столькі незразумелых слоў не пераварыць да самай смерці. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Кідаючы, наблізіць да каго‑, чаго‑н., падкінуць бліжэй нейкую колькасць чаго‑н. Падкідаць дровы да плота.
2. Падшыць, падфастрыгаваць. Падкідаць падол сукенкі.
3. перан. Разм. Падгадаваць. Колькі таго клопату і здароўя страціць чалавек, пакуль падкідае дзіця да пяці гадоў! Дамашэвіч.
падкіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да падкінуць, падкі́даць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падупа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да заняпаду, запусцець. Гаспадарка падупала.
2. Стаць слабым, хваравітым. Чалавек, мусіць, падупаў здароўем — не прайшла дарам блакада. Новікаў. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Панізіцца; паслабець (пра настрой, духі пад.). Дух на паляванні — магутная сіла. Падупаў духам — удачы не будзе... Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажа́ць, ‑жну, ‑жнеш, ‑жне; ‑жнём, ‑жняце; зак., што.
1. Зжаць усё, многае. Зямля ўся жоўтая ад ячменю.. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Пташнікаў.
2. перан. Атрымаць здабытак ад чаго‑н. зробленага; заслужыць. Хто агонь тут пасеяў, — Смяротны пажне тут пажар... Куляшоў.
3. і без дап. Жаць нейкі час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)