(польск. humor, ад лац. humor = вільгаць як адна з арганічных сіл, што паводле даўнейшых уяўленняў вызначае характар, тэмперамент чалавека)
1) дабрадушна-жартаўлівыя адносіны да чаго-н. (напр. пачуццё гумару);
2) прыём у творах літаратуры і мастацтва, заснаваны на паказе чаго-н. у смешным, камічным выглядзе.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
манапо́лія
(гр. monopolia, ад monos = адзін + poleo = прадаю)
1) выключнае права на выраб, продаж або выкарыстанне чаго-н. (напр. м. знешняга гандлю);
2) буйное аб’яднанне, якое ўзнікла на аснове канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу з мэтай устанаўлення панавання над якой-н. галіной гаспадаркі і атрымання найбольшых прыбыткаў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
старт
(англ. start)
1) момант пачатку спартыўных спаборніцтваў (па бегу, плаванні і г. д.) або ўзлёту лятальнага апарата (ракеты, касмічнага карабля);
2) месца, з якога пачынаюцца спаборніцтвы па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванні (напр. выйсці на с.);
3) перан. пачатак, зыходны пункт пры адліку якой-н. падзеі.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ШРЫФТ (ням. Schrift ад schreiben пісаць),
графічная сістэма літар, лічбаў і інш. моўных знакаў, форма якіх падпарадкавана функцыянальным, мастацкім або тэхнічным патрабаванням. Базіс усякага графічнага моўнага знака — графема, па якой вызначаюцца літары. Ш. з’яўляецца графічнай інтэрпрэтацыяй алфавітнага ладу. На форму Ш. прама ці ўскосна ўздзейнічаюць розныя фактары: традыцыі, мова, інфарм. патрэба, тэхн. сродкі, культ. ўзровень, індывід. асаблівасці стваральніка. У вузкім сэнсе Ш. — камплект друкарскіх літар, прызначаны для набору ў паліграфіі (наз.гарнітура). Тэрмін «Ш.» з’явіўся з пачаткам кнігадрукавання. Усх. славяне карыстаюцца ім з пач. 18 ст., да гэтага часу друкарскія і рукапісныя алфавітыназ.азбукай.
Грэч. і этрускі алфавіты сталі крыніцай лацінскага пісьма. Найб. дасканалы Ш. прапісных манум. літар надпісаў вядомы з 2 ст.н.э. (надпіс на калоне Траяна ў Рыме, 114). Сярод розных народаў свету пашыралася пісьмо капітальнае (5 ст.), унцыяльнае (6 ст.), мінускульнае (з канца 8 ст.). У сярэднія вякі склаўся гатычны Ш. (тэкстура, фактура, ратонда, швабах); у эпоху Адраджэння — гуманіст. антыква (стараж., пераходная, новая, пазней егіп., італійская, гратэск, мадэрн), якія сталі асновай цяперашніх друкарскіх лац. Ш. Развіццё друкарскіх Ш. на аснове кірыліцы (канец 15 — пач. 18 ст.) адбывалася пад уздзеяннем рукапісных кірыліцкіх азбук устава, паўустава, вязі, грамадз. пісьма, скорапісу і друкарскіх Ш. Зах. Еўропы.
Бел. Ш., як і пісьмо ў цэлым, бярэ пачатак ад рунічных знакаў (гл.Рунічнае пісьмо). З прыняццем хрысціянства царк. кнігі перапісваліся ўстаўнымі (кірыліцкімі) літарамі (магчыма, і глаголіцай). Кнігі 11 ст., напісаныя ў розных месцах, маюць пэўную адметнасць. Напр., для Тураўскага евангелля характэрны аптымальная мера суадносін прасторы і графікі, амаль абсалютная рытмічная правільнасць, яснасць і ўстойлівасць літар, нетаропкае пісьмо з вял. густам.
Графічны строй Астрамірава евангелля прынята лічыць эталонам. У 14 ст. пашырылася новая графіка літар — паўустаў, вязь, скорапіс, што значна паскарала працэс пісання. Гіст. з’ява пач. 16 ст. — шрыфты Ф.Скарыны (ініцыяльныя, тытульныя, тэкставыя). Скарына ўжо ў першым сваім выданні прыстасаваў зах.-рус. літары да друкарскага набору. Выдадзены ім «Псалтыр» (Прага, 1517) вызначаўся гармоніяй выяў, арнаменту і тэкставага матэрыялу, роўнай тонавай насычанасцю старонак, багатай разнастайнасцю форм і аздаблення ініцыялаў, што мела вял. значэнне для семантычнай сувязі тэксту і ілюстрацый. У 2-й пал. 16 ст. працу над Ш. прадоўжылі С.Будны і В.Цяпінскі. На тэр.ВКЛ Ш., падобнымі на рукапісныя, друкавалі кнігі Мамонічы (гл.Мамонічаў друкарня). Высокімі графічнымі якасцямі вызначаліся Ш., створаныя на аснове ўстава і паўустава П.Мсціслаўцам. Іх капіравалі і выкарыстоўвалі інш. друкарні. У графіцы літар Статута ВКЛ (1588) своеасабліва ўвасоблена спалучэнне бел. скорапісу, друкарскай тэхналогіі са зручнасцю чытання, што надае Ш. вял. арыгінальнасць. Высокае майстэрства выкарыстання Ш. праявілася ў кнігах для навучання: павялічаныя памеры і высокая яснасць літар, ужыванне арнаментыкі вылучаюць кнігі Л.Зізанія «Азбука» і «Граматыка Славенска» (1596), «Буквар» М.Сматрыцкага (1618) і інш. Пашырэнне мелі і лац. Ш. (польская графіка, ці т.зв. лацінка), якімі друкавалі свецкія і рэліг. кнігі (Брэсцкая біблія); яны існавалі да пач. 20 ст.
На развіццё бел. НІ. (рукапісных і друкарскіх) у розныя часы ў пэўнай ступені ўплывалі памежныя культуры Захаду і Усходу. Рэформа пісьма 1708 у Расіі (у выніку устаў, паўустаў і вязь ужываліся толькі для царк. л-ры, новая спрошчаная графіка Ш. — т.зв. грамадзянскі шрыфт — для свецкіх патрэб), далучэнне бел. зямель да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай 18 ст. адбіліся на графічных сродках пісьма. З 19 ст. вяліся пошукі форм Ш., ствараліся і шырока выкарыстоўваліся новыя Ш. (егіп., італьян., дэкар.) пад уплывам стыляў класіцызму, мадэрну. У пач. 20 ст. пачалося друкаванне легальных выданняў на бел. мове рускім грамадз. Ш. са сваёй арфаграфічнай асаблівасцю (творы М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У наш час у галіне шрыфтавой справы працуюць навукоўцы, пісьменнікі, мастакі (Ю.Бокая, У.Лукашык, Г.Мацур, Р.Найдзін, П.Семчанка). Ёсць значныя дасягненні ў шрыфтавым афармленні кніг, спроба стварыць бел.нац. друкарскі Ш. У 1972 у Бел.АМ створаны курс маст. Ш. (заснавальнік Семчанка). У 1994 арганізавана суполка «Літарт», якая сістэматычна праводзіць выставы Ш. і каліграфіі, выдае манаграфіі.
Літ.:
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001;
Кликушин Г. Шрифты. 2 изд Мн., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Павленко Н. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Семченко П. Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;
Шматов В. Искусство книги. М., 1990;
Дюрер А. Трактат о шрифте: Пер. с нем. М., 1981;
Тоотс В. Современный шрифт.
М., 1966; Большаков М., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. М., 1964; Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985; Різник М.Г. Письмо і шрифт. Київ, 1978; Kapr A. Schrift und Buchkunst. Leipzig, 1982.
П.А.Семчанка.
Шрыфты: 1—3 — друкарскія Ф.Скарыны. 1517—19; 4 — графічнае супастаўленне літар «В» — сучаснай і з «Бібліі» Ф.Скарыны; 5 — друкарскі П.Мсціслаўца. 1575; 6 — фрагмент Статута ВКЛ 1588; 7 — графічныя асаблівасці сучасных друкарскіх шрыфтоў; 8 — графічная пабудова лацінскай літары, выкананая Леанарда да Вінчы; 9 — тытульны ліст Брэсцкай бібліі. 1563; 10 — сучасны шрыфт, выкананы паводле друкарскага наборнага шрыфту Ф.Скарыны (аўтар Г.Мацур. 1985).Шрыфты: 1 — антыква эпохі Адраджэння; 2 — сучасны (аўтар П.Семчанка).Элементы і параметры шрыфту: 1 — міжлітарны прасвет; 2 — унутрылітарны прасвет; 3 — лінія крутлявых літар; 4 — лінія шрыфту; 5 — вышыня прамых вялікіх літар; 6 — засечкі; 7 — злучальныя штрыхі; 8 — асноўныя штрыхі; 9 — надлітарны значок; 10 — выступаючыя элементы, 11 — аднабаковая засечка; 12 — кропка; 13 — вышыня круглявых малых літар; 14 — падлітарны значок, 15 — звіслыя элементы; 16 — вышыня малых літар; 17 — вертыкальная засечка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ У 1919—41.
Пасля ўтварэння Беларускай ССР фізічная культура і спорт атрымалі дзяржаўную падтрымку, былі прызнаны састаўнымі элементамі ваеннага навучання і падрыхтоўкі рэзерваў для Чырвонай Арміі. У адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК ад 22.4.1918 «Аб абавязковым навучанні ваеннаму майстэрству» былі створаны органы Усевобуча. У БССР імі ў 1919 арганізаваны ваенна-спартыўныя клубы ў Віцебску, Гомелі, у 1920 — у Бабруйску, Барысаве, Мінску, Магілёве. У 1919 у Віцебску праведзена 1-я губернская алімпіяда. У 1921 гарадскія з’езды Усевобуча разглядалі пытанні актывізацыі фізкультурнага руху. Пытанні фізкультурнай работы абмяркоўваліся на IV з’ездзе камсамола Беларусі (май 1922). Паводле прыкладу петраградскіх камсамольцаў у Віцебску, Сянне, Лепелі, Дрысе, Гарадку, Оршы, Полацку і інш. створаны гурткі «Спартак», у якіх на пачатку 1923 займалася 1230 чал., з іх 423 жанчыны. У Гомелі, Магілёве і інш. гарадах створаны спартыўныя гурткі «Чырвоны маладняк». У Гомелі гэтая арг-цыя ў 1922 аб’ядноўвала 200 чалавек (з іх больш за 80 жанчын). У 1923 створаны Вышэйшы савет фізічнай культуры пры ЦВКБССР, які ўзначаліў работу па фізічным выхаванні насельніцтва. Да 1924 створаны губернскія і павятовыя саветы фізічнай культуры. У шэрагу гарадоў у 1922—24 адбыліся пяршынствы па футболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы і інш. відах спорту. У гарадах праводзіліся «тыдні фізкультуры», на якіх шырока прапагандаваліся розныя віды спорту. Разгарнулася будаўніцтва спартыўных пляцовак, расла колькасць спартыўных гурткоў (напр., у Віцебску ў пачатку 1924 іх было 26, да канца года — 56). У жн. 1924 Вышэйшы савет фізічнай культуры правёў у Мінску 1-е Усебеларускае свята фізічнай культуры; напярэдадні свята наладжваліся спаборніцтвы ў паветах і акругах па лёгкай атлетыцы, футболе, баскетболе, тэнісе і веласіпедным спорце. У іх удзельнічалі каманды Мінскай, Віцебскай, Бабруйскай, Барысаўскай, Магілёўскай, Аршанскай, Слуцкай, Мазырскай акруг. Па 12 відах лёгкай атлетыкі, дзе былі паказаны найбольш высокія вынікі, зарэгістраваны першыя рэкорды Беларусі. З 1924 рэгулярнымі сталі пяршынствы рэспублікі па барацьбе, падыманні цяжару, каньках. З 1924 у школах Беларусі ўведзены заняткі па фізічнай культуры, а ў 1925 па іх зацверджана навучальная праграма. У лістападзе 1925 адбыўся Усебеларускі з’езд па фізічнай культуры, заснаваны першыя рэспубліканскія курсы інструктараў. Да канца 1925 спарт. калектывы налічвалі больш за 17 тыс. фізкультурнікаў. У 1927 праведзена 3-е Усебеларускае свята фізічнай культуры. На I Усесаюзнай спартакіядзе ў Маскве (1928) бел. спартсмены занялі 3-е месца. У 1929 у Мінску заснаваны тэхнікум фізічнай культуры. У 1931 па ініцыятыве ВЛКСМ уведзены комплекс «Гатоў да працы і абароны СССР» (ГПА, 1-я ступень), у 1932 ён дапоўнены 2-й ступенню, у 1934 ступенню «Будзь гатоў да працы і абароны» (БГПА) для дзяцей школьнага ўзросту.
Комплекс ГПА стаў праграмнай і нарматыўнай асновай сістэмы фізічнага выхавання моладзі. У 1932—33 фізкультурныя арг-цыі Беларусі падрыхтавалі 42,6 тыс. значкістаў ГПА і занялі 1-е месца сярод рэспублік СССР. У 1934 ЦККП(б)Б пастановай «Аб фізкультурным руху ў БССР» вызначыў канкрэтныя шляхі паляпшэння спартыўна-масавай работы, павышэння спартыўна-тэхнічных дасягненняў бел. фізкультурнікаў. У 1929 у БССР створана 160 сельскіх гурткоў, з іх 87 у калгасах. У 1930-я г. пачалася планамерная арганізацыя гурткоў фізічнай культуры на вёсцы. У 1934 колькасць гурткоў на вёсцы вырасла да 300 (8 тыс.чал.). Да 1936 калгасныя калектывы і гурткі фізічнай культуры налічвалі каля 20 тыс. фізкультурнікаў. У 1934 Вышэйшы савет фізічнай культуры БССР правёў 1-ю Усебеларускую калгасна-саўгасную спартакіяду, што садзейнічала далейшаму развіццю работы па фізічным выхаванні сельскай моладзі. Нормы ГПА у БССР здалі больш за 20 тыс. чалавек. Каб палепшыць кіраўніцтва фізкультурным рухам, пастановай ЦВК і СНКСССР ад 21.7.1936 створаны Усесаюзны камітэт па справах фізічнай культуры і спорту пры СНКСССР. Адпаведныя камітэты створаны пры ЦВК саюзных рэспублік. У 1936—37 у БССР пачалася арганізацыя добраахвотных спартыўных таварыстваў (ДСТ) прафсаюзаў. Сярод першых створаны ДСТ «Тэмп», «Полымя», «Лакаматыў». Яны садзейнічалі арганізацыйнаму ўмацаванню фізкультурнага руху, рабілі фізкультуру больш даступнай для насельніцтва. У 1937 на Краснай плошчы ў Маскве быў праведзены Усесаюзны парад фізкультурнікаў, на якім Беларуская спартыўная дэлегацыя прадэманстравала высокую спартыўна-гімнастычную падрыхтоўку, у т. л. тэматычныя выступленні «Граніца на замку». За падрыхтоўку фізкультурных кадраў Мінскі тэхнікум фізічнай культуры ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1937 ён рэарганізаваны ў Бел. інстытут фізічнай культуры. У студзені 1939 ЦККП(б)Б прыняў пастанову «Аб стане фізкультурнай работы ў рэспубліцы», якая актывізавала дзейнасць ДСТ і калектываў фізкультуры. Колькасць фізкультурнікаў у 1939 перавысіла 90 тыс. чалавек; праведзена 1876 спартыўных спаборніцтваў, у т. л. 55 пяршынстваў і спаборніцтваў рэспубліканскага маштабу (удзельнічалі 146 тыс. чалавек, устаноўлены 93 рэкорды БССР).
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у зах. абласцях краіны пачалася шырокая арганізацыйная работа па стварэнні калектываў фізкультуры. У 1940 іх створана больш за 200 у Баранавіцкай вобл., 150 у Брэсцкай, 140 у Пінскай; праведзены першыя раённыя і абласныя спартакіяды. Вялікую ролю ў прапагандзе фізічнай культуры адыгралі Усебеларускія парады фізкультурнікаў (праведзены ў 1938, 1939 і 1940; у парадзе 1940 удзельнічалі і прадстаўнікі зах. абласцей Беларусі). Беларускія спартсмены выступалі ва ўсіх усесаюзных спаборніцтвах. На пачатак 1941 у Беларусі дзейнічала 3295 калектываў фізічнай культуры (больш за 154 тыс.чал.), працавала больш за 1200 штатных фізкультурных інструктараў, каля 1800 фізоргаў, сотні спартыўных суддзяў; фізічнае выхаванне трывала ўвайшло ў навучальны працэс і ажыццяўлялася па адзіных дзяржаўных праграмах. У гарадах і вёсках пабудаваны стадыёны, пляцоўкі, лыжныя і водныя станцыі. У Мінску адкрыты зімовы плавальны басейн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЧНАЯ ТЭХНАЛОГІЯ
Даследчыя работы ў галіне хім. тэхналогіі на Беларусі пачаты ў 1930-я г. Першыя даследаванні праводзіліся ў ін-тах прам-сці, сельскай і лясной гаспадаркі, хіміка-тэхнал. (з 1933 у складзе БПІ), а таксама ў ін-тах хіміі і торфу АН Беларусі. Даследавалася магчымасць атрымання дубільных рэчываў з тарфяной смалы, распрацоўвалася і ўдасканальвалася тэхналогія гарбарнай (Ф.Г.Асіпенка), смола-шкіпінарнай вытв-сці. У пасляваенны час значна пашырылася тэматыка даследаванняў у галіне хім. тэхналогіі ў ін-тах АН Беларусі і ВНУ.
З канца 1970-х г. адзначана станоўчая дынаміка навук.-інавацыйнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне і ўкараненне новых хім. тэхналогій.
У Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац.АН Беларусі акад. М.А.Безбародавым, У.С.Камаровым, М.М.Паўлючэнкам, І.М.Ярмоленкам, М.Ф.Ярмоленкам закладзены фундаментальныя асновы і распрацаваны новыя метады сінтэзу такіх неарган. матэрыялаў з зададзенымі хім. ўласцівасцямі і структурнымі параметрамі, як гарачатрывалыя матэрыялы, высокатэмпературныя звышправаднікі, керамічныя і шклопадобныя матэрыялы, цвёрдыя і вадкія іаніты, ультрафільтрацыйныя мембраны. На аснове даследаванняў па кінетыцы і механізме цвердафазных рэакцый неарган. фасфатаў (Я.А.Продан) прапанаваны шэраг фасфатных матэрыялаў, фунгіцыдаў, дэтэргентаў, люмінафораў і інш. Распрацаваны метады сінтэзу тэрмастабільных сітаватых адсарбентаў шпінельнай структуры, цэалітазмяшчальных каталізатараў, вугляродных адсарбентаў (У.С.Камароў, А.І.Рацько), калійных і фосфарных мінер.удабрэнняў угнаенняў* (М.П.Круцько, Ф.Ф.Мажэйка).
У Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам акад. Б.В.Ерафеева, М.С.Казлова, У.С.Салдатава, чл.-кар. Ю.А.Альдэкопа распрацаваны тэхналогіі вырабу ультра- і мікрафільтрацыйных мембран; прапанаваны тэхналогіі і арганізавана вытв-сць хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталявання для ачысткі паветра; распрацавана універсальная тэхналогія вылучэння біялагічна актыўных рэчываў з водных асяроддзяў і прадуктаў мікробнага сінтэзу; створаны тэхналогіі атрымання чыстых амінакіслот і лекавых прэпаратаў на іх аснове (з-дмед. прэпаратаў, г. Скідзель); распрацаваны штучныя глебы для раслін, тэхналогія вырабу заменнікаў плазмы крыві.
У Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам акад. А.А.Ахрэма, А.А.Стральчонка распрацаваны метады і сродкі імунахім. мікрааналізу і радыеімуналагічнага аналізу, тэхналогіі вытв-сці супрацьлейкозных, антыснідавых і інш. прэпаратаў.
У Ін-це выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі распрацавана тэхналогія вырабу грануляваных арганамінеральных удабрэнняў угнаенняў* і воску з торфу, вугляродных сарбентаў, кармавых дабавак і дражджэй; створаны шэраг гумусавых прэпаратаў для ачысткі прамысл. абсталявання ад радыенуклідаў (М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Ф.Логінаў, А.А.Цярэнцьеў).
У Ін-це хіміі новых матэрыялаў Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам акад. У.Я.Агабекава распрацаваны тэхналогіі вырабу новых фотаадчувальных матэрыялаў, паляроідных плёнак, вадкакрышталічных кампазіцый, аптычных адбельвальнікаў, паверхнева-актыўных рэчываў і інш. прадуктаў малатанажнай хіміі.
У НДІбуд. матэрыялаў Мінбудархітэктуры распрацаваны працэсы вытв-сці буд. і абліцовачных керамічных матэрыялаў з мясц. сыравіны (І.М.Белавус, В.М.Летфурахманаў), цеплаізаляцыйных вогнетрывалых матэрыялаў (Б.Б.Барысаў, М.П.Садчанка), сітаватых напаўняльнікаў і лёгкіх бетонаў на іх аснове, воданепранікальнай керамікі для труб дрэнажных і арашальных сістэм (С.Р.Караткевіч, Л.К.Пятроў).
Найважнейшыя распрацоўкі, выкананыя ў Бел.тэхнал. ун-це: тэхналогія перапрацоўкі фасфатнай сыравіны (М.І.Кузьмянкоў, У.В.Пячкоўскі); атрыманне сплаваў з дапамогай нізкатэмпературнай плазмы (М.А.Свідуновіч); тэхналогія шкла, розных гатункаў керамікі, керамічных пігментаў і палівы (Н.М.Бабкова, І.А.Лявіцкі, І.У.Пішч, В.М.Яглоў); атрыманне аксідных высокатэмпературных звышправодных злучэнняў і новых ферамагнітных матэрыялаў (Л.А.Башкіраў); тэхналогія сінтэзу сарбентаў і іх выкарыстання для глыбокай ачысткі газавых выкідаў і сцёкавых вод (В.П.Глыбін, Т.А.Жарская, В.М.Марцуль, А.А.Чэрнік); тэхналогіі і абсталяванне па здабыванні каляровых і каштоўных металаў з прамысл. адходаў, новыя матэрыялы для электродаў гальванічнай вытв-сці (В.Б.Драздовіч, І.М.Жарскі, Н.П.Іванова, М.С.Капіца, М.Л.Смоляг); каталітычны сінтэз фурфуролу, атрыманне тэрпенамалеінавых смол і клеявых саставаў для гідрафабізацыі (І.І.Бардышаў, Г.М.Горскі, А.І.Ламоткін, Я.П.Марозаў, Т.В.Салаўёва).
У БДУ (хім. факультэт і НДІфіз.-хім. праблем) распрацаваны працэсы хім. і электрахім. асаджэння металаў і сплаваў, якія ўкаранёны ў прам-сць (Т.М.Вараб’ёва, Т.В.Гаеўская, Л.І.Сцяпанава), працэсы вырабу металізаваных шаблонаў з выкарыстаннем рэакцый хім. асаджэння металаў з раствораў, а таксама токаправодных малюнкаў пячатных плат без выкарыстання фотарэзістаў (Т.М.Вараб’ёва, В.Г.Сакалоў, Л.І.Сцяпанава). Прапанаваны спрошчаныя тэхналогіі вырабу тэрмакаталітычных і паўправадніковых газавых сенсараў (Г.А.Браніцкі, М.І.Іваноўская, Дз.І.Мычко). Распрацаваны: керамічныя матэрыялы для высокатэмпературных электрахім. прылад, напр., кіслародныя сенсары, паліўныя элементы (А.А.Вечар, Я.М.Навумовіч); высокаэфектыўныя матэрыялы для тушэння лясных пажараў і торфу, а таксама кампаненты паліў з адначасовай значнай энергаёмістасцю і высокай тэрмастабільнасцю (В.У.Багданава, А.І.Лесніковіч); метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных сувязных, што выкарыстоўваюцца ў касм. і ваен. тэхніцы (К.М.Лапко, В.Ф.Цікавы). Атрыманы фасфатныя матэрыялы, якія валодаюць выбіральнымі іонаабменнымі ўласцівасцямі і эфектыўна сарбіруюць газападобныя рэчывы асн. характару (У.А.Люцко, У.О.Шаблоўскі). Прапанаваны шэраг спосабаў атрымання новых цэлюлозных матэрыялаў з рэгулюемай структурай, у т. л. шэраг мед. прэпаратаў, тэхналогіі нафтапалімерных смол для вытв-сці лакафарбавых і буд. матэрыялаў (Л.В.Гапонік, Я.У.Герт, Ф.М.Капуцкі, В.П.Мардыкін, Т.Л.Юркштовіч). Распрацаваны тэхналогіі гідрагеляў для сельскай гаспадаркі, дызельнага біяпаліва, водарастваральных палімераў для грануляваных мінер.удабрэнняў угнаенняў* (Л.П.Круль, П.А.Матусевіч, У.У.Сімірскі).
Літ.:
Кузьменков М.И. Химия и технология метафосфатов. Мн., 1983;
Химические проблемы создания новых материалов и технологий: Сб. ст.Вып. 1—2. Мн., 1998—2003;
Витязь П.Н., Иванко В.С., Ильюшенко А.Ф. Теория и практика нанесения защитных покрытий. Мн., 1998;
Материалы конференции «Новейшие достижения в области импортзамещения в химической промышленности и производстве строительных материалов». Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ма́гія
(лац. magia, ад гр. mageia)
1) сукупнасць прыёмаў і абрадаў, якія, па ўяўленню забабонных людзей, маюць цудадзейную сілу; чарадзейства, знахарства;
чорная м. — чараўніцтва з дапамогай пякельных сіл;
белая м. — чараўніцтва з дапамогай нябесных сіл;
2) перан. вялікая сіла ўздзеяння на каго-н. (напр. м. мастацкага слова, м. музыкі).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
сі́мвал
(гр. symbolon)
1) прадмет або яго малюнак, а таксама графічны знак, якія выражаюць пэўную з’яву, ідэю;
2) умоўнае абазначэнне якой-н. велічыні, паняцця (напр. сімвалы хімічных элементаў);
3) мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую-н. думку, перажыванне;
4) знак, які нясе пэўную інфармацыю (у інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр.каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус.варонеж., зах.-бран.каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск.kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац.zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв.каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур.galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв.калабу́рити, якое суадносіцца з прасл.buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус.колобродить, дыял.колобродить, бел.каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр.коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв.kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус.коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус.маск.коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр.каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск.дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел.дыял.каламут ’вір’ і сінонімы; рус.дыял.коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус.бран.коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр.усх.-палес.калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел.каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац.galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав.balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг.balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу расшырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.