ТЭАТРАЛЬНАЕ МАСТАЦТВА АД ВЫТОКАЎ ДА ПАЧАТКУ 20 ст.
Тэатр — адзін з найб.стараж. і распаўсюджаных відаў мастацтва на Беларусі. Яго вытокі ў міфалогіі, нар. рытуалах, карагодах, карнавальных шэсцях і гуляннях. Многія каляндарна-абрадавыя святы, звязаныя з гадавым кругаваротам сонца, утрымліваюць элементы драматургіі, славеснага і фізічнага дзеяння, гульнёвую імправізацыю, што ўласціва тэатр. мастацтву. Нар. святы, рытуалы, тэатралізаваныя гульні прымяркоўваліся да кожнай пары года: з вясенняга цыкла — гуканне вясны, Сёмуха, русаллі, з летняга — Купалле, зажынкі, дажынкі, з асенняга — Пакроў, Багач, з зімовага — Каляды, масленіца і інш. Асабліва вылучаліся сваёй яркасцю, багатай тэатралізацыяй Купалле і Каляды — час летняга і зімовага сонцастаяння. Купалле праводзілася на працягу толькі адной ночы, але па насычанасці драматургічнымі элементамі, гульнёва-тэатр. ігрой яго можна назваць вялікай нар. містэрыяй. Каляды адзначаліся на працягу 2 тыдняў і яшчэ больш звязаны са сцэн. дзеяннямі, выканальніцкай традыцыяй (выкарыстанне калядоўшчыкамі масак і грыму, пераапрананне ў мядзведзя, казу і інш., паказ драм. сцэн, выступленні з дыялогамі, маналогамі і г.д.). Другой крыніцай узнікнення і фарміравання фалькл. тэатра стаў «кругаварот» чалавечага жыцця. Рытуаламі, нар. абрадамі, магічнымі дзеяннямі, у якіх таксама ёсць выразныя элементы драм.-тэатр. ігры, адзначаюцца ўсе асн. жыццёвыя вехі чалавека: ад нараджэння (адведкі, хрэсьбіны) да памінання памерлага. Найвышэйшы іх узлёт — вяселле, якое складаецца з трох асноўных цыклаў: давясельнага (сватанне, агледзіны, заручыны), уласна вясельнага і паслявясельнага (працягваецца значны час). Яно суправаджаецца элементамі ігры, тэатр. дзейства. Цэнтр. яго частка — сам ход вяселля, дзе адбываецца акрэслены падзел на гледачоў (запрошаныя госці за сталом і незапрошаныя, якія назіраюць за падзеямі збоку) і непасрэдных дзеючых асоб абраду. Асн. персанажы, на якіх ускладаюцца кіраўніча-рэжысёрскія функцыі, — сват і свацця. Іншыя дзеючыя асобы, у т. л. жаніх і нявеста, таксама выконваюць прызначаныя ім ролі. Е.Раманаў назваў бел. вяселле нар. операй.
На пачатку зараджэння сцэн. мастацтва не было відавочнага падзелу на выканаўцаў і гледачоў — усе маглі выконваць абедзве функцыі. З развіццём грамадства і дасягненнем пэўнага ўзроўню цывілізацыі ўзнікла патрэба ў адмысловых майстрах, спецыялістах сваёй справы. Так з’явіліся першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх пачынаецца з даўніх часоў. У залежнасці ад заняткаў іх называлі па-рознаму (гудцы, плясцы і інш.). З 11 ст. замацоўваецца тэрмін «скамарохі» (паводле галоўнага творчага занятку ўжываюцца таксама паняцці «бахары», «мядзведнікі»). Яны падзяляліся на вандроўных і аселых. Найб. распаўсюджанне і вядомасць набылі вандроўныя скамарохі, якія выступалі на кірмашах, плошчах і інш. людных месцах. Іх мастацтва, разлічанае на самыя шырокія нар. масы, вызначалася глыбокім дэмакратызмам, крытычнай скіраванасцю ў бок чалавечых заган і пануючых класаў, а ўмовы выступленняў вымагалі імправізацыйнасці, умення прыстасоўваць паказы да розных абставін. У рэпертуары — фалькл. і жыццёва рэальныя сюжэты пераважна камедыйна-фарсавага і сатыр. плана. Пазней, калі ў грамадстве склаліся пануючыя класы, узніклі аселыя скамарохі. Яны выступалі ў княжацкіх палацах, магнацкіх і панскіх маёнтках, абслугоўвалі гаспадароў і іх гасцей. Іх мастацтва мела ўвесяляльны характар, але вызначалася высокім выканальніцкім майстэрствам і культурай. Творчасць скамарохаў спалучала ўсе асн. віды сцэн. мастацтва — драм., муз., вакальнае, танцавальнае, цыркавое, эстраднае. Яны выступалі не толькі выканаўцамі, а вялі і арганізатарскую, пастановачна-рэжысёрскую працу. Дзейнасць аселых скамарохаў спынілася ў 19 ст., вандроўныя выступалі і ў пачатку 20 ст. З 16 ст. пашырыліся школьныя тэатры, створаныя на тэр. Беларусі пад уплывам краін Захаду. Яны існавалі пры духоўных навуч. установах (акадэміях, калегіумах, семінарыях, брацкіх школах). Спачатку — у каталіцкіх, а пазней ва уніяцкіх і правасл. вучэльнях, дзе выхаванцы авалодвалі сцэн. маўленнем і тэатр.-выканальніцкім умельствам. Драм. творы розных жанраў — літургічныя драмы, містэрыі, міраклі, маралітэ — ствараліся на сюжэты Бібліі, антычнай міфалогіі, тэмы гісторыі. Іх аўтарамі звычайна былі выкладчыкі навуч. устаноў. У галіне драматургіі працавалі Сімяон Полацкі (пазней ён пераехаў у Маскву, дзе стаў заснавальнікам школьнай драмы і тэатра ў Расіі), К.Марашэўскі (асаблівую папулярнасць набыла яго «Камедыя», сюжэт і вобразы якой выкарыстоўваюцца і ў сучасным бел.сцэн. мастацтве), М.Цяцерскі (найб. вядомы яго твор — «Доктар па прымусе» паводле Ж.Б.Мальера) і інш. Папулярнасцю ў гледачоў карысталіся ўстаўныя сцэнкі — інтэрмедыі, не звязаныя з асн. сюжэтам, пераважна камед. і сатыр. плана на тагачасныя свецкія і фалькл. тэмы. Іх аўтарамі выступалі самі шкаляры-навучэнцы. З найб. каларытных інтэрмедый — «Чорт Асмалейка», «Іван і царкоўны вартаўнік», «Селянін і студэнт», «Селянін і студэнт-уцякач», «Літаратар, селянін і Самахвальскі», «Мужык», «Змітрок і Свірыд», «Селянін у касцёле», «Селянін на споведзі». Вобразы беларусаў з іх характэрнай лексікай выведзены ў асобных інтэрмедыях да школьных драм «Уладатворчы воблік», «Уваскрэсенне мёртвых», «Стэфанотакас», «Камічнае дзеянне», «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» і інш. Пастаноўшчыкамі спектакляў былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі, а выканаўцамі — навучэнцы. Спектаклі ставіліся паводле эстэтыкі сцэн. класіцызму са строгім захаваннем прынцыпаў і манеры выканання. У інтэрмедыях дапускаліся адступленні ад устаноўленых правіл, яны выконваліся больш у жыццёва-побытавым плане. Паказы школьных драм, часам з выкарыстаннем даволі складанай тэатр. машынерыі і дэкарацыйна-светлавой сістэмы афармлення, адбываліся ў вучэбных памяшканнях. Былі выпадкі, калі навучэнцы-шкаляры, каб атрымаць пэўны заробак, учас канікул вандравалі па розных населеных пунктах і разыгрывалі інтэрмедыйныя сцэны перад шырокай публікай. У розны час школьныя тэатры працавалі ў Полацку, Пінску, Гродне, Віцебску, Навагрудку, Мінску, Нясвіжы, Брэсце, Оршы, Слуцку, Магілёве, Слоніме, Бабруйску. Яны праіснавалі да пач. 19 ст.
Самы папулярны від фалькл.сцэн. мастацтва — лялечны тэатр батлейка. Яго назва паходзіць ад польскай назвы г. Віфлеем — месца нараджэння Хрыста. Батлейка ўяўляла сабой маляўніча аздобленую драўляную скрынку ў форме хаткі ці царквы, падзеленую на 2 ярусы: верхні і ніжні. У падлозе кожнага з іх былі проразі, па якіх на шпянях батлейшчык вадзіў лялькі. Падзеі, што адбываліся ў батлейцы, асвятляліся свечкамі. Лялькавод знаходзіўся за шырмай, адкуль прамаўляў за дзеючых асоб інтанацыйна-індывідуалізаваны тэкст. Паказы суправаджаліся музыкай (звычайна скрыпкі, бубна). Яны складаліся з 2 аддзяленняў: рэліг. часткі, у якой паказвалася містэрыя «Цар Ірад» (апавяданне пра нараджэнне Хрыста і пра каварныя ўчынкі, якія здзяйсняў цар Ірад, каб утрымацца на троне), і свецкай, дзе разыгрываліся асобныя сцэнкі на быт. і фалькл. тэмы, не звязаныя з асн. тэкстам драмы. Падзеі 1-й часткі паказваліся на верхнім ярусе, 2-й — на ніжнім. Спектаклі былі сінтэтычныя, убіралі ў сябе драм., вакальна-муз., танцавальнае мастацтва. Асабліва шырока выкарыстоўваліся песні і скокі ў 2-й інтэрмедыйнай частцы паказу. Выканаўцамі напачатку выступалі шкаляры-семінарысты, пазней — рамеснікі, сяляне. Прафесія батлейшчыка нярэдка перадавалася з пакалення ў пакаленне па спадчыне. Мастацтва батлейкі спалучала ў сабе сярэдневяковыя містэрыяльную строгасць і ўзнёсласць з весялосцю і карнавальнай культурай. Паказы батлейкі, распаўсюджанай па ўсёй Беларусі, адбываліся на вуліцах, плошчах, інш. людных месцах, а найчасцей — у дамах, выконваючы ролю своеасаблівага хатняга тэатра. У сваім развіцці батлейка прайшла вялікі эвалюцыйны шлях — ад «Цара Ірада» да інтэрмедый, камедыйна-сатырычных па жанры і глыбока дэмакратычных па змесце, у якіх знайшла адлюстраванне нар. філасофія. Сярод інтэрмедый: «Вольскі — купец польскі», «Мацей і доктар», «Барыня і доктар», «Волжскі дваранін і Ванька», «Яўрэй і казак», «Цыган і цыганка», «Скамарох з мядзведзем». У Беларусі вядомы каля 40 лялек-персанажаў, увасоблены асн. тыпы тагачаснага грамадства і фалькл. вобразаў, дзякуючы чаму батлейка мела шырокія магчымасці для адлюстравання самых розных тэм і сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ставіліся спектаклі і без «Цара Ірада». Тады паказы адбываліся ў аднаяруснай скрынцы. Выступалі батлейшчыкі і ў жывым плане, у т.зв. батлеі. З пач. 20 ст. ў спектаклях часам адлюстроўваліся надзённыя падзеі той мясцовасці, дзе адбываліся паказы, і батлейка выконвала ролю своеасаблівай жывой газеты (напр., тэатр Патупчыка ў Докшыцах). Напр., у 1915 у Мінску 90 разоў быў наладжаны паказ такой жывой батлейкі. Мастацтва бел. батлейкі М. і І. Барашкі дэманстравалі ў 1923 у Маскве на сельскагаспадарчай і саматужна-прамысл. выстаўцы.
Вышэйшы этап развіцця фалькл.тэатр. творчасці — нар. драма, якая сінтэзавала дасягненні скамарохаў, батлейшчыкаў, выканальніцкае мастацтва школьных інтэрмедый, вядомая на Беларусі з 17 ст. Асноўны драм. твор — «Цар Максімілян» — меў шмат варыянтаў. Іншы раз яго замянялі «Цар Ірад» у жывым выкананні ці кантамінацыя абодвух твораў — «Трон». Як і ў батлейцы, у нетрах якой фактычна і сфарміравалася нар. драма, паказы падзяляліся на 2 часткі: сур’ёзную, дзе разыгрываўся асн. сюжэт (узыходжанне Максіміляна на царскі трон, яго барацьба з сынам Адольфам, смерць апошняга, пахаванне) і камедыйную, у якой разыгрываліся інтэрмедыйныя сцэнкі, нярэдка ў пашыраных і паглыбленых варыяцыях батлейкі. Асн. сюжэт і разрозненыя, не звязаныя адна з адной інтэрмедыі аб’ядноўвала агульная карнавальная накіраванасць і танальнасць, нар. «смехавая» культура, дзе прыніжалася высокаўзнёслае, а фамільярнасць трактавалася як нармальная форма зносін паміж людзьмі; смехам нішчыліся сац. няроўнасць, прыгнёт, чалавечыя заганы. Нар. драма наблізілася да мастацтва прафес. тэатра: паказы па працягласці часу былі прыкладна раўназначныя спектаклям, вяліся рэпетыцыі, выканаўцы завучвалі тэкст, распрацоўвалі мізансцэны, выкарыстоўвалі грым, спец. касцюмы, рэквізіт, які замяняў дэкарацыі. У якасці рэжысёра была сцэн. традыцыя. Нар. драма канчаткова сфарміравала і зацвердзіла прыёмы і манеру ігры ў фалькл. тэатры: сцэн. дэкламацыйнасць, гукавая ўзмоцненасць і напеўнасць маўлення, шырокія, узбуйненыя жэсты і рухі, знешняя кідкасць, падкрэсленая ўмоўнасць існавання ў вобразе, спец. выкарыстанне эфектаў, імправізацыйнасць, непасрэдная апеляцыя да гледачоў і інш.Нар. драма зрэдку ставілася аматарамі і ў 20 ст. (апошнія паказы вядомы ў 1963), выкарыстоўвалася і ў прафес. тэатры (1924, 1926).
Фалькл. сцэн. мастацтва — скамарохі, інтэрмедыі школьнага тэатра, батлейка, нар. драма — паўплывала на станаўленне і развіццё нац. прафесійнага тэатра. У 18 ст. створаны шматлікія прыдворныя гарадскія і маёнткавыя тэатры, якія нярэдка з аматарскіх перарасталі ў прафес. калектывы. Напр., у Альбе пад Нясвіжам 13.6.1746 сыграна камедыя Ф.У.Радзівіл «Дасціпнае каханне» (на 10 гадоў раней, чым першы спектакль «бацькі рускага тэатра» Ф.Волкава ў Яраслаўлі). Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, заснаваны ў 1746 Ф.У.Радзівіл, працаваў з некаторымі перапынкамі да 1791. У 1747—48 для яго пабудаваны спец. будынак, спектаклі ставіліся і ў інш. месцах. Для гэтага тэатра Ф.У.Радзівіл стварыла 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Сярод пастановак яе п’ес: «Каханне — зацікаўлены суддзя» (1747), «Суддзя, пазбаўлены розуму» (1748), «Убачанае не мінае» (1749), «Забава фартуны», «Суцяшэнне ў клопатах» і «Золата ў агні» (усе 1750), «Несумленнасць у пастцы» (1751). Рэжысёрамі былі Ф.У.Радзівіл, Я.Фрычынскі і інш. Разам з прыгоннымі акцёрамі выступалі запрошаныя майстры. Сярод найб. вядомых выканаўцаў К.Аўсінскі, Я.Закжэўскі, М.Лазанская, М.Перажынская, В.Ясінскі. Падзеяй стала пастаноўка 17.10.1784 оперы «Агатка, або Прыезд пана» (музыка Я.Голанда, лібрэта М.Радзівіла), прымеркаваная да прыезду ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тэатр. справу, пачатую Ф.У.Радзівіл, працягвалі інш. прадстаўнікі роду Радзівілаў. У 1751 Г.Ф.Радзівіл стварыў тэатр у Слуцку (спец. памяшканне для яго пабудавана ў 1765), дзе ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі; з выканаўцаў — Мараўскі, Ажэльскі, у пастаноўках удзельнічалі кадэты, падданыя Радзівіла. У 1769—80 працаваў Гродзенскі тэатр А.Тызенгаўза, які набыў вядомасць высокім выканальніцкім майстэрствам. Ставіліся творы італьян., ням., франц. аўтараў. Трупа папаўнялася і запрошанымі з-за мяжы акцёрамі, і выпускнікамі мясц.муз.-тэатр. школы (у 1780 у ёй налічвалася больш за 70 чал.). Сярод найб. вядомых акцёраў М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Сітанская, М.Чаклінская. У 1771—91 у Слоніме працавала прыдворная тэатр. трупа М.К.Агінскага. Спачатку яна існавала як «плывучы тэатр» (паказы наладжваліся на баржах на Агінскім канале), у 1780 пабудавана адмысловае шыкоўнае памяшканне, прыстасаванае для грандыёзных па маштабе спектакляў з вялікай колькасцю выканаўцаў і ў пышным маст. афармленні. Частка сцэны запаўнялася вадой з канала, і па ёй плавалі лодкі, білі асветленыя бенгальскімі агнямі 2 фантаны, паказваліся розныя водныя феерыі з дапамогай піратэхнікі, баталіі коннікаў. Ставіліся оперы, балеты, муз. камедыі, трагедыі, у т. л. «Альзіра» і «Мар’яна» Вальтэра, «Зменены філосаф» і «Елісейскія палі» М.К.Агінскага. Філіялы Слонімскага тэатра працавалі ў г. Седльцы (Польшча) і мяст. Целяханы.
Маштабнасцю і пышнасцю паказаў вызначаўся Шклоўскі тэатр графа С.Зорыча, які дзейнічаў у 1778—1800 (памяшканне пабудавана ў 1780). У ім выступалі замежныя гастралёры, навучэнцы кадэцкага корпуса, прыгонныя выканаўцы. Асабліва славіўся драм. акцёр П.Мяшчэрскі, выканальніцкая манера і майстэрства якога паўплывалі на творчасць рэфарматара рус. сцэны М.Шчэпкіна. Вядомасць набылі прыгонныя акцёры — сёстры П. і К. Азарэвічы, Г. і Р. Бекеры, К.Буткевіч, М.Бушынская, Г.Максімовіч, Я.Палітыка, К.Скорабагаты, Н.Соніна, Л.Суворава, Я.Чуцікаў, Ф.Шамборскі, А.Янкілевічава. Асабліва грандыёзнае тэатр. відовішча (пантаміма з алегорыямі з выкарыстаннем да 70 пышных дэкарацый) наладжана 30.5.1780 з нагоды сустрэчы ў Шклове імператрыцы Кацярыны II і аўстр. імператара Іосіфа II. На прадстаўленні прысутнічаў увесь расійскі двор. Пашыранымі ў 18 ст. былі і маёнткавыя сцэн. калектывы. Сярод іх тэатры князёў Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне, тэатры Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах. Уг. Магілёў працаваў тэатр графа З.Р.Чарнышова. Пры буйнейшых тэатр. калектывах (у Нясвіжы, Слуцку, Слоніме, Шклове) арганізоўваліся школы, якія рыхтавалі акцёраў, музыкантаў. Высокімі патрабаваннямі і дакладна арганізаваным навуч. працэсам славілася муз.-тэатр. школа Тызенгаўза ў Гродне. Выкладаць у ёй запрашалі замежных спецыялістаў, а таксама найб. таленавітых выхаванцаў уласных школ. Шэраг выпускнікоў з Гродна, Шклова пазней сталі вядучымі творцамі Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У канцы 18 ст. на Беларусі з’явіліся першыя прафес. антрэпрызы камерцыйных агульнадаступных тэатраў, якія сталі пашыранымі ў пач. 19 ст.У 1801 М.Кажынскі ў Гродне арганізаваў оперна-драм. трупу, якая ў 1802—05 працавала ў Мінску, гастраліравала ў Маскве, Віцебску, Полацку, Бешанковічах і інш.У 1811—32 мінскую антрэпрызу ўзначальваў А.Жукоўскі. У 1812 Я.Ходзька з групай паліт. і культ. дзеячаў паставіў у Мінску сваю п’есу пра падзеі вайны 1812 «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». Даволі інтэнсіўным было тэатр. жыццё ў Гродне. З 1794 тут выступала трупа актрысы і антрэпрэнёра С.Дэшнер. У 1802 яна атрымала дазвол мясц. улад на сталую арэнду памяшкання гар. тэатра. З 1806 гэты калектыў узначальваў Я.Шыманскі. Сярод спектакляў «Зоська, ці Вясковыя залёты» М.Каменскага, «Служанка-пані» Дж.Паізіела, «Данос» В.Капніста. З пач. 19 ст. арганізоўваліся тэатр. трупы ў Магілёве, Віцебску, Брэсце, Полацку, Слуцку, Шклове і інш., але працавалі яны не заўсёды стабільна. Сярод найб. вядомых кіраўнікоў тэатраў-антрэпрэнёраў К. і Я. Камінскія, Ю.Мілеўскі, А.Руткоўскі, Р.Скібінскі, Я.Хелмікоўскі. З пач. 19 ст. па 1861 на Беларусі працавала больш за 50 антрэпрэнёраў.
Самая маштабная постаць убел. драматургіі і тэатр. мастацтве 19 ст. — В.Дунін-Марцінкевіч, які заклаў асновы нац. тэатра. Упач. 1840-х г. ён ствараў драм. творы і ўдзельнічаў у іх пастаноўках: «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (выканаў ролю Іагана Бенатана), «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Сялянка» (апублікавана ў 1846). З 2-й пал. 1840-х г. В.Дунін-Марцінкевіч вёў мэтанакіраваную працу па стварэнні прафес.нац. тэатра, які адкрыўся 9.2.1852 у Мінску спектаклем «Сялянка» (рэж. В.Дунін-Марцінкевіч, музыка С.Манюшкі, К.Кжыжаноўскага і інш.). Пастаноўка сінтэзавала драм., вакальна-муз. і танц. мастацтва. Акрамя выканаўцаў роляў (у складзе трупы было больш за 20 чалавек), удзельнічалі хор і аркестр. Найб. поспех меў В.Дунін-Марцінкевіч — выканаўца цэнтр. ролі Навума Прыгаворкі. У спектаклі выступалі яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, Кжыжаноўскі, Лопат, Ляўданскі, Кабылінскі, Прушынскі і інш. Спектакль вызначаўся маштабнасцю і сцэн. маляўнічасцю, наследаваў традыцыі нар.фалькл. і прафес.тэатр. мастацтва. Пасля першага паказу «Сялянкі» дзейнасць тэатра забаронена ўладамі. Нелегальныя паказы адбываліся да 1856 у Мінску, Бабруйску, Слуцку, Глуску і інш. Пазней В.Дунін-Марцінкевіч працягваў тэатр. дзейнасць у фальварку Люцынка (каля г. Івянец) разам з вучнямі ў створанай ім школе. Сярод яго драм. твораў, якія захаваліся, — фарсы-вадэвілі «Пінская шляхта» (1866), «Залёты» (1870). Пачынанні В.Дуніна-Марцінкевіча ў драматургіі працягвалі Я.Баршчэўскі (рамант. драма «Жыццё Сіраты», 1849), П.Шпілеўскі (п’еса «Дажынкі», 1857), Г.Марцінкевіч (камедыя «Аказія пры Палкоўніцах», паст. ў Віцебску ў 1862), А.Вярыга-Дарэўскі (драма «Гордасць», камедыя «Гнеў», лібрэта камедыі-оперы «Грэх», усе ў 1863 канфіскаваны), Ядвігін Ш. (камедыя «Злодзей», 1892). Аднак царскай цэнзурай яны былі забаронены да пастаноўкі, і большасць з іх не захавалася.
Упач. 20 ст. разгарнуўся інтэнсіўны рух за адраджэнне бел. тэатра. У 1902 без дазволу цэнзуры, нелегальна пастаўлена п’еса «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў Радашковічах і маёнтку Карлсберг пад Радашковічамі, у 1906 — у Пятроўшчыне пад Мінскам. У 1909 ув. Кленікі на Гродзеншчыне ўвасоблена п’еса «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага. У 1910-я г. набылі папулярнасць бел. вечарынкі, на якіх ставіліся драм. спектаклі, чыталіся творы бел. пісьменнікаў, выконваліся нар. песні і танцы. Найб. значнай стала Першая бел. вечарынка ў Вільні, праведзеная 12.2.1910. У ёй удзельнічалі 3 калектывы: драм., створаны Ф.Аляхновічам (паказана п’еса «Па рэвізіі», выканаўцы роляў А.Бурбіс, Ч.Родзевіч, Ф.Мурашка, У.Арлоўскі, Г.Корсак, Ф.Аляхновіч); харавы пад кіраўніцтвам Л.Рагоўскага, які праспяваў «А хто там ідзе?» (музыка Л.Рагоўскага на словы Я.Купалы), бел.нар. песні; танцавальны на чале з І.Буйніцкім. Удзельнічала каля 100 выканаўцаў, прысутнічала каля 1 тыс. гледачоў. Трыумфальна праведзеная вечарынка стала штуршком і асновай для стварэння нац.прафес. тэатра — Першай бел. трупы І.Буйніцкага. Калектыў, арганізаваны І.Буйніцкім у 1907 ув. Палівачы, быў папоўнены новымі выканаўцамі, у т. л. і ўдзельнікамі вечарынкі ў Вільні, і ўжо як прафес. тэатр — Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — летам 1910 выехаў на гастролі па Беларусі. У аснову дзейнасці тэатра быў пакладзены прынцып бел. вечарынак: у адзін вечар ставілася п’еса, хор выконваў нар. песні, паказваліся танцы, выступалі дэкламатары з чытаннем бел. вершаў. Тэатр быў вандроўны, праводзіў маст.-асветную работу і карыстаўся ў гледачоў вялікім поспехам. Выступаў у Мінску, Полацку, Дзісне, Слуцку, Нясвіжы, Смаргоні, Капылі і інш. гарадах і мястэчках Беларусі, у Пецярбургу (1911, 1912), Варшаве (1913). Сярод пастановак: «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава. У спектаклях удзельнічалі І.Буйніцкі, А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч), Воінаў, Карскі, Карповіч і інш.У 1913 тэатр з-за матэрыяльных цяжкасцей і цэнзурнага ўціску спыніў сваю дзейнасць. Справу Буйніцкага прадоўжыў Ф.Ждановіч. З прафес. акцёрамі і аматарамі Мінска ён падрыхтаваў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы і летам 1913 паказаў яго ў Радашковічах. Нягледзячы на поспех спектакля, Ф.Ждановіч не атрымаў дазволу на адкрыццё ў Мінску новага тэатра — Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Адкрыццё тэатра адбылося значна пазней — 23.4.1917. На сцэне Мінскага гар. тэатра былі паказаны «Паўлінка» і «У зімовы вечар». Пазней Першае таварыства бел. драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча працавала ў клубе «Беларуская хатка», у т. л. ў складаных умовах германскай і польскай акупацыі (1918—20). Упершыню тут былі пастаўлены «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло, «Мікітаў лапаць» М.Чарота. Побач з вопытнымі акцёрамі [Ф.Ждановіч і Ф.Аляхновіч, якія займаліся і рэжысёрска-адміністрацыйнай дзейнасцю, Г.Грыгоніс, К.Міронава, П.Мядзёлка, А.Ліпніцкая, А.Крыніца (сапр. А.Ждановіч)] у тэатры працавалі і пачаткоўцы (І.Ждановіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, Л.Ржэцкая, К.Саннікаў, С.Станюта), якія пазней сталі выдатнымі майстрамі сцэны.
Значны след у гісторыі тэатр. мастацтва пакінуў Бел. музычна-драм. гурток у Вільні, які распачаў дзейнасць 19.5.1910 пастаноўкай Ф.Аляхновічам п’есы К.Каганца «Модны шляхцюк». Афіц. адкрыццё адбылося 31.3.1911, калі быў зацверджаны статут. Гурток упершыню даў сцэн. жыццё «Паўлінцы» Я.Купалы (27.1.1913, рэж. А.Бурбіс, у ролі Паўлінкі — С.Маркевіч) і «Залётам» В.Дуніна-Марцінкевіча на музыку М.Ячыноўскай (25.1.1915, рэжысёры А.Бурбіс і М.Ячыноўская, у ролях К.Душэўскі, А.Бурбіс, З.Бядуля). Калектыў ставіў «Міхалку» Далецкіх, «Як яны жаніліся» А.Валодзьскага і інш. З-за акупацыі герм. войскам Вільні дзейнасць гуртка спынілася, але ўжо 1.6.1916 быў адкрыты Бел. клуб, у якім разгарнула працу Бел.драм. дружына пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Тут пастаўлены яго п’есы «На Антокалі», «На вёсцы», «Калісь», «Бутрым Няміра», «Манька», «Базылішк», «Чорт і Баба», сцэн. фантазія «У купальскую ноч», а таксама «Паўлінка», «Антось Лата» і інш.У 1918 калектыў, рэарганізаваны ў Нар. тэатр, узначаліў А.Бароўскі. На яго аснове меркавалася стварыць у Вільні Бел.дзярж. тэатр, але задума засталася няздзейсненай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕ́ЗІЯ (Indonesia), Рэспубліка Інданезія (Republik Indonesia),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае а-вы Малайскага архіпелага (Вял. і Малыя Зондскія, Малукскія а-вы) і зах. частку в-ва Новая Гвінея (Ірыян-Джая). Працягласць з Пн на Пд каля 2 тыс.км, з З на У больш за 5 тыс.км. Межы ў асноўным марскія (з Індыяй, Тайландам, Малайзіяй, Сінгапурам, В’етнамам, Філіпінамі, Аўстраліяй). Сухапутныя межы на в-ве Калімантан з Малайзіяй і на в-ве Новая Гвінея з Папуа—Новай Гвінеяй. Падзяляецца на 24 правінцыі, 2 асобныя адм. адзінкі, якія маюць статус правінцыі, і метрапалітэнскую акругу (сталічную). Пл. 1904,5 тыс.км². Падкантрольная марская акваторыя (унутр. моры і эканам. зона) — 7,9 млн.км². Нас. 206,6 млн.чал. (1996, 4-е месца ў свеце). Сталіца — г.Джакарта. Дзярж. мова — інданезійская. Карыстаюцца таксама англ., галандскай, яванскай мовамі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1945. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў Нар. кансультатыўным кангрэсам. Вышэйшы орган улады — двухпалатны парламент, у які ўваходзяць Савет нар. прадстаўнікоў і Нар. кансультатыўны кангрэс. У складзе парламента 1000 дэпутатаў: з 500 дэпутатаў — членаў Савета нар. прадстаўнікоў 400 выбіраюцца насельніцтвам, 100 назначаюцца прэзідэнтам; другая палавіна дэпутатаў дэлегуецца ад мясц. саветаў нар. прадстаўнікоў і функцыянальных груповак, якія прадстаўляюць ваенных, нац. буржуазію, рэліг. суполкі і інш. слаі насельніцтва. Бягучае заканадаўства ажыццяўляе Савет нар. прадстаўнікоў. Губернатары правінцый назначаюцца прэзідэнтам. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй (яго члены назначаюцца прэзідэнтам), дзярж. і абл. судоў (іх члены назначаюцца ўрадам). Існуюць таксама рэліг. суды, якія дзейнічаюць па законах ісламу.
Прырода. У складзе І. каля 17 тыс. астравоў, з іх найбуйнейшыя Ява, Суматра, Сулавесі (Цэлебес), б.ч. Калімантана (Барнео), зах.ч. Новай Гвінеі. Астравы падзелены морамі (Яванскае, Сулавесі, Малукскае, Банда). Берагавая лінія парэзана слаба. берагі цяжкадаступныя. Больш за 72 тэр. займаюць сярэдне- і нізкагор’і (найб.выш. да 5029 м — г. Джая на в-ве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз а-вы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. Керынчы — 3800 м, Рымджані — 3726 м). Частыя землетрасенні. Горы займаюць таксама цэнтр.ч. в-ва Калімантан, а-вы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на ПнУ в-ва Суматра, на Пд в-ва Калімантан і на З в-ва Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд.т, 1995), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд.т), жал. руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (а-вы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя т-ра на працягу года 25—27 °C. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000—4000 мм (на З Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на ПдЗ Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастр. засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымліваць да 3 ураджаяў. Гал. рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невял. азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на ПдУ месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2 тыс. відаў дрэў, у т. л. каля 300 відаў пальмаў, больш за 24 тыс. відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На Пд — участкі саваннаў, у гарах вышынная пояснасць. З жывёл характэрны малпы, насарогі, дзікія быкі, з птушак — фазаны, яванскія паўліны, райскія птушкі. Шмат змей, насякомых. У прыбярэжных морах каля 800 відаў водарасцей, больш за 1500 — рыб. Нац. паркі: Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон і інш., некалькі марскіх паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асн. насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн.чал.), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах, якія маюць больш за 1000 дыялектаў. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты (87%), хрысціяне (пратэстанты і католікі) — 9,7%, ёсць індуісты, будысты і канфуцыянцы. Частка насельніцтва захоўвае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 108 чал. на 1 км², 2/3 насельніцтва сканцэнтравана на а-вах Ява і Мадура (7% тэр.). У гарадах жыве 31% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Джакарта — 8228, Сурабая — 2474, Бандунг — 2057, Медан — 1780, Семаранг — 1249, Палембанг — 1140, Уджунгпанданг — 944, Маланг — 695, Паданг — 631, Суракарта — 504.
Гісторыя. Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3—1-га тыс. да н.э., верагодна, з Пд Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд (да н.э.) насельніцтва І. мела ўласную цывілізацыю. На некат. астравах (пераважна на в-ве Ява) развілася высокая культура. Кантакты з Індыяй існавалі яшчэ ў дагіст. час; у першыя стагоддзі н.э.вял. пасяленні індускіх каланістаў у І. пашырылі інд. цывілізацыю, культуру і рэлігію; літургічнай мовай быў санскрыт. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор інд. княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах І. ў той час была Шрывіджая (Суматра) са сталіцай у Палембангу — гандл. цэнтр, які злучаў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 ст. на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шайлендра. У 9—10 ст. дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117—1222 на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13—16 ст. — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 ст. і падпарадкавала амаль усю тэр. сучаснай І. У 12—13 ст.увял. партах І. з’явіліся калоніі мусульм. купцоў з Аравійскага п-ва і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Б. Усходам і Кітаем. Мусульм. пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невял. партовых княстваў, якія пачалі масава пераходзіць у іслам. У 15 ст. дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а з ёю араб. культура і мова пашырыліся на ўсю І. Павелічэнне магутнасці мусульм. княстваў (султанатаў) прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Паліт. раздробленасць краіны аблегчыла пранікненне сюды ў 16 ст.еўрап. каланізатараў. У 1511 партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 у І. з’явіліся іспанцы, у 1596 — галандцы. У 1602 створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй І., якая фактычна ператварылася ў галандскую калонію. Эканам. і паліт. цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фін. крызісу і ліквідацыі ў 1798 кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў І. трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 Вялікабрытанія вярнула І. Нідэрландам. Чужаземнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанні (у 1825—30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 т. зв. паўстанне Падэры). Нац.-вызв. рух актывізаваўся ў 1-ю сусв. вайну і пасля яе. У 1920 левае крыло с.-д. аб’яднання (дзейнічала з 1914) аформілася ў камуніст. партыю І. У 1925 на Яве адбыліся масавыя забастоўкі пад кіраўніцтвам камуністаў; у канцы 1926 яны перараслі ў нар. паўстанне, падтрыманае рэліг. лідэрамі; у 1927 ахапіла і Суматру. Папулярнай была Нац. партыя на чале з А.Сукарна (засн. ў 1927, забаронена нідэрл. ўладамі ў 1930). Учас 2-й сусв. вайны І. акупіравана Японіяй (1942—45), якая падтрымлівала мясц. нацыяналізм антыеўрап. скіраванасці. 17.8.1945 Сукарна абвясціў незалежную Інданез. рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. Увер. 1945 у І. высадзіліся брыт., а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданез. ўрад. Брыт. войскі выведзены з І. ў сярэдзіне 1946, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 інданезійцы аднавілі ўзбр. барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 у Гаазе канферэнцыі «Круглага стала». На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб’яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. Ужн. 1950 РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай І. (ліквідавана унія з Нідэрландамі). Незалежная І. стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 Сукарна аб’явіў аб замене «заходняй» парламенцкай дэмакратыі на т. зв. «накіроўную дэмакратыю» з рысамі аўтарытарызму; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканам. сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыяліст. гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіц. культ асобы Сукарна). У 1963 І. пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 ген.Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзярж. перавароту левых афіцэраў («Рух 30 верасня») захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі і яе прыхільнікаў. Быў сфарміраваны рэжым «новага парадку». Прэзідэнт Сухарга (з 1966 часовы, у 1968—98 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутр. апазіцыю і паставіў гал. задачай эканам. рост з дапамогай зах. дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 І. аб’явіла сваёй 27-й правінцыяй Усх. Тымор, б.партуг. калонію. У 1970-я г.ўнутр. сітуацыя ў краіне стабілізавалася. Упач. 1980-х г. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі, узнік сепаратысцкі рух ва Усх. Тыморы. У знешняй палітыцы І. пашырае адносіны з усімі вядучымі дзяржавамі свету, з’яўляецца адным з лідэраў руху недалучэння. Нягледзячы на пэўныя эканам. дасягненні, 32-гадовае аўтарытарнае кіраванне Сухарга (у 1998 ён выбраны прэзідэнтам на 7-ы тэрмін) выклікала ў маі 1998 нар. паўстанне, якое завяршылася адстаўкай Сухарта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Б.Ю.Хабібі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя адзінства і развіцця, Дэмакр. партыя І., ГОЛКАР (т. зв. «функцыян. групы», якія аб’ядноўваюць прафес., маладзёжныя, жаночыя, рэліг. і інш. арг-цыі, што не далучыліся да паліт. партый), Усеінданез. саюз працоўных, Усеінданез. саюз рабочых.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. дзяржава з буйнейшай у Азіі сыравіннай плантацыйнай гаспадаркай і значнай горназдабыўной прам-сцю. Доля прамысловасці ў валавым унутр. прадукце 39%, сельскай гаспадаркі 19%. Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (каля 90 млн.т, 1995). Нафтапромыслы на а-вах Суматра, Калімантан, Бунью; падводныя радовішчы каля берагоў Суматры, Явы, Калімантана, Новай Гвінеі. Па здабычы прыроднага газу І. выйшла на 3-е месца ў свеце (больш за 90 млрд.м³). З галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча волава (на а-вах Банка, Белітунг, Сінкеп), нікелю (Сулавесі), медзі (Новая Гвінея), баксітаў (Бінтан). Здабыча (тыс.т, 1995): волава — 30 (2-е месца ў свеце), нікелю — каля 70 (4-е месца ў свеце), медзі — 310, баксітаў — 1320. Вугаль здабываюць на а-вах Суматра і Калімантан (3/4 ідзе на экспарт). Здабываюцца таксама марганцавая руда, золата, серабро, алмазы, уран, сера, фасфаты, азбест, асфальт, кухонная соль. Вытв-сць электраэнергіі 44 млрд.кВт∙гадз (1994), пераважна на ЦЭС (буйнейшая на в-ве Ява, у т. л. Танджунгпрыяк магутнасцю 1,18 млн.кВт). Асн. з’яўляюцца харч. (цукр., алейныя, рысаачышчальныя, кансервавыя, чайныя, кававыя і інш. прадпрыемствы) і лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу, апрацоўка капоку, сізалю і інш.) прам-сць. Ёсць металургічныя (сталеплавільны, феранікелевы, алюмініевы), металаапр., машынабуд. (рамонтна-мех., суднабуд., аўтазборачныя, радыё- і электрапрылад) прадпрыемствы. Гал. цэнтры: Джакарта, Сурабая, Маланг, Медан, Бандунг і інш. Нафта- і газаперапрацоўка на прадпрыемствах у Сунгайгеронгу, Пладжу, Думаі, Панкаланбрандане, Сунгайпакнінгу (Суматра), Балікпапане (Калімантан), Ванакроме (Ява). Вытв-сць (млн.т, 1993): бензіну 5,4, газы 7,1, дызельнага паліва 11,4. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (2280 тыс.т, у т. л. фосфарных 437 тыс.т, 1995), штучных валокнаў Í439 тыс.т), каўстычнай соды і інш. Ёсць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы каўчуку, вытв-сці шын, гумавага абутку. Развіта фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў (цэментная) прам-сць. Саматужная вытв-сць батыку (спец. афарбаванай тканіны), плеценых вырабаў, чаканка серабра, разьба па косці і дрэве, кераміка. У сельскай гаспадарцы занята 55% працаздольнага насельніцтва. Сучасная сельская гаспадарка — спалучэнне буйных дзярж., памешчыцкіх плантацый з дробнымі паўнатуральнымі гаспадаркамі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 16 млн.га, з іх 30% арашаюцца. Асн. прадуктовая збожжавая культура — рыс, збор якога забяспечвае патрэбы насельніцтва. Вырошчваюць таксама кукурузу, сою, маніёк, батат, агародніну, садавіну. Збор (млн.т, 1994): збожжа — 52,8, у т. л. рысу — 45,8 (3-е месца ў свеце), кукурузы — 7, соі — 1,72. Гал. экспартныя культуры: каўчуканосы, какосавая і алейная пальмы, чай, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь, хіннае дрэва, агава (сізаль), сейба (капок), перац, мускатны арэх, гваздзіка, карыца і інш. І. займае 2-е месца ў свеце па зборы (тыс.т, 1994): каўчуку — 1258, копры — 1200, пальмавага алею — 2000; з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кавы (400 тыс.т), какавы (260 тыс.т), чаю (174 тыс.т), арахісу (1080 тыс.т), тытуню (85 тыс.т). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): коз — 12,3, буйн. раг. жывёлы — 11,6, авечак — 6,4, коней — 0,7, птушкі — 659. Буйвалы выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Развіты рыбалоўства і рыбагадоўля. Вядзецца марскі промысел (лоўля трэпангаў, амараў, крэветак, чарапах, жамчужніц). Нарыхтоўка каштоўных парод дрэў. Транспарт пераважна марскі. Флот І. налічвае больш за 500 буйных суднаў (дэдвейт больш за 1 тыс.т). Гал. парты — Танджунгпрыяк (абслугоўвае Джакарту і апрацоўвае каля 50% імпартных грузаў), Сурабая (Ява), Белаван і Палембанг (Суматра), Банджармасін (Калімантан), Уджунгпанданг (Сулавесі). Даўж. чыгункі 6,9 тыс.км (1994). Даўж. аўтадарог больш за 200 тыс.км. Аўтапарк больш за 1,6 млн. машын. Чыгуначныя і аўтамаб. дарогі пераважна на в-ве Ява. Унутр. і міжнар. авіярэйсы ажыццяўляе нац. авіякампанія, 122 аэрапорты. Сетка нафтаправодаў. Экспарт 37,5 млрд.дол. ЗША (1995): нафта і прыродны газ (каля 70% знешнегандл. аб’ёму па кошце), волава, нікель, медзь, каўчук, пальмавы алей, копра, драўніна, тытунь, кава, какава, чай, вострыя прыправы і інш. Імпарт 39 млрд.дол. ЗША (1995): металапракат, абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры — Японія, ЗША, Германія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і інш. Беларусь імпартуе тавары з І. на 5306 тыс.дол. ЗША (1996). Удзярж. бюджэце І. важная роля належыць замежнаму турызму (3—3,5 млн.чал., каля 4 млрд.дол. ЗША; 1993). Грашовая адзінка — інданезійская рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і дзярж. паліцыі. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэр. краіны падзелена на 10 ваен. акруг. Функцыі адм. і аператыўнага кіраўніцтва ўскладзены адпаведна на міністра абароны і начальнікаў штабоў (камандуючых) відаў узбр. сіл. У 1996 рэгулярная армія налічвала 274,5 тыс.чал., дзярж. паліцыя 174 тыс., рэзерв 400 тыс.чал.Сухап. войскі налічваюць 214 тыс.чал., на ўзбраенні 356 танкаў, каля 1 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, 840 гармат, 875 мінамётаў. УВПС 20 тыс.чал., каля 200 самалётаў, 36 верталётаў. УВМС 40,5 тыс.чал., каля 150 баявых караблёў і катэраў, 100 танкаў, 40 самалётаў і верталётаў, 10 ваен.-марскіх баз. Дзярж. паліцыя падзяляецца на мабільную, марскую, паветр. і рэгулявання руху. Закон 1982 прадугледжвае выкананне арміяй «двайной функцыі» — абароны краіны, а таксама «вядучай сац.-паліт. сілы грамадства» і важнейшага інструмента ў канцэпцыі «рэгіянальнай трываласці» Асацыяцыі дзяржаў Паўн.-Усх. Азіі (АСЕАН).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 64 гады. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1660 чал., урачамі — 1 на 6861 чал. Узровень нараджальнасці 24 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 63 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. з 1978 уведзена абавязковая бясплатная пач. і сярэдняя агульная адукацыя. Побач з дзярж. школамі існуюць платныя прыватныя, а таксама розныя рэліг.навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі І. ўключае дзіцячыя сады, пач., сярэднюю, прафес.-тэхн. і вышэйшую школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая для дзяцей ва ўзросце 7—14 гадоў. У першых 2 класах навучанне вядзецца на мясц., з 3-га класа — на агульнадзярж інданез. мове. Тэрмін навучання ў сярэдняй школе 6 гадоў: 3 гады малодшая (няпоўная) і 3 — старэйшая (поўная). У сярэдняй школе, акрамя прадметаў, што пачынаюць вывучаць упач. школе, выкладаюцца мараль, курсы сац. і прыродазнаўчых навук., інданез., англ. і 2-я замежная мовы, рамёствы і інш.У 11-м, 12-м класах старэйшай школы вучні размяркоўваюцца па 3 аддзяленнях: культура, сацыяльныя, прыродазнаўча-матэм. навукі. Прафес. падрыхтоўку даюць 3-гадовыя прафес.-тэхн. вучылішчы на базе пач. школы і 3-гадовыя сярэднія тэхн.навуч. ўстановы на базе малодшай сярэдняй школы. Першыя ВНУ (каледжы) створаны галандцамі ў пач. 20 ст. Пазней узніклі ін-ты і ун-ты. У І. 26 дзярж. і каля 10 прыватных ун-таў, 6 політэхн. ін-таў і інш.ВНУ (1990-я г.). Буйнейшыя з іх: Ун-т Гаджа Мада (з 1949; больш за 20 тыс. студэнтаў) уг. Джак’якарта, ун-т І. (з 1950) у Джакарце, ун-т Паджаджаран (з 1957) і тэхнал.ін-т (з 1920) уг. Бандунг, ун-т (з 1954) і тэхнал.ін-т (з 1960) уг. Сурабая і інш. Буйнейшыя б-кі: Цэнтр. па прыродазнаўчых навуках (з 1842) у Богары, б-ка Музея інданез. культуры ў Джакарце. Музей засн. ў 1778, мае этнагр., археал. і інш. калекцыі. У Богары пры адным з буйнейшых у свеце бат. садзе (з 1817) створаны заалагічны музей (з 1894). Навукова-даследчую работу ў розных галінах ведаў праводзяць Інданез.ін-тнавук. даследаванняў (з 1967), у яго складзе ін-ты металургіі, хіміі, геалогіі, Нац.ін-т фізікі, Нац. электратэхн. ін-т, Нац. цэнтр навук. дакументацыі, Нац.біял.ін-т і інш.; Нац. агенцтва атамнай энергіі (з 1958), а таксама галіновыя НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на ф-тах ун-таў, ун.-д. цэнтрах, у т. л. ў Цэнтры сац. і культ. даследаванняў, Навук. цэнтры Атма Джая (з 1972). Навук. дзейнасць каардынуе Навук. Савет І. (з 1956; з 1967 у складзе Інданез. ін-та навук. даследаванняў).
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя тыражы маюць штодзённыя газеты, якія выходзяць на в-ве Ява, у т. л. «Kompas» («Компас», з 1965) і вячэрняя газ. «Pos Kota» («Гарадская пошта», з 1970). Інфарм. агенцтва Антара (з 1937) абслугоўвае дзярж. радыё і тэлебачанне, перыяд. друк; выдае ўнутр.інфарм. бюлетэні і 7 бюлетэняў для замежжа на англ. мове. Радыё з 1945, тэлебачанне з 1962; кантралююцца ўрадам. З 1989 працуе першая прыватная тэлевізійная станцыя.
Літаратура. Першы пісьмовы помнік л-ры І. — перапрацоўка ў 9 ст.інд. эпічнай паэмы (какавін) «Рамаяна». У 14—15 ст. узніклі творы на аснове яванскай міфалаг. спадчыны. У сярэднія вякі л-рагіст., міфалагічнага і дыдактычнага характару з’явілася ў сунданцаў, мадурцаў, балійцаў, бугаў і макасараў. У 15 ст. зарадзілася л-ра на малайскай мове, якая пазней развілася ў сучасную інданез. мову. У 1920-я г. адбыўся свядомы адыход ад традыц.літ. канонаў, маладыя пісьменнікі пачалі арыентавацца на л-ры Зах. Еўропы. У гісторыі ўласна інданез. л-ры вылучаюць 5 перыядаў. У 1-м (1920—33) былі пашыраны літ. жанры, арыентаваныя на зах.-еўрап. мадэлі: раман («Сіці Нурбая» М.Руслі, «Недастатковае выхаванне» А.Муіса і інш.), псіхал. драма, паэзія (зб-кі «Радзіма» М.Яміна, «Пажаўцелая думка» Р.Эфендзі). Многія аўтары пісалі на нідэрл. мове, якая засталася ў І. ад калан. часоў. 2-і перыяд (1933—42) звязаны з дзейнасцю час. «Pudjanga Baru» («Новы пісьменнік»), у якім друкаваліся паэт А.Хамзах (зб-кі «Песня адзіноты», «Плады настальгіі»), паэт і празаік А.Пане, аўтары гіст.-патрыят. раманаў С.Т.Алішахбана («Вуаль пад ветрам»), Пане («Ланцугі»). Проза вылучалася антыісламскай накіраванасцю. 3-і перыяд (1942—50) звязаны з падзеямі яп. і галандскай акупацыі і барацьбы за незалежнасць. У л-ру прыйшло «пакаленне 45-га года», гал. постаццю якога быў паэт Х.Анвар (зб-кі «Завостраны камень», «Крыкі ў пыле»). Развіваліся навела, алегарычная вершаваная драма, сюжэты яе запазычваліся з сучаснасці (У.Т.Сантані, У.Ісмаіл, Эль Хаюм). 4-ы перыяд (1950—65) адзначаны дыскусіямі пра будучыню культуры незалежнай І., вылучыліся 2 канцэпцыі развіцця: «мастацтва для мастацтва», «універсальны гуманізм» (зах.-еўрап. і амер. арыентацыя) і «мастацтва для народа» (прасав. арыентацыя). У гэты час амаль знікла драматургія, вельмі пашыранай стала навела (М.Любіс, С.Сітумаранг, П.А.Тур). Пасля 1957, з пачаткам «кіраванай дэмакратыі» і «антыімперыял. палітыкі», многія літаратары вымушаны былі пакінуць краіну. У 5-ы перыяд (пасля 1966) на літ. арэну выйшла «пакаленне 66-га года», аб’яднанае вакол некалькіх літ. часопісаў [самы значны з іх «Horison» («Гарызонт»)]. Адрадзіўся раман (Нх.Дзіні, К.Х.Рамадхан). Унутрыпаліт. барацьба ў краіне прывяла да ўтварэння літ. арг-цый пры паліт. партыях, сярод якіх найб. уплывовая — «Лекра» («Таварыства нар. культуры»). Пасля падзей 1965 многія члены «Лекры» і інш. левых культ. арг-цый былі рэпрэсіраваны. Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду вызначалася адыходам у свет унутр. пачуццяў, жанравымі і фармальнымі эксперыментамі. Сац. кантрасты адлюстраваны ў драматургіі і паэзіі В.С.Рэндры. У 1970—80-я г.вял. пашырэнне атрымаў «масавы раман». Асобнае месца ў л-ры гэтага часу займаюць «камерныя» раманы Дзіні, псіхалагічныя — П.Віджаі, экзістэнцыялісцкія І.Сіматупанга, а таксама першы інданез. раман-тэтралогія Тура пра станаўленне інданез. інтэлігенцыі.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Маст. культура на а-вах Малайскага архіпелага бярэ пачатак ад эпох мезаліту і неаліту (пячорны жывапіс з выявай дзіка на Пд в-ва Сулавесі, каля 2000 да н.э.; кераміка з наразным арнаментам). Каля 2 ст. да н.э. з’явіліся бронзавыя вырабы — схематычныя выявы людзей, сякеры і пасудзіны са спіральным арнаментам, катлы-барабаны з геам. узорам і стылізаванымі выявамі твару чалавека, птушак. Да эпохі позняга неаліту — пач.жал. веку (канец 2 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) адносяцца мегалітычныя пабудовы — менгіры, ступеньчатыя курганы, дальмены, скляпы (комплексы Пасемах на Пд в-ва Суматра, Лебак-Сібедуг на З в-ва Ява, горы Янг на У в-ва Ява), каменныя саркафагі і статычныя фігуры продкаў. У першыя стагоддзі н.э. пад уплывам індуізму, будызму і мясц. традыцый на в-ве Ява склалася класічнае мастацтва, у т. л. ў каменнай архітэктуры. У 7 — пач. 8 ст. на плато Дыенг (Цэнтр. Ява) узніклі з абчасаных камянёў невял. індуісцкія храмы-«чанды» простай кубічнай формы, са ступеньчатым цокалем і пірамідальным завяршэннем, а таксама будыйскі храм Каласан (778 — сярэдзіна 9 ст.). Арх. комплекс «чанды» Севу (пач. 9 ст.) — вял. складаны ансамбль буд. свяцілішчаў з гал. храмам у цэнтры і 240 храмікамі-капліцамі, што ўтвараюць 4 канцэнтрычныя квадраты. Самае грандыёзнае і складанае па кампазіцыі свяцілішча на Яве — Барабудур (канец 8 — пач. 9 ст.). Індуісцкі храмавы комплекс Лара Джонгранг у Прамбанане (канец 9 — пач. 10 ст.) аб’ядноўвае на высокім насыпе 8 храмаў, узятых у квадрат са шматлікіх капліц. Індуісцкі храмавы комплекс Панатаран (14—1-я пал. 15 ст.) мае свабодны, асіметрычны план, у яго рэльефах дамінуе арнаментальны графічны стыль (плоскасная ажурная разьба). Храмы на в-ве Балі багата аздоблены шыкоўнай арнаментальнай разьбой. У скульптуры пераважаюць фантаст., мудрагелістыя фігуры (слонападобнае бажаство Ганеша, дэманы, ільвападобныя пачвары «кала»), З 16 ст. традыцыі індуісцкай культуры ў І. пачалі губляцца (захаваліся яны пераважна на в-ве Балі, дзе не было ісламу; храмавыя комплексы 18—19 ст.). На шматлікіх астравах у многіх народаў І. развіваецца нар.дэкар.-прыкладное мастацтва.
Цэнтры маст. рамёстваў цэнтр. Явы вядомы вырабамі з золата і серабра з вяззю вытанчанага арнаменту, непаўторныя па форме і арнаментацыі кінжалы-«крысы». Ад 14—16 ст. дайшлі ўзоры стараж. мастацтва бронз. ліцця на Яве (статуэткі божастваў, пасудзіны для духмяных рэчываў, свяцільні). Ява — радзіма інданез.батыку, выдатнага па прыгажосці традыц. ўзору і колеру.
Ява і Балі — цэнтры апрацоўкі буйвалавай скуры, з якой вырабляюць лялькі для ценявога т-ра, рытуальныя маскі. На ўсіх астравах плятуць цыноўкі, посуд з бамбуку і лісця какосавай пальмы. Традыцыі ткацтва падтрымліваюць на а-вах Сулавесі, Суматра, Малукскіх. Разнастайныя тыпы нар. жылля — хаціны і лёгкія каркасныя дамы на палях з дрэва, бамбуку, вял. абшчынныя дамы. З часу галандскага панавання ў І. гарады будавалі на еўрап. ўзор (будынак гар. праўлення ў Джакарце, 1710), але ў мячэцях і палацах мясц. знаці пераважалі матывы мусульм. архітэктуры краін Азіі. У 20 ст. ў Джакарце, Бандунгу, Сурабаі пачалі ставіць вял. будынкі, у т. л. з жалезабетону, з галерэямі, лоджыямі, сонцаахоўнымі рашоткамі. У 1950-я г. пабудаваны новыя гарады (Сумберджая на Суматры, горад-спадарожнік Джакарты — Кебаяран), новыя раёны ў Джакарце, Бандунгу. З дапамогай замежных спецыялістаў будуюць грамадскія будынкі, прамысл., навучальныя, спарт. і інш. комплексы: спарт. комплекс (1959—62, арх. Р.Семеджыеў, інж. Л.Мурамцаў) і помнік Незалежнасці (1964, скульпт. М.Манізер, паводле праекта І.Рожына) у Джакарце. У сярэдзіне 19 ст. ў І. з’явіўся рэаліст. жывапіс з патрыят. тэматыкай (Ш.Б.Радэн Салех), на мяжы 19—20 ст. — рамант.нац. пейзаж (С.С.Абдулах). Барацьба за незалежнасць спрыяла развіццю нац.рэаліст. мастацтва (Аб’яднанне мастакоў І. «Персагі», засн. ў 1937—38; С.Суджаёнка, А.Джая, К.Афандзі і інш.), якое стала вядучым, суіснуючы з традыцыяй рамант. экзотыкі (Б.Абдулах) і мадэрнісцкімі плынямі. Развіваліся рэаліст. скульптура (Г.Хендра) і графіка (У.Эфендзі). Своеасаблівы жыццярадасны ўзорысты жывапіс Балі (А.А.Г.Сабрат, І.Б.Мадэ). У 1950 створана інданез.АМ, якая арыентуе на вывучэнне нац. традыцый. З сярэдзіны 1960-х г.увыяўл. мастацтве дамінуюць мадэрнісцкія кірункі.
Музыка І. вызначаецца своеасаблівасцю развіцця мясц. форм муз., муз.-танц. і тэатр. мастацтва. У розныя часы на іх паўплывалі элементы культур. араб. свету, Кітая, Індыі, Еўропы, у апошнія дзесяцігоддзі — ЗША. Разнастайнасць лакальных форм музыкі І. абумоўлена геагр. фактарамі і ўвасоблена ў спецыфіцы муз. традыцый асобных астравоў. Найб. значныя і ўплывовыя — муз. культуры а-воў Ява, Балі, Суматра. У 11—13 ст. тут сфарміраваліся, а пазней шырока развіліся класічныя формы і стылі вак. і інстр. музыкі, звязаныя пераважна з традыцыямі прыдворна-цырыманіяльнага і забаўляльнага музіцыравання, а таксама муз.-тэатр. жанры (ценявы т-р ваянг куліт), танец і танц. драма. Яны заснаваны, як правіла, на сюжэтах эпасу «Рамаяна» (танц. драмы-містэрыі баронг на в-ве Балі, ваянг вонг на в-ве Ява). Найб. распаўсюджаны ў музыцы І. тып інстр. ансамбля гамелан, дзе пераважаюць ударныя інструменты: бронзавыя (гонгі, металафоны) і драўляныя (барабаны, ксілафоны); радзей яны ўключаюць струнныя (рэбаб), духавыя (флейта сулінг) інструменты і жаночы голас. Ладагукарадная аснова гамелана — 5-ступенны (слендра) і 7-ступенны (пелаг) гукарады. Кампазіцыя (гендзінг) разгортваецца па прынцыпе чаргавання і распрацоўкі асобных ладамеладычных узораў (ганган). Кампазітарская школа сучаснага тыпу пачала складвацца ў 20 ст. Сярод кампазітараў І.: К.Сінсу, К.Сіманджутак, І.Марзукі, Р.Супратман; выканаўцы: Д.Кусуманінграт, П.С.Данувіджая. У І. працуюць: Ін-т інданезійскай культуры (з 1978), сімф. аркестр Джакарты (з 1968), хор пад кіраўніцтвам Суманунгкаліта, Цэнтр мастацтваў імя Ісмаіла Марзукі, нац. ансамблі «Гембіра» і «Ангклунг», Акадэмія музыкі, школы нац. музыкі пры Ун-це прыгожых мастацтваў Нац. ун-та ў Джакарце, інданез. класічнай музыкі ў Суракарце, Дзярж. музычная ў Джак’якарце, Джакарцкі пед.ін-т мастацтва, кансерваторыі традыц. музыкі і танца ў Дэнпасары (в-аў Балі) і прыватныя ў Джакарце, Сурабаі, Суракарце і інш.
Тэатр. Вытокі інданез. тэатра ў стараж. узорах тэатралізаваных дзеяў нар. свят і культавых цырыманіялаў. Драматургічная аснова традыц. паказаў — сюжэты са стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», інданез. сказанні і хронікі. Спектаклі звычайна суправаджае аркестр гамелан. Найб. характэрныя традыц.тэатр. формы: ваянг-тапенг (выканаўцы выступаюць у масках і карыстаюцца сродкамі пантамімы і танца); ваянг-куліт (т-р ценяў), ваянг-келіцік (т-р плоскіх драўляных марыянетак); ваянг-бебер (т-р карцінак у суправаджэнні апавядальніка); тапенг-бабакан (фарсавы т-р); ваянг-аранг (злучае ў сабе рознахарактарныя кананізаваныя тэатр. сродкі) і інш. На рубяжы 19—20 ст. фарміраваўся сучасны т-р — кетапрак і лудрук, якія спалучаюць традыц. сродкі выразнасці з еўрапейскімі. У 1950-я г. ўзніклі трупы найб. блізкія да сучаснага еўрап.т-ра; былі вядомыя трупы «Мархаен», «Трыснаканген». У рэпертуары творы нац. драматургаў (У.Т.Сантані, А.Ханіфаха, А.Махамада, С.Пане і інш.), а таксама п’есы Г.Ібсена, А.Чэхава, М.Гогаля і інш.У 1950-я г. пачалі працаваць Нац.тэатр. акадэмія і «Лембага драма І.» (аддзяленне нац. драмы) у Джакарце.
Кіно. Першыя фільмы зняты ў сярэдзіне 1920-х г. галандскімі рэжысёрамі. З пач. 1930-х г. выпускаюцца кінастужкі на інданез. мове (большасць на галівудскі і кіт. ўзор). Найб. значныя: «Парэх» (1935) М.Франкена, «Ясны месяц» (1937) А.Балінка. Учасяп. акупацыі кінематограф служыў мэтам яп. прапаганды, але былі створаны і фільмы са своеасаблівымі нац. рысамі: «Дождж» І.Пербатасары, «Мае мары» С.Паліндзі. Пасля заваёвы незалежнасці (1945) пачала фарміравацца нац. кінематаграфія. У 1950 у Джакарце створаны першая дзярж. кінафірма «ПФН», прыватная кінафірма «Перфіні». Сярод фільмаў: «Калека» (1952) К.Сукардзі, «Туранг» Б.Сіягіна, «Вяртанне на радзіму» Б.Эфендзі (абодва 1954), «За школьнай сцяной» В.Умбаха і інш.У 1960-я г. створана Нац.арг-цыя па кінавытворчасці, кожны імпартаваны фільм абкладаўся падаткам. У выніку з канца 1960-х г.інданез. фільмы (пераважна меладрамы, гіст. і прыгодніцкія) заваявалі кінарынак краін Паўд.-Усх. Азіі. Найб. вядомыя рэжысёры 1960—70-х г.: Умбах («Маленькія зоркі», 1963, «Мама», 1972, «Асоба», 1974), Т.Джунаідзі («Мама, любоў мая», 1968, «Канец мары», 1973), С.Джая («Шаўковы фіялетавы туман», 1980), С.Сувардзі Хасан («Няшчасце падчарыцы», 1973, «Прыёмны сын», 1974, «Няма часу для размоў», 1975) і інш.; акцёры: Ч.Дэві, Р.Мелаці, Ф.Афера, Ф.Арыяні, Сукарна М.Нур, М.Карміла, Б.Херманта і інш.У 1980-я г. выпускалася больш за 50 фільмаў у год.
Літ.:
Кузнецова С.С. Яванские хроники XVII—XVIII вв. как источник по истории Индонезии. М., 1984;
Шауб А.К. «Нагаракертагама» как источник по истории раннего Маджапахита (1293—1365). М., 1992;
Кашмадзе И.И. Индонезия: острова и люди. М., 1987;
Кямилев Э.Х. Завоевание Индонезией независимости. М., 1972;
Яго ж. Политическая борьба и проблемы централизации в Индонезии (1945—1975). М., 1978;
Другов А.Ю. Политическая власть и эволюция политической системы Индонезии (1965—1988). М., 1989;
Панченко Л.П. Армия и модернизация общества: Опыт Индонезии. М., 1994;
Бычков С.В. Изумрудное оперение Гаруды: [История культуры народов Индонезии]. М., 1987;
Сикорский В.В. Индонезийская литература: Краткий очерк. М., 1965;
Демин Л.М. Искусство Индонезии. М., 1965;
Муриан И.Ф. Искусство Индонезии с древнейших времен до конца XV в. М., 1981;
Traditional music in modem Java. Honolulu, 1980;
Мерварт А.М. Малайский театр // Восточный театр. Л., 1929.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.В.Логіш (літаратура); Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг Інданезіі.Да арт.Інданезія: 1 — вёска на востраве Суматра; 2 — возера Тоба.Да арт.Інданезія. Статуя ахоўніка. «Чанды» Севу. Пач. 9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» Пунтадэвы. Плато Дыенг. 8—9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» комплексу Панатаран. 1369.Да арт.Інданезія. Дагобы верхніх ярусаў і Буда ў Барабудуры.Да арт.Інданезія. Манджушры ў Барабудуры. Рэльеф трэцяй галерэі.Да арт.Інданезія. Буда садзіць. Бронза. Раён Барабудура. Ява. 9—10 ст.Да арт.Інданезія. Равана. Лялька ценявога тэатра. Пергамент. 16—17 ст.Да арт.Інданезія. Танец «Серымпі». Востраў Ява.Да арт.Інданезія. Будынак гарадскога праўлення ў Джакарце. 1710.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цягну́ць, цягну, цягнеш, цягне; незак.
1.каго-што. Узяўшы за край, канец чаго‑н., перамяшчаць, набліжаць да сябе з сілай, намаганнем. Цягнуць канат. □ [Зёлкін:] (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна.Крапіва.[Дзеці] давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу.Бядуля.// Імкнуцца завесці, наблізіць да сябе, да якога‑н. месца. Малы.. лавіў неспадзеўкі сваю ўласную нагу і цягнуў яе ў рот.Крапіва./уперан.ужыв.Кожны млын на сваё кола ваду цягне.Прымаўка.// Ухапіўшы, трымаючы за што‑н., прымушаць каго‑н. ісці з сабой ці за сабой. Пніцкі трымаў.. [цыгана] пад руку і цягнуў наперад.Чорны.Насустрач беглі жанчыны, цягнулі за рукі дзяцей.Лынькоў.Каза ленавата спускаецца ўніз і цягне за сабой Марыльку.Кулакоўскі.// Замацоўваць, пракладваць паступова ў пэўным напрамку (провад, трубы і пад.). Цягнуць лінію сувязі. Цягнуць трубаправод.
2.каго-што. Перамяшчаць за сабой з сілай, намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы. Усе будаваліся, кожны як мог — на кані, на валах, а сёй-той і на сабе — цягнуў з лесу бярвенне, жэрдкі, плахі.Сачанка.Раз’юшаны Франц трымаў адной рукой за адарваны каўнер Эдзіка, а другой цягнуў, як якую качаргу, па зямлі вінтоўку.Даніленка.// Пакідаць за сабой (след, баразну і пад.). Чалавек сядзеў на санках бокам, ногі яго цягнулі па белай роўнядзі перарывістую баразну.М. Стральцоў.А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае.Колас.
3.што. Выцягваць, працягваць у якім‑н. напрамку (шыю, рукі і пад.). Чарада індыкоў і качак цягнула шыі праз плот да яды.Чорны.Дзюбку цягне з гнязда птушаня, просіць есці.Барадулін.// Накіроўваць куды‑н. учас росту (лісты, кветкі і пад.). А дзівосны дзівасіл Цягне кошыкі з бурштыну Пад блакітны небасхіл.Агняцвет.
4.што. Падаўжаць або пашыраць выцягваннем, нацягваннем. Цягнуць шкурку зайца.//Спец. Вырабляць выцягваннем. Цягнуць дрот.//Спец. Апрацоўваць, выцягваючы для атрымання дроту, ніцей. Цягнуць серабро.
5.каго-што. Сілай цягі перамяшчаць за сабой, везці. Сёстры, маткі спіны гнулі, На сабе плугі цягнулі.Броўка.Болей не знаем Сох на загонах, — Трактар нам цягне Плугі, бароны.Купала.Буйвалы.. павольна цягнулі скрыпучую арбу.Самуйлёнак.// і без дап. Быць здольным перамяшчаць што‑н., мець тую або іншую сілу цягі (пра машыны, жывёлу і пад.). Гняды часта фыркаў, але цягнуў добра, без натугі.Чыгрынаў.// Адцягваць уніз, перамяшчаць у пэўным напрамку сілай цяжару, сілай цячэння і пад. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула.Маўр.Вада круціла [Надзю], шалёна кідала ў бок, уладна цягнула на дно.Лынькоў.//перан. Выклікаць, мець што‑н. вынікам. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой слабасць кампазіцыі, вяласць сюжэта, схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб.«ЛіМ».
6.каго-што. Разм. Несці што‑н. цяжкае або ў вялікай колькасці. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка.С. Александровіч.Мне не было ніколі ў галаве, Што буду я .. Цягнуць к варожым штабам на плячы Гранат цяжкія звязкі, Скрынкі з толам.Астрэйка.
7.што. Прыкладаючы сілы, намаганні, несці якія‑н. абавязкі, выконваць якую‑н. работу (звычайна цяжкую). Скончыўшы школу, Якім пайшоў у калгас на сталую работу і ўсё цягнуў нароўні з дарослымі мужчынамі.Дуброўскі.//каго-што. Дапамагаць у вучобе, службе; садзейнічаць поспеху. [Язэпа] мучыла адна думка: чаму Гаравы выбраў іх калгас, каб цягнуць яго ў перадавікі па раёне?Асіпенка.Не той наперадзе, хто адагнаў, а той наперадзе, хто за сабою цягне.Прымаўка.
8.каго-што. Даставаць адкуль‑н., падымаючы на паверхню. Узлез [Банадысь] на лёд, растапырыў ногі, упёрся каленьмі ў тын, прысядаў і цягнуў ваду.Чорны.[Дзядзька:] — Цягну, а ён [шчупак] аж гне вудзільна, Ну, чуць не вырве яго з рук.Колас.// Вымаць, выцягваць (тое, што засела, замацавалася). Цягнуць цвік.//Разм. Вымаць, даставаць што‑н. з сярэдзіны. [Астап:] — Давай, дачка, цягні з печы, што ў цябе там.Лынькоў.
9.што і без дап. Смактаць, уцягваць (што‑н. вадкае). Невядома было, адкуль яны [сосны] цягнулі смалу на адным чэрствым жоўтым пяску.Пташнікаў.[Пятрусь:] — Ён [камар] давай гэта носам торкаць, шукаць сабе шчыліны. Чакай, думаю, цягні.Брыль.// Піць, уцягваючы губамі; піць павольна. Стрэлачка смешна пакручвала галавой, узмахвала хвосцікам і, зажмурыўшыся, з асалодай цягнула з бутэлькі малако.Даніленка.Нейкі час мы моўчкі цягнулі піва, цягнулі павольна, глыток за глытком.Васілёнак.Дэголевец .. павольна цягнуў з бакала [віно].Шамякін.// Убіраць у сябе (дым); курыць. Дзядзька нездаволена соп і цягнуў густы дым цыгарэты.Пянкрат.
10.каго-што. Разм. Прымушаць ці пераконваць ісці, ехаць і пад. з сабой, за сабой куды‑н. Цягнуць на каток. □ Марынка цягнула Яўгена ў кіно, у тэатр, у парк, на які вечар ці канцэрт.Хадкевіч.//перан. Схіляць на чый‑н. бок, на якія‑н. пазіцыі. Рыгор, мусіць, ужо так і думае, што Верамейчык цягне за багатага.Крапіва.//перан. Прыцягваць да адказнасці, аддаваць пад суд. [Полька:] — А нас у суд цягнуць — пакража з узломам.Грахоўскі.
11.каго-што. Вабіць да каго‑, чаго‑н., куды‑н. Зусім іначай жыў Анісім зімою, калі лес цягнуў у свае прыціхлыя, заснежаныя сховы і нетры кожнага, у каго хоць калі білася ў жылах кропля паляўнічай крыві.Сачанка.Раней мяне сюды [у музей] цягнула таямнічая маўклівасць старажытных рэчаў.Карпюк.Грыбы цягнулі ў лес мяне, Хоць ногі ў лагчыне зяблі.Свірка./убезас.ужыв.Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі.Марціновіч.Ніну ўсё больш і больш цягнула да Васіля Кузьміча.Лобан.//безас.каго-штодачаго і зінф. Мець імкненне да якога‑н. занятку. Андрэя Завацкага не дужа цягнула да навукі.Ваданосаў.Вучоная кар’ера .. не спакусіла Адама, яго больш цягнула да гаспадаркі.Кудраўцаў.
12.безас.каго-штонашто і дачаго. Адчуваць патрэбу ў чым‑н., хіліць на што‑н. (пра які‑н. фізічны, псіхічны стан). У аўтобусе — доўгім і раскошным — калыхала ззаду і цягнула на сон.Пташнікаў.А цяпер Андрэя не цягнула да жартаў. Ён сядзеў у гурце каля агню, курыў, а думкі луналі далёка.Чарнышэвіч.//зінф. Хацець, мець жаданне. [Няміру] ўсё цягнула пайсці зноў глянуць на попелішча свае хаты.Чорны.Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны.Дуброўскі.
13.што. Разм. Патрабаваць, вымагаць (грошы). Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў!В. Вольскі.// і без дап. Незаконна браць, прысвойваць што‑н.; красці. Саўка не з тых вартаўнікоў, якія самі цягнуць і другім патураюць.Ермаловіч.
14.што і без дап.(сасловамі «клін», «шнур» і пад.). Ісці, рухацца ў пэўным парадку. Жураўлі па небу цягнуць клін З родных месц к цяплу, На дальні поўдзень.Астрэйка.Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары.Колас.
15. Слаба дзьмуць, рухацца, ісці (пра паветра). З акна цягнула свежае паветра, відаць былі зоры.Гурскі.//безас.чым. Веяць, абдаваць (цяплом, холадам, якім‑н. пахам і пад.). Ад вады цягнула холадам, хвалі, невысокія, прасвечаныя па-шкляному наскрозь сонцам, мякка цмокалі ў бераг.Хомчанка.А з гары цягнула пахам ліповага цвету, дбайна назапашанага Рагінаю на доўгую зіму.Адамчык.Ад грубкі цягне прыемным цяплом. Гаркавата пахнуць асінавыя дровы.Каршукоў.//што. Прыносіць з сабой (пра паветра). Узнімаўся вецер, цягнуў вострую свежасць.Чорны.
16.што. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым‑н. Цягнуць судовую справу.//без дап. Марудзіць з ажыццяўленнем чаго‑н. Сімон не любіў доўга цягнуць, калі датычылася справы.Самуйлёнак.[Эма:] — Збірайся [Таня], а я пайду за рамізнікам. Вырашылі, дык няма чаго цягнуць.Машара.
17.што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад. Бурат .. на невялічкім мангольскім коніку аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню.Корбан.Адно Рыгор сядзеў на прызбе пад грушай і цягнуў жахлівае апавяданне.Сабаленка.Я люблю, калі мужчыны, Чаркі звёўшы, у цішы Забываюць пра маршчыны — Цягнуць песню ад душы.Свірка./уперан.ужыв.Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой.Купала.
•••
За вушы цягнуцькаго — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што‑н. рабіць.
Ледзь ногі цягнуць — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).
Цягам цягнуць — праз сілу, жывасілам валачы каго‑н.
Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песню — паўтараць адно і тое ж.
Цягнуць валынку — марудзіць з ажыццяўленнем якой‑н. справы.
Цягнуць рызіну (гуму) — адцягваць, адкладваць якую‑н. справу, работу і пад. надаўжэй; марудліва, павольна гаварыць, рабіць і пад. што‑н.
Цягнуць ярмо — бесперапынна і цяжка працаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
але́1, злучн.
I.супраціўны.
1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; па свайму значэнню адпавядае словам «а», «аднак», «наадварот». І вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы.Шамякін.З партызанамі поруч ступала невысокая жанчына, яшчэ маладая, але з плецівам першых маршчын каля вачэй.Мележ.Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур’ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу.Колас.// Прылучае процілеглыя члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем; адпавядае слову «аднак». Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам.Колас.[Максім:] — Чалавечына добры, розуму — бездань, але трошкі і старазаветны.Брыль.Слухачы засмяяліся, але іх смех быў прыязны.Мележ.// Падкрэслівае проціпастаўленне галоўнага сказа даданаму ўступальнаму або аднаго з членаў сказа другому з уступальнымі злучнікамі «хоць», «хаця» і інш. Стары млын хоць ужо і не працаваў доўгі час, але грэбля была яшчэ моцная і ўтварала прасторны стаў.Чарнышэвіч.Хоць і холадна яшчэ, марозна, але паварочвае ўжо на вясну.Арабей.[Сымон:] — Хоць малады [Грышка], але, відаць, бывалы.Танк.// Ужываецца ў спалучэнні са злучнікам «затое» пры замяшчальным проціпастаўленні. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгад!Шамякін.[Свідэрскі:] Свідэрскі не ваяка, гэта так, Але затое першы між гуляк.Глебка.
2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем; па свайму значэнню адпавядае злучнікам «а», «аднак». [Яўмень:] Ты ведаеш, але казаць не хочаш!Чарот.Зморанасць усяго цела магла скончыцца толькі пасля сну, але спаць не даваў холад.Чорны.У гэтым баі маёр Караневіч быў ранены, але не пакінуў каманднага пункта.Крапіва.Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся.Колас.
3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе. Столь гатова была ўпасці, але яе трымалі тры свежа абструганыя жардзіны.Чорны.Быў.. [дзед Талаш] там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя.Колас.
II.далучальны.
1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную думку, паўтараючы пры гэтым адно з слоў папярэдняга сказа ці словазлучэння. Ты ад мяне цяпер далёка, Але і з той далечыні Гараць вясёлкай яснавокай Твае прывабныя агні.Колас.Кожны выбірае сам сабе шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста.Паслядовіч.[Несцяровіч:] — Людзей нам патрэбна многа, але такіх, якія працуюць.Чорны.
2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю (часта ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На лесніковым двары забрахаў сабака, але зараз жа сціх, відаць, пазнаўшы гаспадара.Паслядовіч.Люба зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх.Чорны.З аднаго паста абазваўся кулямёт, але пасля першага стрэлу з «трыццацьчацвёркі» ён змоўк.Мележ.
3. Ужываецца ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі або новай тэмы выказвання; адпавядае злучніку «ды». Нават Ячны і той маўчаў... Але што я кажу, — ён, бадай, лепш за ўсіх разумеў, што за свята было для Івана ў той дзень.Брыль.[Пан:] — Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў! — Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.Якімовіч.
4. Выкарыстоўваецца ў мове адной асобы пры адказе самому сабе ці нязгодзе з самім сабою або на пачатку рэплікі пры адказе субяседніку. [Лютынскі:] Тут канечне доктар патрэбен. Але дзе нам узяць яго?Крапіва.На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас?Шамякін.[Ніна:] «Мусіць, доля, лёс мой такі ўжо, што суджана прапасці ні за што... Але ж не! Знайду і на.. [Лявона] ўправу...»Галавач.
III.узнач.нескл.наз., н.
Акалічнасці, якія перашкаджаюць ажыццяўленню чаго‑н. Ніякіх «але».
але́2, часціца.
1.сцвярджальная. Ужываецца пры сцвярджальным адказе або згодзе з чым‑н. [Наведвальнік:] — Магу вас запэўніць, тыя [стравы] надзвычай каларыйныя. [Жанчына:] — Ну, але, але. А от ці смачныя, а?Васілёнак.
2.узмацняльная(успалучэннізчасціцай «ж» інаступным «і»). Выказвае здзіўленне, захапленне, абурэнне, іронію. Але ж і навальніца! Але ж і нягоднік! Але ж і ты добры, нечага сказаць. □ [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват!Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗБРО́Я (ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл.Меч), чаканы, коп’і і інш.У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, уЗах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш.Учасрус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — уб. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 успец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш.У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стаць, стану, станеш, стане; зак.
1. Ступіўшы на якое‑н. месца або куды‑н., спыніцца; размясціцца ў вертыкальным становішчы. Стаць на прыступку. □ Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах.Брыль./ З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці гэтага дзеяння. Стаць прама. □ Не паспеў камандзір абвесці вачыма строй, як усе матросы сталі да яго бліжэй на два крокі — плячо ў плячо, дужыя, абветраныя, суровыя.Б. Стральцоў.
2. Падняцца на ногі, устаць. Дапамагчы хвораму стаць на ногі. □ Расце дзіцятка неўзаметку. На ногі пробуе сам стаць.Колас./ Са словамі, якія называюць частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Стаць на рукі. Стаць на пальчыкі. □ З гэтага дня мы пачалі з нецярплівасцю чакаць, калі шчаня расплюшчыць вочы і цвёрда стане на ножкі.Бяганская.О, мядзведзь сваю ролю ведае, ролю смешную ў камедыі — стаць пацешна на заднія лапы, па-старэчаму станцаваць.Рудкоўскі.// Падняцца, задрацца ўверх (пра валасы, шэрсць). Валасы сталі тырчка на галаве ў Куляша.Шамякін.
3. Узяцца за якую‑н. работу, распачаць якую‑н. дзейнасць, звязаную са знаходжаннем на нагах. Стаць за станок. □ Мароз выйшаў павольна, стаў за трыбуну, узяўся абедзвюма рукамі за яе краі і зірнуў на заднія рады.Лобан.// Наогул пачаць працаваць. «Дык ты ўжо ста-аў на работу ці не?» — спагадліва пыталася гаспадыня.Кулакоўскі.
4. Запыніцца, спыніць рух (пра чалавека, жывёлу, калёсы і пад.). Міхал Тварыцкі стаў на адным месцы.Чорны.Ды раптам стаў на месцы конь.Смагаровіч.Калі дарога пачала падымацца ўгору, гняды стаў.Чарнышэвіч.Падводы сталі — уперадзе была рэчка.Капыловіч.
5. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, заводы, фабрыкі і пад.). Сівец цяпер за сталом ля сцяны даставаў галавой аж да ходзікаў. Андрэй убачыў, што ходзікі сталі.Пташнікаў.[Здэховіч:] Я вам [сялянам] выпасу не дам — ваша скаціна падохне, вы не дасце бульбы — мой бровар стане.Вітка.//перан. Перастаць развівацца, рухацца наперад; спыніцца. Увесь базар сабраўся, і гандаль усякі стаў. Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў.Янкоўскі.На дзень станеш — на два адстанеш.Прыказка./упаэт.ужыв.Наша сэрца — не стане — шматмільённа яно.Кляшторны.
6. Замерзнуць (пра раку). Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака.Кулакоўскі.Сож стаў летась позна, а снег лёг яшчэ пазней: нешта ажно на Новы год.Карамазаў.
7. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам. Туман стаў над рэчкай. □ У поўдзень, як стане сонца над самай галавой, рэйкі награюцца так, што па іх боязна ступіць босай нагой.Навуменка./ Пра хмары. Ой вы, хмары, што вы сталі? Што вы неба нам заслалі?Колас.// Пастаць, наступіць (звычайна пра пагоду, поры года). — Адліга стала на дварэ, цёпла, — сказаў Астап, падаючы старому руку.Чорны.
8. Часова размясціцца дзе‑н. (на адпачынак, пастой, стаянку). Наехалі уланы-палякі Да сталі на пастой...Чарот.[Афіцэр:] — Што ж, ёсць вада і паша, Дык станем на папас.Лужанін.// Зняць кватэру, пакой у каго‑н. Валя зразумела гэтую недарэчнасць адразу і хацела стаць на кватэру там, у Сябровічах, але дырэктар МТС і старшыня калгаса запратэставалі.Шамякін.Стаў на кватэры ў старэнькім ашаляваным доміку, у пажылых гаспадароў-пенсіянераў...Далідовіч.
9.перан. Падняцца для барацьбы з кім‑н., на абарону чаго‑н. Я не знаю большай чэсці, Як святы доўг чэсна несці — Стаць на абарону.Колас.
10.перан. Заняць якую‑н. пазіцыю ў адносінах да каго‑, чаго‑н., прытрымлівацца якіх‑н. поглядаў, ацэнак. Перад панам тым з Канева Смела дзеўка стала.Купала.Сцёпка стаў на грунт крытыкі, каб хоць гэтым насаліць «комплексам».Колас.У канцы месяца лютага Зосю выклікалі ў суд стаць за сведку.Чорны.
11. Памясціцца, размясціцца на якім‑н. месцы (пра прадметы). Шафа тут не стане.
12. Узнікнуць, з’явіцца. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі.Купала.// Напаткацца, паявіцца перад вачыма і пад. Але вось вялікі шэры будынак пошты стаў на рагу і засланіў сонца. У яго цяні адразу адчуўся непрыемны зімовы халадок.Каршукоў.
13. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца. Матуля выпраўляла Нас да бацькоў сваіх: — Каб тут чаго не стала, Пабудзьце ля старых.Гілевіч.Як гэта стала з табою, мой дружа, як гэта стала, Як адбылося, што сёння не ўспомніў ты, дружа, Дзе цябе маці з хаты ў свет выпраўляла.Кірэенка.//перан. Ператварыцца, набыць новыя якасці. Ён і яна не агледзеліся, Як дарога сцежкаю стала.Куляшоў.Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, мы проста душой падабрэлі.Панчанка.Двор, ціхенькі даволі, Бязлюдны ў час такі, Люднеў, люднеў паволі І стаў як вір ракі.Калачынскі./убезас.ужыв.Яна [Марына] ўсе выплакала слёзы, Але не стала ёй лягчэй.Колас.Нідзе стала добра на душы, яна хадзіла з дзяўчатамі і многа-многа балбатала.Лобан.Шуру стала сумна, нечым цяжкім сцяло грудзі.Ставер.
14. Заступіцца за каго‑н. [Спорык:] — Я за таварыша стану заўсёды!Брыль.
15. Замяніць каго‑н. у чым‑н. Ну а за бацьку стаў дзядзька Чужы мне І свой, бо да цёткі прыйшоў прымаком.Прыходзька.
16.безас., каго-чаго(толькізадмоўем). Перастаць існаваць, памерці. Пяць год мінула, Як цябе [Я. Купалы] не стала.Астрэйка.Жыў чалавек па свеце, пайшоў не па той дарозе, заблытаўся, і не стала яго.Ваданосаў.// Знікнуць. Калі вады не стала, паспрабаваў дастаць са студні, як гэта рабіла маці, але не змог.Няхай.Калі бомба забіла цёцю Веру, тады не стала і школы.Лынькоў.Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ.А. Александровіч.
17.безас. Хапіць. Я чытаў новы рукапіс маладога аўтара. Цікавы. І вельмі баяўся: стане яму матэрыялу на чарговую рэч?Лужанін.Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга.Колас.
18. Ужываецца ў саставе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑, чым‑н. Стаць матэматыкам. □ І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой... Быў бы я тваім замком І тваёю брамай.Пысін.Я гляджу, і здаецца; расплачуся я: Вось якой прыгажуняй ты [настаўніца] стала!Гілевіч.
19. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў значэнні дзеяслова «пачаць». Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць.Мележ.Міколка стаў наразаць хлеб на стол.Лынькоў.
•••
Валасы сталі дыбарам (дыбам)гл. волас.
Ні стаць ні сесці — так цесна, што няма дзе павярнуцца.
Стаць валам — выступіць дружна, усёй грамадой.
Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) — атрымаць уладу, пачаць кіраваць дзяржавай, узначаліць.
Стаць (перайсці) на боккаго — далучыцца да чыёй‑н. думкі, заступіцца за каго‑н.
Стаць на вахту — пачаць самааддана працаваць у гонар чаго‑н.
Стаць (стаяць) на дарозечыёй,укаго(на шляхучыім,укаго); стаць (стаяць) папярок дарогікаму — перашкодзіць (перашкаджаць) каму‑н. у чым‑н. (звычайна ў дасягненні якой‑н. мэты).
Стаць на дыбкі — рэзка запярэчыць. [Андрэй:] — Старшыня калгаса стаў на дыбкі, як дачуўся. «Вазьміце, кажа, двух другіх за яго аднаго». Цэніць, бачыш, цябе.Пальчэўскі.
Стаць на калені — пакарыцца, падпарадкавацца каму‑н.
Стаць на лыжы — пачаць хадзіць на лыжах.
Стаць на (сваё) месца — прыйсці ў парадак.
Стаць на ногі — а) зрабіцца самастойным; узмужнець; заняць нейкае месца ў грамадстве і пад. — Нам палягчэе жыць, старым: Кандрат наш стаў на ногі.Смагаровіч; б) паправіць свае справы. — Дадзім каня, сусед! Дадзім! А Абмяркуем. На ногі станеш спакваля...Бялевіч.[Кірыла:] — Гэта нялёгка дасца, але мы ў сілах хутка стаць на ногі.Гурскі; в) паправіцца пасля хваробы. Неўзабаве .. [партызанка] стала на ногі і пачала рыхтавацца да звароту ў партызанскі атрад, у родную Беларусь.Дудо.
Стаць на свой хлеб — пачаць самастойнае жыццё.
Стаць на ўлік — зарэгістравацца ў спісах якой‑н. арганізацыі.
Стаць на чаргу — уключыць сябе ў спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці.
Стаць на шляхчаго,які — пачаць дзейнічаць або развівацца ў пэўным кірунку.
Стаць на якар — тое, што і кінуць якар (гл. кінуць).
Стаць слупам — здранцвець ад нечаканасці; спыніцца ў нерухомасці.
Стаць сцяною — выступіць дружна, усе як адзін.
Стаць у позу — знарок заняць неапраўданую пазіцыю (у спрэчцы, вырашэнні якога‑н. пытання і пад.).
Стаць у строй — зрабіцца працаздольным.
Стаць у тупік — трапіць у безвыходнае становішча; збянтэжыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 уг. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, украс.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пду даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс.у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 упас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛОГІЯ
Даследаванні па заалогіі на Беларусі вяліся з 18 ст.У той час яны былі эпізадычнымі, праводзіліся на невялікіх тэрыторыях, ахоплівалі толькі некаторыя групы жывёл і не давалі поўнага ўяўлення нават пра відавы склад жывёльнага свету рэгіёна. Заалагічныя апісанні асобных тэр. Беларусі прадстаўлены ў працах польскага даследчыка Г.Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рас. вучоных І.І.Ляпёхіна (канец 18 ст.) і В.М.Севергіна (1-я пал. 19 ст.). Упач. 20 ст. складзены звесткі пра склад тэрыяфауны, арнітафауны (У.М.Шнітнікаў), энтамафауны (М.М.Арнольд) і іхтыяфауны (І.М.Арнольд) некаторых рэгіёнаў Беларусі. Вызначальнымі для развіцця заалагічнай навукі на Беларусі з’явіліся створаныя ў 1921 кафедра заалогіі пры БДУ і ў 1922 заалагічная падсекцыя пры Інбелкульце. Пасля заснавання Акадэміі навук Беларусі (1.1.1929) заалагічныя даследаванні каардынуюць адпаведныя акадэмічныя ўстановы: аддзел фауны пры Ін-це біялогіі (з 1932), аддзел заалогіі і паразіталогіі пры Прэзідыуме АН (з 1958), Ін-т заалогіі (з 1980), а таксама кафедра заалогіі БДУ з заалагічным музеем (з 1929). Фауна вывучаецца таксама на адпаведных кафедрах ВНУ, ін-тах аддзяленняў біялагічных і аграрных навук Нац.АН Беларусі, унац. парках, запаведніках.
У экспедыцыйных даследаваннях па інвентарызацыі фауны, праведзеных пад кіраўніцтвам А.У.Фядзюшына ў 1924—30, сабраны калекцыйны матэрыял па ўсіх класах пазваночных жывёл, а таксама малюсках, чарвях, членістаногіх. На іх аснове арганізаваны заалагічныя музеі ў БДУ і АН Беларусі. Фрагментарнае вывучэнне асобных відаў і груп жывёл з часам трансфармавалася ў планамерныя даследаванні, што дало магчымасць ацаніць стан і дынаміку многіх відаў пазваночных жывёл і правесці іх карціраванне. Станаўленне іхтыялогіі і рыбагаспадарчых даследаванняў звязана з арганізацыяй у 1924 бел. рыбагаспадарчай экспедыцыі. У 1925 па прапанове А.У.Фядзюшына створаны 1-ы ў рэспубліцы дзярж. запаведнік на Бярэзіне, якому паводле рашэння ЮНЕСКАу 1979 нададзены статус біясфернага. У 1930-я г. пад кіраўніцтвам М.М.Кулагіна пачаты даследаванні па глебавай і эксперыментальнай энтамалогіі.
Большая частка назапашаных навук. матэрыялаў была знішчана ў Вял.Айч. вайну. У пасляваенныя гады адноўлены работы па інвентарызацыі фауны, вывучэнні жывёл розных сістэматычных і экалагічных груп, аднаўляліся і папаўняліся заалагічныя калекцыі і фондавыя матэрыялы. 1-я схема зоагеаграфічнага раянавання тэр. Беларусі і размеркавання фауністычных комплексаў млекакормячых, прапанаваная І.М.Сяржаніным, стала асновай для ўключэння ў сферу зоагеаграфічнага аналізу інш. груп жывёл.
Найб. актыўна вяліся арніталагічныя даследаванні. Дэталёва вывучана арнітафауна шэрагу рэгіёнаў Беларусі, ахарактарызаваны асаблівасці яе размеркавання, вызначаны колькасныя параметры многіх відаў птушак (М.С.Долбік, А.У.Фядзюшын і інш.); вывучаліся відавы склад, стан і дынаміка колькасці птушак розных біятопаў і ўплыў на арнітафауну антрапагенных фактараў.
У галіне энтамалогіі і глебавай заалогіі асноўная ўвага аддаецца пытанням таксаноміі, эколага-фауністычнай характарыстыкі насякомых-шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі (А.Р.Александровіч, І.К.Лапацін, В.І.Мержаеўская, В.Ф.Самерсаў, Л.І.Трапашка, Э.І.Хацько і інш.).
З 1950-х г.уНДІ рыбнай гаспадаркі, БДУ, Ін-це заалогіі вядуцца сістэмныя даследаванні фауны вадаёмаў. Вывучаны склад прамысловай іхтыяфауны рыбагаспадарчых вадаёмаў, біялогія і экалогія рыб і водных беспазваночных жывёл, прадукцыйнасць водных экасістэм, асаблівасці структурнай арганізацыі і функцыянавання планктонных і бентычных згуртаванняў, распрацаваны асновы акліматызацыі і інтрадукцыі новых відаў рыб (А.П.Астапеня, Г.Г.Вінберг, Т.В.Жукава, П.І.Жукаў, Л.В.Камлюк, С.В.Кахненка, Н.М.Кручкова, М.Е.Макушок, Т.М.Міхеева і інш.). Вывучэнне фауны водных беспазваночных жывёл з 1970-х г. дапаўняецца эксперыментальнымі даследаваннямі па экалагічнай біяэнергетыцы (У.М.Байчораў, Г.А.Галкоўская, А.П.Голубеў, Л.М.Сушчэня, В.П.Сяменчанка, Н.М.Хмялёва).
Вялікая ўвага аддаецца праблемам уплыву прыродных і антрапагенных фактараў на стан асобных відаў жывёл, функцыянавання фауністычных комплексаў і экасістэм, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету. З пач. 1980-х г. пад кіраўніцтвам М.М.Пікуліка сістэмна даследавалася герпетафауна Беларусі. Ахарактарызаваны стан, ландшафтная дыферэнцыяцыя і экалогія амфібій і рэптылій, прааналізаваны морфафенатыпічная зменлівасць фонавых відаў. У 1970—90-я г. даследаваліся змены фауны Беларускага Палесся ў сувязі з буйнамаштабнай меліярацыяй і сельскагаспадарчым асваеннем зямель, ахарактарызаваны заканамернасці і механізмы трансфармацыі фауністычных комплексаў пад уплывам узмоцненай антрапагеннай нагрузкі, зроблена ацэнка вынікаў Чарнобыльскай катастрофы для жывёльнага свету.
Сучасны этап развіцця заалогіі характарызуецца актывізацыяй у сферы міжнар. супрацоўніцтва. Актуальнымі праблемамі з’яўляюцца вывучэнне дынамікі і заканамернасцей фарміравання біялагічнай разнастайнасці жывёльнага свету Беларусі, удасканаленне сістэмы ахоўных прыродных тэрыторый на аснове стварэння нац. экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе пры дапамозе трансгранічных сувязей у агульнаеўрапейскую экалагічную сетку, распрацоўка комплексных відавых планаў захавання відаў жывёл, якім пагражае знікненне, удакладненне спіса жывёл для занясення ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧНА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 уПаўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 уРас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ.У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. Упач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 уБССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл.УВял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл.У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
Упач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-ру настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 уМ., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».