КРАЛЬ ((Kráľ) Янка) (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),
славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;
У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.
А.У.Вострыкава.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.
Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл. Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.
А.А.Ярашэвіч.
т. 8, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НГЭ ((Creanga) Іон) (1.3.1837, Хумулешты, Румынія — 31.12.1889),
румынскі і малд. пісьменнік. Скончыў духоўную семінарыю ў Ясах (1858), пед. курсы (1865). Настаўнічаў. Быў дыяканам (у 1872 пазбаўлены царк. сану). Друкаваўся з 1875. Аўтар цыкла казак і апавяданняў (1875—77), адметных глыбока рэалістычным адлюстраваннем сац. кантрастаў і супярэчнасцей тагачаснага грамадства, яркімі нар. вобразамі. Найб. значны твор — аўтабіягр. аповесць «Успаміны дзяцінства» (1880—83) пра малд. вёску сярэдзіны 19 ст., духоўны свет селяніна, яго мары і спадзяванні. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Казбярук.
Тв.:
Рус. пер. — Сказки;
Воспоминания детства;
Рассказы. Кишинев, 1971.
т. 8, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНІ́ЦЫН (Пётр Кузьміч) (? — 15.7.1770),
рускі мараплавец, даследчык Алеуцкіх а-воў. Капітан 1-га рангу. У 1764—69 узначаліў экспедыцыю, якая ў 1768 выйшла з вусця р. Камчатка, даследавала а-вы Умнак, Уналашка, Унімак, зах. ч. ўзбярэжжа п-ва Аляска. У 1769 экспедыцыя вярнулася на Камчатку. На аснове матэрыялаў экспедыцыі ў 1777 складзена карта Алеуцкіх а-воў. Яго імем названы праліў паміж а-вамі Анекатан і Харымкатан (Курыльскія а-вы), вулкан і мыс на в-ве Анекатан і а-вы ў групе Лісіных (Алеуцкія а-вы).
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),
адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУТУ́ХА»,
бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. У працэсе танца 2 юнакі і 2 дзяўчыны бяруцца накрыж за рукі ці кладуць іх адзін аднаму на плечы і ідуць па крузе, падскокваючы, прытупваючы і прыпяваючы. Сцэн. варыянт «К.» ўвайшоў у рэпертуар харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У працы «Люд беларускі» М.Федароўскага змешчаны запісы мелодыі танца «Круцёлка» і прыпеўка да яго, зробленыя ў канцы 19 ст. на Гродзеншчыне, аднак з-за адсутнасці харэаграфічнага апісання нельга меркаваць, ці быў ён ідэнтычны «К.».
Л.К.Алексютовіч.
т. 8, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ІН (Аляксандр Васілевіч) (31.7.1857, Варшава — 28.10.1921),
расійскі дзярж. дзеяч; чл. Дзярж. савета (з 1906). З 1896 нам. начальніка, у 1904—05 нач. перасяленчага ўпраўлення Мін-ва ўнутр. спраў. У 1905—06 таварыш гал. кіраўніка, у 1908—15 гал. кіраўнік землеўпарадкавання і земляробства. У 1906—08 таварыш міністра фінансаў, кіраўнік Дваранскага і Сялянскага банкаў. Разам з П.А.Сталыпіным кіраваў правядзеннем сталыпінскай аграрнай рэформы. Спроба К. стварыць урад грамадскага даверу прывяла да яго адстаўкі (кастр. 1915). У 1920 узначальваў. у Крыме «Урад Поўдня Расіі»; памёр у эміграцыі.
т. 8, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ІН (Апалон Канстанцінавіч) (1833, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 25.11.1902),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Рышэльеўскі ліцэй у Адэсе і Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Парыжскім ун-це і Франц. калежы. У 1881—94 чл. Дзярж. савета. З 1886 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1891 дырэктар гасп. дэпартамента. У 1892—94 міністр шляхоў зносін. Па яго прапанове створаны Гал. інспекцыя шашэйных і водных дарог, суднаходныя інспекцыі пры начальніках дыстанцый на рэках Масква, Ака, Зах. Дзвіна, упраўленне па буд-ве Сіб. чыгункі. Апошнія гады жыў у Шклове.
Э.А.Карніловіч.
т. 8, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЧЭ́ЎСКІ (Фёдар Рыгоравіч) (22.5.1879, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна — 30.7.1947),
украінскі жывапісец. Засл. дз. маст. Украіны (1940). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901), Пецярбургскую АМ (1910). З 1913 выкладаў у Кіеве ў маст. вучылішчы, з 1917 праф. Украінскай АМ, у 1922—41 — маст. ін-та. Яго творам уласцівы эпічнасць у раскрыцці нар. характару, шырокая жывапісная манера пісьма, манументалізацыя формы, эмацыянальная напружанасць колеру: «Нявеста» (1910), «Тры ўзросты» (1913), трыпціх «Жыццё» (1925—27), «Сваты» (1928), «Маці» (1929), «Пераможцы Урангеля» (1934), цыкл карцін «Кацярына» (1937—40) і інш.
т. 8, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МІКРААРГАНІ́ЗМАЎ,
сукупнасць жыццяздольных мікраарганізмаў на пажыўным асяроддзі, якая знаходзіцца ў стане размнажэння або закончыла яго. Адрозніваюць К.м. чыстую (складаецца з арганізмаў аднаго віду), змешаную (складаецца з некалькіх відаў, што вылучаюцца з вады, глебы, паветра і інш.) і электыўную (назапашвальную, у якой з вял. колькасці форм расце пераважна адзін від). Для К.м. неабходны вадкія і цвёрдыя пажыўныя асяроддзі, спец. апаратура, якая падтрымлівае аптымальныя для росту мікраарганізмаў фіз.-хім. ўмовы (аэрацыя, газавае асяроддзе, кіслотнасць, т-ра і інш.). Выкарыстоўваецца для вывучэння мікраарганізмаў, у мікрабіял. прам-сці.
т. 9, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)