парадак грыбоў класа ааміцэтаў. 3 сям. (перанаспоравыя, пітыевыя, цыстопавыя), больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 70 відаў з родаў перанаспора, пітый, фітафтора, брэмія, плазмапара, склераспора і інш.Сапратрофы, паразіты і паўпаразіты. Выклікаюць некроз у раслін, перонаспарозы, гнілі.
Міцэлій не падзелены на септы, галінасты, распаўсюджваецца ўнутры- і міжклетачна, утварае гаўсторыі. Канідыяносцы разгалінаваныя, канідыі звычайна акруглыя. Некат. віды з сям. пітыевых размнажаюцца зааспорамі. Наземныя грыбы здольны ўтвараць хламідаспоры. Ааспоры ўзнікаюць у выніку палавога працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСАЧА́НКА,
рака ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору каля 340 км². Пачынаецца за 1,3 км на З ад в. Міхалёўка, працякае праз воз. Лутаўскае. Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна невыразная на ўсім працягу, за выключэннем невял. ўчастка ў сярэднім цячэнні, дзе яна набывае рысы трапецападобнай. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да воз. Лутаўскае, шыр. ў верхнім цячэнні 3—5 м, у ніжнім 10—18 м. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),
сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.
Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл.Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙНТЫНГА ВЕ́КТАР,
вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай
, дзе і — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.
Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн. хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл.Максвела ўраўненні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,
гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім. прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд.т, разведаныя запасы — больш за 150 млн.т. Якасць іх невысокая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА,
рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал.стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54°паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за 3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга ПдПаўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,
устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.
П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл.Плазменная тэхналогія).
На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.