ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),
эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).
т. 13, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́Ж у медыцыне, дрэніраванне,
лячэбны метад, пры якім ствараецца магчымасць пастаяннага адтоку вадкасці з полых органаў, поласцей цела, ран і абсцэсаў. Выкарыстоўваюць гумавыя, пластмасавыя ці шкляныя трубкі з адтулінамі, а таксама марлевыя і гумавыя палосы.
т. 6, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХУ́НАК,
дакумент, дзе вызначана сума грошай, якая павінна быць заплачана за пастаўку пэўнай прадукцыі, выкананую работу ці паслугу; уліковы дакумент, у якім адлюстроўваюцца фін. разлікі і абавязацельствы, фіксуецца наяўнасць грашовых сродкаў (напр., Р. у банку).
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́НД (англ. operand) у вылічальнай тэхніцы, частка машыннай каманды, што вызначае аб’ект, над якім выконваецца аперацыя ў працэсе выканання зададзенай праграмы; аргумент аперацыі. Напр., аперандам арыфм. аперацый звычайна з’яўляюцца лікі: пры складанні — складнікі, пры множанні — сумножнікі.
т. 1, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР (англ. bar),
1) невялікі рэстаран, у якім наведвальнікаў абслугоўваюць звычайна за стойкай.
2) Невял. буфет (ці аддзяленне ў серванце, шафе) для віна і інш. напіткаў.
3) У дылерскіх здзелках сума ў 1 млн. фунтаў стэрлінгаў.
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГО́НІЙ (ад аа... + грэч. gonē нараджэнне),
«жаночы» орган палавога размнажэння водарасцяў і некаторых грыбоў, якім уласціва аагамія. Звычайна складаецца з 1 клеткі, у якой утвараецца 1 або некалькі яйцаклетак. У харавых і некаторых інш. водарасцяў аагоній шматклетачны.
т. 1, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯСТРО́ЎСКІ ЛІМА́Н,
заліў Чорнага м., з якім злучаны вузкім пралівам; затопленае вусце р. Днестр. Пл. 360 км². Даўж. 41 км, шыр. 4—12 км, глыб. 2,6 м. Зімой часткова замярзае. На Д.л. гарады Белгарад-Днястроўскі, Авідзіопаль.
т. 6, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХАТАМІ́Я (грэч. dichotomia ад dicha на дзве часткі + tomē разрэз, сячэнне),
тып галінавання раслін, пры якім вось падзяляецца на 2 новыя, звычайна аднолькава развітыя галінкі (гл. Галінаванне). Д. ўласціва і некат. беспазваночным жывёлам (напр., дыхатамічнае дзяленне кішачнаполасцевых).
т. 6, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)