тэтры́л

(ад тэтра- + гр. yle = рэчыва)

выбуховае рэчыва ў выглядзе бела-жаўтаватых крышталёў, нерастваральных у вадзе, якія выкарыстоўваюцца для вырабу дэтанатараў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гу́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Разм.

1. Кавалачак гумы для сцірання напісанага; сцірка.

2. Гумавая нітка, а таксама тасьма, шнур з гумавымі ніткамі.

•••

Жавальная гумка — спецыяльнае рэчыва, прызначанае для жавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што.

Рабіць аналіз чаго‑н. Аналізаваць змест урока. Аналізаваць хімічнае рэчыва. □ [Лабановіч:] — Я пачынаю аналізаваць самога сябе і вынікалі застаюся незадаволены. Колас. [Калатухін:] Як юрыст, вы павінны ўмець аналізаваць факты. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацёк, ‑у, м.

Слой рэчыва, якое нацякло на паверхню чаго‑н., расцяклося па чым‑н. Вапнавы нацёк на сцяне пячоры. □ [Валатовіч] пачаў гаварыць, адкалупваючы ў калідоры ад сцяны зацвярдзелыя нацёкі нейкай едкай карычневай фарбы. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэла́к, ‑у, м.

Смалістае рэчыва, якое здабываецца з маладых парасткаў некаторых раслін, ужываецца ў вытворчасці лаку, пластмасы, сургучу і пад. Здабываюць з некаторых дрэў смалу шэлак, якая з’яўляецца каштоўнай сыравінай для лакафарбавай прамысловасці. «ЛіМ».

[Гал. schellak.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перламу́тр ’каштоўнае цвёрдае рэчыва ўнутры некаторых ракавін’ (ТСБМ), пірламу́трік ’перламутравы выраб’ (Юрч. СНЛ). Праз рус. перломутр запазычана з ням. Perlemutter, Perlenmutter < с.-в. ням. bërlinmuoter — калька з с.-лац. mater perlatum ’маці жэмчуга’, як і франц. mère‑perle, ісп. madreperla, англ. mother of pearl ’тс’ (Фасмер, 3, 242; Васэрцыер, 170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРГАНО́ІДЫ (ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),

пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз. арганеламі.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, маланілмачавіна,

гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.

Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНА-АБСАРБЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

метад элементнага аналізу і даследавання ўласцівасцяў рэчываў па атамных спектрах паглынання. Заснаваны на прапусканні праз атамізаванае рэчыва бачнага або УФ-выпрамянення і рэгістрацыі спектраў. Выкарыстоўваецца для вызначэння каля 70 хім. элементаў у вадзе, глебе, прадуктах жыццядзейнасці арганізма, нафце, мінералах, сплавах і інш. аб’ектах, для вымярэння некаторых фіз. і фіз.-хім. велічыняў.

Літ.:

Брицке М.Э. Атомно-абсорбционный спектрохимический анализ. М., 1982.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТОНАЗМЯША́ЛЬНІК, бетонамяшалка,

устаноўка ці машына, дзе змешваюць кампаненты бетоннай сумесі (вяжучае рэчыва, напаўняльнікі, ваду, дабаўкі). Бываюць цыклічнага дзеяння, якія загружаюць матэрыяламі толькі пасля атрымання папярэдняй порцыі (аб’ём порцыі гатовай сумесі 60—1600 л), бесперапыннага дзеяння (прадукцыйнасць 5—120 м³/гадз), перасоўныя і стацыянарныя, гравітацыйныя (з вярчальным барабанам) і з прымусовым мяшаннем кампанентаў. Бетоназмяшальнік на аўтамаб. шасі (аўтабетоназмяшальнік) дастаўляе сумесь да месца работы.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)