1.‑у. Дзеяннепаводледзеясл. спускаць — спусціць (у 1–3, 6–8 і 11 знач.) і спускацца — спусціцца (у 1, 2 і 5 знач.).
2.‑а. Месца, па якім спускаюцца ўніз, нахіленая плоскасць. Найгорш было сыходзіць на крутым спуску каля суседняй вуліцы.Пальчэўскі.Са свістам і галёканнем праходзіла чарада гарадскіх падлеткаў, шукаючы спуска да ракі.Ракітны.
3.‑а. Кручок у агнястрэльнай зброі, які націскаюць пальцам, каб зрабіць выстрал; спускавы кручок. // Прыстасаванне ў фота- і кінаапараце для адкрывання затвора аб’ектыва.
4.‑а. Сталярная прылада з доўгай калодкай для выраўноўвання паверхні; фуганак.
5.‑а. Спец. Пропуск у верхняй частцы старонкі перад пачаткам раздзела кнігі.
6.‑а. Спец. Расстаноўка звярстаных палос набору ў такім парадку, які забяспечвае правільную паслядоўнасць старонак.
•••
Не даць спускукамугл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Складвацца, набываць пэўную форму, выгляд у выніку развіцця, росту. Сучасная паверхня Беларусі фарміравалася на працягу вялікага прамежку часу.// Развівацца фізічна. //перан. Набываць закончанасць, сталасць у выніку развіцця, змен. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар.В. Вольскі.Ігнась з рамана «Сын», таксама як і Рыгор з «Сокаў цаліны», паслядоўна фарміруецца ў рэвалюцыйнага барацьбіта.Перкін.
2. Складвацца, стварацца, арганізоўвацца (пра калектыў, групу, орган і пад.). [Сакольны:] — Усім вам, таварышы, вядома, што гэтая група фарміруецца не па загаду, а добраахвотна.Кулакоўскі.// Стварацца шляхам камплектавання людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра вайсковую часць). [Алёкса:] — Наша дывізія фарміравалася ў Валагодскай губерні, ваявала супраць англічан і амерыканцам.Машара.
3. Складацца з вагонаў, суднаў шляхам размяшчэння іх у пэўным парадку. — Браткі! — падышоў з цяжкай ношай Станіслаў. — Дзе фарміруецца поезд на Познань?Гурскі.
4.Зал.да фарміраваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яць, ‑я, м.
Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея.Скрыган.Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту».Навуменка.
•••
На яцьхто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя...С. Александровіч.
На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі?Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны e=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар.парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІЦІРО́ЎКА,
якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл.Банітэт).
Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно з асн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных 36—75, поймавых 31—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,
зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
форма арганізацыі грашовага абарачэння ў краіне, якая склалася гістарычна і замацавана нац. заканадаўствам. Уключае: грашовую адзінку, маштаб цэн, віды грашовых знакаў, што маюць законную плацежную сілу, парадак эмісіі грошай і іх абарачэння, дзярж. апарат, які ажыццяўляе рэгуляванне грашовага абарачэння. Тып грашовай сістэмы залежыць ад таго, якія грошы знаходзяцца ў абарачэнні. Грашовая сістэма, пры якой усе функцыі грошай выконвае грашовы тавар, а крэдытныя грошы разменьваюцца на метал, адносіцца да сістэм металічнага абарачэння. Калі ролю ўсеагульнага вартаснага эквіваленту выконваюць 2 металы — золата і серабро, тады гэта біметалічная грашовая сістэма. Пры біметалізме свабодна чаканяцца і маюць неабмежаваную плацежную сілу манеты з золата і серабра. Біметалізм быў вельмі пашыраны ў 16—17 ст., а ў шэрагу краін і ў 19 ст. У канцы 19 ст. ў выніку развіцця капіталіст. гаспадаркі на змену біметалізму прыйшоў монаметалізм, калі ўсеагульным эквівалентам выступаў адзін метал (золата або серабро), у абарачэнні функцыянавалі манеты і знакі вартасці, што разменьваліся на гэты метал. Ва ўмовах залатога монаметалізму, у залежнасці ад характару размену знакаў вартасці на золата, адрозніваліся золатаманетны, золатазліткавы і золатадэвізны стандарты. З 1930-х г. грашовая сістэма ўсіх краін засн. на абарачэнні крэдытных і папяровых грашовых знакаў, пры якіх золата ў якасці грошай не выкарыстоўваецца. У сучасных умовах грашовая сістэма прамыслова развітых краін характарызуюцца адменай афіц. залатога ўтрымання грашовых знакаў, зняццем золата з грашовага абароту, выпускам грошай у абарачэнне ў парадку крэдытавання гаспадаркі і дзяржавы, скарачэннем наяўна-грашовага абароту за кошт развіцця безнаяўных разлікаў, узмацненнем дзярж. рэгулявання грашовага абарачэння. У Рэспубліцы Беларусь нац. грашовай адзінкай з’яўляецца бел. рубель, у наяўным абарачэнні ў якасці афіц. плацежнага сродку знаходзяцца банкаўскія білеты (банкноты), манапольнае права эмісіі іх належыць Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца дзярж. органам грашова-крэдытнага і валютнага рэгулявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТАТУ́РА,
1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызмі г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.
2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.
Літ.:
Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;
Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;
Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);
Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКА-КЛЕ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім р-нах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), адкладным шырокім каўняром і глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геам. (радзей раслінны і з выявамі птушак, людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах гарыз. і верт. палосамі ў шахматным парадку і на каўняры. Андарак шылі з 4 кроеных па аснове або 2 кроеных па ўтку полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных паскаў або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне. Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геам. арнаментам. Крой і маст. афармленне спадніцы і андарака падобныя. Іх прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1—2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкар. клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фляндраваннем, складкамі. Гарсэт шылі з фабрычных тканін, кароткім з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі рознакаляровых тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчын — шаўковыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна і інш.; наміткі, хусткі. Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасёмкі, абразкі. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геам. арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле, шырокі ўзорысты пояс з кутасом, камізэлька, нагавіцы. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, картузы, кучомкі, аблавухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Капыльска-клецкі строй. Касцюм дзяўчынак. 1930-я г. Жанчына ў святочным адзенні. Сярэдзіна 20 ст. Усе — вёска Морач Клецкага р-на Мінскай вобл.