ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне),

сістэмы каляровага тэлебачання, разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬКРЭ́ДЭРЭ (ад італьян. del credere напавер),

у цывільным праве адна з умоў дагавору камісіі. Заключаецца ў прыняцці камісіянерам на сябе парукі за выкананне трэцяй асобай здзелкі, якая робіцца камісіянерам на карысць камітэнта. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь камісіянер, які прыняў Д., атрымлівае ад камітэнта асобнае ўзнагароджанне, памер якога вызначаецца пагадненнем бакоў, калі іншае не ўстаноўлена законам.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЛО́ДНЫЯ ПАХО́ДЫ»,

адна з формаў барацьбы беспрацоўных у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Удзельнікі паходаў у сталічныя ці вялікія адм. гарады ставілі свае патрабаванні ўрадам і парламентам, галоўныя з якіх — дзярж. страхаванне па беспрацоўі і выдача дапамогі беспрацоўным. Самыя вялікія «галодныя паходы» былі ў ЗША (1931, 1932) і Вялікабрытаніі (1932, 1933 і інш.).

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́МА (Glomma),

рака на Пд Нарвегіі, адна з самых вял. на Скандынаўскім п-ве. Даўж. 611 км, пл. бас. 41,8 тыс. км². Пачынаецца з азёр на У Сёр-Трэндэлага, цячэ па даліне Эстэрдаль, перасякае мноства азёр, утварае вадаспады. Упадае ў праліў Скагерак. Сярэдні расход вады 440 м³/с. Лесасплаў. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,

бел. нар. танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМКНЁНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

адна- ці шматканальная сістэма прыкладнога тэлебачання, у якой перадавальныя камеры звязаны з прыёмнікамі мясцовымі кабельнымі лініямі сувязі. Кіраванне камерамі дыстанцыйнае або яны працуюць у аўтам. рэжыме. Параметры З.т.с. вызначаюцца яе прызначэннем і могуць адрознівацца ад вяшчальных тэлевізійных стандартаў. Выкарыстоўваецца ў прамысл. тэлебачанні, навуч. установах, ваеннай справе, на транспарце, у медыцыне і інш.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦАВЫ́Я МЕ́РЫ,

меры даўжыні, якія маюць форму прамавугольнага паралелепіпеда або цыліндра з дзвюма плоскімі паралельнымі вымяральнымі паверхнямі. Найб. пашыраны плоскапаралельныя К.м. даўжыні — пліткі, прызначаныя для перадачы памераў ад эталона адзінкі даўжыні да вырабу (напр., для праверкі і градуіроўкі мер і вымяральных прылад). Для атрымання патрэбнай даўжыні складаюць блокі з некалькіх К.м., прыцёртых адна да адной.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́Н (франц. carton, італьян. cartone ад carta папера),

1) разнавіднасць паперы, якая вызначаецца высокай удзельнай масай (больш за 250 г/м²). Бывае адна- і мнагаслойны; упаковачны, паліграф., абутковы і інш. 2) У мастацтве — дапаможны буйнафарматны малюнак (часам каляровы), выкананы ў памеры будучага твора (насценнай размалёўкі, мазаікі, вітража, габелена). Выкарыстоўваецца ў дэкар.-прыкладным і манум. мастацтве.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІ́ (ад франц. maquis зараснікі вечназялёнага калючага цяжкапраходнага кустоўя),

адна з назваў франц. партызан, якія ў час 2-й сусв. вайны ў 1940—44 дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупантаў; састаўная частка Руху Супраціўлення Францыі. Базіраваліся пераважна ў лясах і горных раёнах. У некаторых атрадах М. змагаліся сав. ваеннапалонныя, што ўцяклі з ням. канцлагераў.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНІКІ, млечныя сасуды,

клеткі некат. кветкавых раслін, якія маюць у вакуолях млечны сок. Адрозніваюць 2 тыпы М.: членістыя і нячленістыя. Членістыя ўтвараюцца з многіх асобных клетак, якія зліваюцца ў суцэльную галінастую сістэму (напр., у складанакветных, макавых). Нячленістыя — адна гіганцкая клетка, што ўзнікае ў зародку, расце, разгаліноўваецца і пранізвае ўсе органы расліны (напр., у малачайных, тутавых).

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)