КАСА́НДРА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.
т. 8, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧ Фёдар Трафімавіч (1.3.1902, в. Боркі Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне лясной і сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1966), праф. (1967). Скончыў БСГА (1928). У 1967—81 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па пытаннях эканомікі лясной і сельскай гаспадаркі, размяшчэння дрэвавых парод, пра ролю лесу і асаблівасці шматгадовых насаджэнняў у сістэме земляробства, ахоўныя лесанасаджэнні.
Тв.:
Вопросы экономики и планирования сельскохозяйственного производства. Мн., 1960.
т. 8, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКІ́МАРА,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛА»,
«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.
Ю.М.Чурко.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ДЛІХ (KudUch) Ганс (25.10.1823, в. Лобенштайн каля г. Крноў, Чэхія — 11.11.1917),
аўстрыйскі паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т (1848). У рэвалюцыю 1848—49 удзельнік паўстанняў у Вене і Пфальцы (гл. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849), дэп. аўстр. рэйхстага (1848), ініцыіраваў прыняцце закону (7.9.1848) пра скасаванне асабістай залежнасці і павіннасцей сялян. Завочна прыгавораны аўстр. судом да пакарання смерцю; эмігрыраваў у Швейцарыю (1849), потым ЗША (1853), дзе і памёр. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1873).
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. брыгады «Штурмавая» (камандзір Б.М.Лунін) па разгроме фаш. гарнізона (каля 240 гітлераўцаў) у г. Лагойск Мінскай вобл. ў ноч на 23 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні аперацыі лагойскія падпольшчыкі склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пунктаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вял. трафеі.
т. 9, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТХАЛ,
рэшткі стараж. горада на Пн ад г. Бамбей, на беразе Камбейскага заліва ў Індыі. Належыць да помнікаў Інда даліны цывілізацыі, датуецца першымі стагоддзямі 2-га тыс. да н.э. Раскопкамі вывучаны цытадэль з мураванымі сценамі, сховішча, каналізацыя. Важнае значэнне для развіцця Л. меў гандаль. Выяўлены сведчанні кантактаў жыхароў горада з насельніцтвам узбярэжжа Персідскага заліва і Дэкана. У Л. атрыманы найб. раннія (18 ст. да н.э.) звесткі пра вырошчванне рысу.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯПЁШКІН Уладзімір Ігнатавіч (н. 8.1.1.1928, в. Церабель Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Засл. настаўнік Беларусі (1976). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Настаўнічаў. У 1970—79 дырэктар выд-ва «Народная асвета», у 1979—87 — СШ № 23 у Мінску. Друкуецца з 1949. Аўтар зб-каў вершаў пра выхаванне маладога пакалення, жыццё і працу, гіст. памяць народа «Ранішнія росы» (1961), «Рупнасць» (1966), «Роднае» (1970), «Вусце» (1973), «Перадлецце» (1978). Для дзяцей зб. «Званкі-званочкі» (1972).
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ КІНАХРО́НІКІ.
Існавала ў 1935—41 у Мінску. Створана на базе сектара кінахронікі кінаарганізацыі Белдзяржкіно. Выпускала кіначасопіс «Савецкая Беларусь», дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы, здымала сюжэты пра жыццё рэспублікі для ўсесаюзных кіначасопісаў. Сярод лепшых фільмаў: «Пушкін», «Асваенне балот у БССР» (абодва 1939), «Права на працу», «Права на адукацыю», «Права на адпачынак» (усе 1938), «Ардэнаносная БССР» (1939), «З хутароў — у калгасныя сядзібы» (1940), «Адроджанае Палессе» (1941) і інш.
В.І.Смаль.
т. 10, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)