АМЕНЕМХЕ́Т III,
егіпецкі фараон [каля 1844—1797 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім інтэнсіўна будаваліся храмы, былі расшыраны медныя руднікі на Сінайскім п-ве, у выніку ірыгацыйных работ у Фаюмскім аазісе створана штучнае Мерыдава воз., узведзены вял. будынак у Фаюме, названы грэкамі Лабірынтам (прыраўноўваўся да сямі дзівосаў свету), 2 піраміды. Праўленне Аменемхета III — перыяд т.зв. другога росквіту Егіпта.
т. 1, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),
няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.
т. 1, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧЭ́ННЕ, інверсія ў музыцы,
спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней ў неполіфанічных творах.
Т.Г.Мдывані.
т. 1, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Тэадор Геранім) (1643 — 14.4.1707),
дзярж. дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. У 1657—69 пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1672 і ў 1678—1700 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. У 1673 удзельнічаў у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Паломнічаў у Рым (1674). Падкаморы (1693) і кашталян (1700) навагрудскі. Аўтар «Дыярыуша», які ахоплівае падзеі грамадска-паліт. жыцця Рэчы Паспалітай 1656—1700.
т. 1, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБІТУ́РАВАЯ КІСЛАТА́, маланілмачавіна,
гетэрацыклічнае арганічнае рэчыва, C4H4N2O3, мал. м. 128,10. Бясколерныя крышталі, tпл 248 °C (з раскладаннем). Кіслотныя ўласцівасці абумоўлены таўтамерыяй. Сінтэзуюць з мачавіны і малонавай кіслаты.
Вытворныя барбітуравай кіслаты, што маюць алкільныя, цыклаалкільныя, арыльныя замяшчальнікі, наз. барбітуратамі. Яны прыгнечваюць ц. н. с., выкарыстоўваюцца як снатворныя, процісутаргавыя і наркатычныя сродкі. Пры працяглым ужыванні барбітуратаў арганізм прывыкае да іх; вял. дозы — смяротныя.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІ́ННІК (Любоў Якаўлеўна) (29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),
дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.Ралана і інш.).
т. 2, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ДЛЕНД, бэдленд (англ. bad lands літар. дрэнныя землі),
мясцовасць з рэзка і моцна расчлянёным нізкагорным рэльефам, цяжкапраходным і непрыдатным для земляробства. Складаецца з заблытанай сеткі разгалінаваных яроў і вузкіх грабянёў, якія іх падзяляюць. Узнікае ў выніку дзейнасці часовых (ліўневых) патокаў ва ўмовах разрэджанай расліннасці на рыхлых пародах. Пашыраны ў пустынных і паўпустынных раёнах свету; пры нерацыянальным землекарыстанні бедленды ўзнікаюць у стэпах і лесастэпах.
т. 2, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́ННАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
метад раздзялення і ачысткі біялагічна актыўных рэчываў. Заснаваны на іх спецыфічным (адпаведна біял. функцыі) узаемадзеянні з лігандамі, якія звязаны з носьбітам кавалентнай сувяззю. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях для вылучэння ферментаў, антыцелаў, антыгенаў, гармонаў, вірусаў, клетак і вывучэння механізму іх дзеяння, а таксама ў медыцыне пры біяхім. аналізе. Гл. таксама Храматаграфія.
Літ.:
Туркова Я. Аффинная хроматография: Пер. с англ. М., 1980.
т. 2, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАШЫ́НСКІ (Аляксандр Іосіфавіч) (18.2.1905, г. Віцебск — 3.6.1970),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1945), праф. (1946). Скончыў Данскі вет. ін-т (1933). У 1949—50 і з 1962 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па патагенезе пры паратуберкулёзным энтэрыце буйн. раг. жывёлы, пытаннях прафілактыкі атручэння с.-г. жывёл ядавітымі раслінамі, барацьбы з піраплазмозам буйн. раг. Жывёлы.
т. 2, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1760—68 у Бабруйску пры езуіцкім калегіуме. Паводле інш. звестак, т-р існаваў значна раней; захавалася друкаваная праграма 1725 пастаноўкі драмы «Акадэмія мудрасці караля Аляксандра». Пасля 1-га і 2-га актаў выконваліся інтэрмедыі і алегарычныя балеты. У 1768 вучні паказалі трагедыю свайго настаўніка рыторыкі, ураджэнца Беларусі Я.Віхерта «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (на польск. Мове).
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)