КАВАЛЁЎ (Рыгор Сямёнавіч) (8.5.1902, в.Вял. Крушынаўка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.8.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). У 1928—32 працаваў у Азяранскім лясніцтве, у 1932—41 старшыня калгаса ў Рагачоўскім р-не. У Вял.Айч. вайну з 1943 партызан 8-й Рагачоўскай брыгады. З ліп. 1944 на 3-м Бел. фронце, стралок. Вызначыўся ў баі каля г. Шаўляй (Літва): каб стрымаць контратаку варожага пяхотнага батальёна, які падтрымлівалі 23 танкі і 9 бронетранспарцёраў, сяржант К. са звязкай гранат кінуўся пад танк. Байцы, натхнёныя яго подзвігам, адбілі контратаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКЕ́ВІЧ (Павел Канстанцінавіч) (2.10.1904, в. Забашавічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1943). Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Аб’яднаную бел.ваен. школу (1931),
Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах. франтах. Вызначыўся 12—15.2.1943 у баях пад Харкавам: стралк. полк пад яго камандаваннем перакрыў шашу Харкаў — Палтава і адрэзаў ворагу шляхі адыходу, знішчыў больш за 200 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі. Загінуў у баі. На радзіме ўстаноўлены бюст К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬМА́ ПРУТКО́Ў,
калектыўны літ. псеўданім і сатыр. вобраз, створаны ў 1850—60-я г. групай рус. пісьменнікаў, у якую ўваходзілі А.К.Талстой і браты Аляксей, Аляксандр і Уладзімір Жамчужнікавы. Камічны партрэт К.П. намалявалі Аляксей Жамчужнікаў, А.Бейдэман і Л.Лагорыо. Сатыр. творы К.П. (вершы, байкі, літ. пародыі, эпіграмы, афарызмы, камедыі) накіраваны супраць коснасці, кансерватызму, абмежаванасці, тупасці чыноўніцтва, літ. эпігонства. Многія яго выслоўі сталі крылатымі. Творы К.П. публікаваліся ў час. «Искра», «Современник» і інш.
Тв.:
Соч.М., 1982.
Літ.:
Жуков Д. Козьма Прутков и его друзья. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКША́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (5.12.1818, каля г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 2.1.1893),
расійскі мінералог-крышталёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1866). Скончыў Ін-т корпуса горных інжынераў у Пецярбургу (1840). Прымаў удзел у экспедыцыях англ. геолага Р.І.Мурчысана ў час яго наведвання Расіі. Дырэктар Горнага ін-та ў Пецярбургу (1872—81), праф. (1851—55). З 1865 дырэктар Мінералагічнага т-ва і рэдактар многіх тамоў «Запісак мінералагічнага т-ва». Асн. твор — «Матэрыялы для мінералогіі Расіі» (т. 1—6, 1852—77). Вылічыў крышталеграфічныя канстанты, якія пакладзены ў аснову марфал. характарыстык многіх мінералаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́,
стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМА́РЫНСКАЯ»,
«Камарынскі», імправізацыйны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Можа быць сольны, парны, масавы. Выконваць могуць мужчыны, жанчыны і дзеці. Яго адметнасць і прыгажосць у спалучэнні нац. асаблівасцей харэаграфіі розных народаў — бел., рус., укр., цыганоў, татар, армян, таджыкаў, малдаван і інш. Выканаўцы вар’іруюць і камбінуюць каленцы ў залежнасці ад уласных густу і фантазіі. Нягледзячы на разнастайнасць харэаграфічных малюнкаў, цэласны выгляд танца і мелодыя не мяняюцца. На Беларусі пашыраны ўсюды, асабліва ў раёнах, сумежных з Расіяй. Бел. варыянт танца вызначаецца найб. ярка выяўленай нац. харэаграфічнай лексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТО́ЛІЙ (лац. Capitolium, Capitolinus mons),
адзін з 7 узгоркаў, на якім узнік Стараж.Рым. Са стараж. часоў быў цэнтрам рэліг. культу. Пасля аб’яднання паселішчаў на рым. узгорках уключаны ў гар. мяжу і абнесены сцяной. На адной з 2 яго вяршынь знаходзілася крэпасць, на другой у эпоху этрускага панавання быў пабудаваны Капіталійскі храм. З паўд.-зах. абрывістага схілу К. (Тарпейскай скалы) скідвалі злачынцаў. На К. завяршаліся трыумфальныя шэсці перамогшых рым. войскаў, пачыналіся святочныя працэсіі рым. гульняў. На ўзор Рыма свае К. мелі і іншыя гарады Італіі і рым. калоній у Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТУРО́ВЫ СУД,
часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалітай па разгляду тэрміновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць (акрамя гродскіх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерці Жыгімонта II у 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. і зацвердзіў іх пастановы (выракі). Пасля яго смерці ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Іх зацвердзіў Варшаўскі канвакацыйны сейм 1587, які дазволіў выбраць К.с. ва ўсіх ваяводствах, у т. л. ў ВКЛ. Практыку ўтварэння К.с. скасаваў сейм 1768.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБА́ХСКАЕ ХА́НСТВА,
дзяржава ў Закаўказзі ў міжрэччы Аракса і Куры ў сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. Вылучылася ў 1747 са складу Ірана. Заснавальнік — Панах Аліхан (правіў у 1747—59). Сталіца з 1752 — г. Панахабад (цяпер Шуша). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства, жывёлагадоўля, рамёствы. Пры Ібрагіме Халілханс (1759—1806) ханства падпарадкавала ўвесь Карабах, Нахічэвань, землі Паўд. Азербайджана. Перад пагрозай заваявання з боку Ірана і Турцыі ў 1805 Ібрагім падпісаў дагавор аб пераходзе дзяржавы пад пратэктарат Расіі. Гэта прывяло пры яго пераемніку да скасавання ханства рас. ўладамі (1822, пераўтворана ў Карабахскую прав.).