укла́сці¹, -ладу́, -ладзе́ш, -ладзе́; -ладзём, -ладзяце́, -ладу́ць; -ла́ў, -ла́ла; -ладзі́; -ла́дзены; зак.

1. каго (што). Прымусіць легчы, надаць каму-н. ляжачае становішча.

У. ў ложак.

У. спаць.

2. што чым. Пакрыць чым-н. на якой-н. прасторы.

У. дарожку каменнем.

3. што. Палажыць у пэўным парадку.

У. рэйкі.

У. снапы на таку ў адзін рад.

У. валасы (зрабіць прычоску).

4. што ў што. Палажыць, змясціць унутр.

У. пісьмо ў канверт.

У. душу ў што-н. (перан.).

5. што ў што. Змясціць у якое-н. прадпрыемства (сродкі, грошы).

У. капітал у цяжкую прамысловасць.

6. перан., каго (што). Тое, што і забіць (у 1 знач.; разм.).

У. звера на месцы.

|| незак. уклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 знач.) і укла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. уклада́нне, -я, н. (да 1—5 знач.), укла́дванне, -я, н. і укла́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гніля́к, ‑а, м.

1. Кусок гнілога, спарахнелага дрэва. Пень трэба .. узяць на падпалку: сухі гніляк і бяроста стануць гарэць, як смаляк. Пташнікаў. Старыя хрыплівыя ўздыханні напамінаюць гуд пілы, якая рэжа мяккі гніляк. Бядуля.

2. перан. Пра хваравітага, слабага чалавека. Не падобна гэта на Андрэя — даць па зубах, тым больш таму старому гніляку, пра якога ён збіраецца расказаць. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рыч, ‑ы, ж.

1. Горкі пах, горкі смак. Горыч дыму. □ Дзіцячай усмешкай застыну, Калі прыгадаецца ранак, Забытая горыч палыну, Драўляны даверлівы ганак. Вярба.

2. перан. Цяжкае, горкае пачуццё, выкліканае горам, няўдачай, крыўдай і пад. Горыч паражэння. Горыч разлукі. □ Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні дарог, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балабо́н, ‑а, м.

Разм.

1. Кругленькі званочак у выглядзе шарыка. Аднекуль здалёк прыляталі глухія гукі балабонаў — відаць, пасвіліся на балоце коні. Лынькоў. Адна, мусіць, самая збродлівая [карова], з балабонам: нагне галаву, каб да травіны дастаць, — балабон звініць. Сіпакоў.

2. перан. Балбатун, пустаслоў. Не, ён не з тых, хто менціць языком, у балабонаў рукі такімі мазолістымі не бываюць. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балабо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм.

1. Звінець, гучэць.

2. перан. Балбатаць, малоць лухту. Гаворкі ўжо людскае [у Пракопа] не будзе: чаўпе, балабоніць, плявузгае, а што да чаго — не разбярэш. Вітка. // У адносінах да чаго‑н., што ўтварае гукі. [Грачова:] — Бухгалтар!.. Выходзіш з дому, дык радыё выключай. У мяне сваё ёсць... Што яно мне тут увесь дзень балабоніць! Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бічава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.

Біць, хвастаць бізуном, бічом. / Аб падобным уздзеянні чым‑н. на што‑н. Да крыві мне грудзі, твар Шторм бічаваў балюча. Танк. // перан. Выкрываць недахопы, рэзка крытыкаваць. З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет», «На шашы». Лойка. Гаруе Насця і бічуе Сама сябе за свой парыў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вэ́люм, ‑у, м.

Кавалак тонкай празрыстай тканіны, прымацаваны да вянка або жаночага капелюша; з’яўляецца часткай жаночага шлюбнага (белы) або жалобнага (чорны) убору. Нявеста была як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. / у перан. ужыв. Два дні неба над пасёлкам было зацягнута хмарамі. Яны ахуталі шэрым вэлюмам вяршаліны гор. Бяганская.

[Іт. velo ад лац. velum — заслона.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаі́ць, гаю, гоіш, гоіць; незак., што.

Залечваць якое‑н. пашкоджанне на целе. Гаіць рану. // Быць сродкам лячэння, мець лекавыя якасці. Многія травы гояць раны. // перан. Супакойваць, сцішаць душэўны боль, пачуццё крыўды і пад. Пацалункі твае Ап’янялі мяне І гаілі душэўныя раны. Журба. Час — надзейны сродак ад усялякага гора. Ён і слёзы высушвае і раны гоіць. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гмах, ‑у, м.

Вялікі вышынны будынак. Я ў сталіцы ізноў Сярод гмахаў-дамоў, Што здзіўляюць красой небывалай. Журба. Высокі клён, Але і ён — Па пояс дому-гмаху. Макаль. // перан. Увогуле пра што‑н. вялікае, велічнае. Дуб і сосны — векавыя гмахі, Не баяцца бур і навальніц. Пысін. Грамада — вялікі гмах: Адзін ляжа, сто ідзе, А хто ж роўны грамадзе?! Купала.

[Польск. gmach з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)