БАЛО́МЕТР

(ад грэч. bolē прамень + ...метр),

прылада для вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення. Асн. частка — тэрмаадчувальны элемент, эл. супраціўленне якога мяняецца пад уздзеяннем выпрамянення.

Бываюць балометры металічныя (тонкія чэрненыя метал. плёнкі), паўправадніковыя (гл. Тэрмарэзістар) і дыэлектрычныя (слаі сегнетаэлектрыкаў або аксідаў тытану ці крэмнію). Створаны звышправодныя балометры. Памеры і формы адчувальнага элемента вызначаюцца прыродай крыніцы выпрамянення; для спектральных вымярэнняў вырабляецца з 2 аднолькавых палосак (выпрамяненне накіроўваецца толькі на адну). Выкарыстоўваюцца балометры ў інфрачырв. спектраметрыі, радыё- і піраметрыі.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ

(?—2.5.1159),

князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РАЎ Уладзімір Вячаслававіч

(8.7.1904, Казань — 28.1.1973),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.

С.У.Жумар.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ Юрый Уладзіміравіч

(н. 4.5.1950, в. Селаўшчына Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэарэтычнай механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1993). Скончыў БДУ (1972). У 1976—94 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. З 1994 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па механіцы дэфармуемага цвёрдага цела, матэматыцы і акустыцы. Распрацаваў метады рашэння гранічных задач аб пругкай раўнавазе ізатропных і анізатропных плоскіх цел, якія знаходзяцца пад дзеяннем вонкавай нагрузкі і т-ры.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,

князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р. Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧО́,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка (выцякае з возера), за 1,5 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,38 км², даўж. 1,28 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 3,28 км. Пл. вадазбору 78,4 км².

Схілы катлавіны выш. 5—17 м, пераважна разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі месцамі пад хмызняком. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. На Пд упадаюць ручаі з азёраў Вечалле і Дземінец.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕР Міхаіл Львовіч

(Майсей Лейбавіч; 1857, г. Пінск — 1882),

удзельнік народніцкага руху. Скончыў гімназію ў Мінску, вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1876 чл. Мінскага народніцкага гуртка М.Г.Рабіновіча-Чорнага. У 1877 арганізаваў у Мінску народніцкі гурток землявольскага кірунку. У 1878 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Парыжы. У 1881 вярнуўся ў Расію, добраахвотна з’явіўся ў Мінскае губ. жандарскае ўпраўленне, жыў пад наглядам паліцыі. Яго кантакты з уладамі адмоўна ацэнены ў колах рэвалюцыянераў. Скончыў самагубствам.

М.Б.Ласінскі.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТЭРФЕЛЬД (Westerfeldt) Абрахам ван

(? — 24 ці 30.4.1692),

галандскі жывапісец, рысавальшчык і каліграф. У канцы 1640 — пач. 1650-х г. працаваў на Беларусі як прыдворны мастак кн. Радзівілаў у Нясвіжы. Стварыў серыю карцін і малюнкаў на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла: «Уступленне князя Я.Радзівіла ў Кіеў», «Паланенне М.Крычэўскага пад Лоевам» (1649, паводле карціны на Карэліцкай мануфактуры каля 1760 створаны габелен), «Разгром казакамі літоўскай флатыліі на Дняпры» (1651) і інш. Аўтар партрэтаў Крычэўскага, Б.Хмяльніцкага, замалёвак помнікаў архітэктуры Кіева.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧЫЦА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 10 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 69,8 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м (на Пн і ПнУ 5—7 м), на ПнЗ невыразныя, парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Зарастае падводнай расліннасцю. Праз возера цячэ р. Ідута.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)