АТРАКТЫ́ЎНАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ, выбіральнасць асяроддзя,
сукупнасць уласцівасцяў і адзнак навакольнага асяроддзя, дзякуючы якім жывыя арганізмы аддаюць перавагу пэўнаму біятопу пры пошуку ежы, месцаў размнажэння, сховішчаў і інш. Складаецца з комплекснага ўздзеяння на арганізмы (напр., на жывёл) візуальных, хім. і тактыльных раздражняльнікаў; яны могуць дзейнічаць адначасова або паслядоўна па меры прыбліжэння жывёлы да аб’екта. Для энтамафагаў атрактыўнасць асяроддзя могуць складаць раслінныя згуртаванні, багатыя іх ахвярамі.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭКТАНІ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
утварэнне складак горных парод пад уздзеяннем экзагенных працэсаў. Атэктанічная складкавасць узнікае ад напору покрыўных ледавікоў, апоўзневых працэсаў, выпірання гліністых парод у бартах рачных далін, абвалу парод у карставыя пустоты, разбухання ангідрыту пры пераходзе ў гіпс, перакрывання асадкамі рыфтавых пабудоў і выступаў рэльефу і інш. У Беларусі найб. шырока праявілася як гляцыятэктанічныя парушэнні ў адкладах плейстацэну.
М.А.Нагорны.
т. 2, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЕ́ДА (Oviedo),
горад на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах. Адм. цэнтр аўт. вобласці Астурыя і правінцыі Аўеда. Засн. пры кляштары, пабудаваным каля 780. 196,1 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Аванпорт на Біскайскім зал. — Хіхон. Цэнтр найбуйнейшага ў краіне вугальнага басейна, металургія, машынабудаванне (пераважна цяжкае), харч., тэкст., цэментная, керамічная, фармацэўтычная прам-сць. Арх. помнікі 8—18 ст. Ун-т. Археал. музей.
т. 2, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),
дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РАВЕЦ,
горнакліматычны курорт у Балгарыі. На ПдЗ ад Сафіі на паўн. схілах гор Рыла. Адзін са старэйшых і папулярных у Балгарыі, развіваецца з 19 ст. (у мінулым месца адпачынку вяльможаў, летняя рэзідэнцыя царскай сям’і). Сярэднягорны клімат з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам спрыяльны пры лячэнні неспецыфічных хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Каля 200 відаў, атэлі, кемпінг, дамы адпачынку.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́МІСТЫ ВАДАРО́Д, бромавадарод,
злучэнне брому з вадародам (HBr). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tпл -86,9 °C, tкіп -66,7 °C, шчыльн. вадкага 2170 кг/м³ (-68 °C). Раствор HBr у вадзе — броміставадародная кіслата. Атрымліваюць бромісты вадарод узаемадзеяннем пары брому і вадароду пры t 500—550 °C (каталізатар плаціна). Выкарыстоўваюць для сінтэзу брамідаў, арган. бромвытворных. Бромісты вадарод таксічны; ГДК 10 мг/м³.
т. 3, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНЕ́ЛЯ МЕ́ТАД,
спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў па ўцісканні сталёвага загартаванага шарыка вызначаных памераў пры зададзенай нагрузцы. Лік цвёрдасці па Брынелю (НВ) — адносіны нагрузкі да плошчы паверхні адбітка. Выпрабаванні па Брынеля метаду праводзяць на стацыянарных цвердамерах (прэсах Брынеля), якія забяспечваюць павольнае прыкладанне зададзенай нагрузкі да шарыка і яе пастаянства на працягу зададзенага часу. Названы ў гонар швед. інж. Ю.А.Брынеля.
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МУЗЫ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1940 у Брэсце як муз. вучылішча. З 1993 каледж. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): нар. інструменты; спевы, струнныя, духавыя і ўдарныя інструменты; тэорыя музыкі; фартэпіяна; хар. дырыжыраванне. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае. Пры каледжы працуюць: дзіцячая муз. школа з прафарыентацыяй (з 1994); хор, аркестры (бел. і рус. нар. інструментаў, духавы, сімфанічны).
Г.В.Сегянюк.
т. 3, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,
асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,
боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)