вызначае суадносіны паміж канцэнтрацыямі прадуктаў рэакцыі і зыходных рэчываў у стане раўнавагі хімічнай, адзін з асн. законаў фіз. хіміі. Адкрыты ў 1864—67 нарвежскімі вучонымі К.Гульдбергам і П.Вааге, якія назвалі «дзейнай масай» рэчыва — колькасць яго ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыю), адсюль назва.
Паводле Дз.м.з. пры нязменнай т-ры скорасць элементарнай гамагеннай рэакцыі прама прапарцыянальная здабытку канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў у ступенях, роўных стэхіяметрычным каэфіцыентам гэтых рэчываў ва ўраўненні хім. рэакцыі (гл.Ураўненні хімічныя). Дз.м.з. карыстаюцца пры разліках у хім. кінетыцы і тэрмадынаміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІМІ́ТРАЎ-МА́ЙСТАРА (Уладзімір) (1.2.1882, с. Фролаш, Кюстэндзілская акруга, Балгарыя — 29.9.1960),
балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1952). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Сафіі (1903—10). Аўтар партрэтаў людзей з народа, сцэн сял. жыцця: «Нявеста» (1935), «Сям’я» (1938), «Дзяўчына з с. Шышкаўцы» (1937), «Дзяўчына» (1952) і інш. У яго карцінах з франтальнымі, нібыта распластанымі на плоскасці адлюстраваннямі, абагульненай манерай жывапісу, кантрастамі яркіх колеравых тонаў набылі маст. гучанне традыцыі балг.нар. мастацтва. Іл.гл. ў арт.Балгарыя.
Літ.:
Колев Б.В. Димитров-Майстора: Пер. с болг. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАНІ́СІ,
руіны горада-крэпасці (пл. 25 га) каля г.п. Дманісі ў Грузіі ў сутоках р. Машавера і Пінезауры. Узнік у эпоху сярэдневякоўя. З 9 ст. Д. валодалі арабы, пасля туркі-сельджукі, выгнаныя ў 1123 Давыдам IV Будаўніком. Росквіт Д. адносіцца да 12—13 ст. Пасля разгрому Д. Цімурам у 14 ст. пачынаецца яго заняпад. Да 18 ст. горад абязлюдзеў. У выніку раскопак (вядуцца з 1936) выяўлены гар. пабудовы, знойдзена кераміка, манеты, прылады працы, зброя, скарб з 25 залатых і сярэбраных упрыгожанняў 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ АФІЦЭ́РАЎу Мінску.
Пабудаваны ў 1934—39 (перабудова сабора б. архірэйскага падвор’я; арх. І.Лангбард). Для яго архітэктуры характэрны лаканізм і прастата кампазіцыйнай пабудовы. Гал. фасад арыентаваны на цэнтр. сквер. Трохчвэртныя калоны на вышыню 4 паверхаў падтрымліваюць велічны атык. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны сродкі манум.-дэкар. мастацтва (барэльефы на партале сцэны, асвятляльных галерэях, у фае, плавальным басейне; скульпт. А.Бембель, А.Глебаў і інш.). У 1974 рэканструяваны інтэр’еры тэатральнай часткі (аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам арх. Г.Сысоева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́НЕР ((Donner) Георг Рафаэль) (24.5.1693, Эслінг, цяпер у межах Вены — 15.2.1741),
аўстрыйскі скульптар. Вучыўся ў Гайлігенкройцы. Працаваў у Вене (з 1715), Зальцбургу (1725—28), Браціславе (1728—38). Д. захоўваў уласцівую пластыцы барока дынаміку і адначасова імкнуўся да класічнай выразнасці формаў. Яго творы ў галіне манум.-дэкар. скульптуры адметныя дынамікай і эфектыўнасцю кампазіцыі, строгай вытанчанасцю формаў (гал. алтар сабора св. Марціна ў Браціславе 1732—34, алегарычныя фігуры для фантана на Новым рынку ў Вене 1737—39 і інш.).
Р.Донер. «Бажаство ракі Энс». Фігура для фантана на Новым рынку ў Вене. 1738.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́СЛЕД,
агульнанавуковы метад вывучэння з’яў аб’ектыўнага свету ў спецыяльна створаных, дакладна вызначаных умовах. Адрозніваецца ад назіранняў актыўным аперыраваннем аб’ектам, які вывучаецца. Ажыццяўляецца на аснове тэорыі, што вызначае пастаноўку задач і інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Д. — праверка гіпотэз і пацвярджэнне тэорыі; часам выступае як адна з формаў практыкі (эксперыменту), выконвае функцыю крытэрыю сапраўднасці, навук. пазнання ўвогуле. З развіццём навукі і тэхнікі межы выкарыстання Д. пашыраюцца, ён робіцца больш складаным. Вял. значэнне мае сац. Д., які дапамагае выяўляць і даследаваць працэсы сац.-эканам., паліт. і духоўнага развіцця грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЖНІ́ЛКІ,
кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМІТРЫЯ́ДЗІ (Адысей Ахілесавіч) (н. 7.7.1908, г. Батумі, Аджарыя),
грузінскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1958). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1936, клас І.Мусіна). У 1937—74 (з перапынкамі) дырыжор, у 1952—65 гал. дырыжор Груз.т-ра оперы і балета. У 1965—73 у Вял. т-ры. У 1947—52 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Грузіі. Выкладаў у Тбіліскай (1937—41 і з 1957, праф. з 1961) і Маскоўскай (1968—73) кансерваторыях. Першы выканаўца шматлікіх твораў сав. кампазітараў. Пад ягомуз. кіраўніцтвам пастаўлены многія оперы і балеты. Дзярж. прэмія Грузіі 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАЭРА́ТАР (ад дэ... + грэч. aer паветра),
апарат для выдалення з вады раствораных у ёй газаў (пераважна кіслароду і дыаксіду вугляроду). Звычайна ўстанаўліваюцца на цеплавых і атамных электрастанцыях для дэаэрацыі вады, якая падаецца ў парагенератары і цеплавую сетку, з мэтай недапушчэння карозіі тэхнал. абсталявання. Бываюць тэрмічныя (газы выдаляюцца падагрэвам вады), хім. (з сульфітам натрыю), сталястружачныя (кісларод паглынаецца пры акісленні металу). У струменных тэрмічных Д. вада падаецца ў верхнюю яго частку, дзе распырскваецца, сцякае ўніз і награецца сустрэчнай парай да кіпення; газы і лішкі пары (выпар) выдаляюцца ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭДА́Л І ІКА́Р,
персанажы старажытнагрэчаскай міфалогіі. Дэдал — выдатны вынаходнік, механік, будаўнік, скульптар. Ікар — яго сын. Паводле міфа, Дэдал па загадзе крыцкага цара Мінаса пабудаваў лабірынт для Мінатаўра і дапамог Арыядне вызваліць з лабірынта Тэсея, за што разам з Ікарам быў зняволены. Д. і І. зрабілі з пер’я і воску крылы, бацька даляцеў да Сіцыліі, а сын занадта наблізіўся да сонца, воск на крылах растапіўся, Ікар зваліўся ў мора і загінуў. Вобраз Ікара, чалавека, які ўзляцеў да сонца, часта выкарыстоўваецца ў л-ры, выяўл. мастацтве, музыцы.