сукупнасць пагадненняў паміж Расіяй, Германіяй і Аўстра-Венгрыяй у 1873—84. Пачаты пагадненнем Аўстра-Венгрыі і Расіі, падпісаным 6.6.1873 Аляксандрам II і Францам Іосіфам I; 23.10.1873 да яго далучылася Германія. Пагадненне прадугледжвала агульнасць палітыкі, кансультацыі ў выпадку ўскладнення міжнар. становішча. Імператары абавязваліся сілай падтрымліваць мір у Еўропе. Уступленнем у саюз Расія імкнулася не дапусціць змовы Аўстрыі і Германіі за кошт яе інтарэсаў на Балканах, захаваць землі, набытыя ў Сярэдняй Азіі ў выпадку абвастрэння супярэчнасцей з Англіяй; Германія — перашкодзіць збліжэнню Францыі і Расіі. Саюз не быў трывалым і не ліквідаваў супярэчнасцей паміж саюзнікамі. Калі руска-герм. адносіны пагоршалі, Германія і Аўстрыя ў 1879 заключылі тайны дагавор, накіраваны супраць Расіі. Баючыся далейшага збліжэння Германіі і Аўстра-Венгрыі, Расія згадзілася аднавіць саюз, і ў 1881 быў заключаны руска-аўстрыйска-герм. дагавор, які абавязваў гэтыя дзяржавы трымацца нейтралітэту ў выпадку вайны адной з іх з інш. дзяржавай. Бакі абавязваліся лічыцца з інтарэсамі адзін аднаго на Балканах і не дапускаць змены граніц Турцыі. У 1884 дагавор прадоўжаны на 3 гады. У 1887 заменены рус.-герм. дагаворам.
Літ.:
Сказкин С.Д. Конец австро-русско-германского союза. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў 1876—1921 у мяст. Свіслач Гродзенскай губ. як агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова з пед. ухілам. Засн. 21.9.1876 на месцы 4-класнай прагімназіі. Рыхтавала настаўнікаў для пач.нар. вучылішчаў пераважна для Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзіла. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. З губернскага фонду на спец. земскія стыпендыі штогод выдзялялася 2 тыс.руб. Напачатку мела 3 класы. У 1907 рэарганізавана — асн. курс падзелены на 4 класы, адкрыты падрыхтоўчы клас і ўзорнае пач. вучылішча, у якім семінарысты праходзілі практыку. Прымаліся асобы з усіх саслоўяў, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту і мелі дыплом пра заканчэнне нар.пач. вучылішча. Паступаць у ВНУРас. імперыі выпускнікі не мелі права. У 1911 у семінарыі навучалася 204, у 1915—207 выхаванцаў. Яе ўзначальваў дырэктар, працавалі законанастаўнік, 6 выкладчыкаў, урач і фельчар. Заняткі вялі выпускнікі рас. ун-таў, духоўных акадэмій, Бельскай настаўніцкай семінарыі, Віленскага настаўніцкага ін-та, уласныя выхаванцы. Выкладаліся: Закон Божы, асновы педагогікі, рус. і царк.-слав. мовы, матэматыка, фізіка, каморніцтва, геаметрыя, гісторыя, геаграфія, чарчэнне, прыродазнаўства, чыстапісанне, спевы, гімнастыка, рамёствы, маляванне, агародніцтва і садоўніцтва. Летам 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Мядынь Калужскай губ. (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦКІ Іван Францавіч (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́ПСКАЯ БІ́ТВА 1853,
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г.Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял. бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.С.Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс.чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.
Да арт.Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДО́ЎСКАЯ-КЮРЫ́ (Skłodowska-Curie) Марыя (7.11.1867, Варшава — 4.7.1934),
фізік і хімік, адзін са стваральнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1907), ганаровы чл.АНСССР (1926). Па паходжанні полька, з 1891 у Францыі. Маці І.Жаліо-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1894), дзе і працавала (з 1906 заг. кафедры). З 1914 заг. фізіка-хім. аддзела Ін-та радыю ў Парыжы. Навук. працы па радыеактыўнасці і яе выкарыстанні. Выявіла радыеактыўнасць торыю, з мужам П.Кюры адкрыла хім. элементы палоній і радый (1898), даследавала ўласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення, увяла тэрмін «радыеактыўнасць». Разам з франц. хімікам А.Дэб’ернам атрымала металічны радый і даследавала яго ўласцівасці (1910). У гонар С.-К. і П. Кюры названы адзінка актыўнасці радыенуклідаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўскія прэміі па фізіцы 1903 (разам з П.Кюры і А.А.Бекерэлем) і па хіміі 1911.
Тв.:
Рус.пер. — Радиоактивность. 2 изд. М., 1960.
Літ.:
Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і РСФСР у 1708—1929. Цэнтр — г.Смаленск. Смаленская зямля (гл.Смаленскае княства) далучана да Расіі ў выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1686 утворана Смаленскае ваяводства, у 1708 — С.г.; у 1719 скасавана, з часткі яе ўтворана Смаленская правінцыя Рыжскай губ. У 1726 С.г. адноўлена, падзялялася на паветы: Вяземскі, Гжацкі, Дарагабужскі, Ельнінскі, Касплянскі, Краснінскі, Парэцкі, Рослаўскі, Рупасоўскі, Смаленскі і Сычоўскі. У 1776 перайменавана ў Смаленскае намесніцтва. У 1796 С.г. адноўлена, падзялялася на 9 паветаў: Бельскі, Вяземскі, Гжацкі, Дарагабужскі, Парэцкі, Рослаўскі, Смаленскі, Сычоўскі, Юхнаўскі. У 1897 у С.г. насельніцтва 1 551 068 чал., пл. 49 212,2 кв. вярсты. З 1918 С.г. ў складзе БССР (акрамя Вяземскага, Гжацкага, Сычоўскага і Юхнаўскага пав.). Паводле пастаноў НКУС РСФСР ад 11.7.1919 да С.г. далучаны Мсціслаўскі пав. Гомельскай губ., ад 26.9.1919—4 воласці (Любавіцкая, Мікулінская, Руднянская і Хлыстоўская) Аршанскага пав. Віцебскай губ., паводле пастановы ВЦВК ад 27.7.1922 — Горацкі пав. Гомельскай губ. (акрамя Нічыпаравіцкай вол.). Паводле пастановы ЦВКСССР ад 7.3.1924 Горацкі і Мсціслаўскі пав. вернуты ў склад БССР. У 1929 С.г. скасавана ў сувязі з раянаваннем і ўтварэннем Зах. вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГАВО́Е ПО́КРЫВА,
слой снегу на паверхні Зямлі, які ўтвараецца ад снегападаў. Бывае часовае (растае за некалькі гадзін або дзён) і ўстойлівае (ляжыць на працягу ўсёй зімы або з невял. перапынкамі). Характарызуецца вышынёй і шчыльнасцю (вымяраецца снегамерам). Моцна адбівае сонечную радыяцыю (гл.Альбеда), істотна ўплывае на водна-цеплавы рэжым глебы, садзейнічае затрыманню цяпла, ахоўвае расліны ад вымярзання. Аказвае ўздзеянне на клімат, рэльеф, гідралагічныя і глебаўтваральныя працэсы, жыццё расл. і жывёльнага свету. Макс. плошчы на Зямлі С.п. займае ў канцы зімы Паўн. паўшар’я (99 млн.км²), мінім. — у канцы зімы Паўд. паўшар’я (47 млн.км²). Каля 30% снегу, які ўтвараецца штогод, служыць крыніцай жыўлення ледавікоў. На Беларусі ўстойлівае С.п. трымаецца ў сярэднім 100—110 сут на ПнУ і 70—80 сут па ПдЗ, утвараецца звычайна на ПнУ у пач., а на ПдЗ у канцы снежня, разбураецца ў сак., канчаткова сыходзіць праз 9—20 сут. Найб.выш. С.п. ў канцы лютага — пач.сак. — ад 15—20 см на Пд да 20—45 см на Пн. Шчыльнасць С.п. ў першыя месяцы зімы на адкрытых участках 0,1—0,15 г/см³, у канцы яе да 0,3—0,4 г/см³ (у лесе меншая). Гл. таксама Снегавая лінія, Снегазатрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЧЫ,
горад у Краснадарскім краі Padi, прыморскі бальнеакліматычны курорт усерасійскага значэння. Цягнецца ўздоўж Чарнаморскага ўзбярэжжа на 145 км, пл. больш за 3,5 тыс.км². Засн. ў 1838. 359 тыс.ж. (2000). Марскі пасажырскі порт, аэрапорт Адлер. Прам-сць абслугоўвае патрэбы курорта. Вядучыя яе галіны — харч., харчасмакавая, буд. прадпрыемствы. Ін-т курортнай справы і турызму. Тэатр. Цырк. Музеі: гісторыі горада-курорта, маст., этнагр. і інш. Месца правядзення розных муз. і кінафестываляў, конкурсаў, спарт. спаборніцтваў. Буйны цэнтр турызму.
Клімат субтрапічны вільготны. Лета сухое і цёплае (сярэдняя т-ра каля 23 °C), зіма мяккая. Каля 290 сонечных дзён у годзе. Асн. прыродныя лек. фактары (акрамя клімату); сульфідныя хларыдна-натрыевыя воды Мацэсты (для ваннаў, інгаляцый і інш.), вуглякіслыя мінер. воды Краснай Паляны. таксама ёдабромныя і інш.мінер. воды, высакаякасныя глеістыя гразі (Адлерскі р-н), марскія купанні (з мая па кастр.). Багатая расліннасць: кактусы, кіпарысы, магноліі, пальмы і інш., дэндрарый. Лечаць захворванні органаў кровазвароту, руху і апоры цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэмы, скуры, гінекалагічныя (Мацэста); органаў дыхання (нетуберкулёзныя) і функцыян. расстройствы нерв. сістэмы (Адлер, Лазараўскае). Шматлікія санаторыі, пансіянаты, курортныя паліклінікі, турбазы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРО́Е СЯЛО́,
вёска ў Лятчанскім с/с Віцебскага р-на, на аўтадарозе Віцебск—Полацк; чыг. ст. на лініі Віцебск—Полацк. Цэнтр камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 24 км на З ад Віцебска. 534 ж., 224 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Старое Сяло.
У пач. 16 ст. вядома як баярская ўласнасць, у Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 1523 баярыня А.Мастычына і яе сын Ю.Сянкевіч прадалі С.С. віцебскаму ваяводу і каралеўскаму маршалку І.Б.Сапегу. З 18 ст. родавы маёнтак Лускінаў, у склад якога ўваходзілі таксама в. Плетніца і Запруддзе, у 1846 у С.С. вадзяны млын, крупадзёрка, кузня, карчма, штогод адбываліся кірмашы, з 1865 нар. вучылішча; з 1886 валасное праўленне, паштовая станцыя, школа. З 20.8.1924 вёска, цэнтр сельсавета Лосвідскага раёна, з 29.10.1924 у Кузняцоўскім раёне, з 26.3.1927 у Віцебскім раёне. У 1941—481 ж., 125 двароў. У Вял.Айч. вайну ў чэрв. 1944 гітлераўцы знішчылі 18 жыхароў і спалілі вёску. З 22.12.1960 у Лятчанскім с/с. У 1969 у С.С. 611 ж., 245 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РНАЯ ПЕРАБУДО́ВА ЭКАНО́МІКІў Рэспубліцы Беларусь,
сукупнасць мер па змене матэрыяльнай базы вытв-сці ці спосабу кіравання прадпрыемствамі, накіраваных на фарміраванне сістэмы грамадскай вытв-сці, якая найб. поўна адпавядае грамадскім патрэбам, забяспечвае дынамізм, збалансаванасць і высокую эфектыўнасць узнаўленчых працэсаў на базе паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу, тэхн. рэканструкцыі. Асн. ўмова перабудовы — эфектыўная інвестыцыйная палітыка, якую ажыццяўляе ўрад. Яна ўключае: выдзяленне неабходных бюджэтных сродкаў на рэалізацыю агульнадзярж. праграм, павышэнне ролі фін. рэсурсаў прадпрыемстваў у капіталаўкладаннях (амартызацыйныя адлічэнні, прыбытак), прыцягненне замежных інвестыцый і крэдытаў у рэальны сектар эканомікі, сродкаў насельніцтва на будаўніцтва жылля, бюджэтна-падатковыя і цэнавыя пераўтварэнні і інш. С.п.э. на перспектыву намечана ў «Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гады». Яе стратэгічная мэта — ўзмацненне сац. арыентацыі эканомікі, павелічэнне долі спажывання ў нац. даходзе, павышэнне дабрабыту народа. Гал. сродкі рэалізацыі прыярытэтаў: актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, паскарэнне развіцця навукаёмістых і рэсурсазберагальных галін і вытв-сцей; развіццё жыл.буд-ва на неэмісійнай аснове з выкарыстаннем пазабюджэтных крыніц фінансавання; фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя; павелічэнне экспарту тавараў і паслуг; развіццё аграпрамысл. комплексу і звязаных з ім перапрацоўчых галін вытв-сці.