адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФТАНА́ЗЫ (Aftanazy) Раман (н. 2.4.1914, г.п. Моршын Львоўскай вобл., Украіна),
польскі гісторык культуры. Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1946). У 1944—81 працаваў у Бібліятэцы Нац. цэнтра імя Асалінскіх у Львове і Вроцлаве. Даследуе гісторыю магнацкіх і шляхецкіх сядзібаў на б.усх. землях Рэчы Паспалітай (Беларусь, Украіна, Літва, Латвія), архітэктуру маёнткаў, паркавае мастацтва, гісторыю маст. збораў і бібліятэк, генеалогію ўладальнікаў сядзібаў. Увёў у навук. ўжытак шматлікія дакументы з дзярж. і прыватных архіваў, багатыя іканаграфічныя матэрыялы.
Тв.:
Materiały do dziejów rezydencji. T. 1—11. Warszawa, 1986—93;
Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 1—6. 2 wyd. Wrocław etc., 1991—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІ́Л, Ахілес,
у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.П.Рубенса, Дж.Б.Цьепала, Н.Пусэна, А.Іванава.
Да арт.Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.А.Іванаў. 1824.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́АДЭР (Baader) Франц Ксавер фон (27.3.1765, Мюнхен — 23.5.1841),
нямецкі філосаф, урач, прыродазнавец, прадстаўнік філас. рамантызму і неартадаксальнага каталіцызму. У аснове яго вучэння — уяўленне пра быццё як арганічнае цэлае. Містыку трактаваў як даследаванне розумам таінстваў рэлігіі; прырода для яго не процілеглая духу, як цела не процілеглае душы. Непрыняцце рэвалюцыі (лічыў яе парушэннем арган. эвалюцыі грамадства) і франц. утапічнага сацыялізму спалучалася ў Баадэра з крытыкай з пункту гледжання хрысц. сацыялізму панавання грашовых адносін, «памылковых адносін маёмнага і немаёмнага класаў». Вырашэнне класавых супярэчнасцяў Баадэр (як і Гегель) бачыў у саслоўнай дзяржаве, якая адпавядала б прынцыпу справядлівасці.
Тв.:
Sämtliche Werke. Bd. 1—16. Leipzig, 1851—60;
Schriften zur Gesellschaftsphilosophie. Jena, 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́КА Міхаіл Мікалаевіч (н. 17.8.1914, в. Пячары Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Чл.-кар.АН Беларусі (1974), д-ртэхн.н., праф. (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1941). З 1950 у БПІ, з 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы структурных і фазавых ператварэнняў у металах і сплавах ва ўмовах звышвысокіх скарасцей награвання. Распрацаваў тэарэт. асновы тэрмадынамікі рэкрышталізацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Термокинетика рекристаллизации. Мн., 1968 (разам з С.А.Астапчыкам, Г.Б.Ярашэвічам);
Мартенситностареющие стали. Мн., 1976 (з імі ж);
Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977 (разам з С.А.Астапчыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕЎ Браніслаў Віктаравіч (н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖЭ́НАЎ Васіль Іванавіч (12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводле інш. крыніц Масква — 13.8.1799),
рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж.б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛІРО́ЎКА (ад лац. oculus вока),
спосаб прышчэплівання раслін роставай пупышкай (вочкам). Найб. пашыраны спосаб размнажэння многіх пладовых дрэў. Спячым вочкам часцей за ўсё прышчэпліваюць сеянцы дзікіх відаў і культурных сартоў. Акуліроўка патрабуе найменшага расходу прышчэпачнага матэрыялу і забяспечвае адносна высокую прыжывальнасць прышчэпак. Прышчэпа прыдатная да акуліроўкі ў час летняга руху сокаў (ліпень—жнівень), калі ў раслін добра адстае кара. У першую чаргу акуліруюць костачкавыя культуры, потым грушу, насенныя прышчэпы яблыні і апошнімі — клонавыя прышчэпы.
Акуліроўка: а — паўмесяцавы надрэз кары прышчэпы; б — падоўжны разрэз кары; в — пачатак зрэзу шчытка з пупышкай; г — размяшчэнне шчытка пад кару; д — абцісканне кары пасля размяшчэння шчытка; е — пачатак абвязкі; ж — паслядоўнасць абвязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́КСІНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.