КАМЕННАБА́ЛКАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура сярэдняй пары верхняга палеаліту (21—16 тыс. г. назад) на тэр. паўн.-ўсх. Прыазоўя. Назва ад стаянак ва ўрочышчы Каменная Балка каля хутара Нядвікаўка Растоўскай вобл. (Расія). Насельніцтва жыло на стаянках, займалася паляваннем на каня, зубра, паўн. аленя. Матэрыяльная культура прадстаўлена вырабамі з крэменю: нуклеусамі, мікрапласцінамі, адшчэпамі, разцамі, праколкамі; характэрныя мікраліты — т.зв. чатырохвугольнікі. Раскопкамі выяўлены рэшткі падоўжанага наземнага жытла з агнішчам у цэнтры. К.к. генетычна звязана з імерэцінскай культурай.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУ́НА (франц. commune ад лац. communis агульны),

1) у сярэдневяковай Зах. Еўропе гарадская або сельская абшчына, якая дамаглася правоў самакіравання.

2) У шэрагу сучасных дзяржаў (Францыя, Італія, Бельгія, Сенегал і інш.) назва ніжэйшай адм.-тэр. адзінкі ў гарадах і сельскай мясцовасці. Узначальваецца пераважна выбарным муніцыпальным саветам, яго рашэнні выконвае мэр, якога выбірае савет ці прызначае ўрад. Мэр (адначасова з’яўляецца ўрадавым чыноўнікам і выконвае распараджэнні ўрада) і муніцыпальны савет вырашаюць асн. пытанні мясц. жыцця, але працуюць пад урадавым кантролем.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАЧО́НАК (Мікалай Аляксандравіч) (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.9.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў аэраклуб у Оршы і Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Сталінградскім франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант К. зрабіў 349 баявых вылетаў, збіў 10 варожых самалётаў. Загінуў у баі. На тэр. Аршанскага мясакансервавага камбіната, дзе ён працаваў да вайны, К. пастаўлены бюст.

М.А.Карначонак.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБЛІ́ЦКІ (Аляксей Аляксандравіч) (1.10.1919, в. Міхайлава-Шахава Тайшэцкага р-на Іркуцкай вобл., Расія — 3.6.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Іркуцкую парт. школу (1948), юрыд. школу (1951). У Вял. Айч. вайну з лютага 1943 на Цэнтр., 1-м Бел. і інш. франтах. Удзельнік Бабруйскай аперацыі 1944. Камандзір аддзялення роты сувязі старшы сяржант К. вызначыўся 7.9.1944 пры фарсіраванні р. Нараў і ў баях за плацдарм на тэр. Польшчы. Пасля вайны на адм.-гасп. рабоце.

А.​А.​Кубліцкі.

т. 8, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗІКА, Лазскае царства,

дзяржава на тэр. Зах. Грузіі ў 2—6 ст. Спачатку залежала ад рымскіх, потым візант. імператараў, якія прызначалі ў Л. правіцелей. Сталіца Л. — г. Археаполіс (сучасны Накалакеві). У 4 ст. правіцелі Л. падпарадкавалі насельніцтва Паўн. Калхіды (сванаў, абазгаў, апсілаў). З 523 афіц. рэлігія — хрысціянства. У 6 ст. за валоданне Л. змагаліся Візантыя і Іран. Паводле дагавора 562 Л. засталася ў залежнасці ад Візантыі. У канцы 6 ст. пазбаўлена аўтаноміі. З 8 ст. ў складзе Абхазскага царства.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫНА́МА»,

стадыён у Мінску. Адкрыты ў 1934, рэканструяваны ў 1939. Асн. збудаванні ў час Вял. Айч. вайны разбураны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 (арх. М.​Колі, М.​Паруснікаў і інш.). Рэканструяваны ў 1978—80 (арх. С.​Баткоўскі, М.​Гаўхфельд, Л.​Гельфанд, Ю.​Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 для папярэдніх спаборніцтваў па футболе. На трыбунах больш за 50 тыс. месцаў. Каля аднаго з уваходаў на тэр. стадыёна размешчана дэкар. скульптура «Бег» (1980, скульптар В.​Занковіч).

Стадыён «Дынама» ў Мінску.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЦЭБА́Л (Decebalus; ?—106),

цар дакаў [87—106]. Пасля перамогі над рымлянамі ў вайне пры імператару Даміцыяне ў 89 Д. заключыў мір, паводле якога Рым павінен быў штогод выплачваць дакам субсідыі. Умацаваў дзяржаву, устанавіў прагрэс. формы ўнутр. кіравання. У выніку войнаў з рым. імператарам Траянам (101—102 і 105—106) тэр. дакаў была заваявана і ўтворана рым. прав. Дакія. Пасля падзення сталіцы дакаў Д. уцёк у горы, нейкі час вёў партыз. вайну супраць рымлян. Пераканаўшыся ў беспаспяховасці барацьбы, скончыў самагубствам.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДЫЧЭ́НКА (Віктар Фёдаравіч) (12.2. 1922, в. Міхайлова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 31.3.1980),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Ташкенцкае пях. вучылішча (1943). З 1943 на Варонежскім, Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Віцебскай вобл. Вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Латвіі ў 1944: 11 жн. першы фарсіраваў р. Мемеле і знішчыў 2 агнявыя пункты ворага; 18 вер. з групай разведчыкаў разграміў апорны пункт гітлераўцаў; у кастр. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́СНІК (Іван Міхайлавіч) (12.8.1906, в. Іванск Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1957),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскае артыл. вучылішча (1932), Вышэйшыя афіцэрскія курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1947). У Чырв. Арміі з 1928. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Ленінградскім і 1-м Бел. франтах. Полк самаходных гармат пад камандаваннем падпалкоўніка К. вызначыўся 16—22.4.1945 на тэр. Германіі пры прарыве варожай абароны на ўчастку шашы Франкфурт—Берлін. Да 1956 у Сав. Арміі.

І.М.Краснік.

т. 8, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)