пала́та

(лац. palatium = палац)

1) уст. вялікае, пышна аздобленае памяшканне ў палацы;

2) асобны пакой для хворых у бальніцы;

3) састаўная частка заканадаўчага органа або парламента;

4) назва некаторых дзяржаўных устаноў (напр. гандлёвая п., кніжная п.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Каю́та ’жылое памяшканне для пасажырах або экіпажа на судне’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. каю́та ’тс’, укр. каю́та. У бел. мове, як і ва ўкр., непасрэднае запазычанне з рус. мовы. Рус. каю́та ўпершыню згадваецца ў крыніцах у 1705 г. (таксама і ў варыянце кают, 1720 г.). Крыніцай запазычання Фасмер, 2, 216 лічыць ням. Kajüte або гал. kajuit. Шанскі, 2, 107, мяркуе, што хутчэй рус. слова было запазычана ў Пятроўскую эпоху з ням. мовы: аб гэтым сведчыць ж. р. слова (гал. форма не падыходзіць). Фасмер, там жа, указвае, што думка Зяленіна аб запазычанні са швед. kajuta (< н.-ням.) абгрунтавана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыбудо́ва, прыбудо́ўка ’прыбудаваны будынак да асноўвай пабудовы’ (Гарэц., Інстр. 1, Янк. 2, ТСБМ; смарг., баран., швянч., Сл. ПЗБ), ’прыбудоўка да хаты або хлява, пуні для дроў; павець’ (Шушк.), прыбудуо́вка ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), прыбудо́віна ’прыбудова (прыбудаваны будынак)’ (Нар. Гом.), прыбудава́ньня, прыбудува́ньня (Бяльк.), прыбуды́нак ’прыбудаванае памяшканне’ (Байк. і Некр.). Утвораны ад дзеяслова прыбудава́ць, да будава́ць (гл.). Больш слушна, аднак, меркаванне Лер-Сплавінскага (Studia, 184–185) аб першасным характары польскай дзеяслоўна-назоўнікавай пары przybudowaćprzybudówka, адкуль формы без прэфікса. Такім чынам, прыбудо́ўка таксама запазычана з польскай, а форма прыбудо́ва з’яўляецца другасным уласнабеларускім ўтварэннем, параўн. укр. прибудо́ва ’прыбудова’, прибудо́вати, прибуду́вати ’прыбудоўваць, прыбудаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́скаш ’раскоша’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дастатак’, ’прасторнае памяшканне’ (Нас.), ’свабода, воля (для курэй)’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’прыдоба, удоба, выгада, прыволле’ (светлаг., лельч., ЛА, 5). Укр. ро́скіш ’раскоша, багацце, дастатак’, рус. зах. роскошь з польск. roskosz (Махэк₂, 267); в.-луж. rozkošnik ’чалавек, ахвочы на пацехі’, чэш., славац. rozkoš ’асалода, раскоша, шчасце’, ’прывабнасць, краса, хараство’, ’юрлівасць’, славен. razkô̥s ’радасць, ахвота, жаданне’, серб. ра́скош ’раскоша’, макед. раскош ’тс’, балг. разко́ш, ц.-слав. раскошь ’асалода, радасць, задавальненне’. Прасл. *orz‑košь < *(orz‑)koxati (Бязлай, 3, 159; Бернекер, 1, 538; Брукнер, 242; Чарных, 2, 123), параўн. ст.-чэш. rozkochati ’развесяліць’, ’распагоджвацца’, — да раз- і кахаць (гл.). Гл. таксама раскоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Склеп ‘паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў’, ‘падзямелле для дамавін з нябожчыкам’ (ТСБМ, Нас., Шат., Арх. Федар., Касп., Нік. Очерки, Др.-Падб., Бяльк., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; Гарэц., Янк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), ‘скляпенне над подам печы’ (Шушк., Мат. Гом.), ‘труна’ (Мат.), ‘труна з шасці дошак’ (ТС), склеп, склёп ‘труна з накрыўкай-дашкам’ (стол., петрык., ЛА, 3), склёп ‘падзямелле’ (Растарг.). Запазычанне з польск. sklep (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96), таксама як і рус. склеп, гл. Фасмер, 3, 641. Ст.-бел. склепъ < ст.-польск. sklep запазычана ў канцы XV ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 98). Параўн. скляпенне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэа́тр ‘род мастацтва, прадстаўленне відовішчаў’, ‘памяшканне са сцэнай і залам’, ‘месца важных падзей’ (ТСБМ, Пятр.), тэа́тар, тэа́тр (Некр. і Байк.), ст.-бел. театръ, театрумъ ‘тэатр, сцэна, памост’ (1638 г). Запазычана або са ст.-польск. teatr, teatrum, якія праз лац. theātrum узыходзяць да ст.-грэч. θέατρου, іян. υέητρον ‘гледачы, публіка ў тэатры’, ‘прадстаўленне’, або непасрэдна ад лац. theātrum, пра што сведчыць ранняя фіксацыя ў старабеларускай мове формы театрумъ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Прысутнічае не ва ўсіх славянскіх мовах, параўн. чэш. divadlo, славац. divadlo, харв. gledalîšte, што тлумачаць уплывам пурыстычных тэндэнцый (Чарных, 2, 231–232; ЕСУМ, 5, 534; Скок, 1, 568; Фасмер, 4, 34).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

або́ра 1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра 2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інструмента́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да інструмента (у 1 знач.). Інструментальны склад. Інструментальны цэх. // Які служыць для вырабу інструментаў. Інструментальная сталь.

2. у знач. наз. інструмента́льная, ‑ай, ж. Майстэрня, дзе вырабляюцца інструменты (у 1 знач.); памяшканне для захоўвання інструментаў. Інструмент быццам толькі што з інструментальнай. «Беларусь».

3. Які ствараецца музычнымі інструментамі, прызначаны для выканання на музычных інструментах (без удзелу чалавечага голасу). Інструментальная музыка. Інструментальная п’еса. // Які складаецца з музыкантаў, што іграюць на музычных інструментах. Інструментальны ансамбль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казема́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. Абарончае збудаванне ў крэпасцях, фортах, батарэях для ўкрыцця ад бомб і снарадаў, захоўвання боепрыпасаў і пад. Земляныя валы,.. вялікія скляпенні казематаў да гэтага часу захоўваюць на сабе адбіткі былых баёў. «Беларусь».

2. Браніраванае памяшканне на караблях для ўстаноўкі гармат сярэдняга калібру.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — адзіночная камера ў крэпасці для трымання палітычных зняволеных. Казематы Петрапаўлаўскай крэпасці. □ Унізе, у казематах, сядзелі бясстрашныя барацьбіты-вязні, а наверсе ў прасторным пакоі былі каты. Няхай.

[Фр. casemate ад іт. casamatta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павільён, ‑а, м.

Невялікі лёгкі будынак у людным месцы, прызначаны для якіх‑н. мэт. Павільён марожанага. □ Каваль заскочыў у крыты брызентавы павільён: ён быў збудаваны на перамычцы. Савіцкі. Чытальная зала размяшчалася ў спецыяльным павільёне, непадалёк ад заводскага клуба. Карпаў. // Пастаянны або часовы будынак на выстаўцы для экспанатаў. Павільён механізацыі. Павільён сельскай гаспадаркі. □ У Маскве Люся з бацькам наведалі Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі.. Перш за ўсё бацька павёў Люсю ў павільён Беларусі. Даніленка. // Памяшканне, прызначанае для кіна- або фотаздымак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)