традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.Грынькова, Т.Дзеранок, Е.Кавалёва, М.Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.Мельнікава, М.Прыходзька. Г.Суглоб, В.Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.
Літ.:
Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТЫ (ад лац. nota знак, заўвага) у музыцы, 1) умоўныя графічныя знакі, якія разам з дадатковымі абазначэннямі служаць для запісу музыкі паводле т.зв. лінейнай сістэмы (на нотным стане, або натаносцы). Кожная з сістэм натацыі ў мінулым мела свой комплекс Н., якія адрозніваліся асаблівай формай і назвамі (гл.Нотнае пісьмо). У сучаснай натацыі аснова ноты — т.зв. галоўка, круглая, або авальная, заштрыхаваная, т.зв. чорная, і незаштрыхаваная, т.зв. белая (𝅝 — цэлая нота). Ад галоўкі можа адыходзіць штыль — верт. рыса — уверх ад правага яе боку (𝅗𝅥 — палавінная) або ўніз ад левага (<SIGN>). На канцы штыля можа быць флажок, або хвосцік — просты, двайны, трайны (𝅘𝅥𝅮 — восьмая, 𝅘𝅥𝅯 — шаснаццатая, 𝅘𝅥𝅰 — трыццаць другая); канцы штыля замест хвосцікаў могуць злучацца папярочнымі рэбрамі (вязкамі) — адным, двума, трыма і інш. (<SIGN>,<SIGN>). Размяшчэнне галоўкі на нотным стане ў спалучэнні з прастаўленым у яго пачатку ключом абазначае вышыню ноты, тып галоўкі, наяўнасць штыля, наяўнасць і характар хвосціка — яе працягласць. Складовыя назвы Н. дыятанічнага гукарада: до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі (адпаведныя лац. абазначэнні — c, d, e, f, g, a, h). Для пазначэння храматычных гукаў (гл.Храматыка) да лац. літар дадаюць склады is — дыез, es — бемоль, напр., до дыез — cis (акрамя гука сі бемоль — лац. b).
2) Аркушы, сшыткі, кнігі з рукапісным або друкаваным запісам муз. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКІ ЗА́МАК Існаваў у 13—18 ст. як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск (з 1945 г.Слаўгарад). Займаў выцягнутае з Пн на Пд гарадзішча (95 × 40 м) стараж. Прупоя, ці Пропошеска, якое размяшчалася на стромкім беразе Сажа, недалёка ад упадзення ў яго р. Проня. Паводле гіст. крыніц за 1564, у П.з. былі драўляныя вежы і сцены, вежа-брама і пад’ёмныя масты-«ўзводы». Звесткі пра колькасць вежаў у П.з. адсутнічаюць. Па грэбені вала, які ішоў у паўд. напрамку, над абарончым ровам размяшчаліся замкавыя гародні. З Пд і У замак прыкрываўся стромкім 20-метровым абрывам у бок Сажа. У ваен. час у П.з. быў невял. пастаянны гарнізон з 10—20 казакоў на чале з ротмістрам. Пасля разбурэнняў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П.з. быў адноўлены і не страціў свайго ваен. значэння. Інвентар за 1681 зафіксаваў замак як невял. ўмацаванне, абгароджанае «палямі». Згадваюцца «брама, драницами крытая», «форта у паркане до воды», жылыя і гасп. пабудовы (хаты белыя, піўніца, 2 свірны, сыраварня, пякарня, 3 стайні, лазня, шопа). У канцы 17 — пач. 18 ст. Прапойск страціў сваё стратэг. значэнне, аднак яшчэ ў 1780 упамінаўся «замок, окруженный полисадом». У канцы 18 ст. ў выніку праведзенай кн. А.М.Галіцыным на пляцоўцы замчышча планіроўкі зніклі абарончыя валы і рэшткі стараж. замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вальдэ́нсы
(п.-лац. valdenses, ад фр. P. Valdo = прозвішча ліёнскага купца 12 ст.)
рэлігійная секта, якая ўзнікла ў канцы 12 ст. на поўдні Францыі і прапаведавала адмаўленне ад прыватнай уласнасці, вяртанне да ранняга хрысціянства; некаторыя абшчыны захаваліся (пераважна ў Італіі) і зараз.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Талму́д ’звод бытавых, прававых прадпісанняў і правіл у іудзеяў’, ’вялікі рукапіс, кніга’ (ТСБМ), ’свяшчэнная кніга веруючых яўрэяў; цяжкі для разумення тэкст, пісанне’ (Скарбы), тальму́д ’свяшчэнная кніга ў іудзеяў’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел.талмутъ, талматъ, талмотъ, толмутъ ’тс’ запазычана ў канцы XV ст. або непасрэдна з ідыш Talmud ’вучэнне; святая кніга ў габрэяў’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), або адтуль жа праз ст.-польск.talmud, talmut ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 175, 184), што да іўр.talmū́dh ’вучэнне’ < lāmádh ’вучыўся’ (ЕСУМ, 5, 509; Голуб-Ліер, 477).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КАімя Ф.Ф.Паўленкава,
адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.Ф.Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ДРЫЧЫ, абадрыты,
саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам I, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЯ́НЕ,
усходнеславянская племянная групоўка 9—10 ст. на тэр. Валынскай зямлі. Назва ад г. Валынь. Двойчы ўпамінаюцца ва ўводнай недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая сцвярджае, што папярэднікі валынян зваліся дулебамі і бужанамі. Верагодна, валыняне пад назвай «валінана» ўпамінаюцца ў араб. географа Масудзі (сярэдзіна 10 ст.), які паведамляе, што ў старажытнасці валыняне падначальвалі інш. славянскія плямёны, іх правіцеля звалі Маджак. У канцы 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч захапіў заселеныя валынянамі Чэрвеньскую і Перамышльскую землі. У 12 ст. на тэр. валынян ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАЛО́ДАЧНІК (Oxytropis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 400 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і, у асноўным на Пд у гарах. На Беларусі рэдка трапляецца вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa). Расце на ўзгорках і ў сухіх хвойніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовыя травяністыя расліны (часта без сцябла), паўкусцікі або калючыя, звычайна падушкападобныя кусцікі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае, рэдка простае або трайчастае. Кветкі рознага колеру, у пазушных гронкападобных суквеццях. Лодачка на канцы выцягнута ў вастрыё (адсюль назва). Плод — невял., звычайна аднагнездавы апушаны боб. Дэкар., кармавыя і лек. расліны.