стрые́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў сваяцтве па дзеду ці бабцы з дзецьмі іх сыноў або дочак; дваюрадны. Стрыечны брат (сын дзядзькі або цёткі). □ За .. [Ганьку] заступаюцца стрыечныя сёстры: — А вам [дзеду] там цесна, лежачы на печы? Абы чапляцца да дзіцяці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стэрэатруба́, ‑ы; мн. ‑трубы, ‑труб; ж.
Артылерыйскі аптычны прыбор для назірання за цэлямі і вымярэння вуглоў. [Маскоўскі] неафіцыйны ад’ютант .. афіцэра разведкі Канатнікава .. дбайна сочыць, каб не прапаў вялікі скураны чамадан капітана і скрынка са стэрэатрубамі, біноклямі, якія належаць узводу першай разведкі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суку́пнасць, ‑і, ж.
Спалучэнне, агульная колькасць, сума чаго‑н. Мова замацоўвае кожную думку паасобку і ўсю сукупнасць думак чалавека. Юрэвіч. Колькасць запазычанай лексікі і яе характар залежаць перш за ўсё ад сукупнасці фактараў гістарычнага, культурнага і сацыяльна-эканамічнага парадку. Жураўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суразме́рнасць, ‑і, ж.
Адпаведнасць чаму‑н. па велічыні, памерах. Сакрэт песеннасці вершаў Багдановіча заключаецца перш за ўсё ў класічным развіцці тэмы, у суразмернасці яе «руху» з куплета ў куплет. Лойка. // Правільныя суадносіны памераў, частак чаго‑н.; прапарцыянальнасць. Суразмернасць частак паэмы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суту́ласць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць і стан сутулага. Недарэчны той халат яшчэ больш падкрэсліваў .. сутуласць [Уладзіміра Феафілавіча]. Васілевіч. Невысокі найбольш з-за свае сутуласці, з рэдкімі і вельмі кароткімі льнянымі вусамі, з падціснутай ніжняй губою, ён непрыкметна снаваў між людзей вёскі. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́брыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм. Украсці. — Славяне, хто конаўку сцібрыў? — гукнуў хтосьці на ўсю зямлянку. Васілёнак. — Не шукайце, бацька, — сказаў Тарасюк. — У нас рэчавы мяшок за ноч нехта сцібрыў, заадно ён і вашу махорку прыхапіў з сабою. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Цягнучы, несучы, звалачы, сабраць у адно месца ўсё, многае. Сцягаць жэрдзе ў кучу.
2. Разм. Звадзіць куды‑н. і прывесці назад. Сцягаць старога на базар.
3. Разм. Знасіць. Сцягаць сукенку за адно лета.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тапары́шча, ‑а, н.
Ручка тапара. Разораю, што вяла да Піліпавай хаты, [Базыль] дайшоў да дрывотні, падняў сякеру, — за ноч яе ўкрыла раса, тапарышча і абух нібы спацелы. Сачанка. Знайшоўшы пад страхой зямлянкі сякеру з крываватым тапарышчам, хлопец падаўся ў глыбіню лесу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трын-трава́, у знач. вык.
Разм. Усё адно, усё роўна, хоць бы што. [Лабановіч:] — Не ўспамінай ты пра .. [згрызоты]. Усё гэта трын-трава. Колас. Рукі ў падсуднага былі закладзены за спіну, ён ішоў і ўхмыляўся, быццам паказваючы, што яму ўсё трын-трава. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уда́ць, удам, удасі, удасць; удадзім, удасца, удадуць; пр. удаў, удала, ‑ло; заг. удай; зак., каго-што.
Разм. Выдаць, выкрыць каго‑, што‑н., данесці на каго‑н. [Мальвіна:] «Не бойся, Язэпка... родны мой, дарагі мой... Не ўдам цябе... Адна за дваіх адбуду..» Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)