СТРАТЫГРАФІЯ
Першыя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праведзены ў 1840-я г. ўдзельнікамі спец. экспедыцыі па Еўрапейскай Расіі на чале з англ. вучоным Р.Мурчысанам, якія выявілі адклады дэвонскай (Зах. Дзвіна і Дняпро) і мелавой (р. Сож) сістэм. Да канца 19 — пач. 20 ст. рус. і бел. вучоныя прадоўжылі даследаванні, што тычыліся ў асноўным адкладаў чацвярцічнай сістэмы (А.Э.Гедройц, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна і інш.). Зрэдку вывучаліся больш стараж. ўтварэнні кембра-сілурыйскага, дэвонскага і мелавога ўзросту, якія залягалі на паверхні сярод ледавіковых парод у выглядзе «адорвеняў» або агаляліся па берагах рэк (М.А.Антановіч, Р.П.Гельмерсен, А.Н.Карнажыцкі, А.П.Карпінскі, К.А.Мілашэвіч, Э.І.Эйхвальд і інш.). Пры вывучэнні керну свідравін былі выяўлены адклады дэвону ў Мінску (Я.У.Апокаў, П.А.Туткоўскі), юры ў Магілёве (А.М.Жырмунскі), мелу і палеагену ў Гомелі (П.Я.Армашэўскі) і інш. У 1920-я г. на падставе гэтых матэрыялаў складзены першыя стратыграфічныя схемы верхнемелавых і трацічных утварэнняў усх. часткі тэр. рэспублікі (Г.Ф.Мірчынк, Б.К.Тарлецкі і інш.). Мэтанакіраваныя стратыграфічныя даследаванні на Беларусі вяліся пасля стварэння на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта Геал. ін-та (1927, першы дырэктар М.Ф.Бліадухо). Да 1941 у вывучэнні стратыграфіі актыўна ўдзельнічалі бел. даследчыкі (М.Я.Кавалёў, А.В.Красоўскі, В.І.Маеўскі, С.С.Малярэвіч, М.М.Цапенка і інш.). У сярэдзіне 1930-х г. М.Ф.Бліадухо абагульніў усе вядомыя на той час матэрыялы па стратыграфіі Беларусі.
У пасляваенныя гады пачалася дзярж. здымка тэр. рэспублікі маштабу 1:200 000. Прабурана шмат глыбокіх апорных свідравін, адноўлены пошукі карысных выкапняў (нафты, каменнай і калійных солей, вугалю, буд. матэрыялаў, мінеральных вод і інш.). Вынікі гэтых работ у пач. 1960-х г. дазволілі распрацаваць і часткова палеанталагічна абгрунтаваць стратыграфічныя схемы адкладаў амаль усіх геал. сістэм на тэр. Беларусі. У іх складзе акрамя аддзелаў, ярусаў і пад’ярусаў па некаторых сістэмах (дэвонскай і інш.) вылучаны і больш дробныя стратоны — гарызонты, світы. Стратыграфічныя схемы падзелу ўтварэнняў архейскага і пратэразойскага ўзросту (крышт. фундамент) склалі Я.М.Махлін, А.С.Махнач, А.М.Пап, адкладаў верхняга пратэразою — А.П.Брунс, А.С.Махнач і інш., кембрыю — А.С.Махнач, ардовіку і сілуру — Т.М.Аліхава, А.С.Махнач і інш., дэвону — В.К.Галубцоў, Р.М.Пістрак, А.В.Фурсенка і інш., карбону — В.К.Галубцоў, Г.І.Кеда і інш., пярмі і трыясу — В.К.Галубцоў, Ф.Я.Лапчык, З.М.Неўмяржыцкая і інш., юры — І.В.Міцяніна, мелу — В.С.Акімец, палеагену і неагену — С.С.Маныкін, чацвярцічнай сістэмы — Л.М.Вазнячук, Н.А.Махнач, М.М.Цапенка і інш.
У 1970 — пач. 1980-х г. створаны новыя рэгіянальныя стратыграфічныя схемы платформавага чахла і крышт. фундаменту Беларусі, прынятыя на Бел. міжведамаснай стратыграфічнай нарадзе (Гомель, 1981) і зацверджаныя Міжведамасным стратыграфічным камітэтам (МСК) СССР (Ленінград, 1982). Яны былі больш літа- і біястратыграфічна абгрунтаваныя і больш дэталёвыя за папярэднія. У рэгіянальнай частцы схем былі вылучаны гарызонты, падгарызонты і слаі з геагр. назвамі, біястратыграфічныя зоны, а ў мясц. частцы схем — світы, падсвіты, серыі. У распрацоўку гэтых схем і далейшае іх удасканаленне (2003) з улікам даных вывучэння рэчыўнага складу, радыялагічных датаванняў (калій-аргонавым, уран-свінцовым і інш. метадамі) і геафіз. асаблівасцей значны ўклад зрабілі В.І.Абраменка, Т.Г.Абухоўская, Л.Ф.Ажгірэвіч, В.С.Акімец, М.В.Аксаментава, Я.І.Аношка, А.А.Архіпава, В.І.Аўхімовіч, Г.А.Белавусава, А.Ф.Бурлак, В.Я.Бяссонава, Ф.Ю.Велічкевіч, М.В.Вераценнікаў, В.К.Галубцоў, Б.М.Гурскі, К.І.Давыдзік, Э.К.Дземідзенка, Л.Ц.Дубініна, Р.А.Зінава, Г.У.Зінавенка, В.П.Зярніцкая, Г.І.Ількевіч, П.Ф.Каліноўскі, Л.А.Карымава, З.М.Кліменка, С.А.Кручак, А.Г.Лапцэвіч, Л.С.Ліннік, Г.І.Літвінюк, Л.П.Логінава, Э.А.Ляўкоў, Т.І.Майсеева, К.М.Манкевіч, Л.І.Матрунчык, А.М.Матузка, А.С.Махнач, М.А.Махнач, А.В.Мацвееў, М.Дз.Міхайлаў, В.М.Мотуз, Л.І.Мурашка, У.І.Назараў, І.В.Найдзянкоў, Н.С.Некрата, Л.У.Піскун, В.І.Пушкін, Т.Б.Рылова, А.Ф.Санько, У.І.Таўсташэеў, Г.К.Хурсевіч, У.І.Шкуратаў, Я.К.Яловічава, Т.В.Якубоўская і інш. Вынікі гэтых прац з’яўляюцца стратыграфічнай асновай для геал. карціравання, пошукавых і разведачных работ на розныя карысныя выкапні. Стратыграфічныя даследаванні на Беларусі праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це РУП «Белгеалогія», Бел. дзярж. і Мінскім пед. ун-тах. Для каардынацыі стратыграфічных даследаванняў пры Бел. геал. т-ве дзейнічае Стратыграфічны камітэт. У галіне стратыграфіі навукова-даследчыя і вытв. арганізацыі Беларусі супрацоўнічаюць з геал. арганізацыямі Расіі, Украіны, Польшчы і інш. краін.
Літ.:
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;
Материалы по стратиграфии Белоруссии. М., 1981;
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Стратиграфия и палеонтология геологических формаций Беларуси. Мн., 2003.
С.А.Кручак.
т. 18, кн. 2, с. 554