ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),

1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).

2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́СТАЛА (ад грэч. diastole расшырэнне),

фаза сардэчнага цыкла: расшырэнне поласцей сэрца, звязанае з расслабленнем мускулатуры іх сценак, у час якога поласці сэрца напаўняюцца крывёю. Паслядоўныя сістала (скарачэнне) і Д. перадсэрдзяў і жалудачкаў — цыкл сардэчнай дзейнасці. Пры рытме 75 за мін (у чалавека) Д. перадсэрдзяў доўжыцца 0,7 с, Д. жалудачкаў — каля 0,5 с.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),

прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ДВЕЙТ (англ. deadweight, літар. мёртвы груз),

поўная грузападымальнасць судна (сумарная маса грузу, пасажыраў, экіпажа, паліва і інш.). Д. пры асадцы па грузавую марку — асн. эксплуатацыйная характарыстыка марскога судна. Д. роўны рознасці паміж водазмяшчэннем і ўласнай масай судна з гатовымі да дзеяння механізмамі (з запоўненымі паліўнымі трубаправодамі, вадой у катлах і цеплаабменніках і інш.).

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕА́ЗЫ, ДНКазы,

ферменты класа нуклеаз, якія каталізуюць расшчапленне фосфадыэфірных сувязей у полінуклеатыдных ланцугах ДНК. Шырока прадстаўлены ў клетках жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у рэгуляванні распаду і сінтэзу ДНК, аднаўленні структуры яе малекул праз выдаленне пашкоджаных участкаў. Уласцівасць Д. аднаўляць структуры малекул выкарыстоўваюць у геннай інжынерыі пры выдаленні ці ўманціраванні ў малекулу ДНК патрэбнага гена.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДЗІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

раствор ёдзістага вадароду ў вадзе, моцная к-та, НІ. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, у паветры пад уздзеяннем святла жаўцее (акісляецца з вылучэннем ёду). Найб. выкарыстоўваецца к-та, якая мае каля 47% (па масе) ёдзістага вадароду (шчыльн. 1500 кг/м³). Утварае солі — ёдыды. Пры пападанні на скуру выклікае сверб і запаленне.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАНАРАДЖЭ́ННЕ, вівіпарыя,

спосаб узнаўлення патомства, пры якім зародак развіваецца ў матчыным арганізме, атрымлівае непасрэдна ад яго пажыўныя рэчывы і нараджаецца ў выглядзе дзіцяняці або лічынкі, вызваленых ад абалонак яйца. Уласціва шэрагу беспазваночных (некат. кішачнаполасцевым, членістаногім, малюскам, чарвям), пазваночным (некат. рыбам, земнаводным, паўзунам, млекакормячым жывёлам) і чалавеку. Пра Ж. ў раслін гл. Жывародныя расліны.

т. 6, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІ ПРЫБЫ́ТАК,

даход, які атрымліваюць заснавальнікі акцыянернага таварыства пры яго арг-цыі і эмісіі акцый. Складае розніцу паміж сумай, атрыманай ад рэалізацыі акцый гэтага т-ва, і ўкладзеным у яго капіталам. З.п. узнікае або за кошт продажу акцый вышэй іх намінальнай вартасці, або за кошт павелічэння аб’ёму продажу акцый звыш устаноўленага акц. капіталу.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НА ЭКАЛАГІ́ЧНАЙ РЫ́ЗЫКІ,

тэрыторыя сушы (ці акваторыя), дзе дзейнасць чалавека можа стварыць небяспечныя экалагічныя сітуацыі (падводная здабыча нафты, пахаванне радыеактыўных або ядавітых рэчываў і інш.). Пазбегнуць узнікнення і існавання З.э.р. цяжка, але каб рызыку звесці да мінімуму, праводзяць папярэднюю экалагічную экспертызу пры праектаванні і буд-ве гасп. сістэм, распрацоўцы тэхн. праектаў і інш.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)