АНГЛІ́ЙСКАЯ ХВАРО́БА,

захворванне, што ўзнікае ад дэфіцыту сонечнай энергіі, неабходнай для сінтэзу ў арганізме чалавека і жывёл вітаміну D. Пры першым апісанні ўрачы звязалі яе з вял. воблачнасцю над Брытанскімі а-вамі, асабліва над Лонданам (адсюль назва). Садзейнічае ўзнікненню англійскай хваробы таксама смог, які памяншае празрыстасць атмасферы (назіраецца над буйнымі гарадамі і прамысл. цэнтрамі).

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАДО́Н (ад анты... + кадон),

участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСТАМА́НТЭ КО́ДЭКС,

адна з найбольш значных кадыфікацый міжнар. прыватнага права. Прыняты 20.2.1928 у Гаване на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі. Названы па прозвішчы складальніка — А.Бустамантэ-і-Сірвена. Уключае 437 артыкулаў, у якіх разглядаюцца пытанні міжнар. цывільнага, гандлёвага, крымінальнага права і міжнар. працэсу. Б.к. ратыфікаваны шэрагам амер. краін, у інш. выкарыстоўваецца судамі пры «мэтазгоднасці».

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХО́НКА Пётр Мікалаевіч (12.7.1906, г. Добруш Гомельскай вобл. — 5.2.1944, Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Сапёр Бухонка вызначыўся 26.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на тэр. Украіны: у час пераправы паранены Бухонка закрыў прабоіны ў лодцы, чым выратаваў байцоў і даставіў іх на правы бераг. Памёр ад ран.

П.М.Бухонка.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙДЭЛО́ТЫ, вейдалоты,

язычніцкія жрацы старадаўняй Літвы, хавальнікі вечнага агню бога Перуна (Перкунаса). Вайдэлоткі ахоўвалі вечны агонь пры храме багіні Праўрымы, прыносілі ахвяры багам. У час баляў і на святы вайдэлоты спявалі і ўслаўлялі подзвігі продкаў, расказвалі пра барацьбу з іншаземнымі заваёўнікамі. Песні і легенды вайдэлотаў доўгі час бытавалі ў народаў ВКЛ і пасля прыняцця хрысціянства.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́КА БУ́РЫ, вока тайфуну,

вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНАЕ ШКЛО́,

аморфная вулканічная горная парода, якая ўтвараецца пры хуткім (без крышталізацыі) застыванні лавы. Пераахалоджаная вадкасць вельмі вял. вязкасці. Можа цалкам складаць вылітыя ліпарытавыя кіслыя, радзей базальтавыя эфузіўныя пароды. Да парод, што складаюцца амаль цалкам з вулканічнага шкла і адрозніваюцца паводле саставу або асаблівасцей структуры, належаць абсідыян, смаляны камень (пехштэйн), пемза, перліт, тахіліт, сордаваліт.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАКО́КІ,

парныя бобападобныя, нерухомыя, грамадмоўныя, гнаяродныя бактэрыі, якія не ўтвараюць спор; узбуджальнікі хвароб чалавека. Адкрыты ням. вучоным А.​Нейсерам (1879). Выклікаюць гнойныя захворванні слізістых абалонак мочапалавых органаў (ганарэя) і вачэй (бленарэя); могуць пашкоджваць суставы, залозы і эндакард. Ганакокі гінуць пры высушванні, награванні да 40—45 °C, пад уздзеяннем солей серабра, антыбіётыкаў і інш.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ ДОМ,

1) знешнегандлёвая арг-цыя, якая ажыццяўляе экспартна-імпартныя аперацыі па шырокай наменклатуры тавараў і паслуг, наладжвае міжнар. кааперацыю вытв-сці, навук.-тэхн. супрацоўніцтва, удзельнічае ў крэдытна-фін. аперацыях і інш. формах знешнеэканам. сувязей.

2) Гандлёвая арг-цыя, якая ажыццяўляе дробнааптовы гандаль пры дапамозе аб’яднання дробных камерцыйных прапаноў у больш буйныя.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)