рассадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Пасадзіць (некалькіх, многіх), даўшы кожнаму месца. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. Нарэшце фатограф рассадзіў усіх, як належыць. Ус.

2. Памясціць, пасадзіць паасобку (звычайна тых, хто сядзеў разам). Рассадзілі нас усіх восем па адзіночках такіх велізарных пецярбургскіх «Крыжоў». Пальчэўскі. Людна з Шэйдакам першы час пасля таго, як іх рассадзілі, адчувалі сябе нібы тая рыба, якую выцягнулі з вады. Сабаленка.

3. Перасадзіць расліны радзей, іншым чынам. Рассадзіць расаду капусты. Рассадзіць памідоры.

4. Разм. Разбіць, раскалоць моцным ударам. І беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег.., дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаны ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. Адамчык. // Моцна параніць. — Антоська, даражэнькі, паміраю, — заплакаў п’янаваты Сцяпан.. — Во, глядзі, як рассадзіў мне галаву Рысь... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўці́, раву, равеш, раве; равём, равяце; пр. роў, раўла, ‑ло; незак.

1. Утвараць гук рову (пра жывёл). Пачуўшы людскую гамонку, бык стаў раўці, ён высока падкідаў капытамі зямлю. Гурскі. Дзіка раўлі ў пунях каровы, іржалі і кідаліся коні, але навасёлкаўцы, што збегліся на пажар, баяліся падступіцца да будынкаў. Шчарбатаў. // перан. Утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл. У камінах вятры раўлі да рання. Астрэйка. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ. Кулакоўскі.

2. Разм. Моцна гаварыць, пець, крычаць. — Хутчэй, хутчэй! — крычаў .. [камендант]. — Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... Я... — ужо роў ён. Лынькоў. — Вон! — раз’юшана раве ўраднік. Сяргейчык.

3. Разм. Моцна плакаць. — Хлопец суседскі нос расквасіў і раве. Савіцкі. Стаю і раву, як маленькі... Цётка таксама стаіць і не ведае, што рабіць. Васілевіч.

•••

Роўма раўці — вельмі моцна раўці, плакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устанаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Разм. Стаць, размясціцца дзе‑н., якім‑н. чынам. Паліцыянты ўстанавіліся шпалерамі ўздоўж нораў. Пестрак. Вось і ўстанавілася своеасаблівая чарга, наперадзе якой знаходзіцца старэйшае птушаня, а ў канцы — самае маленькае. Самусенка.

2. Стаць устойлівым, пастаянным; умацавацца. Калі ўстанавілася Савецкая ўлада, Андрэй Бабейка быў ужо рослы, ладны хлопец, паўнапраўны гаспадар бацькавай сядзібы. Хадкевіч. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Пагода, нарэшце, установіцца і ў бліжэйшыя дні будзе скончаны сенакос. Чарнышэвіч. На поўдні Украіны ўстанавілася цёплае надвор’е. «Звязда».

3. Скласціся, наладзіцца, усталявацца. [Юскавец:] — Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай. Дамашэвіч. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Між бабкай і Слаўкам скончыліся сваркі. Устанавілася такая любоў і дружба, што толькі можна было пазайздросціць. Няхай. // Наступіць. За сталом устанавілася мёртвая цішыня. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.

Разм.

1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.

2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.

2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.

3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.

4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́міць ’разумець, разбірацца, цяміць’ (ТСБМ, Шат., ТС, КЭС, лаг., Гарэц., Бір.). Укр. кемити ’тс’. Фанетычны крытэрый дазваляе меркаваць аб лексічным пранікненні з польскай, хаця непасрэднай крыніцы мы не знаходзім. ЕСУМ, 2, 422 тлумачыць гэта наступным чынам. Прасл. kъm‑ (укр. кмітливий, прикмета) дало польск. kiem‑, на аснове якога ўзнікла невядомая нам польская лексема як крыніца беларускіх і ўкраінскіх слоў. Гэтыя разважанні здаюцца даволі праблематычнымі, паколькі нам невядомае польск. *kiemić, а таксама яго дэрываты (*kiemny, *kiemliwy). Аўтары ЕСУМ хацелі б бачыць у якасці зыходнай лексемы прасл. kъmetь, у якім, апрача значэнняў ’селянін’ і ’гаспадар’, існуюць значэнні ’галава роду, старшыня, мудрэц, хітры і спрытны чалавек’, прычым апошнія значэнні мы сустракаем ва ўсіх трох групах славянскіх моў (гл. кмець). Калі ўтварыць ад прасл. kъmetь дзеяслоў, атрымаецца kъmetiti (як gostiti < gostъ), якое ў выніку гаплалогіі магло пераўтварыцца ў *kъmeti або *kъměti. Першае на польскай моўнай глебе дало б *kiemić (resp. *kmić). Параўн. польск. kpić і каш. kʼepic (ад kiep).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надзе́ць1 ’апрануць’, ’уздзець’ (Сл. ПЗБ, Бяльк., Пятк.), надзе́цца ’апрануцца’ (Жд. 1). Да дзець (гл.), што звязана з прасл. *děti рознымі семантычнымі пераходамі, у прыватнасці пераход ’рабіць’ — ’адзяваць’ акрамя славянскіх моў прадстаўлены ў літ. dėvė́ti ’насіць адзенне’, англ. to do on ’надзяваць’, асецін. koenyn ’апранаць, надзяваць’ і інш. (Абаеў, ВЯ, 1988, 3, 36). Гл. таксама: Фасмер, 1, 509; Трубачоў, Эт. сл., 4, 229–230.

Надзе́ць2 ’нафаршыраваць’ (навагр., З нар. сл., Сцяшк. Сл.), надзява́ць ’начыняць’ (карэл., Шатал.; Жд. 2; ваўк., Сл. ПЗБ), надзяваны ’надзеты’, ’нафаршыраваны, начынены’ (ТС; ашм., гродз., Сл. ПЗБ). Да дзець (гл.), семантычны пераход ’рабіць’ — ’наліваць, насыпаць, напіхваць’ прадстаўлены ў гаворках яшчэ дзеясловам начыні́ць ’нафаршыраваць, напіхаць’ (ад чыніць ’рабіць’), у іншых славянскіх мовах: укр. начини́ти, рус. начини́ть, польск. nadziać, чэш. nadíti, славен. nadeti, серб.-харв. на̀денути, балг. надя́на, макед. надене ’тс’; такім чынам, мяжа паміж арэаламі вытворных ад *děti і *činiti праходзіць праз беларускую моўную тэрыторыю. Паводле Махэка₂ (118), пераходнае значэнне ў гэтым выпадку — ’нацягнуць нешта на нешта, насадзіць, надзець’, гл. надзе́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)