МАНІТО́Р (лац. monitor літар. які наглядае, напамінае),
1) старшы вучань, які дапамагаў настаўніку ў школах т.зв. узаемнай адукацыі. Існавалі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Расіі і інш. у 18 — пач. 19 ст. 2) У радыётэхніцы — тое, што відэаманітор.
3) У ЭВМ — прылада для кантролю працэсаў і кіравання выліч. сістэмай. Напр., відэаманітор выкарыстоўваецца для дыстанцыйнага назірання за станам сістэмы, дысплей з клавіятурай — як пульт кіравання і як манітор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТАЛО́ГІЯ (ад планеты + ...логія),
комплекс навук, якія вывучаюць паверхневую і ўнутр. будову, фіз. стан і хім. састаў рэчыва планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, распрацоўвае гіпотэзы і тэорыі іх утварэння і эвалюцыі. Даследаванні вядуцца апаратурай з касм. караблёў, аптычнымі назіраннямі з Зямлі і непасрэдна геал. метадамі на ўзорах парод з Месяца і метэарытах. Гл. таксама Касмагенныя мінералы, Касмагонія, Касмалогія, Касмахімія, Касмічнае землязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́МБІЙ (ад. лац. pro перад, раней, замест + камбій),
эмбрыянальная фаза ў развіцці першаснай праводнай сістэмы; ч. верхавінкавай мерыстэмы. Закладваецца ў парастках, у вобласці фарміравання лісцевых зачаткаў і ў каранях. Клеткі П. моцна выцягнутыя (празенхімныя), танкасценныя, слабавакуалізаваныя, размешчаны ў выглядзе цяжоў і ўтвараюць адзіную пракамбіяльную сістэму. Колькасць цяжоў паміж сцяблом і лістом пастаянная для віду (важная таксанамічная адзнака). З П. ўтвараюцца праводныя тканкі — першасныя ксілема і луб (флаэма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАФІ́ТЫ (Psilophyta),
рыніяфіты, аддзел вымерлых вышэйшых раслін; найб.стараж. сасудзістыя расліны. Былі пашыраны ў палеазоі. На Беларусі рэшткі П. (споры) выяўлены ў адкладах ніжняга сілуру — сярэдняга дэвону. Маюць стратыграфічнае значэнне.
Для П. характэрны шматразова-, двойчыразгалінаваныя сцёблы, адсутнасць каранёў і лісця, размяшчэнне прымітыўных спарангіяў на канцах галін, слабае развіццё праводнай сістэмы, нешматлікія вусцейкі на эпідэрмісе сцёблаў. Паўводныя і сухап. расліны. Далі пачатак многім сучасным вышэйшым раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм.сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВКБССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — М.М.Галадзед.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЛЕ́Я ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ,
пераўтварэнні каардынат і часу рухомай часціцы пры пераходзе ад адной інерцыйнай сістэмы адліку (ІСА) да іншай у класічнай механіцы.
Для дзвюх ІСА K (x, y, z) і K′ (x′, y′, z′), якая рухаецца адносна K з пастаяннай скорасцю уздоўж восі Ox, Галілея пераўтварэнні маюць выгляд:
,
,
,
, дзе x, y, z і x′, y′, z′ — каардынаты, t і t′ — моманты часу ў сістэмах K і K′ адпаведна. Такім чынам, у класічнай механіцы прамежкі часу паміж пэўнымі падзеямі і адлегласці паміж фіксаванымі пунктамі аднолькавыя ва ўсіх ІСА. З Галілея пераўтварэнняў вынікае закон складання скарасцей
, а таксама аднолькавасць паскарэнняў
ва ўсіх ІСА. Апошняе з улікам пастаянства масы прыводзіць да інварыянтнасці ўраўненняў класічнай механікі ва ўсіх ІСА, што і з’яўляецца матэм. абгрунтаваннем Галілея прынцыпу адноснасці. Пры скарасцях руху, блізкіх да скорасці святла ў вакууме, Галілея пераўтварэнні замяняюцца Лорэнца пераўтварэннямі.
А.І.Болсун.
Да арт.Галілея пераўтварэнні. Інерцыяльныя сістэмы адліку K і K′.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФРА́ГМА,
дэталь машын, прылад, апаратаў, збудаванняў у выглядзе сценкі або пласціны (з адтулінай ці суцэльная). У некаторых прыладах Д. наз.мембранай. 1) Д. вымяральная — дыск з адтулінай; адно са стандартных звужвальных прыстасаванняў. Выкарыстоўваецца пры вымярэнні расходу вадкасцей, газаў і пары, якія працякаюць па трубаправодзе.
2) Д. канструкцыі — суцэльны або рашотчаты элемент прасторавай канструкцыі для павелічэння яе жорсткасці. Выкарыстоўваецца ў танкасценных канструкцыях, каркасна- і буйнапанэльных збудаваннях і інш. 3) Д. плаціны — проціфільтрацыйная верт. сценка ўнутры цела земляной ці каменна-накідной плаціны. Вырабляецца з бетону, жалезабетону, металу, пластмас або драўніны.
4) Д. ў оптыцы — элемент аптычнай сістэмы ў выглядзе перагародкі, якая абмяжоўвае папярочнае сячэнне светлавых пучкоў. Вызначае апертуру, поле зроку, глыбіню рэзка адлюстраванай прасторы і інш., уплывае на аберацыі аптычных сістэм і раздзяляльную здольнасцьсістэмы. Адрозніваюць Д. апертурную (вызначае памеры светлавых пучкоў, што праходзяць праз сістэму) і палявую (памеры прасторы прадметаў, што адлюстроўваюцца сістэмай). Д. перад аб’ектывам кіна- ці фотаапарата наз. святлоахоўнай блендай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАДЖЭ́ННЕў квантавай механіцы,
уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз.кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.
Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл.Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт.Штарка з’ява.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
літаратурнамастацкі кірунак 19—20 ст., у якім праўдзівае гістарычна канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца з крытыкай сац.-паліт.сістэмы або яе асобных праяў як антыгуманных, неспрыяльных для гарманічнага развіцця асобы і грамадства. Ад папярэдніх гіст. форм рэалізму (рэнесансавага, асветніцкага) адрозніваецца канкрэтнасцю маст. аналізу грамадскага быцця, раскрыццём яго сац. супярэчнасцей і канфліктаў. Мастацтва К.р. не абмяжоўваецца выяўленнем прыгожага і ўзнёслага, раскрывае сутыкненне носьбітаў ідэалаў дабра, справядлівасці і красы з агідным і нізкім, глыбока даследуе трагічнае і камічнае ў жыцці. Элементы К.р. характэрныя для ўсіх этапаў развіцця маст. культуры ад антычнасці да нашага часу, аднак ён сфарміраваўся як тэарэтычна абгрунтаваны асобны метад, кірунак і тып творчасці ў 19 ст. Называўся «натуральнай школай» або крытычным кірункам у л-ры і мастацтве. Тэрмін «К.р.» сфармуляваў М.Горкі (1934). Ступень выяўлення крытыка-рэаліст. плыні залежыць ад спецыфікі і структуры вобразнай сістэмы пэўнага віду і жанру мастацтва: найб. у л-ры (проза, публіцыстыка, літ. крытыка), выяўл. мастацтве (сюжэтна-тэматычная карціна, графіка); найменш у лірыцы, музыцы, балеце. Гл. таксама ў арт.Рэалізм (у л-ры і мастацтве).