фільтр, ‑а, м.

Прыстасаванне або рэчыва для ачысткі вадкасцей або газаў ад непатрэбных прымесей. Фільтр процівагаза. Пясочны фільтр. Цыгарэты з фільтрам. // Спец. Прыбор для затрымкі пэўных прамянёў і пад. Электрычны фільтр. Акустычны фільтр.

[Фр. filtre ад лац. filtrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЛЕ́КУЛА (новалац. molecula, памяншальнае ад лац. moles маса),

найменшая ўстойлівая часціца рэчыва, якая мае ўсе яго хім. ўласцівасці і складаецца з аднолькавых (простае рэчыва) або розных (складанае рэчыва) атамаў. Атамы ў М. злучаны паміж сабой хімічнымі сувязямі. Якасны і колькасны састаў М. выражае формула хімічная, якая адначасова дазваляе вызначыць малекулярную масу. Парадак хім. сувязей у М. дае яе структурная ф-ла. Колькасць атамаў у М. розная: ад 2 (напр., у М. кіслароду O2) да сотняў тысяч (гл. Макрамалекула). Памеры М. залежаць ад колькасці атамаў у ёй і мяняюцца да 10​2 да 10​5 пм.

Прасторавае размяшчэнне атамаў у М. адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі М. і вызначае яе геам. будову і памеры. Напр., трохатамная М. вады H2O мае форму раўнабедранага трохвугольніка, у вяршыні якога знаходзіцца атам кіслароду, адлегласць паміж атамамі кіслароду і вадароду (даўж. сувязі O—H) 95,84 пм, а валентны вугал паміж сувязямі H—O—H 104,5°. М. — складаная сістэма, у якой электроны рухаюцца вакол ядраў паводле закону квантавай механікі. Пры злучэнні атамаў у М. іх унутр. электроны не мяняюць свайго руху, а вонкавыя (валентныя) — утвараюць электронную абалонку М., будова якой абумоўлівае характар хім. сувязей у М., рэакцыйную здольнасць хім. злучэння (гл. Рэакцыі хімічныя), магн. (гл. Дыямагнетызм, Парамагнетызм) і эл. ўласцівасці рэчыва. У эл. полі ўсе М. палярызуюцца (вонкавыя электроны М. зрушваюцца адносна ядраў); некат. М. маюць пастаянны дыпольны момант. У М. разам з рухам электронаў адбываецца вагальны рух — перыяд. адносны рух ядраў (разам з унутр. электронамі), у газавай фазе — таксама вярчальны рух усёй М. як цэлага. У адпаведнасці з магчымымі відамі руху поўная энергія М. (E) складаецца з электроннай (Eэл), вагальнай (Eваг) і вярчальнай (Eвярч) энергій: E = Eэл + Eваг + Eвярч. Звычайна Eэл ≫ Eваг ≫ Eвярч. Для кожнага віду руху паводле квантавых законаў дазволены толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі (энергет. ўзроўні), пры гэтым электронныя энергет. ўзроўні размешчаны далёка адзін ад аднаго (розняцца на некалькі электронвольт), вагальныя — бліжэй (на дзесятыя і сотыя долі электронвольта), а вярчальныя яшчэ бліжэй (на сотыя — стотысячныя долі электронвольта). Квантавыя пераходы паміж энергет. ўзроўнямі М. суправаджаюцца вылучэннем ці паглынаннем аптычнага выпрамянення. Сукупнасць квантавых пераходаў М. вызначае малекулярныя спектры.

Літ.:

Татевский В.М. Строение молекул. М., 1977;

Флайгер У. Строение и динамика молекул: Пер. с англ. Т 1—2. М., 1982.

М.​А.​Ельяшэвіч, К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пло́мба ’цвёрдае рэчыва, якім закладваецца дупло зуба’, ’металічны забаронны знак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Праз рус. мову з ням. Plombe, якое з plombieren ’пламбаваць’ < франц. plomber ’ушчыльняць, заліваючы растопленым волавам’ < plomb ’волава’ < лац. plumbum ’тс’ (Фасмер, 3, 284; Банькоўскі, 2, 610). Палес. драг. плёмба, блёмба — праз польск. plomba ’пломба’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГА́Р-АГА́Р,

арганічнае рэчыва (поліцукрыдны прэпарат), якое вырабляецца з чырвоных і бурых марскіх водарасцяў. Складаецца з агарозы і агарапекціну, раствараецца ў вадзе пры 80—86 °C, застывае пры 40 °C, утвараючы шчыльную студзіну. Выкарыстоўваецца ў біялогіі як пажыўнае асяроддзе для вырошчвання клетак і мікраарганізмаў, а таксама ў харч. прам-сці, кулінарыі і медыцыне пры лячэбным харчаванні.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМБЕНЗІЛЦЫЯНІ́Д,

таксічнае хім. злучэнне, C6H5CH(Br)CN, мал. м. 196,01. Жоўтыя крышталі, tпл 25,4 °C, tкіп 242 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1516 кг/м³. Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра у арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы. Выклікае моцнае слёзацячэнне; непераносная канцэнтрацыя ў паветры 4 мг/м³. Выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну як атрутнае рэчыва (гл. Лакрыматары).

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІАКСА́ЛЬ, шчаўевы альдэгід,

найпрасцейшы дыальдэгід, CHO—CHO. Жоўтыя крышталі з пахам фармаліну tпл 15 °C, tкіп 51 °C, шчыльн. 1140 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Вадкі гліаксаль у прысутнасці вільгаці ператвараецца ў цвёрды палімер. Выкарыстоўваюць як тэкстыльна-дапаможнае рэчыва (надае незмінальнасць баваўняным і віскозным тканінам), для атрымання кубавых фарбавальнікаў. Гліаксаль раздражняе скуру.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,

хімічна індывід. рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл. Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭНСА́ТАР (ад лац. condenso згушчаю, ушчыльняю) у цеплатэхніцы, апарат для кандэнсацыі газападобнага рэчыва (пары); від цеплаабменнага апарата. Адрозніваюць К. паверхневыя (пара абменьваецца цяплом з халодным цепланосьбітам, напр., вадой, праз сценкі трубак) і кантактныя ці змяшчальныя (пара змешваецца непасрэдна з ахаладжальнай вадой). Выкарыстоўваецца ў апаратах хім. вытв-сці, цеплаэнергетыцы (гл. Геатэрмальная электрастанцыя), халадзільных апаратах, выпаральніках і інш.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВА́Я НО́РМА,

колькасць пажыўных рэчываў, неабходных свойскай жывёле для падтрымкі належнага ўзроўню яе жыццядзейнасці, прадукцыйнасці, здароўя і ўзнаўлення. Уключае 18—30 паказчыкаў: кармавыя адзінкі, абменную энергію, сухое рэчыва, сыры і засваяльны пратэін, крухмал, цукар, сырыя клятчатку і тлушч, макра- і мікраэлементы, вітаміны, а для некат. жывёл (свінні, птушкі) таксама незаменныя амінакіслоты. На аснове К.н. распрацоўваюць кармавы рацыён.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАРЫ́Н, лактон о-оксікарычнай кіслаты,

бясколерныя крышталі з пахам толькі што скошанага сена. Знаходзіцца ў выглядзе глюказідаў у многіх раслінах: баркуне, зуброўцы і інш. Растваральны ў спірце і эфіры, дрэнна — у вадзе. У прам-сці К. атрымліваюць з саліцылавага альдэгіду і воцатнага ангідрыду. Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў вытв-сці тытунёвых вырабаў і парфумернай прам-сці.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)