БЁМ-БА́ВЕРК
(BöHm-Bawerk) Ойген Рытэр фон (12.2.1851, г. Брно, Чэхія — 27.8.1914),
аўстрыйскі вучоны-эканаміст і дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў аўстрыйскай школы ў палітэканоміі. У 1897—98, 1900—04 міністр фінансаў Аўстрыі. У 1880—89 праф. Венскага, з 1909 Інсбрукскага ун-таў. З 1911 прэзідэнт Аўстр. АН. Асн. працы: «Асновы тэорыі каштоўнасці гаспадарчых работ» (1886, рус. пер. 1903), «Капітал і прыбытак» (т. 1—2, 1884—89, рус. пер. т. 1, 1909), «Тэорыя Карла Маркса і яе крытыка» (1896, рус. пер. 1897). Сутнасць эканам. працэсаў тлумачыў матывацыяй і псіхалогіяй суб’ектаў гаспадарання, на аснове чаго абгрунтаваў суб’ектыўна-псіхалагічную гранічнай карыснасці тэорыю і тэорыю прыбытку. Абвяргаў марксісцкую тэорыю працоўнай вартасці і прыбавачнай вартасці.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ Андрэй Аляксандравіч
(н. 11.7.1925, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. н. (1975), праф. (1983). Скончыў БДУ. З 1957 у Ін-це фізікі АН Беларусі, адначасова з 1961 выкладае ў БДУ. Навук. працы па тэорыі элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій і матэм. фізіцы. Распрацаваў агульную методыку канечных пераўтварэнняў геам., дынамічнай і квантавай сіметрыі, метад абагульненых сімвалаў Кронекера. Сфармуляваў паслядоўную класічную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў калібровачную палявую тэорыю электраслабых узаемадзеянняў» (1987) і «Нарысы па гісторыі фізікі мікрасвету» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Введение в теорию классических полей. Мн., 1968 (разам з Л.Р.Марозам);
Введение в полевую теорию элементарных частиц. Мн., 1981.
т. 3, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА Барыс Барысавіч
(н. 6.8.1923, в. Ходараўка Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-р фіз.-матэм. н. (1965), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1951). З 1960 у Ін-це фізікі, у 1975—93 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па фіз. оптыцы, квантавай электроніцы і фізіцы цвёрдага цела. Распрацаваў палярызацыйны метад вывучэння працэсаў вязкага цячэння, стварыў шэраг новых варыянтаў квантавых генератараў, атрымаў і даследаваў новыя высокатэмпературныя звышправодныя матэрыялы. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Фотопластичность. Мн., 1957 (разам з С.І.Губкіным, С.І.Дабравольскім);
Отражение света от усиливающих и нелинейных сред. Мн., 1988 (разам з М.С.Пятровым).
т. 3, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОП
(Ворр) Франц (14.9.1791, г. Майнц, Германія — 23.10.1867),
нямецкі мовазнавец. Чл. Прускай АН (з 1822). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Праф. Берлінскага ун-та (1821—64). Заснавальнік параўнальнагіст. вывучэння індаеўрап. моў і параўнальнага мовазнаўства. Даследуючы марфалагічную структуру слоў у санскрыце, прыйшоў да высновы аб граматычным падабенстве гэтай мовы са стараж. мовамі Еўропы, што дазволіла ўявіць першасную структуру граматычных формаў (найперш дзеяслоўных) у гэтых мовах (кн. «Сістэма спражэння ў санскрыце ў параўнанні з грэчаскай, лацінскай, персідскай і германскімі мовамі», 1816). У 1833—49 выпускамі выходзіла яго «Параўнальная граматыка санскрыту, зенду, грэчаскай, лацінскай, літоўскай, гоцкай і нямецкай моў». Аўтар «Крытычнай граматыкі санскрыту» (1834); выдаў шэраг стараж.-індыйскіх тэкстаў і перакладаў.
т. 3, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РМАТАЎ Усевалад Яўстафіевіч
(н. 7.11.1928, в. Міцькаўка Клімаўскага р-на Бранскай вобл.),
бел. генетык і селекцыянер раслін. Чл.-кар. АН Беларусі (1970), д-р біял. н. (1968), праф. (1976). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1952). З 1955 нам. дырэктара Ін-та біялогіі АН БССР, з 1977 рэктар БСГА, у 1963—77 і з 1980 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі. Навук. працы па эксперым. поліплаідыі і гетэрозісе ў с.-г. раслін, тэорыі і метадах храмасомнай інжынерыі раслін, біятэхналогіі.
Тв.:
Экспериментальная полиплоидия и гетерозис у сахарной свеклы. Мн., 1972 (разам з М.В.Турбіным);
Полиплоидия и полиморфизм растений по величине клеток. Мн., 1986 (разам з Т.І.Лапацінай);
Тетраплоидные тритикале. Мн., 1990 (у сааўт.).
т. 3, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТКІН Сяргей Пятровіч
(17.9.1832, Масква — 24.12.1889),
рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыкахірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл. Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-т сан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).
Тв.:
Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.
т. 3, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНАВІ́ЦКІ Аляксандр Юльянавіч
(23.3.1914, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1975),
бел. вучоны-патафізіёлаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), д-р мед. н. (1940), праф. (1948). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1936). З 1941 у Іркуцку, з 1944 у Ін-це агульнай і эксперым. паталогіі, адначасова з 1948 у Маскоўскім стаматалагічным ін-це. З 1950 дырэктар Ін-та тэарэт. медыцыны АН БССР, у 1953—59 у Ін-це аховы мацярынства і дзяцінства, у 1958—63 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па праблемах рэактыўнасці арганізма, шоку, следавых рэакцый у паталогіі, кампенсатарных прыстасаваннях і метадалагічных пытаннях медыцыны.
Тв.:
Экспериментальная терапия некоторых форм гипоксии головного мозга // Компенсаторные приспособления при патологии сердечно-сосудистой системы. Мн., 1966.
т. 3, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́НАЎ Мікалай Сямёнавіч
(21.1.1891, Масква — 28.8.1953),
рускі дырыжор, піяніст, кампазітар. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1914), выкладаў у ёй (праф. у 1925—29, 1943—44). З 1915 у Вял. тэатры ў Маскве (з 1919 дырыжор, з 1948 гал. дырыжор). Адначасова з 1937 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Выдатны інтэрпрэтатар рус. класічных і сучасных опер, нац. сімф. музыкі. Выступаў як акампаніятар з жонкай А.Няжданавай. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), неаднаразова наведваў Мінск, дырыжыраваў канцэртамі. У 1953 удзельнічаў у падрыхтоўцы 2-й Дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Аўтар опер, сімф. і хар. твораў, рамансаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1951.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУХО́ЎСКІ
(Gołuchowski) Юзаф (11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),
польскі філосаф, адзін са ставаральнікаў т.зв. нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.
т. 4, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКА Васіль Міхайлавіч
(н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-р с.-г. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1963 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.
Тв.:
Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;
Питательность кормов: Справ. пособие. Мн,, 1985 (у сааўт.);
Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.Б.Іофе, В.М.Гутманам).
т. 4, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)