род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб.пашыраны альпідый капусны (О. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.
Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАНА́С
(Ananas),
род шматгадовых травяністых раслін сям. брамеліевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. Культывуюць ананас буйначубковы (A. comosus). Найбольшыя плантацыі на Гавайскіх і Філіпінскіх а-вах, у Малайзіі, Мексіцы, Бразіліі, на Кубе. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.
Лісце скурыстае, амаль лінейнае (даўж. да 90 см), па краях калючазубчастае, утварае прыкаранёвую разетку. Кветкі сабраны ў густое суквецце. Цвіце на 2—3-і год. Шышкападобнае залаціста-жоўтае суплоддзе складаецца з многіх ягад (пладоў), важыць 3—5, радзей каля 16 кг. Плады сакаўныя і духмяныя, багатыя цукрам, арган. солямі і вітамінамі, ядомыя. З лісця некаторых ананасаў атрымліваюць валакно. Размнажаюць вегетатыўна — атожылкамі або верхавінкавымі чаранкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКНО́,
канструкцыйна-мастацкі элемент пабудовы, які служыць для асвятлення, натуральнай вентыляцыі будынка. Найб. архаічнае акно — адтуліна ў 2 сумежных вянках драўлянай сцяны і валаковае (зачынялася звонку драўлянай засаўкай — волакам). У архітэктуры готыкі былі пашыраны вокны са спічастым завяршэннем, у архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму — прамавугольныя, лучковыя, арачныя, паўцыркульныя, падковападобныя, крыжовыя, у выглядзе разеткі або картуша, круглыя, авальныя і інш., якія аздабляліся філянговымі абрамленнямі, рустам, стылізаванымі порцікамі, завяршаліся франтонамі, сандрыкамі, аканіцамі і інш.
Да арт. Акно. Схемы вокнаў: 1 — валаковае; 2 — прамавугольнае; 3 — квадратнае; 4 — рамбічнае; 5 — «картушовае»; 6 — круглае; 7 — прамавугольнае з трохгранным завяршэннем; 8 - прамавугольнае са спічастым завяршэннем; 9 — прамавугольнае з паўцыркульным завяршэннем; 10 — «венецыянскае»; 11 — спараныя вокны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛЫ
(Selachorpha),
надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.
Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЬ ВЫСАКАРО́ДНЫ
(Cervus elaphus),
млекакормячае з сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. Мае шмат падвідаў, якія адрозніваюцца памерамі, рагамі і афарбоўкай (марал, ізюбр, вапіці і інш.). На Беларусі жыве ў мяшаных лясах з развітым падлескам паблізу вадаёмаў і лугоў Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, Бярэзінскага запаведніка.
Даўж. цела да 2,6 м, выш. да 1,5 м, маса да 340 кг. Хвост кароткі. Рогі толькі ў самцоў (кожнай вясной скідаюць). Корміцца лісцем і парасткамі раслін, зімой — карой, пупышкамі і парасткамі. Палавая спеласць у 2 гады. Гон увосень. Цяжарнасць 8,5 мес. Ацёл у чэрв.—ліпень. Нараджае штогод 1, зрэдку 2 цяляці. Аб’ект промыслу і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́МЫ АРХІТЭКТУ́РНЫЯ,
працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх. дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб.пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл.Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж. Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.
Абломы архітэктурныя: 1 — палічка; 2 — вал; 3 — «ястрабіная дзюба»; 4 — кіматый (а — прамы, б — адваротны); 5 — абцасік (а — прамы, б — адваротны); 6 — выкружка; 7 — астрагал; 8 — скоцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),
род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).
Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙХЕ́РА
(Heuchera),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (Н. americana), гібрыдная (Н. hybrida) і крывава-чырвоная (Н. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЕ́НІУМ
(Helenium),
род кветкавых раслін сям. Астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, пераважна на захадзе ЗША. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 2 віды: геленіум асенні (Н. autumnale) і Хупа (Н. hoopsii); маюць садовыя формы і сарты гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюць для пасадак групамі на газонах, бардзюрах, у міксбордэрах і на зразанне.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамымі, уверсе разгалінаванымі сцёбламі выш. да 150 см. Лісце ланцэтнае, супраціўнае, з кропкавымі залозкамі. Кветкі пераважна жоўтыя, чырванаватыя, карычневыя або стракатыя, у кошыках (адзіночных ці сабраных у шчыткападобныя суквецці). Плады — сямянкі з крылаткамі. Зімаўстойлівыя, святлалюбныя дэкар. расліны. Размнажаюць насеннем і дзяленнем кустоў. Некат. віды цвітуць з чэрв. да замаразкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П
(Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (Н. europaeum) і шарсцістаплодны (Н. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (Н. peruvianum) і шчыткападобнага (Н. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.