дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст.Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у т. л.рас. палкаводзец П.І.Баграціён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́Я,
гістарычная воласць, у верхнім цячэнні р. Басі, на стыку сучасных Горацкага і Шклоўскага р-наў Магілёўскай вобласці. Упершыню згадваецца каля 1136 у грамаце смаленскага кн.Расціслава Мсціславіча, які атрымліваў з Басеі даніну ў памеры 15 грыўняў і вызначаў з яе дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа. Цэнтр воласці ў 12—13 ст. знаходзіўся, верагодна, у сучасным урочышчы Пагост каля в. Новае Вільянава Шклоўскага р-на. У складзе ВКЛ разам з суседняй Горскай воласцю належала кн. Друцкім. У 1-й пал. 16 ст. адна частка Басеі належала кн. В.Ю.Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. С.Ямантовічу-Падбярэзскаму. Пазней у выніку падзелаў частка Басеі ўвайшла ў Шклоўскае і Капыскае графствы, паўд. ўскраіна — у Магілёўскую эканомію. Астатняя частка ператварылася ў самаст. маёнткі Сялец і Якаўлевічы Аршанскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА, Белорусское общество,
групоўка інтэлігенцыі, чыноўнікаў, прадстаўнікоў заможнай часткі бел. сялян, якія арыентаваліся на саюз з царскім урадам. Існавала ў 1908 — 1-й пал. 1910-х г. Узнікла ў Вільні на аснове т-ва «Селянін» («Крестьянин»). Дзейнасць т-ва ўзначальвала праўленне (10 чал.). Старшыні Л.М.Саланевіч, з жн. 1911 П.В.Каранкевіч. Друкаваныя органы — газ. «Белорусская жизнь», «Северо-Западная жизнь», «Белорусский вестник». Т-ва стаяла на пазіцыях заходнерусізму, атрымлівала субсідыі ад урада, падтрымлівала сувязі з правымі дэпутатамі 3-й Дзярж. думы. Спрабавала дыскрэдытаваць бел.нац.-вызв. рух, выклікаць рэпрэсіі супраць газ. «Наша ніва». Падтрымлівала сталыпінскую агр. рэформу. Сумесна з дэпутатамі Думы склікала з’езд прадстаўнікоў вёскі Паўн.-Зах. краю (канец 1908 — пач. 1909). Да пачатку 1-й сусв. вайны сышло з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЧУ́ГА,
вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).
Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска каля мяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.А.Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫ,
саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў. Паходжанне дакладна не вядома. У сярэдзіне 6 ст. авары ўварваліся з Азіі ў стэпы Зах. Прыкаспія, Паўн. Прычарнамор’е, на землі па Дунаі і на Балканы. Пасля разгрому гепідаў і міграцыі лангабардаў у Італію занялі тэр.Паноніі, дзе да 568 утварылі сваё дзярж. аб’яднанне — Аварскі каганат. На чале яго стаяў каган, якому падначальваліся ў ваен. адносінах плямёны. Авары чынілі набегі на Візантыю (581), франкаў (571 і 596), Ламбардыю (610) і інш.Найб. магутнасці каганат дасягнуў у час праўлення хана Баяна (п. 630). У 2-й пал. 8 ст. ў авараў шукалі дапамогі і саюзу саксонцы і баварцы супраць Карла Вялікага. У войнах з франкамі (791—803) Аварскі каганат быў знішчаны, пасля 822 звесткі пра авараў знікаюць з гісторыі. У рус. летапісах авараў называлі обрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,
у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф) Ігнатавіч (16.9.1870, в. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1934?),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, археолаг, педагог. Скончыў настаўніцкую семінарыю, Маскоўскі археал.ін-т (1914), вучыўся ў Маскоўскім юрыд. ін-це (1914—17). У 1917 адзін з лідэраў Беларускай народнай грамады. Дэлегат 1-га з’езда бежанцаў беларусаў (вер. 1917) і Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918) у Маскве. Адзін са стваральнікаў і дырэктар Будслаўскай беларускай гімназіі (1917—19). У 1919—20 у Маскве. У 2-й пал. 1920 заг.інфарм. аддзела ўпраўлення рэўкомаў Зах. фронту, дырэктар школы ў Будславе. З 1921 дырэктар Белпедтэхнікума ў Мінску, выкладчык археалогіі ў БДУ. З 1924 дырэктар музея ў Віцебску. У 1930 арыштаваны па т.зв. справе «Саюз вызвалення Беларусі», у 1931 высланы. Памёр у Башкортастане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШАНСКІ ПАЛА́Ц, Гальшанскі замак,
помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст.Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
вёска ў Завалочыцкім с/с Глускага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад г.п. Глуск, 200 км ад г. Магілёў, 36 км ад чыг. ст. Старыя Дарогі. 107 ж., 71 двор (1996).
У крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. У канцы 16 — пач. 19 ст. называўся Гарадок Глуск-Пагарэлы. Валодалі Гальшанскія, Гаштольды, Астрожскія, Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1847 у вёсцы 148 ж., 24 двары, уваходзіла ў маёнтак Дварэц Бабруйскага пав. У 1897 — 337 ж., 52 двары, крама, царква. У 1917 — 466 ж., 99 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Глускага р-на. У Вял.Айч. вайну Гарадок акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942—43 загубілі 89 жыхароў. З 1960 у Завалочыцкім сельсавеце.
Клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814).