дапы́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Які імкнецца ўсё зразумець, пазнаць, набыць новыя веды. Дапытлівы розум. □ Уладзік — хлопец цікаўны, дапытлівы, ён ужо ўсё разумеў у бацькавай працы, ён прагна ўсё лавіў, прагна пазнаваў жыццё. Марціновіч. // Праніклівы, цікаўны (аб позірку). [Сілівон] абвёў дапытлівым позіркам насцярожаную постаць чалавека. Лынькоў. Цёмныя, заўсёды дапытлівыя вочы дачкі глядзяць цяпер некуды ў глыбіню саду. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гіз, ‑а і ‑у, м.

Разм.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гізаваць. Уставіць цялё вока сваё слівянае, сіняватае, прыгледзіцца да сонца, бок падагрэе і пайшло скакаць ды падскакваць. А за ім навыперадкі ўсе. Без гізу гіз. Лынькоў.

2. ‑а. Вялікая муха, самка якой жывіцца кроўю жывёлы, а самец — сокам раслін. Гіз напаў на кароў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атулі́ць, атулю, атуліш, атуліць; зак., каго-што.

Агарнуць, ахінуць з усіх бакоў. Дай сваім плашчом цябе я атулю, мая надзея. Танк. Цішыня косамі шаўковымі атуліла саламяныя хаты. Лынькоў. // перан. Агарнуць, акружыць, падзяліць чым‑н. Сарву бялявую лілею, Надзею ласкай атулю. Пушча. Гэткім шчырым каханнем яе атуліў, З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўдые́нцыя, ‑і, ж.

Высок. і іран. Афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы. — Ну добра.., — урачыста абвясціў Вейс, узняўшыся ў крэсле, каб паказаць, што аўдыенцыя канчаецца. Лынькоў. — Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то можа мяне не застанеш тут. — На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю. Колас.

[Лац. audientia — слуханне, выслухванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дгалас, ‑у, м.

1. Тое, што і водгук (у 1 знач.). Заціх водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.

2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Ідэі Народнага фронту ўсюды знаходзілі жывы водгалас. Танк. З краю ў край прайсці, праехаць Я гатоў пад гэтым небам, Бо не водгалас, не рэха, А сама мне песня трэба! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адча́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паддавацца адчаю, траціць надзею, падаць духам. [Багуцкі:] — А вы не адчайвайцеся, пан шэф. У вас такія заваёвы! Лынькоў. [Усевалад:] — Не, я не адчайваюся, ты ж бачыш. Толькі неяк крыўдна трохі — чаму такая несправядлівасць? Мне здаецца, будучыня — гэта перш за ўсё хараство. Скрыган.

2. Рашацца, адважвацца на што‑н. смелае, рызыкоўнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выкана́ўца, ‑ы, м. і ж.

1. Той, хто выконвае ажыццяўляе што‑н. Выканаўца работ. □ [Камісар:] — Каб ніводная душа не ведала аб гэтай справе, выканаўцамі будзеце вы асабіста. Лынькоў.

2. Той, хто выступае з выкананнем мастацкага твора. Дыктар коратка называў аўтараў музыкі і выканаўцаў. Новікаў.

•••

Судовы выканаўца — службовая асоба, якая ажыццяўляе рашэнні суда па выканаўчых лістах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

авары́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да аварыі. Аварыйны сігнал. Аварыйная сітуацыя. // Які выкарыстоўваецца ў самых пільных выпадках. Твар зампаліта быў белы як палатно. Відно было, што яму не хапала паветра, бо ён адкручваў аварыйны кран кіслароднага прыбора. Алешка. // Прызначаны для ліквідацыі аварыі. Хлопцы ведалі, што на ветцы стаіць аварыйны цягнік, цягнік-электрастанцыя. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задзёрысты, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і задзірысты. Калі сустракаліся [Лена з Ігнатам] цяпер зрэдку, то ўжо не чулася ранейшага задзёрыстага, дражлівага: — Як пажывае шаноўны слесар таварыш Лагуцька? Лынькоў. Задзёрысты певень на плоце, распасцёршы крылы, так грозна заліваўся, як бы крычаў: «Не падыходзь!» Броўка.

2. Абл. Задорны, бадзёры. Між маўклівых задымленых сцен.. пачуліся.. вясёлыя, задзёрыстыя галасы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зімо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які бывае зімой, звязаны з зімой; зімні. Зімовы вечар. Зімовыя канікулы. □ Слупы дыму выцягваліся роўна, стромка, нібы падпіраючы невысокае зімовае неба. Лынькоў. Сіні зімовы змрок спускаўся над мястэчкам. Навуменка. // Які выкарыстоўваецца зімой, прызначаны для зімы. Зімовая шапка. □ [Вавёрка] знайшла старое дзятлава гняздо на елцы, куды і сабралася перанесці жалуды для зімовых запасаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)