ПАЛЕ́СКІЯ ЧЫГУ́НКІ,

назва ў 1882—1921 сеткі чыг. ліній, якія звязвалі паўд. раёны Беларусі з Украінай, Літвой і цэнтр. раёнамі Расіі. Пабудаваны казной паводле ўказа цара Аляксандра III. Мелі вял. стратэг. і гасп. значэнне. Агульная іх даўжыня на Беларусі 1005 вёрст (на 1.1.1910). Падзяляліся на ўчасткі: Жабінка—Пінск, Вільня—Лунінец—Пінск, Лунінец—Роўна, Лунінец—Гомель, Баранавічы—Беласток, Гомель—Бранск. Гал. грузы —лясныя. Капіталаўкладанні на 1.1.1913 склалі 140,1 млн. руб., колькасць абслуговага персаналу 16,1 тыс. чал., паравозаў 419, вагонаў 510 пасажырскіх і 9127 таварных. Гал. майстэрні ў Пінску. Найб. чыг. станцыі: Гомель, Лунінец, Пінск, Баранавічы, Беласток. У 1880-я г. Пецярбургскі (паводле інш. звестак Маскоўскі) манетны двор адчаканіў медаль «У памяць будаўніцтва Палескіх чыгунак. З 1883 па 1887 год». Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нацыяналізаваны і падпарадкаваны Наркамату шляхоў зносін РСФСР. У 1919 усх. участкі П.ч. былі ўключаны ў Зах. чыгункі, у 1921—39 зах. лініі П.ч. уваходзілі ў склад Польшчы.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ (Станіслаў Гіляравіч) (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),

савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-й стралк. дывізіі БВА. У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.—снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам. гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),

расійскі акцёр. Сын А.​Дз.Папова. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.​С.​Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.​Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.​Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.​Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.​Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.​Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Андрей Попов: [Сб. статей]. М., 1989.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРО́ ((Perrot) Жуль Жазеф) (18.8.1810, г. Ліён, Францыя — 24.8.1892),

французскі артыст балета, балетмайстар; прадстаўнік рамант. стылю. Вучыўся класічнаму танцу ў А.​Вестрыса. У 1830 дэбютаваў у Лондане. У 1830—35 выступаў у Парыжскай оперы. З 1834 гал. балетмайстар лонданскага Каралеўскага т-ра, дзе паставіў балеты «Аўрора», «Ундзіна, або Наяда» (абодва 1843), «Эсмеральда» (1844), «Эаліна, або Дрыяда» (1845), «Катарына, дачка разбойніка» (1846), «Чатыры пары года» (1848; усе Ц.​Пуні). У 1848 у Мілане паставіў балет «Фауст» Дж.​Паніцы, М.​Косты і Дж.​Баеці (т-р «Ла Скала»), У 1848—59 танцоўшчык і гал. балетмайстар у С.-Пецярбургу; ставіў балеты на сцэне пецярб. Вял. т-ра і выканаў у іх партыі Кола («Вайна жанчын, або Амазонкі дзевятага стагоддзя»), Зінгара («Газельда, або Цыганы»), Маркабомбы (аднайм. балет), Перыфета («Мармуровая прыгажуня»; усе Пуні) і інш. Сцвярджаў дзейсны характар танца, прыёмамі харэагр. пластыкі ствараў моцныя яркія сцэн. характары. Ставіў балеты на фантаст. сюжэты і ў жанры сац.-любоўнай драмы.

Т.​М.​Мушынская.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́НДА (італьян. rondo, франц. rondeau ад rond круг),

музычная форма, заснаваная на шматразовым чаргаванні гал. тэмы (рэфрэна) з эпізодамі. Рэфрэн праводзіцца ў асн. танальнасці, эпізоды — у пабочных.

Паходзіць ад нар. карагодных песень. Шырока прадстаўлена ў музыцы франц. клавесіністаў 17—18 ст. У класіч. музыцы выкрышталізавалася Р. 5-часткавай структуры (з 2 эпізодамі) з больш развітой гал. тэмай. Венскія класікі выпрацавалі вышэйшую форму Р. (традыц. назва — Р.-саната), дзе асн. прынцып рандальнасці спалучаецца з рысамі складанай трохчасткавай і санатнай форм. У форме Р. пішуцца інстр. п’есы, ч. санатна-сімф. і сюітных цыклаў, радзей рамансы, оперныя арыі.

У бел. музыцы Р. для розных інструментаў, камерных саставаў і аркестраў пісалі М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Р.​Сурус, М.​Чуркін і інш. У форме Р. напісаны фіналы сімфаньеты Аладава, 2-й сімфоніі Г.​Вагнера, скрыпічнага канцэрта Г.​Гарэлавай, 3-га цымбальнага канцэрта Дз.​Смольскага і інш. Прыклады Р. ёсць і ў бел. нар. інстр. музыцы.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВІ́ЗІЯ,

праверка фін.-гасп. дзейнасці прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў або службовых асоб за пэўны перыяд; асн. метад фінансавага кантролю; найб. глыбокае і поўнае абследаванне фін.-гасп. дзейнасці юрыд. асоб з мэтай праверкі яе законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці. Р. праводзяць розныя кантралюючыя органы, найчасцей фінансавыя, а таксама органы дзярж. кіравання ў адносінах да падведамных арг-цый. Могуць праводзіцца паводле плана гэтых органаў і па ўказанні інш. кампетэнтных органаў, у т. л. праваахоўных. Паводле аб’екта праверкі адрозніваюць Р. дакументальныя, фактычныя, поўныя (суцэльныя), выбарачныя (частковыя). Бываюць планавыя і пазапланавыя (калі патрабуецца неадкладная праверка), комплексныя (праводзяцца сумесна некалькімі кантралюючымі органамі). Пры правядзенні дакументальнай Р. правяраюцца дакументы (асабліва першасныя грашовыя), таксама справаздачы, каштарысы і да т.п. Фактычная Р. азначае праверку дакументаў, наяўнасць грошай, матэрыяльных каштоўнасцей. Вынікі Р. афармляюцца актам, які мае важнае юрыд. значэнне. Акт падпісваюць кіраўнік рэвізійнай групы, кіраўнік і гал. бухгалтар арг-цыі, якую рэвізуюць. Свае пярэчанні і заўвагі кіраўнік і гал. бухгалтар абавязаны ў пісьмовай форме прыкласці да акта і падпісаць яго.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 11.12.1942, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1968). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект». З 1977 гал. архітэктар праектаў ін-та «Белдзяржпраект», адначасова кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Мінску — будынкі ін-таў «Белдзіпрадор» і «Дзіпрасувязі» (1973—76), райвыканкома Партызанскага р-на (1978—80), эксперым. школа на 40 класаў з плавальным басейнам у мікрараёне Усход 1 (1978), забудова мікрараёна Сярова 1 (1977—82), вучэбна-лабараторны корпус інж.-фіз. факультэта БПІ (1985—90), гал. вучэбна-лабараторны корпус універсітэцкага гарадка і студэнцкі інтэрнат для замежных студэнтаў пры БДУ (1991—97); жылыя дамы ў г. Бабруйск Магілёўскай вобл. (1998); аўтасэрвісны цэнтр у р-не Бараўлян (Мінскі р-н; 2000—01); у Расіі — жылыя мікрараёны, грамадскія будынкі ў г. Лангепас Цюменскай вобл. (1982—98), жылы пасёлак Сіпягіна Падольскага р-на Маскоўскай вобл. (1995—2000), спарт. комплекс у г. Цюмень (1998, усе ў сааўт.).

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ (Усевалад Паўлавіч) (19.2.1885, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 25.5.1972),

бел. і расійскі вучоны ў галіне ліхеналогіі. Д-р біял. н., прафесар. Засл. дз. нав. Расіі. Вучань У.​Л.​Камарова. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 нам. дырэктара, з 1925 вучоны сакратар Гал. бат. саду Расіі; у 1932—37 нам. дырэктара, у 1932—60 кіраўнік аддзела Бат. ін-та імя У.​Л.​Камарова АН СССР. Удзельнік навук. экспедыцый, у т. л. 1907—10 — Камчацкай, у 1923—25 — Беларускай, у 1930 — Арктычнай (на ледаколе «Седов» на а-вы Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, Паўн. Зямля). Навук. працы па марфалогіі, экалогіі, сістэматыцы споравых раслін (гал. чынам лішайнікаў), выкарыстанні іх у медыцыне і нар. гаспадарцы.

Тв.:

Результат лихенологических исследований 1923 г. в Белоруссии // Зап. Бел. гос. ин-та сел. и лесного хозяйства. Мн., 1925. Вып 4;

По Южной Белоруссии: Наблюдения при ботанич. экскурсии (разам з Г.​М.​Высоцкім, Л.​І.​Савіч) // Там жа.

У.​У.​Галубкоў.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пе́ленг

(гал. peiling = вызначэнне ўзроўню)

1) вугал паміж стрэлкай компаса і напрамкам, па якім відаць даны прадмет або чуваць даны гук (параўн. азімут 2);

2) разнавіднасць строю ваенных караблёў і самалётаў (у караблёў — размяшчэнне адзін за другім па прамой, якая праходзіць пад вуглом да напрамку руху, у самалётаў — размяшчэнне адзін за другім уступамі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ло́цыя

(рус. лоция, ад гал. loodsen = весці карабель)

1) раздзел суднаваджэння, які вывучае ўмовы плавання ў водных басейнах;

2) кіраўніцтва для плавання ў пэўным водным басейне з падрабязным апісаннем яго навігацыйных асаблівасцей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)