ВІ́ЦЕБСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Займае цэнтр. і ўсх. ч. Віцебскага і паўн. ч. Лёзненскага р-наў Віцебскай вобл., на У заходзіць на тэр. Смаленскай вобл. Расіі. Мяжуе з Лучоскай нізінай на Пд, Чашніцкай раўнінай на ПдЗ, Полацкай нізінай на З, Гарадоцкім узв. на ПнЗ і Суражскай нізінай на ПнУ. Працягнулася з З на У на 65 км, з Пн на Пд на 40 км. Самае высокае ў Бел. Паазер’і ўзвышша, пераважаюць выш. больш за 200 м, найбольшая 296 м (Гаршэва гара). Пл. Віцебскага ўзвышша больш за 1900 км².

Прымеркавана да Віцебскай мульды Аршанскай упадзіны. Паверхня адкладаў платформавага чахла ўтварае высокае (120—140 м над узр. м) моцна расчлянёнае плато, складзенае з даламітаў, вапнякоў і глін верхняга дэвону, даламіты ўтвараюць Віцебскія парогі на р. Зах. Дзвіна, на Рубскім выступе залягаюць блізка каля зямной паверхні. Тоўшчу антрапагену магутнасцю каля 60 м складаюць 5—6 ледавіковых комплексаў, у якіх пераважаюць марэнныя суглінкі, супескі і міжледавіковыя ўтварэнні (торф, азёрныя і алювіяльныя суглінкі, супескі і пяскі). Асн рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў Віцебскую фазу адступання паазерскага зледзянення. Карысныя выкапні: даламіт (радовішча Гралева), легкаплаўкія і цэментныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф.

Паверхня складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў і супескаў з валунамі, месцамі перакрытых лёсападобнымі пародамі. У рэльефе вылучаюцца 2 ч.: астраўныя, лёдападзельны масіў на ПнЗ і ў цэнтры, і краявыя ледавіковыя ўтварэнні на Пд. Лёдападзельны масіў мае форму кліна з вяршыняй на Пн, характарызуецца буйна- і сярэднеўзгорыстым рэльефам з адноснымі перавышэннямі да 30 м і больш. Паверхня парэзана ярамі і лагчынамі. Паўн. схіл стромкі, паўд. больш спадзісты. На Пд Віцебскага ўзвышша выразны ўзгорыста-ўвалісты рэльеф, выш. якога да 180 м над узр. м., адносныя перавышэнні 10—15 м. Пашыраны камы, камавыя тэрасы на бартах лагчын, далінныя зандры, трапляюцца озы, суфазійныя западзіны. У межах Віцебскага ўзвышша знаходзіцца тыповае агаленне мікулінскага міжледавікоўя (Смаленская вобл.). Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Рачная сетка належыць да бас. р. Зах. Дзвіна. Віцебскае ўзвышша дрэніруюць рэкі Віцьба, Лучоса (у ніжнім цячэнні) і яе прытокі Ласасіна і Чарніца, а таксама Вымнянка і Рутавеч — прытокі Касплі. Найб. азёры Вымна, Янавіцкае. Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя, месцамі завалуненыя, і тарфяна-балотныя. Пад ворывам 35%, пад лесам 16% тэрыторыі. Захаваліся шыракаліста-яловыя, хваёва-яловыя, яловыя лясы, пашыраны другасныя шэраалешнікі, асінавыя і бярозавыя лясы. Лугі злакава-сухадольныя і злакава-нізінныя. На пераходных балотах і ўскраінах вярховых — карэнныя пушыстабярозавыя і хваёва-пушыстабярозавыя лясы, на нізінных — чорнаалешнікі.

А.Ф.Санько.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НЫ,

Апенінскія горы (Appennino), горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На У гал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-ра студз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-ра ліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.

А.М.Баско.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й,

Рэспубліка Алтай, у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс. км². Нас. 192 тыс. чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г. Горна-Алтайск.

Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн. ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах. ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.

Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз.сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс. чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.Я.Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт. вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт. вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сць буд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).

т. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна 1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн. га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.

Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс. га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс. т (гл. табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.

Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.

Н.І.Жураўская.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ,

метабалізм, сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.

Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1984—85.

Я.В.Малашэвіч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ВАЛДА́ЙСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на Пн Беларусі. Займае Віцебскую, ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з Зах.-Бел., Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі, на ПнЗ з правінцыяй Усх. Прыбалтыкі. Працягнулася з З на У на 340 км, з Пн на Пд на 160—240 км; пл. 57,6 тыс. км². У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі вылучаюцца акругі Беларускае Паазер’е і Беларуская града. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы на ПдЗ, Балтыйскай сінеклізы на ПнЗ, Латвійскай седлавіны на Пн і Аршанскай упадзіны на У і ПдУ. Асадкавыя пароды, пераважна дэвонскія даламіты, вапнякі, пясчанікі, перакрыты адкладамі антрапагенавай сістэмы — марэннымі супескамі, суглінкамі і глінамі, лёсападобнымі пародамі, торфам, сапрапелітамі і інш. У рэльефе вылучаюцца Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы, утвораныя ў час сярэднеплейстацэнавага зледзянення, Віцебскае, Гарадоцкае, Свянцянскае і інш. ўзвышшы, Чашніцкая раўніна, а таксама Полацкая, Нарачана-Вілейская і інш. нізіны, якія ўзніклі пасля дэградацыі познаплейстацэнавага зледзянення. Для ўзвышшаў Бел. грады характэрны градавы і буйнаўзгорысты дэнудацыйны марэнны рэльеф, на якім пашыраны яры і суфазійныя западзіны на лёсападобных пародах. У межах яе на Мінскім узв. знаходзяцца найвышэйшы пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узр. м.). Рэльеф Бел. Паазер’я больш малады, пераважна плоскі нізінны і спадзістахвалісты раўнінны, на ўзвышшах канцова-марэнны градавы і ўзгорысты, са шматлікімі азёрнымі катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, даламіты, торф, сапрапелі. Клімат умерана кантынентальны, вільготны, найб. халодны на Беларусі. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 — -8,2 °C, ліп. 17,2—18 °C, ападкаў 560—650 мм за год. Вегет. перыяд самы кароткі на Беларусі — 180—185 сутак.

Па вял. узвышшах на Пд Беларуска-Валдайскай правінцыі праходзіць частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага м.Зах. Дзвіной, Віліяй (бас. Нёмана), Ловаццю (бас. Нявы) і Чорнага м. — Бярэзінай з Свіслаччу (бас. Дняпра) і інш. Басейны Нёмана і Дняпра злучаны праз Вілейска-Мінскую водную сістэму. Глебава-расліннае покрыва характарызуецца дробнымі контурамі, што звязана са стракатасцю рэльефу і грунтоў. Глебы на ўзвышшах дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя на марэне і лёсападобных суглінках, у нізінах дзярнова-падзолістыя аглееныя цяжкасугліністыя на азёрна-ледавіковых і пясчаныя на водна-ледавіковых адкладах, а таксама дзярнова-палева-падзолістыя лёгка- і сярэднесугліністыя на лёсападобных пародах, у паніжэннях рэльефу забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў. Лясы займаюць 35% тэрыторыі, належаць да падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Буйныя хваёвыя і драбналістыя з прымессю шыракалістых парод лясныя масівы захаваліся на нізінах (складаюць да 50% агульнай плошчы лясоў). На ўзвышшах лясы з перавагай елкі, дубу, вольхі (менш за 20% плошчы). Балоты пераважна нізінныя і вярховыя на Пн. Пад ворывам больш за 30% тэрыторыі. У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. парк Браслаўскія азёры і шматлікія заказнікі.

В.П.Якушка.

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК Аляксандр Аляксандравіч

(28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),

рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.

Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач. жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас. дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.

Літ.:

Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;

Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;

Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;

Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;

Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НУЯ

(Genova),

горад у Паўн. Італіі. Адм. ц. вобласці Лігурыя і прав. Генуя. 659,8 тыс. ж., разам з прыгарадамі (Вял.Г.) больш за 1 млн. ж. (1993). Порт на беразе Лігурыйскага м. (грузаабарот каля 50 млн. т штогод). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл., прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйнейшыя ў Італіі суднаверфі, вытв-сць самалётаў, авіяц. і суднавых рухавікоў, турбін, катлоў, лакаматываў, трактароў, электраабсталявання; ваен. прам-сць, дакладная механіка, металургія, нафтаперапрацоўка. Развіты таксама хім., лёгкая, харч. (пераважна мукамольная, вытв-сць аліўкавага алею) прам-сць. Ун-т (з 15 ст.). Акадэмія выяўл. мастацтваў. Т-ры. Бат. сад. Штогадовая міжнар. Марская выстаўка. Турызм. Радзіма Х.Калумба. Міжнар. конкурсы скрыпачоў імя Паганіні. У наваколлі Генуі па ўзбярэжжы Лігурыйскага м. — курорты Італьянскай Рыўеры (Рыўера-Лігурэ).

У старажытнасці Генуя — пасяленне лігураў. У 3 ст. да н.э заваявана рымлянамі, важны гандл. порт Рымскай рэспублікі. У раннім сярэдневякоўі прыйшла ў заняпад. З 641 цэнтр герцагства, з 9 ст. — маркграфства. У 10—11 ст. магутная марская дзяржава. У 12 ст. Генуя — камуна на чале з калегіяй консулаў, з 1211 яе ўзначальваў падэста, з 1257 — капітан народа, з 1339 — дож. У 13—14 ст. атрымала выхад у Эгейскае і Чорнае моры і засн. свае калоніі ў Сірыі, Палесціне, Крыме, на Каўказе. З 1396 неаднаразова трапляла пад уладу Францыі і Мілана. У 1528 адноўлена рэспубліка Генуя, якая залежала ад Іспаніі. У 15—16 ст. Генуя — цэнтр банкаўскай справы. У 1797—1805 у складзе Лігурыйскай рэспублікі, з 1815 — Сардзінскага каралеўства. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў рабочага руху, у 2-ю сусв. вайну — Руху Супраціўлення.

Горад маляўніча размешчаны ў выглядзе амфітэатра на схілах вакол бухты. Найб. стараж. помнікі архітэктуры — цэрквы Санта-Марыя ды Кастэла (11 ст.), Сан-Матэа (1125—1278) і сабор Сан-Ларэнца (11—16 ст.). Найб. цікавыя збудаванні — палацы і вілы 16—17 ст. (Палацца Пародзі, 1567, вілы Камб’яза, 1548, і Палавічына дэле Песк’ерэ, 1560—72, арх. Г.Алесі; Палацца Мунічыпале, або Дорыя-Турсі, 1564, арх. Р.Лурага; Палацца Дурацца-Палавічыні, 1618, і Палацца дэль Універсіта, 1634—36, арх. Б.Б’янка) з фантанамі, арачнымі галерэямі двароў, сходамі і тэраснымі паркамі, у кампазіцыі якіх эфектна выкарыстаны рэльеф мясцовасці. У цеснату старых кварталаў упісваюцца новыя будынкі і комплексы (тэр. Міжнар. выстаўкі, вышынны будынак Італьян. тэлеф. кампаніі). Раёны масавага жылога буд-ва пераважна па-за межамі горада. Музеі: Гар. музей лігурыйскай археалогіі (засн. ў 1892), Музей Лігурыйскай акадэміі прыгожых мастацтваў, падземны музей-скарбніца сабора Сан-Ларэнца (1956, арх. Ф.Альбіні), музей Н.Паганіні, галерэі Палацца Роса, Палацца Б’янка, Палацца Рэале, Нац. галерэя, Палацца Спінола.

т. 5, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНСКІ РАЁН,

на З Мінскай вобл. Беларусі. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 50,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 32,3%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал/км². Цэнтр раёна — г. Валожын, г.п. Івянец; 433 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 17 сельсаветаў: Бабровіцкі, Багданаўскі, Валожынскі, Вішнеўскі, Гародзькаўскі, Дорскі, Забрэжскі, Залескі, Івянецкі, Падбярэзскі, Падневіцкі, Пяршайскі, Ракаўскі, Сакаўшчынскі, Сугваздаўскі, Узбалацкі, Яршэвіцкі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) каля 30% тэр. раёна (у т. л. Налібоцкая пушча) забруджана радыенуклідамі.

Раён у межах паўн.-зах. ч. Мінскага ўзвышша, паўд.-ўсх. ч. Ашмянскага ўзвышша і паўн. ч. Нёманскай нізіны. Паверхня хвалістая, пераважаюць выш. 150—250 м, найвыш. пункт 335 м (г. Маяк, каля в. Шапавалы). Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 659 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Гал. рака Бярэзіна (бас. Нёмана) з прытокамі Альшанка, Волка, Іслач (з прытокамі Волма і Валожынка). На р. Бярэзіна Сакаўшчынскае вадасх. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 38% тэр. раёна, найб. лясістасць на ПдЗ. Лясы хваёвыя, яловыя, трапляюцца драбна- і шыракалістыя. Балоты займаюць 3,9% пл., часткова асушаны. На тэр. раёна частка біял. заказніка Налібоцкі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,8 тыс. га, з якіх 15,8 тыс. га асушана. У раёне 25 калгасаў і 1 саўгас, племптушказавод. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу і агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, сухое малако, цукеркі), лёгкай (ільновалакно, шпагат), дрэваапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Маладзечна—Ліда, аўтадарогі Мінск—Ліда, Валожын—Маладзечна, Валожын—Івянец—Стоўбцы. Транзітны газаправод Мінск—Гродна з адгалінаваннем на Валожын і Пяршаі. У раёне 18 сярэдніх, 22 базавыя, 10 пач. школ, ПТВ, школа-інтэрнат, дзіцячы дом, 5 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 55 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 31 фельч.-ак. пункт, 5 санаторыяў (2 з іх дзіцячыя). Зона адпачынку «Івянец». Помнікі архітэктуры: касцёл Міхаіла (1844) у в. Багданава; Казьмадзям’янаўская царква і касцёл Марыі (1637—41) у в. Вішнева; цэрквы ў вёсках Гародзькі (1866), Даўбені (1869), Дубіна-Баярская (1868), Забрэззе (1867), Кіявец (1869), Сакаўшчына (1878), Славенск (1868—71), Яршэвічы (2-я пал. 19 ст.); капліца пач. 20 ст. ў в. Дзесятнікі; сядзіба канец 19 — пач. 20 ст. ў в. Залессе; царква (1856) і касцёл (1930) у в. Лоск; капліца (1852) у в. Падневічы; капліца-пахавальня 2-й пал. 19 ст. ў в. Пральнікі; касцёл пач. 20 ст. ў в. Пяршаі; Праабражэнская царква (1793), капліца 2-й пал. 19 ст., касцёл (1906) у в. Ракаў; палац канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Рудня; капліца канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Цвіраўшчына. Помнікі прыроды — валун ружовага граніту ў в. Камень, валун граніту рапаківі каля в. Кучкуны і інш. Выдаецца газ. «Працоўная слава».

Г.С.Смалякоў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЧЫ,

горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс. ж. (1995).

Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс. ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс. ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс. чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс. ж., у 1970 — 101,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв. дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».

т. 2, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)