прычапная с.-г. машына для падбору сена і саломы з валкоў і прасавання іх у цюкі ці рулоны. Выкарыстоўваецца таксама ў стацыянарных умовах.
Прэс-падборшчыкі: а — рулонны; б — цюкоў.
Агрэгатуецца з трактарамі тыпу «Беларусь». Рабочыя органы прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асн. вузлы: падборшчык, механізм падачы (2 упакоўшчыкі), прасавальная камера (у П.-п. цюкоў з поршнем, у рулонных — пастаяннага ціску), вязальны апарат, сістэма перадач, хадавая частка. Падбіральны механізм збірае сена з валка і падае ў прасавальную камеру, дзе яно прасуецца, затым цюкі і рулоны аўтаматычна абвязваюцца шпагатам ці сеткай і выкідваюцца ў трансп. сродкі ці на зямлю.
На Беларусі рулонныя П.-п. вырабляе Бабруйскі завод па выпуску машын для агракомплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЯ́ТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
група птушак, птушаняты якіх ад вылуплівання да пераходу да самастойнага жыцця развіваюцца ў гняздзе. Яны няздольныя самастойна перамяшчацца і адшукваць корм і патрабуюць пастаянных клопатаў бацькоў. На Беларусі ў арнітафауне да П.п. належаць усе віды вераб’інападобных, голубападобных, дзятлападобных, зязюлепадобных, ракшападобных, стрыжападобных і інш.
Яйкі П.п. маюць адносна мала жаўтка, які да моманту вылуплівання амаль поўнасцю спажываецца. Птушаняты вылупліваюцца голыя або з недаразвітым пуховым покрывам, няўстойлівай тэрмарэгуляцыяй, з закрытымі вачыма і вонкавымі слыхавымі праходамі, слабаразвітай мускулатурай. На розныя вонкавыя раздражняльнікі рэагуюць аднолькава: выцягваюць шыі і разяўляюць раты. Птушаняты застаюцца ў гняздзе ад 10 дзён (некат. вераб’іныя) да 3 месяцаў (грыфы). Гл.таксамаВывадкавыя птушкі, Паўвывадкавыя птушкі.
Да арт.Птушанятныя птушкі: 1 — у гняздзе валасянкі ястрабінай; 2 — у гняздзе дубаноса звычайнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКА (ад англ. push штурхаць),
тып гарматы для стральбы па наземных, надводных і паветраных цэлях. П. перасягаюць усе інш. тыпы артыл. гармат (гаўбіцы, марціры, мінамёты) па далёкасці стральбы (звычайна насцільнай).
Вядома з 14—15 ст. П. наз.таксамаінш. гарматы, якія паводле характарыстык з’яўляліся марцірамі, напр., «Цар-пушка» (1586; рус. майстар А.Чохаў). Бываюць агульнага і спец. прызначэння (зенітныя, процітанкавыя і інш.). Маюць доўгі ствол (40—80 калібраў), пач. скорасць снарада да 1,5 км/с, далёкасць стральбы больш за 40 км. Для павелічэння далёкасці стральбы выкарыстоўваюць актыўна-рэактыўныя снарады. Паводле спосабу перамяшчэння адрозніваюць буксіравальныя, самарухальныя, самаходныя; могуць размяшчацца на танку, самалёце, караблі. Уваходзяць у склад танк., авіяцыйнай, карабельнай і берагавой артылерыі. Іл.гл. да арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».
Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРА́НАЎ-САКАЛО́Ў (Ігар Васілевіч) (18.6.1907, с.Вял. Якшань Ніжагародскай вобл., Расія — 19.5.1996),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1966, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1929 у Фіз.-хім. ін-це імя Л.Я.Карпава, адначасова (з 1947) праф. Маскоўскага хіміка-тэхнал. ін-та, гал. рэдактар час. «Химия и жизнь» (з 1964). Навук. працы па фізікахіміі аэрадысперсных сістэм. Распрацаваў метады даследавання аэразоляў (1933—39), даследаваў законы іх фільтрацыі. Прапанаваў метад атрымання і тэхналогію вытв-сці прынцыпова новых звышэфектыўных тонкавалакністых фільтравальных матэрыялаў (фільтры П.; 1936—38), а таксама матэрыялы для засцярогі ад вытв. і бытавога шумаў. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Волокнистые фильтрующие материалы ФП. М., 1968 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЦАрайца, ратман,
член адм. органа гар. самакіравання (рады, магістрата) на Беларусі ў 14—18 ст., выбраны або прызначаны ад багатых гараджан. У раду ўваходзілі 6—24 Р. Напр., у Полацку напачатку было 20 Р., з 1511—24, у Мінску — 12, у Навагрудку — 6. Са свайго складу Р. выбіралі бурмістраў, былі іх дарадчыкамі. Выбіраліся на год, у прыватнаўласніцкіх гарадах пажыццёва. У сваёй дзейнасці Р. кіраваліся нормамі магдэбургскага права, а таксамамясц. права, якія ўваходзілі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588; яны вызваляліся ад гар. падаткаў. Пасля прыняцця закона ад 17.4.1791 «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» у гар. магістраты маглі выбірацца не толькі мяшчане, але і шляхта, якая мела нерухомую маёмасць у горадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯ́ТАР (ад лац. radio выпрамяняю),
1)у ацяпляльных сетках — прылада сістэм вадзянога і паравога ацяплення. Чыгунныя складаюцца з секцый (адна-, двух- ці шматканальных), па якіх цыркулюе цепланосьбіт — вада або пара. Бываюць таксама стальныя (панэльнага тыпу) і керамічныя (фарфоравыя).
2) Р. рухавіка ўнутранага згарання — прыстасаванне сістэмы ахаладжэння рухавіка, дзе зніжаецца т-ра ахаладжальнай вадкасці. Складаецца з частак: ахаладжальнай (трубчаста-пласціністай ці трубчаста-стужачнай), верхняй (з заліўной гарлавінай) і ніжняй (з кранам для зліву вадкасці).
3) У радыёэлектроніцы — прыстасаванне, што адводзіць цеплату ад паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, рэзістараў і інш. Бываюць у выглядзе асобнай (пласціністыя, драцяныя, штырковыя) або апорнай канструкцыі корпуса радыёэлектронных вырабаў.
Радыятары: 1 — сістэма вадзянога ацяплення; 2 — сістэмы вадзянога ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка; 3 — штыравы для паўправадніковых прылад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́ТКА,
1) слясарная аперацыя нанясення на загатоўкі метак (кропак і ліній), якія паказваюць контуры паверхняў, што падлягаюць мех. апрацоўцы, а таксама восевых і дапаможных ліній, цэнтравых знакаў для выверкі загатовак пры ўстаноўцы на станках.
Робіцца на спец. разметачнай пліце з дапамогай разнастайных разметачных інструментаў. Асн. спосабы Р.: па чарцяжы, шаблоне, узоры, па месцы (па памерах адной дэталі размячаюць памеры спалучанай з ёй дэталі). Для правільнай устаноўкі загатовак на разметачнай пліце карыстаюцца спец. прызмамі, дамкратамі, падкладкамі і інш. 2) Р. дарожная — лініі і абазначэнні на праезнай частцы вуліц і дарог, на апорах мастоў, бардзюрах і інш. Устанаўліваюць парадак дарожнага руху, дапамагаюць арыентавацца ў дарожных абставінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НАК (Chamomilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКЛАДА́ННЕ НА МНО́ЖНІКІ,
тоеснае пераўтварэнне ліку ці мнагаскладу ў здабытак некалькіх сумножнікаў. Вядзе да спрашчэння матэм. выразаў.
Р. на м. цэлых лікаў важнае пры вывучэнні іх падзельнасці: любы састаўны лік можна пераўтварыць у здабытак простых лікаў, напр., 396 = 2∙2∙3∙3∙11. Мнагасклад ад адной пераменнай над зададзеным полем P не заўсёды можна паказаць у выглядзе здабытку мнагаскладаў больш нізкай ступені над тым жа полем (непрыводны мнагасклад). Кожны іншы мнагасклад ад адной пераменнай адназначна раскладаецца на здабытак непрыводных мнагаскладаў з дакладнасцю да парадку іх нумарацыі, а таксама да пастаянных множнікаў. Напр.; калі мнагасклад P(x) ступені nP(x) = a0 + a1x + ... + anxn, мае карані x1, x2, ..., xn, то справядліва Р. на м. P(x) = an(x − x1) (x − x2) ... (x − xn).