РАН (Лазар Саулавіч) (18.4.1909, г. Даўгаўпілс, Латвія — 5.8.1989),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працаваў у станковай графіцы і жывапісе. Сярод графічных твораў: серыі «Брэсцкая крэпасць» (1952), «Мінскае гета» (1970), альбомы купалаўскіх і коласаўскіх мясцін «Мой родны кут, як ты мне мілы...» (1958—60), «Па родных мясцінах Я.Купалы» (1970), партрэты П.Мядзёлкі (1970), Кітэчкінай — удзельніцы французскага супраціўлення» (1983), В.Іпатавай (1984). Аўтар жывапісных кампазіцый «Акупанты» (1938), «Дзядуля-герой», «Звесткі з Петраграда» (абедзве 1957), «Сталявары» (1958), «Беларуская легенда», «Я.Колас у Навагрудку» (абедзве 1960), «Перад уборкай ураджаю ў калгасе імя Я.Коласа», «Ф.Скарына» (абедзве 1963), «Сустрэча ў Вільні» (1980), «Я.Купала і Цётка каля Чорнага возера» (1983). Творы адметныя складанай графічнай тэхнікай, дакладным жывым малюнкам, глыбокім псіхалагізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́У (Аляксандр Артуравіч) (8.3.1906, Масква — 28.12.1973),
расійскі кінарэжысёр, буйнейшы майстар жанру кінаказкі. Нар.арт. Расіі (1968). Скончыў кінашколу Б.Чайкоўскага (1930) і драм. тэхнікум імя Ярмолавай у Маскве (1934). У кіно з 1930. Паставіў прасякнутыя паэзіяй, гумарам, фантаст. рамантыкай фільмы: «Па шчупаковаму загаду» (1938), «Васіліса Прыгожая» (1940), «Канёк-гарбунок» (паводле П.Яршова, 1941), «Кашчэй Бессмяротны» (1945), «Новыя прыгоды Ката ў ботах» (1958), «Мар’я-майстрыха» (1960), «Каралеўства крывых люстэркаў» (1963), «Марозка» (1965, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў у Венецыі), «Агонь, вада і медныя трубы» (1968), «Варвара-краса, доўгая каса» (1970), «Залатыя рогі» (1973) і інш. Экранізаваў творы М.Гогаля: «Майская ноч, або Тапельніца» (1952, стэрэафільм), «Вечары на хутары каля Дзіканькі» (1961). Ставіў карціны, прысвечаныя сучаснасці.
Дачка М.С.Рэдгрэйва. Скончыла Цэнтр. школу музыкі і танца. У 1957 дэбютавала ў т-ры, з 1958 у кіно. Адна з найб. яркіх інтэлектуальных актрыс у сусв. кіно, з буйным тэмпераментам, моцным характарам. Знялася ў фільмах рэж. М.Антаніёні [«Фотапавелічэнне» («Блоу-ап»), 1967], англ. рэжысёраў Т.Рычардсана («Марак з «Гібралтара», 1967; «Атака лёгкай брыгады», 1968), К.Рэйса («Морган, выпадак, прыдатны для лячэння», 1966; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах; «Айседора», 1968; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), К.Расела («Д’яблы», 1971), амер. рэжысёраў Ф.Цынемана («Джулія», 1977; прэмія «Оскар»), С.Люмета («Забойства ва Усходнім экспрэсе», 1974), Дж.Шлезінгера («Янкі», 1979) і інш. Сярод фільмаў 1990-х г.: «Хоўардс Энд» («Сядзіба Хоўардс Энд»), «Дом духаў», «Месяц каля возера», «Місія немагчыма», «Дэжа вю», «Нязваны», «Мірка» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т, Саколкаўскі павет,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утворана ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1843 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Саколка Пл. 2290 кв. вёрст, нас. 88 719 чал. (без гарадоў, 1897), з іх 80% католікі, 16% праваслаўныя, каля 1,5% іудзеі. Падзяляўся на 13 валасцей: Астрагорская, Астроўская, Багнаўская, Грабянёўская, Зубрыцкая, Каменкаўская, Каменская, Круглянская, Макаўлянская, Нававольская, Раманаўская, Трафімаўская, Чарнавеская. У складзе павета былі заштатныя гарады Адэльск, Васількаў, Дамброва, Карыцын, Кузніца, Новы Двор, Сухаволя і Янаў; усяго больш за 650 нас. пунктаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве. У вер. 1939 заняты Чырв. Арміяй. З 2.11.1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. Скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́НІКСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1915—1918,
наступальныя дзеянні войск Антанты (у т. л. 2 рас. брыгады) на Балк. п-аве (каляг. Салонікі, Грэцыя) у 1-ю сусв. вайну. Салонікскі фронт пачаў стварацца ў кастр.—ліст. 1915 пасля высадкі англа-франц. экспедыцыйнага корпуса ў мэтах дапамогі Сербіі стрымаць наступленне аўстра-герм.-балг. войск. У студз. 1916 сюды перакінуты англа-франц., потым італьян. і сербскія войскі і 2 рас. брыгады з Францыі. У выніку створана т.зв. Усх. армія (у 1918 да 29 дывізій). Пасля ўступлення ў вайну Румыніі (жн. 1916) саюзнікі ў вер.—ліст. занялі раён Манасціра. 15.9.1918 войскі Антанты (да іх далучыліся грэч. войскі) пачалі наступленне ўздоўж даліны р. Вардар на Скопле і нанеслі паражэнне балг.-герм. войскам. 29.9.1918 Балгарыя капітулявала, а 11-я герм. армія здалася ў палон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-САЛЬВАДО́Р (San Salvador),
горад, сталіца Сальвадора, у даліне р. Амакас, каля падножжа вулкана Сан-Сальвадор. Цэнтр.аднайм. дэпартамента. 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт.
Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст. (баваўняная і шаўковая, вытв-сць вырабаў з хенекену), металаапр., гарбарна-абутковая, дрэваапр., керамічная, мінер. угнаенняў. АН і Сальвадорская акадэмія гісторыі. 2 ун-ты. Кансерваторыя. Нац. музей. Бат. сад. Арх. помнікі калан. перыяду.
Засн. ў 1525 ісп. заваёўнікам П. дэ Альварада. У 1546 атрымаў гар. правы. У каланіяльныя часы тут знаходзілася рэзідэнцыя правінцыяльных улад. З 1826 сталіца рэспублікі Сальвадор (у 1831—39 сталіца Цэнтр.-Амер. Саюза). Шмат разоў быў разбураны землетрасеннямі (самае буйное ў 1854, апошняе ў 1988), пажарамі і паводкамі, у т. л. ў 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎМА́КА ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне скіфаў у Баспорскай дзяржаве ў 107 да н.э., якое ўзначаліў правадыр баспорскіх скіфаў Саўмак. Пачалося ў Пантыкапеі (цяпер г. Керч, Украіна) у час перагавораў пантыйскага палкаводца Дыяфанта з баспорскім царом Перысадам V аб перадачы ўлады над краінай пантыйскаму цару Мітрыдату VI Еўпатару, што значна ўзмацніла б эксплуатацыю скіфскага насельніцтва (залежных сялян, рамеснікаў, рабоў). Саўмак забіў Перысада, а Дыяфант уцёк у Херсанес. Паўстанцы авалодалі ўсёй еўрап.ч. Баспора і Саўмак стаў царом Баспора (кіраваў каля года). Пасля працяглай падрыхтоўкі Мітрыдат VI накіраваў у Сінопу (гл.Сіноп) карную экспедыцыю на чале з Дыяфантам, да якой у Крыме далучаны херсанескія атрады. Войскі Дыяфанта занялі Феадосію, прайшлі Керчанскі п-аў і захапілі Пантыкапей. С.п. было задушана, Саўмак трапіў у палон (пазней пакараны смерцю), а Баспорская дзяржава перайшла пад уладу Мітрыдата VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫРАТАВА́ННЯ»,
тайная паліт. арганізацыя дзекабрыстаў у 1816—17. Паводле статута (1817) наз. «Таварыства сапраўдных і верных сыноў Айчыны». Заснавальнікі: А.М. і М.М.Мураўёвы, М.І. і С.І.Мураўёвы-Апосталы, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін, Ф.П.Шахаўской, П.І.Песцель. Налічваў каля 30 чалавек. Мэта «С.в.» — ліквідаваць прыгонніцтва, увесці канстытуц. манархію шляхам ваен. перавароту. Чл. «С.в.» павінны былі пашыраць склад т-ва, займаць важнейшыя ваен. і цывільныя пасады, фарміраваць грамадскую думку, асабліва сярод перадавога дваранства. «Саюз» падзяляўся на 3 ступені — «баляры», «мужы» і «браты», быў арганізаваны на прынцыпах глыбокай канспірацыі і строгай дысцыпліны. У «С.в.» вылучыліся радыкальная і памяркоўная плыні. Разыходжанні ў пытаннях тактыкі, непадрыхтаванасць да рашучых дзеянняў прывялі да самароспуску «С.в.» і заснавання ў 1818 т-ва«Саюз працвітання».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДЗІ́НА (Swida),
род кветкавых раслін сям. кізілавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы, радзей у Еўропе. На Беларусі 1 від — С. крывава-чырвоная (S. sanquinea). Трапляецца на схілах у лісцевых і мяшаных лясах. Больш за 10 відаў прайшлі інтрадукцыйную праверку ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі: С. Амома (S. amomum), белая (S. alba), шаўкавістая (S. sericea) і інш. Выведзена шмат садовых форм.
Лістападныя кусты або дрэвы выш. 1,5—6 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі белыя, у шчытка- ці парасонападобных галоўчатых суквеццях. Плод — сакаўная, чорная або белая касцянка. З насення атрымліваюць тэхн. алей, чырванаватая драўніна ідзе на такарныя вырабы, з галін плятуць кошыкі і маты. Выкарыстоўваюць С. для замацавання пяскоў і схілаў. Дэкар., тэхн., меданосныя расліны.